Беларускі гурток студэнтаў Пецярбургскай каталіцкай духоўнай акадэміі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Беларускі гурток студэнтаў Пецярбургскай каталіцкай духоўнай акадэміі заснаваны ў кастрычніку 1913, існаваў да 1918.
Ініцыятарамі стварэння гуртка ў 1911-12 былі беларускія студэнты Генрык Бэта (у 1912 вярнуўся на радзіму), Люцыян Хвецька, Павел Пякарскі. Фармальнае яго заснаванне адбылося ў 1913. Сярод іншых у гурток увайшлі Станіслаў Шырокі, Ян Францук, Вінцэнт Гадлеўскі, Андрэй Цікота, Ігнат Жаўняровіч. З восені 1914 членамі гуртка сталі новыя студэнты акадэміі: Адам Станкевіч, Віктар Шутовіч, Карл Лупіновіч і Міхал Пятроўскі. У 1914 беларускі гурток налічваў 11 членаў (усяго ў акадэміі было 70 студэнтаў). У 1915 прыбылі Антон Матвейчык і Антон Неманцэвіч, у 1916 — Павел Хоміч, у 1917 — Язэп Пяткевіч. З вясны 1915 лік гурткоўцаў пачаў змяншацца: частка студэнтаў закончыла 4-гадовы курс вучобы, шэраг быў вымушаны яе спыніць. Выпускнікі прызначаліся духоўнымі ўладамі на розныя пасады на абшары Магілёўскай архідыяцэзіі, пераважна ў Беларусі.
Першым старшынёй гуртка быў Павел Пякарскі, а сакратаром — Вінцэнт Гадлеўскі. Восенню 1914, калі ў акадэмію паступіў Адам Станкевіч, вопытны арганізатар і дзеяч беларускага гуртка ў Віленскай духоўнай семінарыі, ён быў выбраны сакратаром акадэмічнага гуртка, а ў 1916, пасля выезду Пякарскага з Пецярбурга, яго старшынёй. Станкевіч кіраваў працай гуртка да 1918, у чым яму дапамагаў як сакратар Язэп Пяткевіч.
Асноўнай мэтай гуртка было фармаванне нацыянальнай самасвядомасці яго членаў, а таксама навучэнцаў Мітрапалітальнай духоўнай семінарыі ў Пецярбургу. Галоўныя кірункі дзейнасці гуртка, паводзіны і абавязкі яго членаў вызначаў статут, які зацвярджаўся сенатам акадэміі.[1] Важнейшай сферай дзейнасці гуртка была самаадукацыя яго членаў у галіне беларусазнаўства — гісторыі, мастацкай літаратуры і музыкі. Гэта павінна было спрыяць росту іх нацыянальнай культуры, самасвядомасці і паўплываць на выпрацоўку кірункаў грамадскай працы. З такой мэтай беларускія студэнты заахвочваліся карыстацца адпаведнай літаратурай у навуковых бібліятэках Пецярбурга. Значную дапамогу ў гэтай справе аказваў ім Браніслаў Эпімах-Шыпіла, які дазваляў карыстацца і ўласнымі кніжнымі калекцыямі. Дзякуючы грашовай дапамозе княгіні Магдалены Радзівіл студэнты набывалі кнігі аб Беларусі і заснавалі ўласную бібліятэку.
Пра вынікі доследаў студэнты акадэміі разважалі на пасяджэннях гуртка. Між іншым В. Гадлеўскі чытаў даклад пра нацыянальны характар беларусаў, В. Шутовіч — пра Францішка Багушэвіча, А. Неманцэвіч — пра царкоўную унію, А. Станкевіч — пра нацыянальную самабытнасць беларусаў. Не раз гэтыя мерапрыемствы ладзіліся сумесна з членамі Беларускага навукова-літаратурнага гуртка, які з 1912 дзейнічаў у Пецярбургскім універсітэце. Часта ўдзельнічаў у іх апякун беларускага студэнцтва Б. Эпімах-Шыпіла.
Дзейнасць гуртка спынілася пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 ў выніку ліквідацыі акадэміі бальшавіцкімі ўладамі.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.