Астравецкі раён
адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Гродзенскай вобласці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Гродзенскай вобласці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Астравецкі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Гродзенскай вобласці. Раён утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Вілейскай, з 1944 года — Маладзечанскай, а з 1960 года — Гродзенскай вобласці.
Астравецкі раён | |||||
---|---|---|---|---|---|
|
|||||
Краіна | Беларусь | ||||
Уваходзіць у | Гродзенская вобласць | ||||
Адміністрацыйны цэнтр | Астравец | ||||
Дата ўтварэння |
15 студзеня 1940, 6 студзеня 1965 |
||||
Дата скасавання | 25 снежня 1962 | ||||
Кіраўнік | Ігар Яраслававіч Шалудзін[d][1] | ||||
Афіцыйныя мовы |
Родная мова: беларуская 69,2 %, руская 27,7 %[2] Размаўляюць дома: беларуская 74,13 %, руская 18,21 %[3] |
||||
Насельніцтва (2019) |
27 683 чал.[2] (13-е месца) | ||||
Шчыльнасць | 15,47 чал./км² (16-е месца) | ||||
Нацыянальны склад |
беларусы — 86,87 %, палякі — 5,73 %, рускія — 3,47 %, літоўцы — 2,65 %, іншыя — 1,28 %[3] |
||||
Плошча |
1 568,77[4] (5-е месца) |
||||
Вышыня над узроўнем мора |
172 м[5] | ||||
Часавы пояс | UTC+03:00 | ||||
Паштовыя індэксы | 231201 | ||||
Афіцыйны сайт | |||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Раён з’яўляецца самым паўночным з рэгіёнаў Гродзенскай вобласці, па плошчы — чацвёрты на Гродзеншчыне. Агульная плошча Астравеччыны — 1569 км².
Раён на захадзе і поўначы мяжуе з Літоўскай Рэспублікай (памежныя пераходы «Катлоўка», «Лоша»), чыгуначная станцыя Гудагай. На паўночным усходзе мяжуе з Пастаўскім раёнам Віцебскай вобласці, на ўсходзе — з Мядзельскім раёнам Мінскай вобласці, на поўдні — са Смаргонскім і Ашмянскім раёнамі Гродзенскай вобласці.
Самы высокі пункт раёна мае абсалютную адзнаку 301 м, знаходзіцца за 6 км на захад ад в. Трокенікі, непадалёк ад мяжы з Літвой і належыць да Буйвідзкага ўзвышша.
Астравецкі раён утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Вілейскай вобласці БССР. Цэнтр — вёска Астравец. 12 кастрычніка 1940 года раён падзелены на 15 сельсаветаў: Астравецкі, Балканскі, Быстрыцкі, Валейкішкаўскі, Варнянскі, Варонскі, Гервяцкі, Гудагайскі, Дзягенеўскі, Дравяніцкі, Міхалішкаўскі, Рымдзюнскі, Швяйлянскі, Шульніцкі, Якентанскі.
Пасля акупацыі ў часы Другой сусветнай вайны на тэрыторыі раёна нацысты і іх памагатыя пачалі знішчэнне яўрэяў. Акцыі паўтараліся шмат разоў у многіх месцах.
З 20 верасня 1944 года раён у складзе Маладзечанскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Балканскі, Валейкішкаўскі і Якентанскі сельсаветы, Дзягенеўскі сельсавет перайменаваны ў Слабодкаўскі, Швяйлянскі сельсавет — у Чэхскі, Шульніцкі сельсавет — у Гозскі. 25 красавіка 1958 года Астравец атрымаў статус гарадскога пасёлка, Астравецкі сельсавет скасаваны. 27 сакавіка 1959 года скасаваны Варонскі і Гозскі сельсаветы. 31 жніўня 1959 года да раёна далучаны Некрашунскі і Спондаўскі сельсаветы скасаванага Свірскага раёна. 2 снежня 1959 года Некрашунскі сельсавет перайменаваны ў Падольскі. З 20 студзеня 1960 года раён у складзе Гродзенскай вобласці. 25 снежня 1962 года раён скасаваны, гарадскі пасёлак Астравец, Быстрыцкі, Варнянскі, Гудагайскі, Дравяніцкі, Падольскі, Слабодкаўскі сельсаветы перададзены Ашмянскаму раёну, Гервяцкі, Міхалішкаўскі, Рындзюнскі, Спондаўскі сельсаветы — Смаргонскаму раёну, Чэхскі сельсавет скасаваны.
6 студзеня 1965 года Астравецкі раён утвораны зноў, уключаў гарадскі пасёлак Астравец, Быстрыцкі, Варнянскі, Гудагайскі, Дравяніцкі, Падольскі, Слабодкаўскі сельсаветы Ашмянскага раёна, Гервяцкі, Міхалішкаўскі, Спондаўскі сельсаветы Смаргонскага раёна. 26 чэрвеня 1965 года ўтвораны Ізабелінскі, Кемелішкаўскі, Чэхскі сельсаветы, скасаваны Слабодкаўскі сельсавет. 17 студзеня 1969 года Быстрыцкі сельсавет перайменаваны ў Трокеніцкі, 11 лютага 1972 года Дравяніцкі — у Астравецкі. 27 студзеня 1975 года скасаваны Чэхскі сельсавет. 17 лістапада 1986 года скасаваны Ізабелінскі сельсавет. 20 кастрычніка 1995 года гарадскі пасёлак Астравец і Астравецкі раён аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 27 сакавіка 2012 года гарадскі пасёлак Астравец атрымаў статус горада. 26 лютага 2013 года скасаваны Астравецкі, Падольскі, Спондаўскі, Трокеніцкі сельсаветы, Кемелішкаўскі сельсавет перайменаваны ў Рытанскі[6].
У 398 населеных пунктах пражывае 27,3 тыс. чалавек, у тым ліку ў горадзе Астравец — 8,6 тыс., у сельскай мясцовасці — 18,7 тыс. Шчыльнасць насельніцтва — 17,4 чал./1 км².
Насельніцтва раёна: беларусы — 86,87 %, палякі — 5,73 %, рускія — 3,47 %, літоўцы — 2,65 % і інш.
Выканаўчую ўладу ў раёне ажыццяўляе Астравецкі раённы выканаўчы камітэт. У яго кіраўніцтва ўваходзіць старшыня, першы намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні, намеснік старшыні па сацыяльных пытаннях, намеснік старшыні па будаўніцтве, намеснік старшыні па эканоміцы і кіраўнік спраў. У склад райвыканкама ўваходзяць: аддзел ЗАГСа; камісія па справах непаўналетніх; аддзел па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб; юрыдычны сектар; аддзел архітэктуры і будаўніцтва; сектар спорту і турызму; фінансавы аддзел; аддзел па адукацыі; аддзел арганізацыйна-кадравай работы; аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі; упраўленне землеўпарадкавання; аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі; аддзел эканомікі; упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.
Прадстаўнічым органам дзяржаўнай улады з’яўляецца раённы Савет дэпутатаў. Для папярэдняга разгляду і падрыхтоўкі пытанняў, якія адносяцца да вядзення Савета, а таксама арганізацыі кантролю за правядзеннем у жыццё рашэнняў і вышэйстаячых дзяржаўных органаў на сесіі з ліку дэпутатаў абіраюцца пастаянныя камісіі. Пастаянна дзеючым органам, які забяспечвае арганізацыю работы Савета і ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы, прадастаўленыя рэгламентам, з’яўляецца Прэзідыум. У яго склад уваходзяць старшыня, намеснік старшыні і старшыні пастаянных камісій. Могуць уваходзіць таксама дэпутаты, выбраныя ў склад прэзідыума сесіяй Савета.
Раён падзяляецца на 5 сельсаветаў: Варнянскі, Гервяцкі, Гудагайскі, Міхалішкаўскі, Рытанскі.
Сярод грамадскіх арганізацый у раёне дзейнічаюць[7]:
Раённае аддзяленне міліцыі створана 26 лютага 1940 года па загаду народнага камісара ўнутраных спраў СССР[8]. 29 жніўня загадам НКВД БССР № 412 л/с сфарміравана гарадская пажарная служба, якая пазней пераўтварылася ў РАНС[9]. Пасля распаду Савецкага Саюза РАУС і РАНС перайшлі ў падпарадкаванні МУС і МНС Рэспублікі Беларусь.
Станам на 2021 год на Астравеччыне функцыянуюць 2 пажарныя аварыйна-выратавальныя часці ў горадзе, пажарны аварыйна-выратавальны атрад па абароне Беларускай АЭС, 4 пажарных аварыйна-выратавальных паста ў вёсках Ізабеліна і Вялікая Страча, аграгарадках Варняны і Кемелішкі. У распараджэнні РАНС больш за 30 адзінак рознай пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі, на базе аддзела створаны штатная служба хімічнай і радыяцыйнай абароны, пазаштатныя групы выратавання на водах і на вышынях, а таксама штаб ліквідацыі надзвычайных сітуацый, які ажыццяўляе кантроль за падтрыманнем боегатоўнасці падраздзяленняў і кіраўніцтва ліквідацыяй надзвычайных сітуацыі ў Астравецкім, Ашмянскім і Смаргонскім раёнах[9].
З мэтай правядзення ранняй прафарыентацыйнай работы ў 2013 годзе і 2017 гадах на базе ДУА «Гудагайская сярэдняя школа» створаны юрыдычныя класы[8].
У 2014 годзе створана пагранзастава «Астравецкая». Першы час памежнікі грунтаваліся ў будынку былой школы ў вёсцы Караняты, але ў 2018 годзе пераехалі ў новы будынак, размешчаны ля вёскі Буйкі. Застава абсталявана сучаснымі тэхнічнымі сродкамі, найноўшымі сродкамі ўзбраення і ваеннай тэхнікі. Ёсць гадавальнік службовых сабак, дзе кінолагі займаюцца іх падрыхтоўкай да нясення службы і ахове мяжы. У наяўнасці спартыўны гарадок для заняткаў фізічнай падрыхтоўкай, валейбольная пляцоўка, гарадок для падрыхтоўкі да нясення службы па ахове дзяржаўнай мяжы, агнявы гарадок, гарадок памежнай службы[10].
У сакавіку 2017 года на тэрыторыі раёна была сфарміравана вайсковая часць 7434 унутраных войск МУС РБ. Задачай падраздзялення стала ахова атамнай станцыі[11].
У 2018 годзе для паветранага прыкрыцця АЭС сюды перадыслакаваны 1146-ы гвардзейскі зенітна-ракетны полк. Полк абсталяваны зенітнымі ракетнымі комплексамі малой далёкасці 9К332МК «Тор-М2К». Полк першым у Беларусі ўзброены зенітным ракетным комплексам СПА «Тор-М2»[12].
Дзякуючы будаўніцтву Беларускай АЭС эканоміка раёна ажывілася. Сярэднямесячная намінальная налічаная заработная плата (да выліку падаходнага падатку і некаторых адлічэнняў) на 2017 год у раёне склала 771,3 руб. (каля 385 долараў). Раён заняў 3-е месца ў Гродзенскай вобласці па ўзроўні зарплаты пасля Гродна і Гродзенскага раёна (сярэдняя зарплата па вобласці — 703,2 руб.) і 16-е месца ў краіне з 129 раёнаў і гарадоў абласнога падпарадкавання[14].
У раёне дзейнічаюць 5 сельскагаспадарчых арганізацый («Гудагай», «Варняны», «Гервяты», «Міхалішкі» «Астравецкі саўгас „Падольскі“»), а таксама 5 фермерскіх гаспадарак[15].
Агульная пасяўная плошча сельскагаспадарчых культур у арганізацыях раёна (без уліку фермерскіх і асабістых гаспадарак насельніцтва) на 2017 год склала 34 207 га (342 км²). У 2017 годзе пад збожжавыя і зернебабовыя культуры было засеяна 16 351 га, пад цукровыя буракі — 1620 га, пад кармавыя культуры — 13 311 га[16].
Валавы збор збожжавых і зернебабовых культур у сельскагаспадарчых арганізацыях склаў 84,6 тыс. т у 2015 годзе, 45,2 тыс. т у 2016 годзе, 51 тыс. т у 2017 годзе. Па валавым зборы збожжавых у 2017 годзе раён заняў 13-е месца ў Гродзенскай вобласці. Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых у 2017 годзе склала 31,2 ц/га (сярэдняя па Гродзенскай вобласці — 39,7 ц/га, па Рэспубліцы Беларусь — 33,3 ц/га). Па гэтым паказчыку раён заняў 10-е месца ў Гродзенскай вобласці[17]. Валавы збор буракоў цукровых у сельскагаспадарчых арганізацыях склаў 97,3 тыс. т у 2016 годзе, 74,6 тыс. тон у 2017 годзе. Па валавым зборы цукровых буракоў у 2017 годзе раён заняў 10-е месца ў Гродзенскай вобласці. Сярэдняя ўраджайнасць цукровых буракоў у 2017 годзе склала 461 ц/га (сярэдняя па Гродзенскай вобласці — 533 ц/га, па Рэспубліцы Беларусь — 499 ц/га); па гэтым паказчыку раён заняў 10-е месца ў Гродзенскай вобласці[18].
На 1 студзеня 2018 года ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна (без уліку фермерскіх і асабістых гаспадарак насельніцтва) змяшчалася 33,1 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 10,1 тыс. кароў, а таксама 15,1 тыс. свіней. Па пагалоўі буйной рагатай жывёлы раён займае 14-е месца ў Гродзенскай вобласці, па пагалоўі свіней — 15-е[19][20].
У 2017 годзе прадпрыемствы раёна вырабілі 6,5 тыс. т мяса (у жывой вазе) і 59,1 тыс.т малака. Па вытворчасці мяса раён займае 13-е месца ў Гродзенскай вобласці. Сярэдні надой малака з каровы — 5768 кг (сярэдні паказчык па Гродзенскай вобласці-5325 кг, па Рэспубліцы Беларусь — 4989 кг); па гэтым паказчыку раён займае 5-е месца ў вобласці[21][22].
Прамысловасць раёна прадстаўлена пяццю прадпрыемствамі: ААТ «Кардонная фабрыка „Альхоўка“», ДЛГУ «Астравецкі лясгас», ВКУП «Камбінат будаўнічых матэрыялаў Астравецкага раёна», РУП «Астравецкі завод „Радыёдэталь“», філіял «Камбінат кааператыўнай прамысловасці» Астравецкага райпо. На тэрыторыі раёна дзейнічаюць 8 недзяржаўных прадпрыемстваў: ПФ «Верас», ЗАТ «НПЛІМ-Веста», ПФ «Крок», ЗП «Тэхнапласт», ІПГВУП «Лес-Мет», ІПУВГП «Экса Карпарэйшн», УП «Фірма ГЛТ», фермерская гаспадарка «Астравецкае».
У раёне з 2020 года ўведзена ў эксплуатацыю Беларуская АЭС. Да гэтага ў раёне існавала толькі малая ГЭС на Яноўскім вадасховішчы.
Чыгунка Мінск — Вільнюс праходзіць па паўднёвай ускраіне раёна. З усходу на захад тэрыторыю раёна перасякае адзіная аўтадарога рэспубліканскага падпарадкавання: Полацк — Глыбокае — граніца Літоўскай Рэспублікі (Катлоўка) Р45.
У раёне размешчана адна дзяржаўная лесагаспадарчая ўстанова — «Астравецкі лясгас». Установа арганізавана 7 ліпеня 1966 года ў адпаведнасці з загадам № 38 Галоўнага ўпраўлення лясной гаспадаркі пры Савеце Міністраў БССР на базе 4-х лясніцтваў Смаргонскага лясгаса і прынятых у склад ляснога фонду калгасных і саўгасных лясоў[23]. Загадам Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь № 162 ад 25 жніўня 2020 года Астравецкаму лясгасу прысвоены статус вопытнага лясгаса[24].
На 2021 год у склад установы ўваходзяць Варнянскае, Гервяцкае, Кемелішскае, Катлоўскае, Міхалішскае, Астравецкае, Палушскае, Падольскае і Спондаўскае лясніцтвы[25]. Плошча лясгаса складае 86,3 тыс. га, з іх пакрытыя лесам — 76,4 тыс. га. Найбольшую плошчу займаюць сасновыя — 63,9 %, бярозавыя — 17,0 %, яловыя — 10,8 %[23].
У раёне знаходзіцца рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Сарачанскія азёры» плошчай 13 тыс. га, у склад якога ўваходзяць 12 азёр, сярод іх найбольш буйныя Тумскае, Ёдзі, Белае, Вераб’і, Каймін, Туравейскае і інш. Ёсць 2 заказнікі мясцовага значэння (ландшафтны заказнік «Возера Бык» — 113 га, ландшафтны заказнік «Сяржанты» — 1015 га), 5 помнікаў рэспубліканскага і 16 помнікаў прыроды раённага значэння. Помнік прыроды рэспубліканскага значэння — геалагічнае агаленне міжледавіковых стужачных глін Камарышкі. У рэках раёна водзяцца 5 відаў рыб, занесеных у Чырвоную кнігу — харыус, ласось атлантычны, стронга, кумжа, звычайная марона. Па рашэнні Гродзенскага аблвыканкама тут таксама створаны заказнік рэспубліканскага значэння «Белы мох»[26].
У 2017 годзе ва ўстановах Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь у раёне працавалі 101 практыкуючы лекар і 318 сярэдніх медыцынскіх работнікаў. У пераліку на 10 тысяч чалавек колькасць лекараў — 41,1, колькасць сярэдніх медыцынскіх работнікаў — 129,5 (сярэднія значэнні па Гродзенскай вобласці — 48,6 і 126,9 на 10 тысяч чалавек адпаведна, па Рэспубліцы Беларусь — 40,5 і 121,3 на 10 тысяч чалавек). Па забяспечанасці насельніцтва лекарамі раён займае 3-е месца ў вобласці пасля Гродна і Лідскага раёна. Колькасць бальнічных ложкаў ва ўстановах аховы здароўя раёна — 201 (у пераліку на 10 тысяч чалавек — 81,9; сярэднія паказчыкі па Гродзенскай вобласці — 81,5, па Рэспубліцы Беларусь — 80,2[27].
З лютага 2020 года ў Астраўцы пачала работу новая раённая бальніца. Адкрыты тры корпусы, 13 аддзяленняў, пяць з якіх міжраённыя, на 232 ложкі. Яшчэ два корпуса былі здадзены ў чэрвені. Усяго ў складзе бальніцы 16 аддзяленняў, у тым ліку міжраённыя і нават міжабласныя, на 382 ложкі[28].
У 2017 годзе ў раёне налічвалася 17 устаноў дашкольнай адукацыі (уключаючы комплексы «дзіцячы сад-школа») з 1,2 тыс.дзяцей. У 2017/2018 навучальным годзе ў раёне дзейнічала 17 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх навучалася 2,9 тыс.вучняў. Навучальны працэс ажыццяўлялі 445 настаўнікаў. У сярэднім на аднаго настаўніка прыпадала 6,6 вучняў (сярэдняе значэнне па Гродзенскай вобласці — 7,9, па Рэспубліцы Беларусь — 8,7)[29].
Станам на 1 верасня 2021 года ў раёне функцыянуе 18 устаноў, якія рэалізуюць адукацыйную праграму дашкольнай адукацыі: 6 устаноў «яслі-сад», 5 дзіцячых садоў, 1 дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці, 2 вучэбна-педагагічныя комплексы «яслі-сад-сярэдняя школа», 2 вучэбна-педагагічныя комплексы «дзіцячы сад-сярэдняя школа», 1 вучэбна-педагагічны комплекс «дзіцячы сад-базавая школа», 1 вучэбна-педагагічны комплекс «дзіцячы сад-пачатковая школа». Сістэма ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі прадстаўлена 16 установамі (1 гімназія, 6 вучэбна-педагагічных комплексаў, 9 сярэдніх школ). Сетка спецыяльнай адукацыі Астравецкага раёна ў 2021/2022 навучальным годзе прадстаўляе: 1 установу спецыяльнай адукацыі, 9 спецыяльных груп і 21 групу інтэграванага навучання і выхавання ва ўстановах дашкольнай адукацыі, 33 класа інтэграванага навучання і выхавання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, 18 пунктаў карэкцыйна-педагагічнай дапамогі ва ўстановах дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі[30].
На 2017 год у рэлігійных арганізацыях ажыццяўлялі сваю дзейнасць 14 святароў: 12 ксяндзоў, 2 праваслаўных святара, 1 прэсвітар пратэстанцкай рэлігійнай абшчыны. На тэрыторыі раёна пражывалі 8 манашак, адна з іх — грамадзянка Польшчы. Дзейнічалі 2 праваслаўныя храмы, 13 касцёлаў, 6 капліц, 2 малельныя дамы. 8 культавых будынкаў прадстаўляюць гістарычную каштоўнасць і маюць статус помнікаў архітэктуры. У Астравецкім раёне дзейнічаюць 20 нядзельных школ, дзе навучаецца 510 дзяцей і моладзі. Зарэгістравана 18 рэлігійных абшчын: 13 каталіцкіх, 4 праваслаўных, 1 хрысціян веры евангельскай. На тэрыторыі Гудагайскага сельсавета функцыянуе філіял дабрачыннай каталіцкай арганізацыі «Карытас». У газеце «Астравецкая праўда» публікуюцца рубрыкі: «Супольнасць», «Духоўнасць», «Размовы аб духоўным», «Святыні», «Міласэрнасць»[31].
Да каталіцкіх храмаў адносяцца касцёлы Святых Касмы і Даміяна і Узвіжання Святога Крыжа ў Астраўцы, Святога Міхаіла Арханёла ў Міхалішках, Святога Юрыя ў Варнянах, Святой Тройцы ў Гервятах, Узвышэння Святога Крыжа ў Быстрыцы, Адведзін Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Гудагаі, Святога Георгія ў Вароне, Святога Юрыя ў Вялікіх Свіранках, Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Кемелішках, Святога Андрэя Баболі ў Градаўшчыне, Маці Божай Шкаплернай у Жукойнях Жалядскіх і Апекі Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Дайлідках. Да праваслаўных — Троіцкая царква старавераў у Стрыпішках, Іаана Шанхайскага і Сан-Францыскага ў Варнянах, Ільі Прарока ў Альхоўцы, Пятра і Паўла ў Астраўцы. Сярод баптысцкіх лічыцца царква «Міласць» у Астраўцы. Таксама маецца храм пяцідзесятнікаў[32][33][34][35].
Для арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай і спартыўнай работы ў Астравецкім раёне маецца 126 спартыўных аб’ектаў (61 на вёсцы): 1 стадыён, 2 ціра, 8 плавальных басейнаў, 23 спартыўныя залы, 46 спартыўных пляцовак, 1 спартыўная траса, 13 спартыўных ядраў, 18 прыстасаваных памяшканняў і 14 іншых збудаванняў. За 2020 год праведзена 109 спартыўна-масавых мерапрыемстваў[36]. У раённы фізкультурна-спартыўны клуб (ФСК) уваходзяць: спартыўна-аздараўленчы комплекс «Імпульс», адміністрацыйна-спартыўны комплекс «Стадыён», хакейная каробка і вяровачны гарадок. Астравецкі раён удзельнічае ў міжнародным праекце «Планета баскетбола-аранжавы атам». У 2019 годзе пры пры падтрымцы «Расатама» ў двары гімназіі № 1 пабудавана сучасная пляцоўка для гульні ў баскетбол 3х3 з унікальным пакрыццём[37]. У гэты ж час быў заснаваны футбольны клуб «Астравец».
З красавіка 1964 года дзейнічае дзіцяча-юнацкая спартыўная школа. Заснавальнікам яе стаў Аддзел адукацыі райвыканкама. У розныя гады ў Астравецкай ДЮСШ культываваліся лыжны спорт, хакей, вольная барацьба, лёгкая атлетыка і бокс. Вучэбна-выхаваўчы працэс арганізуецца на спартыўнай базе ўстаноў адукацыі і аграгарадкоў раёна, спартыўнай залы «Старт», САК «Імпульс». На 2021 год культываваліся чатыры віды спорту: бокс, грэка-рымская барацьба, гандбол і лёгкая атлетыка. Да гэтага перыяду ў школе падрыхтавана з ліку выпускнікоў і навучэнцаў: 5 мастроў спорту міжнароднага класа, 4 майстры спорту Беларусі і 18 кандыдатаў у майстры спорту[38].
Сетка ўстаноў культуры Астравецкага раёна ўключае: ДУ «Астравецкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці», які ўключае 14 клубных устаноў, ДУА «Астравецкая дзіцячая школа мастацтваў» з 4 філіяламі, ДУК «Астравецкая раённая бібліятэка», якая ўключае 16 бібліятэк, і Дзяржаўная ўстанова культуры «Астравецкі гісторыка-этнаграфічны музей»[39]. Колькасць музейных прадметаў асноўнага фонду апошняша складае 2,9 тыс. адзінак. У 2016 годзе музей наведалі 1,5 тыс. чалавек[40].
З 1967 года працуе Астравецкая дзіцячая музычная школа, якая з 2007 года ператворана ў дзіцячую школу мастацтваў. Яшчэ адна рэарганізацыя сістэмы была праведзена ў канцы 2011 года, згодна з якой усе пяць школ мастацтваў і музычных школ раёна былі аб’яднаны ў адну ўстанову. З 1 студзеня 2012 года была створана дзяржаўная ўстанова адукацыі «Астравецкая дзіцячая школа мастацтваў», у якую ўвайшлі непасрэдна базавая школа і 4 філіялы[41].
На тэрыторыі раёна знаходзіцца некалькі старажытных паселішчаў.
У Астравецкім раёне налічваецца 26 гісторыка-культурных каштоўнасцей.
На Астравеччыне захаваліся 13 каталіцкіх храмаў: касцёл у Гервятах, касцёл у Гудагаі, архітэктурны ансамбль у в. Варняны (Георгіеўскі касцёл, дом аптэкара і плябанія), касцёл у Міхалішках, касцёл у Быстрыцы, Касцёл Святых Касмы і Даміяна і Касцёл Узнясення Святога Крыжа ў Астраўцы, касцёл у Дайлідках, касцёл ў Вароне, касцёл у Вялікіх Свіранках, касцёл у Жукойнях Жалядскіх, касцёл у Градаўшчыне і касцёл у Кемелішках.
Таксама ў Астравецкім раёне ёсць сядзіба ў Трокеніках, сядзібны дом у Задворніках, вежа і вадзяны млын палацу Абрамовічаў у Варнянах, сядзібны дом у Дубніках, гаспадарчыя пабудовы сядзібы ў Вялікіх Свіранах, сядзібны дом у Падваранцах, царква ў Астраўцы, Траецкая царква старавераў у Стрыпішках, капліца ў Міхалішках, каталіцкая капліца, капліца «Крыніца ля багіні», капліца-пахавальня і брама ў вёсцы Дубок, капліца ў Сакалойцях, капліца ў вёсцы Гіры, дом-музей Казіміра Сваяка ў вёсцы Барані і іншыя славутасці.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.