From Wikipedia, the free encyclopedia
Анта́нас Смято́на (літ.: Antanas Smetona; 10 жніўня 1874 — 9 студзеня 1944) — літоўскі грамадскі дзеяч і палітык, заснавальнік (сузаснавальнік адроджанай Літвы[2], прэзідэнт Літвы ў 1919—1920 і 1926—1940 гадах.
Антанас Смятона | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
Antanas Smetona | |||||||
|
|||||||
Папярэднік | пасада зацверджаная | ||||||
Пераемнік | Аляксандрас Стульгінскіс | ||||||
|
|||||||
Папярэднік | Казіс Грынюс | ||||||
Пераемнік | Антанас Мяркіс | ||||||
Нараджэнне |
10 жніўня 1874 Ужуленіс , Расія |
||||||
Смерць |
9 студзеня 1944 (69 гадоў) Кліўленд, Агая, ЗША |
||||||
Месца пахавання | |||||||
Жонка | Sofija Smetonienė[d] | ||||||
Веравызнанне | Каталіцтва | ||||||
Партыя |
Партыя нацыянальнага прагрэсу (да 1924) Саюз літоўскіх нацыяналістаў (з 1924) |
||||||
Адукацыя | |||||||
Месца працы | |||||||
Аўтограф | |||||||
Узнагароды | |||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Нарадзіўся ў вёсцы Ужуленіс Вількамірскага павета Ковенскай губерні ў сям’і былых прыгонных сялян Ёнаса Смятоны i Юліяны з дому Картнайтэ[3], быў шостым з сямі дзяцей[4]. Пасля сканчэння пачатковай школы ў Таўянай вучыўся ў Вількаміры, потым — у прагімназіі ў Паланзе[5] і ў гімназіі ў Мітаве (зараз — Елгава). Здаў уступны экзамен у Ковенскую духоўную семінарыю, аднак так і не пачаў вучыцца. Падчас навукі ў Мітаве разам з Ёнасам Яблонскісам і Вінцасам Кудзіркам уваходзіў у сакрэтную студэнцкую арганізацыю — літаратурны гурток пад назвай «Kūdikis» (бел.: Немаўля). Зарабляў на жыццё ўрокамі ў прыватных дамах, між іншым, у Акулічаў, Заштаўтаў, Доўнаровічаў і Кагнавіцкіх. У 1895 г. вучыў у маёнтку Хадакоўскіх на Ковеншчыне, дзе пазнаёміўся з будучай жонкай. У 1896 г. арганізаваў пратэсты супраць абавязковага навучання малітве на рускай мове ў школе ў Мітаве[6]. З-за гэтага разам з сотняй іншых вучняў быў выкінуты з гімназіі, аднак праз некалькі гадоў яго прынялі ў IX Пецярбургскую гімназію, якую, у рэшце рэшт, скончыў.
У 1897 г. распачаў навучанне на юрыдычным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта. Звязаўся з нелегальнай арганізацыяй літоўскіх патрыётаў, публікаваў і распаўсюджваў кніжкі на літоўскай мове лацінкай, што ў тыя часы было забаронена. У 1899 г. арганізаваў пратэсты супраць парушэння ўладамі правоў, за гэта быў выкінуты з універсітэта, асуджаны на два тыдні зняволення і сасланы ў Вільню. Вярнуўся, аднак, у Санкт-Пецярбург і працягнуў вучобу. Пазней некалькі разоў быў арыштаваны. У 1902 г. скончыў навучанне і асеў у Вільні, дзе займаўся перакладамі і адвакацкай практыкай, перш чым атрымаў працу ў Віленскім зямельным банку.
Пасля прыезда ў Вільню заангажаваўся ў дзейнасць Літоўскай дэмакратычнай партыі , якую прадстаўляў на «Вялікім сейме », што сабраўся ў снежні 1905 г. Быў абраны ў склад яго прэзідыума. У 1904—1907 гг. працаваў у газеце «Vilniaus žinios». У 1907 г. пакінуў Літоўскую дэмакрытычную партыю. У тым самым годзе, разам з ксяндзом Ёзасам Тумасам-Вайжгантасам заснаваў газету «Viltis» (бел.: Надзея), у якой дзейнічаў у імя народнай свабоды, быў таксама членам шматлікіх таварыстваў, якія змагаліся за незалежнасць і культуру (сярод іх: Літоўскае навуковае таварыства ), навучаў дзяцей літоўскай мове ў віленскіх школах. Выдаваў штотыднёвік «Lietuvos ūkininkas» (бел.: Літоўскі гаспадар). Апрацоўваў літоўскую тэрміналогію ў галіне матэматыкі і геаграфіі.
У 1914 г. заснаваў часопіс «Vairas Vairas» (бел.: Руль), больш нацыяналістычны, чым «Viltis». Падчас вайны дамамагаў пацярпелым, стаўшы намеснікам кіраўніка, а потым і кіраўніком Літоўскага камітэта дапамогі ахвярам вайны. Таксама пісаў падручнікі па арыфметыцы на літоўскай мове. У 1916 г. прыняў удзел у нарадзе літоўскіх дзеячаў у Швейцарыі, падчас якой быў утвораны Літоўскі савет. Летам 1916 г. быў адным з падпісантаў мемарандума да нямецкага галоўнакамандуючага на Усходнім фронце, у якой дамагаўся права літоўцаў на самавызначэнне. Быў адным з арганізатараў Літоўскай канферэнцыі ў Вільні (верасень 1917 г.), членам яе прэзідыума. Таксама быў абраны членам Дзяржаўнай Рады (Тарыбы), пазней стаў яе кіраўніком. 6 верасня 1917 г. распачаў выданне нацыянальнай газеты «Lietuvos aidas » (бел.: Літоўскае рэха). У першым нумары газеты Смятона напісаў, што найважнейшая задача нацыі — гэта аднаўленне незалежнасці літоўскай дзяржавы.
11 снежня 1917 Дзяржаўная Рада ўхваліла дэкларацыю аб узнаўленні дзяржаўнасці ў цеснай сувязі з немцамі, а 16 лютага 1918 г. Смятона разам з іншымі дзеячамі падпісаў Акт незалежнасці Літвы|.
Падчас вайны і непасрэдна пасля яе заставаўся прыхільнікам дамовы Літвы з Германіяй лічучы, што для маладой літоўскай дзяржаўнасці большую пагрозу ствараюць палякі. На мяжы 1918 і 1919 гг. знаходзіўся ў Германіі і скандынаўскіх краінах, дзе лабіраваў інтарэсы незалежнай Літвы. 4 красавіка 1919 г. Тарыба абрала яго першым прэзідэнтам маладой рэспублікі. Пасля таго, як нацыяналісты прайгралі на выбарах ва Устаноўчы сход у 1920 г., што тлумачылася, між іншым, скептычнай пазіцыяй групоўкі да аграрнай рэформы, 9 чэрвеня 1920 г. падаў у адстаўку. На пасадзе прэзідэнта яго замяніў хрысціянскі дэмакрат Аляксандрас Стульгінскіс.
Пасля адыхода з палітыкі ўзяўся за працу журналіста і вучонага. Публікаваўся ў выданнях, звязаных з Партыяй нацыянальнага прагрэсу : «Lietuvos balsas » (бел.: Голас Літвы), «Lietuviškas balsas» (бел.: Літоўскі голас) і «Vairas» (бел.: Руль). За сваю палітычную дзейнасць павінны быў быць пасаджаны ў ковенскую турму ля вуліцы Міцкевіча, аднак турэмны тэрмін не распачаўся з-за ўмяшання кс. Тумаса. Перакладаў творы старажытных філосафаў (між іншым — Платона) на літоўскую мову. У 1923—1927 гг. быў прафесарам Літоўскага ўніверсітэта, першапачаткова на кафедры гісторыі і тэорыі мастацтва, потым — філасофіі (як кіраўнік згаданых кафедр). Выкладаў этыку, старажытную філасофію і літоўскую стылістыку. У той час лічыўся найлепшым стылістам літоўскай мовы, а яго моўнае пачуццё ставілася ў тыя часы за прыклад. У 1932 г. атрымаў ступень Honoris causa Універсітэта Вітаўта Вялікага.
Падчас аслабленай палітычнай актыўнасці пэўны час працаваў у якасці ўрадавага камісара ў Клайпедскай акрузе (1923—1924), аднак з-за канфлікту з прэм’ерам Галванаўскасам адмовіўся ад займанай пасады. Таксама быў кіраўніком літоўскай дэлегацыі ў справе вызначэння літоўска-латышскай мяжы (1920—1921). Быў сузаснавальнікам Саюза літоўскіх нацыяналістаў (літ.: Lietuvių tautininkų sąjunga, ці скарочана — LTS, у прастамоўі іх называлі «таўціннікамі»), які быў утвораны з саюза нацыяналістычных груповак. Стаў яго кіраўніком. Падчас выбараў у маі 1926 г. атрымаў дэпутацкія паўнамоцтвы як адзін з трох дэпутатаў, абраных ад спіса нацыяналістаў (па акрузе Паневяжыс). Працаваў у Гаспадарчай камісіі. Пасля ваеннага пераварота 17 снежня 1926 г., абвешчаны «народным правадыром», прыняў прапанову заняць важнейшую пасаду ў дзяржаве. 19 снежня 1926 г. сейм абраў яго прэзідэнтам падчас адсутнасці прадстаўнікоў пры непрысутнасці дэпутатаў ЛСДП i народнікаў. Падчас гэтай працэдуры быў парушаны арт. 41 літоўскай канстытуцыі 1922 г. (не хапіла кворума, каб выбраць новага прзідэнта)[7]. Як прэзідэнт на пасаду прэм’ера прызначыў Аўгусцінаса Вальдэмараса, з якім цесна супрацоўнічаў ажно да яго адстаўкі ў 1929 г. Супрацоўніцтва Смятоны і Вальдэмараса называлі «дуўмвіратам», іх абвінавачвалі, у асаблівасці прэм’ера, у імкненні да фашызму. 12 красавіка 1927 г. пасля таго, як сеймавая большасць выразіла вотум недаверу ўраду, Смятона распусціў парламент, які не сабраўся ажно да 1936 г. (на гэты раз быў парушаны арт. 52 канстытуцыі). Адначасова ў краіне ўжо год дзейнічала ваеннае становішча. 15 мая 1928 г. прэзідэнт абвясціў новую канстытуцыю, якая давала яму шырэйшыя паўнамоцтвы, чым раней. Тэрмін паўнамоцтваў сейма падоўжыўся з 3 да 5 год, адначасова падвышаўся ўзроставы цэнз у выбарчым праве да 24 (актыўнае) i 30 (пасіўнае) гадоў. Ад гэтага моманту выбар прзэідэнта ажыццяўляўся «паўнамоцных прадстаўнікоў народа» (паводле закона 1931 г. іх было 116). Прэзідэнт абіраўся на 7 гадоў, узроставы цэнз для кандыдата дасягнуў 40 гадоў. З гэтага часу прэзідэнт не нёс палітычнай адказнасці за свае дзеянні, застаючыся адначасова вярхоўным правадыром (а не толькі кіраўніком) узброенных сіл. Канстытуцыя, адначасова, не абмежавала і не ліквідавала грамадзянскіх правоў і свабод[8].
У 1929 годзе канчаткова разышліся дарогі Смятоны і Вальдэмараса, а прэм’ерам стаў швагер прэзідэнта Юозас Тубяліс. Вальдэмарас быў сасланы ў Зарасай, у 1934-м годзе марна спрабаваў вярнуцца да ўлады, арганізуючы разам з генералам Пятрасам Кубілюнасам ваенны пераварот.
11 снежня 1931 г. Смятона быў абраны на чарговы, гэтым разам сямігадовы, прэзідэнцкі тэрмін «паўнамоцнымі прадстаўнікамі цэлай дзяржавы»[9]. Выбар на чарговы, сямігадовы тэрмін адбыўся 14 лістапада 1938 г.: сярод 120 прадстаўнікоў за кандыдатуру Смятоны выказалася 118, двое паказалі белыя карткі[10].
У 1936 годзе быў абраны IV Сейм, поўнасцю падуладны волі Смятоны, які, між іншым, ухваліў новую канстытуцыю 1938 года, якая цэментавала аўтарытарны дзяржаўны рэжым. У тым жа годзе былі распушчаны апазіцыйныя палітычныя групоўкі. Рэжым Смятоны лічыўся больш рэпрэсіўным, чым польскі, аднак не ішоў ні ў якое параўнанне з гітлераўскім або сталінскім[11]. Часта праводзіліся аналогіі паміж палітычным ладам Італіі і Літвы — дыктатуру Смятоны таксама і ў міжваеннай Польшчы нярэдка называлі «фашысцкай»[12], аднак па многіх прычынах гэтыя аналогіі, якія асабліва часта праводзіліся савецкай прапагандай, трэба прызнаць падманам.
Як сцвярджае адмысловец гісторыі межваеннай Літвы Пётр Ласоўскі, рэжым Смятоны хутчэй можна параўнаць з партугальскім «Estado Novo» (бел.: Новая дзяржава) Антоніу Салазара[13].
У савецкі перыяд яго называлі «буржуазным палітыкам» і «арганізатарам барацьбы з сацыялістычнай рэвалюцыяй»[14], «адзін з ідэолагаў літоўскага буржуазнага фашызму» і стваральнік «фашысцкай дыктатуры»[15], «фашысці дыктатар Літвы», «адзін з ініцыятараў фашысцкага перавароту», які «праводзіў палітыку фашысцкай дыктатуры» і, арыентуючыся на гітлераўскую Германію, імкнуўся ў апошнія гады кіравання пераўтварыць Літву ў нямецкі пратэктарат[16].
У літаратуры міжваннага перыяду, а таксама і ў сучаснай, вяртаецца ўвага на тое. што прэзідэнт Смятона быў чалавекам усебакова адукаваным, эрудытам i паліталагам — ведаў некалькі еўрапейскіх моў: англійскую, нямецкую, французскую, польскую[17] і рускую (на французскай мове прамаўляў, напрыклад, з нагоды Дня незалежнасці 16 лютага, па-польску гаварыў неахвотна). Лічыўся чалавекам сціплым, не дамагаўся зямных выгод — такім жа сціплым як і ён сам быў Прэзідэнцкі палац у Каўнасе . Трымаўся ўбаку ад алкаголю, рэдка займаўся спортам, хоць захапляўся гольфам, а таксама, да пэўнай ступені, плаваннем.
Звычайна адпачываў у роднай вёсцы Ужуленіс[18], а таксама ў Паланзе. Вакол Смятоны сфарміраваўся насаджаны зверху, але ў вялікай ступені таксама сапраўдны, культ, параўнальны з павагай, якой карысталіся дыктатары суседніх дзяржаў: Польшчы (Пілсудскага) і Латвіі (Улманіса). Яго называлі «правадыром народа» (літ.: Tautas vadas). 13 чэрвеня ўрачыста адзначаліся яго імяніны[19].У верасні 1934 г. з вялікай помпай былі арганізаваныя трохдзённыя святкаванні яго шасцідзесяцігоддзя.[20]. З нагоды шасцідзесяцігоддзя кіраўніка дзяржавы было пабудавана мноства помнікаў ці будынкаў[21], самому ж прэзідэнту быў падараваны маёнтачак у родных мясцінах[22].
У 30-я гады былі апублікаваныя важнейшыя працы Смятоны, а таксама прызначаны для дзяцей і моладзі жыццярыс кіраўніка дзяржавы аўтарства пісьменніка Казіса Бінкіса (1893—1942), тыраж якога дасягнуў 300 тыс. асобнікаў. гта быў найвялікшы тыраж у гістоорыі Літвы[23]. У гонар Смятоны ў 1934 г. былі створаны дзве кантаты: «Užugirio pasaka» казіса Бінкіса (музыка Юргіса Карнавічуса) і «Kantata garbei kovotojų už Lietuvos laisvę» (бел.: Кантата ў гонар барацьбітоў за свабоду Літвы) Казіса Інчуры (музыка Стасіса Шымкуса). З прэзідэнта ляпілі мысляра, філосафа і выдатнага стыліста [24].
10 кастрычніка 1939 г. прэзідэнт Смятона прыняў савецкія ўмовы, згодна з якімі Літва атрымоўвала Віленшчыну, а ў краіне былі размешчаны базы Чырвонай Арміі. Вясной 1940 г. пасля савецкага ўльтыматума ў адносінах да Літвы быў прыхільнікам ваеннага супраціўлення, аднак застаўшыся адным у сваіх перакананнях, пагадзіўся з умовамі Сталіна. 15 чэрвеня 1940 г., выязджаючы з краіны, адмовіўся ад паўнамоцтваў на карысць прэм'ера Антанаса Мяркіса.
Правёўшы некаторы час у Швейцарыі (1940—1941) разам з сям'ёй пераехаў у Злучаныя Штаты, дзе канцэнтравалася жыццё патрыятычнай літоўскай эміграцыі. Пасляліўся ў Кліўлендзе, разам з сынам Юліўсам. Працаваў над публікацыяй падрабязных успамінаў і сціслай гісторыі Літвы. Трагічна загінуў у выніку пажара ў доме сына 9 студзеня 1944 г. 13 студзеня адбылося набажэнства ў кафедральным саборы Св. Яна ў Кліўлендзе, пасля чаго быў пахаваны ў мясцовым Knollwood Mausoleum. У 1975 годзе яго рэшткі былі перанесены ў «All Souls Cemetery» (бел.: Могілкі ўсіх душаў) у Чардан, штат Агая.
Ужо ў вельмі раннім узросце страціў бацькоў, яго выхаваннем займаўся старшы брат Ігнас (1857—1933). Сам Смятона апекаваўся над сваёй сястрой Юліяй, з якой быў да канца жыцця эмацыянальна звязаны. Яна працавала настаўніцай ва Ужуленісе (1878—1962). Юлія клапацілася аб сямейнай хаце Смятонаў, якая была адноўлена ў міжваенны час. У 1904 ажаніўся з Сафіяй з Хадакоўскіх, з якой меў сына Юліўса (1913—1974), выпускніка факультэта права Універсітэта Вітаўта Вялікага, дачку Біруту (памёрла ва ўзросце трох гадоў) і Марытэ (Марытэ Сметанайтэ-Валюшэнэ[25]; 1906—1992). Пляменнікам прэзідэнта быў Казіс Смятона (1915—1938), які загінуў у авіякатастрофе. Шваграмі прэзідэнта былі: Романас Хадакаўскас, ваенны пракурор Літоўскай рэспублікі; Тадас Хадакаўскас, працаўнік органаў мясцовага самакіравання, бурмістр Паневяжыса, а таксама Ядвіга Хадаўскайтэ-Тубіленэ (1892—1988[26]), жонка прэм'ера Тубяліса. Прэзідэнт Смятона меў таксама сямейныя сувязі з іншымі постацямі грамадскага жыця Літвы: Стасісам Рашцікісам, мужам дачкі брата Матэюса ці зяцем Алойзасам Валюшысам. Гэта стала прычынай таго, што палітычныя праціўнікі абвінавачвалі яго ў непатызме. Сямейныя сувязі з прэзідэнтам меў Рымантас Смятона, дэпутат у Сейм Літвы.
У міжваеннае дваццацігоддзе хата, у якой нарадзіўся Смятона, была адноўлена і мадэрнізавана, пра яе клапацілася сястра прэзідэнта Юлія, настаўніца ў мясцовай пачатковай школе імя Прэзідэнта Антанаса Смятоны. У савецкі час хата згарэла, зараз на гэтым месцы знаходзіцца памятны камень[4]. Аднак да сённяшняга дня захаваўся мальнікі дворык. падараваны прэзідэнту народам у 1934 г. У 1929 годзе імем першага прэзідэнта Літвы была названа Каўнаская ваенная школа (літ.: Pirmojo Lietuvos Prezidento karo mokykla), пазней таксама закуплены ў Германіі мінны тральшчык M-59, які ў міжваенны час выкарыстоўваўся як вучэбны карабель «Prezidentas Smetona»[27]. Да 1940 г. імем Смятоны называлі ўліцы, плошчы і алеі ва ўсіх больш-менш значных мясцовасцях края, а таксама адна з галоўных вуліц Клайпеды[28], якую ў сакавіку 1939 г. перайменавалі ў вуліцу Адольфа Гітлера). Зараз імем прэзідэнта названа вуліца ў Новым горадзе ў Вільні[29], а таксама алея ў сталічным раёне Панямунес, якой вярнулі перадваенную назву[30]. Імя Смятоны носіць гімназія ў Каўнасе[31], а таксама ва Укмергэ[32]. Перад гістарычнай сядзібай прэзідэнта ў Каўнасе знаходзіцца яго помнік[33]. У публічнай анкеце — «выбарах» арганізаваных 16 лютага 2011 г. Гістарычным Прэзідэнцкім палацам у Каўнасе Смятона аказаўся найболь папулярным прэзідэнтам сярод трох кіраўнікоў дзяржавы міжваеннага перыяду: за яго галасавалі 49 % апытаных (усяго ў анкетаванні ўзялі ўдзел 495 чалавек)[34][35].
Узнагароджаны, між іншым, Ордэнам Вялікага князя Гедымінаса, Ордэнам Вітаўтаса Вялікага, Ордэнам Трох зорак, Ордэнам Крыжа з Арлом (1931), Ордэнам Белай зоркі (1938).
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.