інтэлектуальнае і/або лягічнае вывучэньне агульных і фундамэнтальных праблемаў From Wikipedia, the free encyclopedia
Філязо́фія (па-грэцку: φιλοσοφία) у адрозьненьне ад іншых навук ня мае дакладна акрэсьленага прадмету вывучэньня. Агульна філязофію можна ахарактарызаваць як спробу крытычна-рацыянальнай самаправеркі мысьленьня, як мэтадычную рэфлексію. Спроба акрэсьліць тэрмін «філязофія» ўжо сама па сабе зьяўляецца прадметам вывучэньня філязофіі.
Пачатак філязофскага мысьленьня ў 6 стагодзьдзі да н. э. вызначае непасрэдны пачатак эўрапейскае гуманітарнае гісторыі. На працягу стагодзьдзяў зь філязофіі выкрысталізаваліся і былі ўдасканаленыя мэтады і дысцыпліны іншых асобных навук. Так, і па сёньняшні дзень існуюць не губляючы сваёй актуальнасьці такія філязофскія дысцыпліны як лёгіка як навука аб пасьлядоўным і дакладным мысьленьні, этыка як навука аб маралі, мэтафізыка як навука аб высновах існаваньня і рэчаіснасьці. Філязофія таксама дала жыцьцё такім навукам як тэорыя пазнаньня і тэорыя навукі, якія займаюцца вывучэньнем магчымасьцяў пашырэньня і ўдасканальненьня ведаў увогуле альбо ў асабістых выпадках у розных асобных навуках.
Слова «філязофія», якое складаецца з грэчаскіх словаў φίλος «сябра, дружа» і σοφία «мудрасць», літаральна абазначае «любоў да мудрасьці» альбо проста «да ведаў», бо sophía ўжывалася спачатку ў сэнсе валоданьня разнастайнымі тэхнічнымі альбо майстэрскімі навыкамі. Дзеяслоў «філязафаваць» быў упершыню выкарыстаны Герадотам (I,30,2) пры апісаньні прагі ведаў Салёна. Факт таго, што тэрмін philosophos ужываўся ўжо Гераклітам (фрагмэнт 35 DK), не сцьвярджаецца. У антычнасьці лічылі, што паняцьце «філязофія» ўпершыню было выкарыстана Пітагорам Самоскім, бо дзякуючы плятоніку Гераклеідэсу Понтыкусу да нас дайшло апавяданьне, згодна якога Пітагор сказаў, што толькі Бог валодае сапраўднай софіяй, а чалавек можа толькі імкнуцца да яе. Ужо тут пад софіяй разумеліся мэтафізычныя веды. Дасканаласьць гэтых косных і фрагмэнтарна перададзеных зьвестак Гераклеідэса ставіцца дасьледчыкамі пад сумнеў. Толькі ў Плятона паняцьці філязофія і філязафаваць зьяўляюцца менавіта ў тым сэнсе, які меў на ўвазе Гераклеідэс, асабліва ў дыялёгу Плятона Фаідрас (278d), дзе канстатуецца, што філязафаваньне і сапраўднае валоданьне мудрасьцю, — дзьве ўзаемавыключальныя справы, бо апошняе належыць толькі Богу.
Першпачаткова тэрмін «філязофія» датычыўся традыцыі мысьлеьння, якая адносілася выключна да антычнае Грэцыі. Сёньня слова «філязофія» ахапляе таксама і азіяцкую традыцыю мысьленьня (усходнюю філязофію) і рэлігійныя сьветапогляды. Акрамя таго, тэрмін «філязофія» зь нядаўняга часу пачаў актыўна ўжывацца ў эканамічным жаргоне ў галіне тэхнікі як сынонім стратэгіі альбо агульнага канцэпту (філязофія прадпрымальніцтва, філязофія дызайну).
Спроба адказаць на пытаньне, што такое філязофія — ўжо само па сабе філязофскае пытаньне і аб'ект вывучэньня філязофіі. Агульнапрынятая, дакладная і ўнівэрсальная фармулёўка філязофіі немагчымая. Гэтаксама немагчымая і фармулёўка філязофіі, зь якой мог бы пагадзіцца кожны філёзаф, бо кожны, хто філязафуе, — стварае свой асабісты погляд на рэчаіснасьць. І таму колькасьць адказаў на пытаньне, што такое філязофія, амаль адпавядае колькасьці філёзафаў.
У пытаньні, якія менавіта дысцыпліны лічыць належнымі да філязофіі (на якія разьдзелы падзяляецца філязофія), ня існуе ўсеагульнае дамоўленасьці. Традыцыйна да асноўных філязоўскіх дысцыплінаў адносяць лёгіку, эпістэмалёгію, этыку, эстэтыку і мэтафізыку (анталёгію). Аднак паміж гэтымі дысцыплінамі не праведзена дакладных межаў. Існуюць філязоўскія пытаньні, якія адначасова адносяцца да больш за адной з гэтых дысцыплінаў, і існуюць такія, якія адносяцца да ніводнае.
Па-за гэтымі шырокімі дысцыплінамі існуюць і іншыя сфэры філязоўскага пазнаньня. Гістарычны да вобласьці цікавасьцяў філёзафаў адносілі, і зараз яшчэ часта адносяць палітыку (якая разглядалася Арыстотэлем як асноўная частка этыкі), фізыку (ў тым выпадку, калі яна вывучае сутнасьць рэчыва альбо энэргіі) і рэлігію. Акрамя таго, ёсьць філязоўскія дысцыпліны, прысьвечаныя асобны прадметным вобласьцям; амаль заўсёды прадметная вобласьць такой філязофская дысцыпліны супадае з прадметнай вобласьцю адпаведнае навукі. Напрыклад, адасабленьне фізыкі ад філязофіі ў Новы час прывяло да зьяўляеньня натурфілязофіі, а асобныя палітычныя тэорыі — да зьяўленьня палітычнай філязофіі.
Першыя людзі, якія называлі сябе філёзафамі, — Плятон і Сакрат — разумелі філязофію як альтэрнатыву да мітычнае рэлігіі і ейнага парадку. У працэсе філязафаваньня чалавек стварае сваё асабістае разуменьне сьвету і навакольля і тым чынам эмансыпуецца ад набажнасьці сусьвету і забабонаў.
Гісторыя заходняй філязофіі пачынае свой адлік ў 6 стагодзьдзі да нашай эры ў антычнай Грэцыі і працягваецца да сёньняшняга часу. Вызначаецца яна тым, што на працягу стагодзьдзяў знаходзіліся, абгрунтоўваліся і абмяркоўваліся ўсё новыя адказы на фундамэнтальныя філязофскія пытаньні. Тлумачыцца гэта часткова тым, што зьмяняліся патрэбы адпаведнага духу эпохі, а часткова — няспынным далейшым разьвіцьцём іншых навук. «Прагрэсу» у сэнсе канчатковага абвяржэння альбо абгрунтавання і доказу асобных меркаваньняў і вучэньняў філязофія з пункту гледжаньня большасьці філёзафаў практычна не зьдзяйсьняе:
Філёзаф Альфрэд Норс Вайтхэд характэрызуе гісторыю эўрапейскай філязофіі пачынаючы з Арыстотэля як амаль выключнае «двукосьсе да Плятона».[2] Паколькі філязофскія ідэі і паняцьці не састараваюць зь цягам часу, вывучэньне сваёй ўласнае гісторыі мае для філязофіі адметна большае значэньне ў параўнаньні з усімі астатнімі навукамі — ейная мінуўшчына адначасова заўсёды зьяўляецца і ейнае сучаснасьцю.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.