старажытнагрэцкі філёзаф From Wikipedia, the free encyclopedia
Плято́н (па-грэцку: Πλάτων) (427 да н. э., верагодна ў Атэнах, паводле іншых зьвестак — на высьпе Эгіна — 347 да н. э., Атэны) — адзін з найвыбітнейшых філёзафаў старажытнасьці. Сын Арыстона й Перыкліёны, спачатку насіў імя Арыстокл (па-грэцку: Αριστοκλής).
Арыстакрат з паходжаньня, Плятон быў вучнем Сакрата. Ён стаў сьведкам сьмерці свайго настаўніка, калі той прыняў атруту. Пасьля сьмерці настаўніка філёзаф пачаў вандраваць.
У Сыцыліі Плятон пазнаёміўся з Дыёнам, сябрам сям’і тырана Сыракузаў. Там ён вырашыў заняцца выхаваньнем сына тырана Дыяніса малодшага, каб выхаваць ідэальнага кіраўніка дзяржавы, які адпавядаў бы тэорыям і поглядам Плятона, але бацька Дыяніс старэйшы заўпарціўся, і філёзаф быў вымушаны пакінуць Сіракузы.
Паводле паданьня, падчас плаваньня, карабель, на якім плыў Плятон, пацярпеў крушэньне, і філёзаф патрапіў у рукі злодзеяў і быў прададзены ў нявольніцтва. Празь нейкі час ён быў выкуплены й вярнуўся ў Ватэны. Там Плятон заснаваў сваю знакамітую школу — «Акадэмію».
Плятон памёр у веку 80 гадоў.
Аўтар 34 філязофскіх дыялёгаў (большасьць зь іх — гутаркі Сакрата з вучнямі), прамовы «Апалёгія» (абарона Сакрата), 13 лістоў, а таксама «Вызначэньняў», якія ў вантычнасьці прыпісваліся Спэўсіпу. Найбольш вядомыя творы Плятона: «Крытон» (аб павазе да законаў), «Лахет» (аб мужнасьці), «Эўтыфрон» (аб пабожнасьці), «Гіпій меншы» (аб хлусьні й несправядлівасьці), «Краціл» (аб мове), «Фэдон» (аб справядлівасьці), «Тээтэт» (аб ведах), «Тымей» (касмалёгія) і інш.
У філязофскай сыстэме Плятона вылучаныя ўсе асноўныя састаўныя часткі ведаў: анталёгія, касмалёгія, гнасэалёгія, этыка, эстэтыка. Першасным ён называў сьвет вечных, нязьменных, самастойна існуючых сутнасьцей — ідэяў. Другаснай, вытворнай ад іх, лічыў усю разнастайнасьць пачуцьцёва ўспрымальнага сьвету; кожная рэч — вынік спалучэньня ідэі (узору) зь бясформеннай матэрыяй; пачуцьцёвы сьвет як нараджэньне ідэяў і матэрыі займае сярэдзіннае становішча паміж імі. На ягоную думку, упарадкаванасьць быцьця па-свойму выражае Космас, у якім на кожным кроку сустракаецца боскі розум (дэміург). 3 сумесі ідэяў і матэрыі дэміург стварае сусьветную душу, якая распаўсюджаная па ўсёй прасторы. Успаміны бесьсьмяротнае душы аб ідэях, якія яна сузірала да сьмерці, складаюць сутнасьць працэсу пазнаньня, а ягоным найбольш правільным мэтадам мысьленьня зьяўляецца дыялектыка. У васнове працэсу пазнаньня ляжыць любоў да ідэі — узыходжаньне ад любові да асобных рэчаў і цел да любові ў сфэры душ, а ад іх — у сфэры чыстых ідэяў («Фэдар», «Пармэнід», «Сафіст»). Паводле Плятона, душа складаецца з трох частак: вышэйшае — розум; сярэдняк — воля й высакародныя ўчынкі; ніжэйшае — захапленьні й пачуцьцёвасьць. У этыцы гэтаму адпавядаюць тры асноўныя дабрачыннасьці — мудрасьць, мужнасьць, разважнасьць і пакорлівасьць; іхнія носьбіты — адпаведна тры саслоўі грамадзтва: філёзафы й кираўнікі, воіны й ураднікі, земляробы й рамесьнікі. Лягічнае спалучэньне й раўнавага трох дабрачыннасьцяў дае пачатак чацьвёртай, агульнадзяржаўнай дабрачыннасьці — справядлівасьці («Горгій», «Палітыка»).
Плятон вылучаў тры асноўныя формы праўленьня: манархію, арыстакратыю й дэмакратыю. На ягоную думку, манархія (уладараньне аднаго) бывае законная (цар) альбо ґвалтоўная (тыран); арыстакратыя (уладараньне нямногіх) — панаваньне лепшых альбо алігархія (панаваньне горшых); дэмакратыя (уладараньне ўсіх) — арґанізаваная паводле законаў альбо беззаконная (ґвалтлўная). Выступаў супраць палітычнае дакгрыны, якая абапіраецца на «права мацнейшага» й лічыць перамогу над сваімі супраціўнікамі адзіным крытэрам легітымнасьці й адзінай крыніцай шчасьця. На ягоную думку, умацаваньню ідэальнае дзяржавы павінна служыць строгая сыстэма адукацыі й выхаваньня грамадзянаў, якія ня стануць злоўжываць палітычнай дзейнасьцю на ўласную карысьць, будуць кіравацца ідэямі й вызнаваць сапраўднае дабро («Палітыка», «Палітэя, або Дзяржава», «Законы»).
Лічыў, што сапраўднай крыніцай жыцьця для ўсяго жывога павінна стаць вечная прыгажосьць, якая ўяўляе сабой зьліцьцё ідэі й матэрыі, альбо разумнасьці й задавальненьня. Пры гэтым прыгажосьць жыцьця й прыгажосьць рэальнага быцьця вышэй за прыгажосьць мастацтва, таму што быцьцё й жыцьцё ёсьць перайманьне вечных ідэяў, а мастацтва ёсьць перайманьне быцьцяйі жыцьця, г. зн. перайманьне перайманьня («Іён», «Геній Большы» й інш.).
Плятон атрымаў прызнаньне яшчэ пры жыцьці, што дапамагло ягоным творам дайсьці да нашых дзён. Гістарычная фігура Плятона была замененая на ідэалізаванае ўяўленьне пра ўнівэрсальнага філёзафа ў школе нэаплатанізму Пляціна (3 ст.).
Сваё папулярнае імя атрымаў за «шырокія плоскія» грудзі й лоб. У эпоху Адраджэньня Плятона ўяўлялі сабе ідэальна прыгожым чалавекам, сьледам за думкай антычных аўтараў[a]. Таму ягоным партрэтам лічылі прыгожую бронзавую галаву з павязкай на валасах (пазьней імаверна атаясамлена з Дыянісам). Аўтэнтычны партрэт Плятона быў атаясамлены толькі ў канцы 19 ст. з гермай, якую перавезьлі ў Бэрлін са збораў Кастэляні ў Рыме (1884), і якая стала асновай усё далейшае, верагоднае іканаграфіі Плятона. Адзначаецца, што выгляд Плятона, вонкава неінтэлігентны, «негеніяльны» выклікаў пэўнае расчараваньне ў дасьледчыкаў. Аднак, гэтае ўяўнае разыходжаньне паміж формай і зьместам адпавядала поглядам на мастацтва самога Плятона, які лічыў мастацтва нечым цалкам ілюзорным, падманлівым.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.