летувіскі гісторык From Wikipedia, the free encyclopedia
Сы́манас Да́ўкантас або Сымон Даўконт[1] (лет. Simonas Daukantas, польск. Szymon Dowkont; 17 (28) кастрычніка 1793, Кальві, цяпер Шкудзкі раён, Летува — 24 лістапада (6 сьнежня) 1864, Папіляны, цяпер Акмянскі раён) — летувіскі гісторык, асьветнік, адзін зь першых ідэолягаў летувіскага нацыянальнага абуджэньня, аўтар першых працаў з гісторыі Летувы на летувіскай мове.
Сыманас Даўкантас | |
Род дзейнасьці | гісторык |
---|---|
Дата нараджэньня | 28 кастрычніка 1793 |
Месца нараджэньня | Кальві, цяпер Шкудзкі раён, Летува |
Дата сьмерці | 6 сьнежня 1864 (71 год) |
Месца сьмерці | Папіляны, цяпер Акмянскі раён |
Месца вучобы | |
Занятак | гісторык, пісьменьнік, лексыкограф |
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Навучаўся ў школах Крэтынгі й Жамойцкай Кальварыі (цяпер Вардува), у Віленскай гімназіі. Паступіў ў 1816 годзе ў Віленскі ўнівэрсытэт, спачатку навучаўся на аддзяленьні літаратуры й вольных мастацтваў, потым (з 1818 году) на аддзяленьні маральных і палітычных навук вывучаў гісторыю й антычную літаратуру. Скончыў Віленскі ўнівэрсытэт з ступеньню кандыдата ў 1819 годзе. У 1822 годзе абараніў дысэртацыю на ступень магістра, але праз працэс філяматаў і філярэтаў дыплём магістра права атрымаў толькі ў 1825 годзе.
Служыў у Рызе ў канцылярыі расейскага генэрал-губэрнатара (1825—1834), потым у Санкт-Пецярбургу памагатым мэтрыканта Літоўскай мэтрыкі ў канцылярыі Сэнату (1835—1851).
У 1850 годзе вярнуўся ў Летуву. У 1851 годзе выйшаў на пэнсію. Жыў у Вярнях у біскупа Мацея Валанчэўскага, потым у мэцэнатаў — у лекара Пятра Смуглевіча ў маёнтку Ной-Бэргфрыд на паўдарогі паміж Баўскай і Елгавай (цяпер Яўнсьвірлаўка ў Латвіі)[3], а апошнія гады правёў у мястэчку Папілянах (сучасная Летува).
За сваім жыцьцём надрукаваў толькі адзіны твор «Звычаі старадаўніх летувісаў — горнікаў і жамойтаў» («Būdas senovės lietuvių, kalnėnų ir žemaičių», 1845 год), дзе называў беларусаў «белымі гудамі»[4] і сьцьвярджаў іх «славянізаванымі летувісамі»[5].
Апроч таго, напісаў «Дзеяньні старадаўніх летувісаў і жамойтаў» («Darbai senųjų lietuvių ir žemaičių», 1822 год). А ў 1831—1834 гадоў падрыхтаваў працяг гэтай працы, азначаны як «Гісторыя Жамойці» («Istoryje Zemaitiszka»), упершыню выдадзены ў 1893 (кніга 1) і 1897 (кніга 2) гадох пад назвай «Гісторыя Літвы» (лет. «Lietuvos istorija»)[2].
Складальнік зборніку летувіскага фальклёру «Жамойцкія песьні» («Dajnes Žiamajtiû», 1846 год), слоўніка летувіскай мовы. Аўтар падручнікаў, кніг зь сельскай гаспадаркі.
У 1845 годзе прапанаваў наватвор «віціс» (výtis) (з малой літары й з націскам на першым складзе) дзеля азначэньня вершніка-рыцара на гербе Пагоня[6][7]. Дзеля азначэньня гербу цалкам слова «Vytís» (ужо зь вялікай літары і з націскам на другім складзе) упершыню выкарысталі толькі ў 1884 годзе (раней Пагоню па-летувіску звычайна звалі «Vaikymas» — 'Перасьледаваньне'). Да канца XIX ст. слова «Vytis» стала агульнапрынятым у Летуве дзеля азначэньня Пагоні. Аднак яшчэ доўгі час ішлі спрэчкі пра тое, на якім складзе трэба рабіць націск — на першым ці на другім. Толькі ў 1930-я гады з гэтым канчаткова вызначыліся — спыніліся на «Výtis»[8].
Калі выдадзеная ў 1822 годзе праца Сыманаса Даўкантаса мела назву «Дзеяньні старажытных летувісаў і жамойтаў» («Darbai senųjų lietuvių ir žemaičių»), то ўжо ў 1845 годзе (па публікацыях Ёганэса Фогта і Тэадора Нарбута, дзе тыя фактычна вярнулі зь нябыту назву «Аўкштота») ён выдаў сваё дасьледаваньне пад назвай «Звычаі старажытных летувісаў — горнікаў і жамойтаў» (жамойцкае «Budą senowęs lёtuwiū, kalnienū ir žȧmajtiū», сучаснае летувіскае «Būdas senovės lietuvių, kalnėnų ir žemaičių»). Такім спосабам Даўкантас пераклаў старажытны нямецка-лацінскі тэрмін уласным летувіскім наватворам «горнікі» (ад лет. kalnas 'гара'). Тое, што Даўкантас «першым прыдумаў і выкарыстаў тэрмін дзеля апісаньня этнаграфічнай супольнасьці, вядомай цяпер як аўкштайты», прызнаецца ў сучасных летувіскіх школьных падручніках[9].
Партрэт Сыманаса Даўкантаса зьмясьцілі на банкноце 100 літаў.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.