From Wikipedia, the free encyclopedia
Летувіскі нацыянальны рух (традыцыйна вядомы ў гістарыяграфіі як Летувіскае нацыянальнае абуджэньне лет. Lietuvių tautinis atgimimas) — змаганьне летувісаў за права на сваё нацыянальнае самавызначэньне. Мае повязі з уваходжаньнем этнічных летувіскіх земляў у склад Расейскай імпэрыі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай. Прывёў да фармаваньня сучаснай летувіскай нацыі і да абвяшчэньня незалежнасьці Летувы. Найбольш актыўнымі ўдзельнікамі гэтага руху былі Вінцас Кудзірка, Ёнас Басанавічус ды іншыя. На рух уплываў уздым у Эўропе рамантычнага нацыяналізму, нацыянальна-вызваленчых рухаў.
Пачынальнікамі руху сталі галоўным парадкам выхадцы з Жамойці[1]. Дзеячы жамойцкага нацыянальнага абуджэньня дзеля забесьпячэньня свайму руху гістарычнай асновы выкарысталі — у якасьці этнічнай — назву старажытнай літоўскай (беларускай) дзяржавы, а ня ўласнага Жамойцкага княства (якое не асацыявалася з уяўленьнямі пра разьвітую старажытную дзяржаўнасьць)[2]. На згоду і пры падтрымцы расейскіх уладаў, імпэрскім інтарэсам якіх адпавядала прывязваньне гісторыі Вялікага Княства Літоўскага да нашчадкаў балтыйскай меншасьці, а не беларусаў, летувісы выбудавалі міт пра ВКЛ як выняткова летувіскую дзяржаву[3]. Гэты міт стаў падмуркам, на якім летувіскія дзеячы пачалі будаваньне новай летувіскамоўнай «Літвы»[4].
У пачатку ХІХ стагодзьдзя летувіскай мовай карысталіся толькі прадстаўнікі беднага і сярэдняга слаёў грамадзтва ў сельскіх рэгіёнах. Летувіская мова была гутарковай, яна не лічылася дастаткова прэстыжнай для пісьмовага выкарыстаньня. Яе захоўвала частка дробнага дваранства, асабліва ў Жамойці. Мова была яшчэ не стандартызаваная, яе граматыка значна адрозьніваліся паміж рознымі рэгіёнамі ў выглядзе аўкштайцкага і жамойцкага дыялектаў.
Адзінай краінай, дзе летувіскую мову выкарыстоўвалі ў якасьці літаратурнай, была Малая Летува, што знаходзілася пад уладай Прусіі. Але і там прыток нямецкіх імігрантаў пагражаў мове і культуры прускіх летувісаў.
Некалькі фактараў паспрыялі нацыянальнаму руху: на летувіскую мову зьвярнулі ўвагу навукоўцы-лінгвісты; па скасаваньні прыгоннага права ў Расейскай імпэрыі ў 1861 годзе, сацыяльная мабільнасьць павялічылася, і зьявіўся кляс летувіскай інтэлігенцыі, што паходзіла зь вёскі. У каталіцкай царкве былі паслабленыя бар’еры, якія раней заміналі простаму чалавеку падчас набажэнстваў. Больш цесныя зносіны склаліся паміж сьвятарамі-летувісамі і прыхаджанамі, якіх аб’ядноўвала жаданьне выкарыстоўваць летувіскую мову ў набажэствах[5]. Нацыянальны рух, які фармаваўся ў той час, імкнуўся трымацца на дыстанцыі ад польскіх і расейскіх уплываў, і выкарыстаньне летувіскай мовы разглядалася як важны аспэкт гэтага руху[6].
Разьвіцьцё летувіскай нацыянальнай культуры і нацыянальнай ідэнтычнасьці ўскладнялася забаронай летувіскіх газэт лацінскім альфабэтам. Гэта быў адзін з рэпрэсіўных захадаў па паўстаньні 1863—1864 гадоў. Тым ня менш, друк кніг на летувіскай мове лацінскім альфабэтам працягваўся за межамі Расейскай імпэрыі. Нацыянальны рух адраджаўся сярод студэнтаў і моладзі, якія навучаліся ва ўнівэрсытэтах Расейскай імпэрыі і замежных дзяржаваў. Многія зь іх былі сынамі багатых земляўласьнікаў.
Пачалася публікацыя летувіскіх газэт Auszra і Varpas, а потым кніг зь вершамі на летувіскай мове. Яны выпускаліся ў ЗША і Усходняй Прусіі, у Летуву ўвозіліся кантрабандай[7]. Творы рамантызавалі мінулае Вялікага Княства Літоўскага, малюючы яго як вялікую дзяржаву з шматлікімі героямі.
Зь летувіскім нацыянальным рухам пачаўся і рух за незалежнасьць, з рознымі арганізацыямі, супраць русыфікацыі і расейскага ўплыву. Палітыка расейскіх уладаў у адказ стала больш жорсткай, і значная частка касьцёлаў была ператворана ў храмы Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы), працягвалася забарона на летувіскі друк лацінкай. Тым ня менш, нават з цэнзурай газэт, працэнт пісьменнасьці летувісаў працягваў павялічвацца і быў адным з найбольш высокіх сярод народаў Расейскай імпэрыі, саступаючы толькі фінам, эстонцам і латышам.
Да канца XIX стагодзьдзя сфармавалася сучасная летувіская нацыя. Палітычныя патрабаваньні былі выказаныя на Вялікім Віленскім сойме, цэнзуру газэт скасавалі ў 1904 годзе.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.