Рэвалюцыя 1917 году ў Расеі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Расе́йская рэвалю́цыя 1917 го́ду — агульны тэрмін для сэрыі рэвалюцыяў у Расеі, якія зьнішчылі царысцкую аўтакратыю і прывялі да стварэньня СССР. Першая рэвалюцыя адбылася ў лютым 1917 году, а другая — у кастрычніку 1917 году. Асноўныя падзеі Лютаўскай рэвалюцыі адбываліся ў Петраградзе. Кіраўніцтва арміі на чале з начальнікам штаба Вярхоўнага Галоўнакамандуючага генэралам Міхаілам Аляксеевым і камандуючым франтамі й флётамі палічыла, што яны ня маюць сродкаў на падаўленьне рэвалюцыі. Апошні расейскі цар Мікалай II адрокся ад пасаду. Пасьля таго, як ягоны меркаваны пераемнік, вялікі князь Міхаіл Аляксандравіч таксама адмовіўся ад стальца, Дзярждума ўзяла краіну пад свой кантроль, утварыўшы Часовы ўрад Расеі.
Рэвалюцыя 1917 году ў Расеі | |||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Народная міліцыя арыштоўвае перапранутых паліцыянтаў, люты 1917 году | |||||||||||
| |||||||||||
З утварэньнем паралельных Часоваму ўраду Саветаў пачаўся пэрыяд двоеўладзьдзя. Бальшавікі сфармавалі атрады ўзброеных працоўных Чырвонай гвардыі[1], дзякуючы папулісцкім лёзунгам заваяваўшы значную папулярнасьць, у першую чаргу ў Петраградзе, Маскве, у буйных прамысловых гарадах, Балтыйскім флёце, войсках Паўночнага й Заходняга франтоў.
Падчас Кастрычніцкага перавароту, падкантрольны бальшавікам, на чале зь Леніным, Петраградзкі ВРК, зрынуў Часовы ўрад. На II Усерасейскім зьезьдзе саветаў працоўных і жаўнерскіх дэпутатаў бальшавікі вытрымалі цяжкую барацьбу супраць меншавікоў і правых эсэраў, сфармаваўшы першы савецкі ўрад. У сьнежні 1917 году была складзена ўрадавая кааліцыя бальшавікоў і левых эсэраў. У сакавіку 1918 году была складзена Берасьцейская мірная дамова зь Нямеччынай.
Да лета 1918 году канчаткова сфармаваўся аднапартыйны ўрад, і пачалася актыўная фаза Грамадзянскай вайны ў Расеі, насталая ў выніку паўстаньня Чэхаславацкага корпусу. Канчатак Грамадзянскай вайны стварыла ўмовы для стварэньня Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.