амэрыканскі актор, рэжысэр і прадусар From Wikipedia, the free encyclopedia
Ро́бэрт Дэ Ні́ра-малодшы (па-ангельску: Robert De Niro, Jr.; нарадзіўся 17 жніўня 1943 году, Нью-Ёрк, ЗША) — амэрыканскі актор, рэжысэр і прадусар. Уладальнік прэміяў «Залаты Глёбус» (1981 і 2011) і «Оскар» (1975 і 1981). Пры гэтым ён стаў першым акторам у гісторыі кінэматографу, які атрымаў Оскар за найлепшую ролю ў фільме неангельскай мовай. Артыст вядомы сваёй доўгай супрацай з рэжысэрам Мартынам Скарсэзэ, зь якім яны вырабілі шмат выбітных фільмаў, першым зь якім стаў «Злыя вуліцы» ў 1973 годзе.
Дэ Ніра пачаў здымацца ў невялікіх фільмах, у тым ліку ў фільмах Браяна Дэ Пальмы. У 1969 годзе выйшаў фільм рэжысэра «Вясельная вечарына», які, аднак, здымаўся яшчэ ў 1963 годзе і шэсьць гадоў чакаў свайго часу. Пасьля было яшчэ некалькі фільмаў у супрацы з Дэ Пальмам, але актор у тыя часы яшчэ быў амаль невядомы. У 1972 годзе ён крыху папрацаваў у тэатры[6], але ў наступным годзе зьявіўся ў кінастужцы «Павольна бей у бубен», дзе выканаў галоўную ролю. Актора вылучылі крытыкі, гэтак жа як і партнэра па фільму Вінсэнта Гардэнію, які атрымаў намінацыю на прэмію Оскар як актор другога пляну[7].
У 1973 годзе актор пачаў супрацу з Мартынам Скарсэзэ, і ў тым жа годзе выйшаў крымінальны фільм «Злыя вуліцы», дзе Дэ Ніра выканаў поруч з Гарві Кейтэлам галоўную ролю. Не зважаючы на тое, што Дэ Ніру прапаноўвалі некалькі роляў на ягоны густ, Скарсэзэ жадаў, каб Дэ Ніра выканаў ролю дробнага злачынца Малечы Джоні[8]. Дэ Ніра і Кейтэл атрымалі свабоду ў імправізацыі ў пэўных сцэнах, але памочнік рэжысэра Рон Сэтлаф узгадваў, што Дэ Ніра быў надзвычай сур’ёзным у падтрыхтоўцы да выкананьня ролі, што ізаляваўся ад астатняй часткі акторскага складу і пэрсаналу[9]. Фільм браў удзел у Канскім і Нью-Ёрскім кінафэстывалях, атрымаўшы добрыя водгукі[10]. Кінакрытык Роджэр Эбэрт адзначыў выбітнае выкананьне Дэ Нірам сваёй ролі[11]. Аднак, па-сапраўднаму прарыўнай роляй для актора стала выкананьне ролі маладога Віта Карлеонэ ў фільме «Хросны бацька 2» (1974) Фрэнсіса Форда Копалы. Каб выканаць гэтую ролю Дэ Ніра пачаў вывучаць сыцылійскі дыялект італьянскай мовы і некалькі месяцаў правёў у Італіі. Актор атрымаў Оскар за найлепшую ролю другога пляну[12], а фільм, назьбіраўшы 48 млн даляраў, здабыў статуэтку ў намінацыі найлепшы фільм.
Ужо ў наступным фільме актор вярнуўся да Мартына Скарсэзэ, якой здымаў фільм «Таксовец» пра самотнага вэтэрана Віетнамскай вайны, які шукае месца ў жыцьці. Дзеля ролі актор схуднеў на 13 кіляграмаў, а таксама некаторы час правёў у кампаніі з вайкоўцамі ЗША ды вывучаў звычкі сапраўдных таксоўцаў[13]. У выніку Дэ Ніра быў намінаваны на Оскар за найлепшую мужчынскую ролю, а ягоны выраз «Ты са мной размаўляеш?» у адной з сцэнаў набыў шалёную папулярнасьць. У 1977 годзе актор зьявіўся ў фільме «Апошні багач» рэжысэра Эліі Казана. У 1977 годзе Дэ Ніра зноў працаваў з Скарсэзэ гэтым разам над фільмам-м’юзыклам «Нью-Ёрк, Нью-Ёрк». Дзеля выкананьня ролі ён браў урокі навучаньня гры на саксафоне. Цікава што, фільм атрымаў чатыры намінацыі Залатога Глёбусу, у тым ліку і за выкананьне ролі дэ Нірам, але водгукі на фільм былі зьмяшанымі. Тым ня менш, крытыкі гульню Дэ Ніра амаль не крытыкавалі[14]. Не зважаючы на тое, што ён ужо выконваў ролі былых вайскойцаў-вэтэранаў вайны ў Віетнамі, у 1978 годзе актор знову ўвасобіўся ў такім пэрсанажы ў кінастужцы «Паляўнічы на аленяў» працы Майкла Чыміна. Як успамінаў прадусар фільму Майкл Дылі, Дэ Ніра запрасілі на ролю, бо вядомасьць папярэдніх твораў актора мусіла забясьпечыць посьпех фільму ледзь вядомага рэжысэра[15]. Фільм атрымаўся ўдалым, то бок ён атрымаў шмат прэміяў, а выступы акторскага складу былі цёпла сустрэтыя крытыкамі.
Наступныя фільмы прарухваліся ў пракаце, аднак на кар’еру актора гэта амаль не ўплывала, бо ягоную гульны звычайна вылучалі. Гэтак нэо-нуарная драма «Тайны споведзі» (1981), крымінальны фільм «Аднойчы ў Амэрыцы» (1984), рамантычная драма «Закаханыя», сатырычная-антыўтопія «Бразылія» (1985), драма «Місія» (1986) ня мелі фінансавага посьпеху. Асабліва благія паказьнікі былі ў чарговай супрацы з Скарсэзэ. Ягоны фільм «Кароль камэдыі» 1982 году здолеў зарабіць толькі 2,5 млн даляраў пры бюджэце ў 19 млн даляраў[16]. Сапраўдны касавы посьпех вярнуўся да актора зь фільмам «Недатыкальныя» працы ягонага добразнаёмага Раяна дэ Пальмы. Да самага пачатку здымачнага працэсу было не вядома пра ўдзел актора, які быў заняты спэктаклямі ў тэатры. У выніку, Дэ Ніра ўсё ж знайшоў час, але ня здолеў як трэба набраць вагу, каб добра адпавядаць Аль Капонэ. За сваё выкананьне ён атрымаў 1,5 млн даляраў[17]. Далей Дэ Ніра адмовіў Скарсэзэ ва ўдзеле ў фільме «Апошняя спакуса Хрыста» (1988), але папярэдзіў, што ён далучыцца да здымак, калі рэжысэру гэта будзе абавязкова. Камэдыя «Мы не анёлы» з удзелам Дэ Ніра, Шона Пэна і Дэмі Мур ня мела посьпеху. Ужо ў наступным годзе актор усё ж такі знову ўжо ў шосты раз папрацаваў з Скарсэзэ. Вынікам чарговай супрацы стаў фільм «Славутыя хлопцы». У гэтае драме актор яшчэ раз паўстаў у вобразе гангстэра, але гэтым разам не высакародным хросным бацькам, а бяздушным катам. У тым жа годзе ён зьняўся ў фільме «Прабуджэньне».
Пасьля шэрагу фільмаў у 1992 на вялікія экраны выйшла кінастужка «Мыс страху», якая была рэмэйкам аднайменнага фільму 1962 году. Гэта быў ужо 7 фільм Дэ Ніра, дзе рэжысэрам працаваў Скарсэзэ. Актор адлюстраваў асуджанага гвалтаўніка Макса Кэдзі, які шукае помсты былому праўніку абаронцу, які першапачаткова абараняў яго. Кінатвор назьбіраў 182 млн даляраў, а актор атрымаў намінацыю на прэмію Оскар[18]. Пладавіта Дэ Ніра правёў і наступныя гады, а ў 1993 годзе дэбютаваў як рэжысэр зь фільмам «Бронксаўская гісторыя». Праз год артыст зьявіўся ў фільме-адаптацыі «Франкенштайн Мэры Шэлі» паводле выбітнага твору Мэры Шэлі «Франкенштайн», дзе выканаў галоўную ролю. Стужка мела касавы посьпех, але водгукі на фільм былі адмоўнымі. Адметнымі сталі ролі ў крымінальным фільме «Казіно», чарговай супрацы з Скарсэзэ, і «Сутычка» Майкла Мана, якая распавядала пра купу рабаўнікоў. Першы зь іх быў шырока ўхвалены крытыкамі і здолеў назьбіраць каля 116 млн даляраў[19]. Другая палова 1990-х для Дэ Ніра мінула ня вельмі добра, то бок артыст працягваў здымацца ў фільмах, але асаблівага посьпеху яны не дасягалі.
Чарговы посьпех напаткаў актора толькі ў 1999 годзе пасьля выхаду фільма «Аналізуй гэтае». Дэ Ніра зьмяніў амплюа, выканаўшы камэдыйную ролю. Кінастужка зарабіла 176 млн даляраў ва ўсім сьвеце, а сам артыст быў намінаваны на Залаты Глёбус за найлепшую мужчынскую ролю[20]. Добрыя водгукі атрымала біяграфічная драма «Людзі гонару», якая распавядала пра жыцьцё вайскоўца-мурына Карла Брашыра. Але сапраўдным вялікім посьпехам цягам доўгіх гадоў стала кінакамэдыя «Знаёмства з бацькамі», дзе Дэ Ніра выканаў камэдыйную ролю колішняга супрацоўніка ЦРУ. Фільм зарабіў 330 млн даляраў, а актор атрымаў найвялікшы ганарар у сваёй кар’еры. Кінакрытыкі віталі пераход Дэ Ніра ў амплюа камэдыянта і адзначалі ягоныя здольнасьці прымушаць гледачоў сьмяяцца[21][22]. Актор працягваў здымацца ў крымінальных фільмах, але і браў удзел у здымках працягу нашумелай камэдыі «Знаёмства з Факерамі» (2004) і «Знаёмства з Факерамі 2» (2010). Апошні з памянёных фільмаў калі і меў прыбытак, але рэцэнзіі на творы былі негатыўныя[23]. Актыўна артыст працаваў і наступныя гады, але зь фільмаў тых часоў варта вылучыць «Бязь межаў» 2011 году, дзе Дэ Ніра выканаў другасную ролю, а таксама камэдыю «Стажэр» 2015 году, дзе актор ужо гуляў галоўную ролю поруч з Эн Гэтэўэй. У апошнім зь фільмаў кінакрытык Марк Олсэн заўважыў, што Дэ Ніра выявіў сьвежую ды спакойную лёгкасьць[24]. У 2019 годзе актор зьявіўся ў пасьпяховым фільме «Джокер», які атрымаў 11 намінацыяў на Оскар[25]. У тым жа годзе быў выпушчаны чарговы фільм Скарсэзэ «Ірляндзец», дзе таксама браў удзел і Дэ Ніра. У гэтай жа стужцы зьняліся ў даўнія знаёмыя артыста — Аль Пачына, Гарві Кейтэл і Джо Пэшы. У студзені 2021 году Дэ Ніра быў падпісаны да фільму «Амстэрдам», які пабачыў сьвет толькі ў кастрычніку 2022 году. Не зважаючы на зорны акторскі склад, кінастужка ня дала рады, ня здолеўшы адбіць выдаткаваныя грошы.
У 2023 годзе артыст узяў удзел у здымках фільму Скарсэзэ «Забойцы кветкавага месяцу», дзе галоўныя ролі акрамя самога актору выканалі Леанарда Дыкапрыё і Лілі Гладстан[26][27].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.