У выніку раскопак археолягі выявілі старажытнае прадмесьце на тэрыторыі паміж вуліцамі Ракаўскай, Нямігай, Віцебскай і Вызваленьня. Пласт шэрага і цёмнашэрага колеру, насычаны рэшткамі драўлянай забудовы XVI—XIX стагодзьдзямі і прадметамі матэрыяльнай культуры, дасьледаваў у 1976, 1979 і 1980 роках Валянтын Собаль. Найбольшая таўшчыня пласта ўздоўж вуліцы Няміга дасягала каля 4,5 м, паступова яна памяншаецца каля вуліцы Раманаўская Слабада да 1—1,5 м. У раёне вуліцаў Віцебскай, Ракаўскай і Вызваленьня таўшчыня пласта складае 0,5—2 м. Тэрыторыю Ракаўскага прадмесьця, паводле археалягічных дасьледаваньняў, засялілі ў XV ст. Сярод знаходак ганчарны горан і каробчатая кафля канца XVI ст., упрыгожаная расьлінавымі і геамэтрычнымі ўзорамі, кавалкі гліняных прэсформаў, пры дапамозе якіх выціскалі ўзор на вонкавай пласьціне кафлі, побытавая кераміка XV—XVIII стагодзьдзяў. Большая частка вырабаў пакрытая палівай зялёнага або карычневага колераў. Трапляюцца чорнаглянцаваныя міскі, талеркі, збаны, а таксама посуд, упрыгожаны ангобнай размалёўкай пад празрыстую зялёную паліву, абутак, жалезныя прылады, шкляны посуд, манэты Рэчы Паспалітай і Расейскай імпэрыі[4].
У пачатку XX ст. Ракаўскае прадмесьце ўваходзіла ў другую паліцэйскую частку места. Праз прамесьце праходзілі Ракаўская, Нямга, Няміска-Ракаўская (цяпер Віцебская), Уваскрасенская (Вызваленьня)[5].
У 1968—1973 рокі савецкія ўлады зьнесьлі большую і найбольш каштоўную частку гістарычнай забудовы былога прадмесьця ў зьвязку з рэканструкцыяй Нямігі. Захаваліся некаторыя камяніцы, што не далучаліся беспасярэдне да вуліцы Нямігі.
Рог Нямігі і Ракаўскай. Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла (Жоўтая). Будавалася ў 1611—1613 роках. У 1795 року Кацярына II загадала перайменаваць царкву ў Кацярынінскую. У 1870-я рокі праводзілася рэканструкцыя яе на мэце падагнаць вонкавы выгляд помніка ў адпаведнасьць з існымі расейскімі канонамі. Па рэстаўрацыі (1972—1979) будынак займалі Архіў навукова-тэхнічнай дакумэнтацьгі і Архіў-музэй літаратуры і мастацтва БССР (Ракаўская, 4). Ад 1992 року царква дзее пад тытулам Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла (Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату).
Няміга, 9, дом Шабада. Прадстаўніцтва акцыянэрнага таварыства мальцаўскіх машынабудаўнічых заводаў у Паўночна-Заходнім краі. Будынак стаяў на левым баку сучаснай вуліцы Нямігі, прыблізна паміж пачаткам праспэкта Пераможцаў і канцом вуліцы Камсамольскай.
Няміга, 14, дом Давідзон. Тытунёвая фабрыка купчыхі Р. Цукерман-Давідзон, збудаваная ў 1883 року. Выпускала махорку, нюхальны тытунь. Частка вырабаў прадавалася ўва ўласнай крамцы. У 1913 року на прадпрыемстве працавалі дынама-машына і газавы рухавік. Разьмяшчалася прадпрыемства ў раёне Нямігі, паміж сучаснымі праспэктам Пераможцаў і вуліцай Раманаўскай Слабадой.
Рог Нямігі, 26, і Новараманаўскай. Начлежны прытулак для бедных прыезжых жыдоў. Будынак стаяў на рагу сучасных вуліцаў Нямігі і Рэвалюцыйнай.
Рог Ракаўскай і Няміска-Ракаўскай, дом Дам’е. Шпалерная фабрыка І. Шыфрановіча (суўладальнік — Ліфшыц), заснаваная ў 1892 року. У 1898 року зьявіўся паравы кацёл (дагэтуль вытворчасьць была цалкам ручной). У 1906 року — паравая машына (45 конскіх сілаў) і дынама-машына. У 1912 року паміж кампаньёнамі пачаліся грашовыя спрэчкі, і фабрыка спачатку трапіла ў рукі да Сыркінай, а праз рок — да Гельфанда. Цяпер у гэтым будынку разьмяшчаецца хлебазавод № 1 (Ракаўская, 25).
Ракаўская, 8, дом Рубінштэйна. Другая мужчынская аднаклясная прыходзкая вучэльня. У 1901—1906 роках пры ім працавала мужчынская нядзельная школа, арганізаваная К. Ізмайловіч. Будынак зьбярогся (Ракаўская, 14).
Ракаўская, 13, дом Чэрчыса. У 1905—1906 роках у глядзельнай зале будынка наладжваліся рэвалюцыйныя сходы. Будынак зьбярогся (Ракаўская, 17), рэстаўруецца.
Ракаўская, 26, дом Поляка. Шпалерная фабрыка А. Эпштэйна. Уступіла ў дзеяньне ў 1898 року. У крызавым 1901 року гаспадар спыніў выплаты ўласных пазыковых забавязаньняў, але, дзякуючы нечай падтрымцы, здолеў выйсьці зь цяжкага становішча. Тады на прадпрыемстве дзеяў газавы рухавік. У 1909 року Эпштэйн разам з сынам стварылі суполку і ўзьвялі на Вялікай Татарскай вуліцы новы корпус другой фабрыкі. Закупілі спэцыяльнае вытворчае абсталяваньне і паравую машыну. Але ў 1911 року на новай фабрыцы здарыўся пажар, па чым яна закрылася. У 1912 року ў старым будынку надбудавалі другі паверх, перанесьлі туды частку ўцалелага па пажары абсталяваньня. У савецкі пэрыяд на базе шпалерні Эпштэйна ўзьнікла шпалерная фабрыка імя В. Вароўскага (1924). Цяпер старыя памяшканьні рэстаўрыруюцца (Ракаўская, 28—30). У тым жа будынку ад 1910 року знаходзілася і абутковая фабрыка «Праца» Г. Гольдбэрга, Ф. Бэнцмана, Л. Гурвіча. У 1913 року на ёй быў электрарухавік магутнасьцю 40 конскіх сілаў. У красавіку 1905 року прайшоў рабочы страйк.
Уваскрасенская. Талмуд-Тора (рэлігійная школа з вывучэньня законаў юдэйскай веры і асноваў жыоўскай граматы). Разьмяшчалася ў некалькіх двухпавярховых камяніцах, мела сад і ўласны адасоблены двор. Захаванасьць будынкаў застаецца нявызначанай[6].
Афіцыйная назва
Гістарычная назва
Былыя назвы
Замкавая вуліца
Замкавая вуліца
Віцебская вуліца
Новаракаўская вуліца[7] Няміска-Ракаўская вуліца Няміскі завулак
Вызваленьня вуліца
Уваскрасенская вуліца Татарская вуліца Уваскрасенскі завулак Вялікая Татарская вуліца
Кальварыйская вуліца
Кальварыйская вуліца Кальварыйска-Ракаўская вуліца Кальварыйскі тракт
Карповіч Т. Культурнае жыццё Мінска I паловы XIX стагоддзя. — Менск, «Рыфтур», 2007. С. 4—5.
Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Менск: БелЭн, 2006. — 696 с. ISBN 985-11-0344-6.
Карповіч Т. Культурнае жыццё Мінска I паловы XIX стагоддзя. — Менск, «Рыфтур», 2007. — 64 с. ISBN 978-985-6700-57-9
Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
Шыбека З., Шыбека С. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. Станюты. — Менск: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.