From Wikipedia, the free encyclopedia
Кашары, Кашарскае прадмесьце — гістарычная мясцовасьць Менску, разьмешчаная ў паўднёва-ўсходняй частцы места, з трох бакоў аточаная ракой Сьвіслаччу.
На паўднёвы захад ад Кашараў пачынаецца Ляхаўка, на поўнач — цэнтральнае Новае Места, на паўночны ўсход — Стромкі Бераг, на паўднёвы ўсход — Архірэйская Слабодка, на поўдзень — Тры Карчмы[1][2].
Актыўнае засяленьне гэтай мясцовасьці пачалося ў канцы XVIII — пачатку XIX стагодзьдзяў, адразу па заснаваньні Новага Места. Першымі пабудовамі былі старыя кашары (казармы) менскага гарнізону — адсюль пайшла і назва прадмесьця[3].
У пачатку XX ст. прадмесьце ўваходзіла ў першую паліцэйскую частку места і ўлучала Кашарскі пляц, Вакольную вуліцу, а таксама часткова Кашарскую (цяпер Чырвонаармейская), Ягораўскую (Янкі Купалы) і Ніжняляхаўскую (Ульянаўская) вуліцы[4][5].
На Кашарскім пляцы праводзілася муштраваньне войскаў, спартовыя гульні, скачкі на конях, цыркавыя імпрэзы. Пляц вылучащся антысанітарыяй і адсутнасьцю ўпарадкаваньня[6]. Улетку 1913 року на ёй прайшоў першы ў Менску футбольны матч, у якім гімназісты места выйгралі ў службоўцаў зь лікам 3:0[7].
30 траўня 1925 року на Кашарскім пляцы адкрыўся іпадром імя Будзёнага. 15 траўня 1934 року на Менскам іпадроме прайшлі вялікія спаборніцтвы, на якіх прысутнічаў сам Будзёны. Адзначыўся іпадром і падзеямі, якія не мелі дачыненьня да спорту. 16 ліпеня 1944 року ў вызваленым месьце на тэрыторыі іпадрома адбыўся мітынг. У ім удзельнічалі месьцічы, партызаны, дэлегацыі ваяроў Чырвонай арміі на чале з камандуючым 3–м Беларускім фронтам Чарняхоўскім. На мітынгу выступіў 1-й сакратар ЦК КП(б)Б Панамарэнка. Потым адбыўся гістарычны партызанскі парад з колькасьцю ўдзельнікаў больш за 30 тысячаў. Імпрэза трансьлявалася па радыё, здымалася на кінастужку. У 1945—1946 роках на тэрыторыі іпадрома прайшлі адкрытыя судовыя працэсы над нацыскімі ваеннымі злачынцамі[8].
На беразе Сьвіслачы, на мяжы з прадмесьцем Ляхаўкай (у раёне цяперашняга рэстарана «Старое рэчышча») некалі месьцілася старажытнае паганскае капішча, якое, паводле зьвестак этнографаў, дзейнічала ажно да пачатку ХХ ст. Культавы камень «Дзед», альбо «Старац», цяпер захоўваецца ў менскім Музэі валуноў, а тэрыторыю самога капішча ў 1994 року ўнесьлі ў Дзяржаўны сьпіс гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі[9].
У наш час тапонім Кашары ніяк не пазначаецца на мапе Менску. Пра існаваньне колішняга прадмесьця ўскосна намапінае цяперашні Казаменны завулак (гістарычны Кашарскі).
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.