Каляніялізм
From Wikipedia, the free encyclopedia
Каляніялізм (франц. colonіalіsme, ад лац. colonіa — пасяленьне) — палітыка краіны або групы краінаў, скіраваная на заваяваньне іншай дзяржавы, тэрыторыі альбо народу мэтадамі вайсковага, палітычнага або эканамічнага прымусу. Палітычнай асновай каляніялізму стала гвалтоўнае пазбаўленьне насельніцтва калёніяў магчымасьцяў ажыцьцяўляць свае сувэрэнныя правы, узурпаваныя мэтраполіямі[1]. Каляніялізм азначае прынцыповую няроўнасьць дачыненьняў паміж мэтраполіяй і калёніяй (правінцыяй). Гэта выяўляецца ў:
- палітычным панаваньні мэтраполіі і, адпаведна, дамінаваньні аднаго этнасу або нацыі;
- розным парадку фармаваньня і функцыянаваньня дзяржаўных інстытутаў мэтраполіі і калёніі;
- абмежаваньні насельніцтва калёніяў у правох.
Каляніялізм суправаджаецца эканамічнай эксплюатацыяй, зьнішчэньнем карэннага насельніцтва, нівэляваньнем этнакультурных і рэлігійных асаблівасьцёў, навязваньнем афіцыйнай культуры мэтраполіі, фармаваньнем ідэалёгіі, якая апраўдвае панаваньне (расізм, мэсіянства і г. д.), што пашырае імпэрскія міты і стэрэатыпы.
Панаваньне мэтраполіі можа ўсталёўвацца сілай (каляніяльныя войны) альбо шляхам складаньня адпаведнай дамовы.
Каляніяльна-залежная дзяржава (пратэктарат) можа падтрымліваць некаторыя інстытуты і ўласны праўны парадак у межах абмежаваных паўнамоцтваў, галоўным чынам ва ўнутранай палітыцы; улада ў калёніі можа ажыцьцяўляцца каляніяльнай адміністрацыяй з удзелам прадстаўнікоў мясцовай эліты.