Джон Ро́нальд Ру́эл То́лкін (па-ангельску: John Ronald Reuel Tolkien; 3 студзеня 1892, Блюмфантэйн, Аранжавая Свабодная дзяржава — 2 верасьня 1973, Борнмут, Вялікабрытанія) — брытанскі пісьменьнік і мовазнаўца, найбольш вядомы сваімі клясычнымі эпічнымі фэнтэзійнымі творамі «Хобіт», «Уладар пярсьцёнкаў» і «Сыльмарыліён». Кавалер ордэну Брытанскай імпэрыі (1972). У 2008 року найменаваны «The Times» шостым у сьпісе 50 найвялікшых брытанскіх пісьменьнікаў з 1945 року[13].
Пэўны час Толкін быў блізім сябрам з Клайвам Льюісам — яны былі сябрамі нефармальнай літаратурнай суполкі, вядомай пад назвай Інклінгі.
Біяграфія
Джон Рональд Руэл Толкін нарадзіўся ў Блюмфантэйне ў Аранжавай Свабоднай дзяржаве, якая на сёньня зьяўляецца часткай Паўднёва-афрыканскай Рэспублікі, у сям’і банкаўскага службоўца Артура Толкіна ды Мэйбл Толкін (дзявочае прозьвішча Сафілд). Артур Толкін паходзіў з саксонскіх немцаў, што пераехалі ў Ангельшчыну ў 18 стагодзьдзі. Сям’я пераехала ў Афрыку, калі ён атрымаў прызначэньне кіраўніком Блюмфантэйнаўскае філіі Брытанскага банку.
У 1894 годзе нарадзіўся малодшы брат Толкіна, Гілары Артур Руэл. У хуткім часе Мэйбл разам зь дзецьмі перабралася да сваякоў у Ангельшчыну. Артур зьбіраўся паехаць сьледам за імі крыху пазьней, але нечакана памёр ад рэўматычнае ліхаманкі. Гэта пакінула сям’ю амаль бяз сродкаў да існаваньня, і Рональд жыў з бабуляй і дзядуляй, пакуль маці не перавезла дзяцей у 1896 року ў вёску пад Бірвінгэм. Мэйбл уласнаручна займалася адукацыяй дзяцей, прывіўшы Рональду любоў да расьлінаў; малады Толкін любіў маляваць краявіды і дрэвы, аднак ягонымі ўлюбёнымі заняткамі сталі ўрокі моваў. Ён навучыўся чытаць у 4-хгадовым узросьце, а маці навучыла яго лаціне.
У 1900 годзе Мэйбл прыняла каталіцтва, моцна сапсаваўшы гэтым адносіны са сваімі сваякамі-пратэстантамі, якія перасталі падтрымліваць іх фінансамі. Яна памерла ад дыябэту ў 1904 годзе ў 34-гадовым веку, бо інсулін быў адкрыты толькі праз два дзесяцігодзьдзі. Перад сьмерцю Мэйбл прызначыла апекуном над дзецьмі свайго духоўніка, айца Фрэнсыса Ксаўера Моргана, які меў выхаваць іх добрымі каталікамі.
У школьныя гады Толкін сустрэў Эдыт Брэт і закахаўся ў яе. Айцец Морган, непакоячыся, каб гэта не паўплывала на пасьпяховасьць хлопчыка ў навучаньні, а таксама на пратэстанцкае вызнаньне дзяўчынкі, забараніў ім сустракацца, размаўляць і нават ліставацца да 21-гадовага ўзросту. У 1911 Толкін паступіў у Эксэтэрскі коледж Оксфардзкага ўнівэрсытэту і сур’ёзна заняўся мовамі. За сваё жыцьцё Толкін вывучыў вялікую колькасьць моваў, у тым ліку валійскую, старажытнаангельскую, гоцкую.
У свой 21-ы дзень нараджэньня Толкін напісаў Эдыт Брэт ліст з прызнаньнем у каханьні і прапановай сваёй рукі. Эдыт, якая была ўжо заручаная, вярнула свайму жаніху пярсьцёнак і абвясьціла, што зьбіраецца выйсьці замуж за школьнага сябра і навярнуцца ў каталіцтва. 22 сакавіка 1916 году Толкін нарэшце ажаніўся з Эдыт Брэт. У 1917 у іх нарадзіўся сын Джон, у 1920 — Майкл, у 1924 — Крыстафэр, у 1929 — дачка Прысцыла.
У 1915, скончыўшы з адзнакаю коледж, Джон Толкін запісаўся ў поўк Ланкашырскіх стралкоў. Пасьля бітвы пры Соме 27 кастрычніка 1916 Толкін цяжка захварэў на акопную ліхаманку і быў адпраўлены назад у Ангельшчыну.
У 1920 годзе Толкін атрымаў месца выкладчыка ва Ўнівэрсытэце Лідса, ў 1925 годзе вярнуўся ў Оксфард у якасьці прафэсара старажытнаангельскае мовы. З 1945 году да выхаду на пэнсію ў 1959 быў прафэсарам ангельскае мовы ды літаратуры ў Мэртан-коледжы, Оксфард. Сярод ягоных студэнтаў быў Ўістан Г’ю Одэн. Падчас выкладчыцкае працы Толкін ўваходзіў у клюб Інклінгаў, пасябраваў з Клайвам Льюісам.
Памёр у горадзе Борнмут 2 верасьня 1973 году. Пахаваны на могілках ў Оксфардзе побач з жонкаю.
Літаратурная творчасьць
Толкін-пісьменьнік вядомы перш за ўсё як аўтар кнігаў пра сьвет Сярэдзінных Земляў. Складаць гэтыя разнастайныя па форме ды памеры творы ён пачаў у юнацтве ды займаўся гэтым усё жыцьцё, несупынна зьмяняючы і рэдагуючы зробленае раней. Першыя легенды, што складалі так званую «Кнігу страчаных паданьняў», Толкін напісаў падчас Першае сусьветнае вайны. Але выданыя яны ў той час не былі, і знаёмства чытачоў зь Сярэдзіннымі Землямі пачалося нашмат пазьней, ў 1937, калі пабачыў сьвет іншы (і зусім непадобны) твор гэтага цыклю, казка «Хобіт». Казка адразу набыла вялікую папулярнасьць, і выдавец зьвярнуўся да Толкіна з просьбаю напісаць працяг. Той пагадзіўся, але справа зацягнулася на доўгія гады. Вынікам стаў трохтомны «Ўладар пярсьцёнкаў», які быў надрукаваны ў 1954—1955 і прынес аўтару сусьветную славу.
Тым ня менш, вартыя ўвагі й іншыя творы Толкіна, паміж якімі казкі, вершы ды паэмы. Значная частка твораў Толкіна выйшла ўжо пасьля ягонае сьмерці пад рэдакцыяй ягонага сына Крыстафэра.
На творчасьць Толкіна моцна паўплывала яго прафэсійнае захапленьне сярэдневечнай эўрапейскай літаратурай, у прыватнасьці стараангельскай паэзіяй. Так, у «|Хобіце» і ва «Ўладары пярсьцёнкаў» можна знайсьці адсылкі да «Бэавульфа», некаторыя сюжэты «Сыльмарыліяна» натхнёныя «Калевалай», шматлікія паэтычныя творы Толкіна напісаныя стараангельскім алітэраваным вершам.
Навуковая дзейнасьць
Толкін удзельнічаў ва ўкладаньні Оксфардзкага слоўніка ангельскае мовы і ў падрыхтоўцы выданьняў шэрагу сярэднявечных паэмаў. Дасьледваў стараангельскую і сярэднеангельскую літаратуру. Ягоныя працы па паэме «Бэавульф» — асабліва знакамітая лекцыя «Бэавульф: пачвары і крытыкі» — шырока цытуюцца да цяперашняга часу.
Штучныя мовы
Пішучы кнігі пра Сярэдзінныя Землі, Толкін стварыў некалькі штучных моваў для прыдуманых ім народаў. Найбольш вядомыя і прапрацаваныя з гэтых моваў — квэнья і сындарын. Стварэньню моваў як роду мастацкае творчасьці прысьвечанае ягонае эсэ «Тайная загана» (1930).
Бібліяграфія
Прыжыцьцёва выданыя літаратурныя творы
- Песьні для філёлягаў (Songs for the Philologists, 1936, разам з Э. В. Горданам)
- Хобіт, або Туды і назад (The Hobbit, 1937)
- Ліст Нігля (Leaf by Niggle, 1945)
- Паэма пра Аотру ды Ітрун (The Lay of Aotrou and Itroun, 1945)
- Фэрмэр Джайлз з Гэму (Farmer Giles of Ham, 1949)
- Вяртаньне Беорхтната, сына Беорхтхельма (The Homecoming of Beorhtnoth Beorhthelm’s Son, 1953)
- Уладар пярсьцёнкаў (The Lord of the Rings, першыя два тамы выданыя ў 1954, трэці — у 1955)
- Прыгоды Тома Бамбадыла (The Adventures of Tom Bombadil, 1962)
- Каваль зь Вялікага Вутану (Smith of Wootton Major, 1967)
Важныя акадэмічныя і тэарэтычныя прыжыцьцёвыя публікацыі
Сярэднеангельскія і стараангельскія словыі выразы ў назвах артыкулаў дадзеныя безь перакладу.
- Сэр Гавэйн і Зялёны Рыцар (Sir Gawain and the Green Knight, выданьне сярэднеангельскае паэмы, разам з Э. В. Горданам, 1925)
- Ancrene Wisse і Hali Meiðhad (Ancrene Wisse and Hali Meiðhad, 1929)
- Імя «Нодэнс» (The Name 'Nodens', 1932)
- Sigelwara Land (Sigelwara Land, 1932—1934)
- Чосэр як філёляг: Апавяданьне судзьдзі (Chaucer as a Philologist: The Reeve’s Tale, 1934)
- Бэавульф: пачвары і крытыкі (Beowulf: The Monsters and the Critics, 1937)
- Пра чароўныя казкі (On Fairy-Stories, 1939—1947)
- Сэр Арфэа (Sir Orfeo, выданьне сярэднеангельскае паэмы, 1944)
- Ангельская і валійская (English and Welsh, 1963)
- Удзел у падрыхтоўцы Ерузалемскай Бібліі у якасьці перакладчыка і лексікографа (1966)
Пасьмяротна выданыя творы
- Лісты Каляднага дзеда (The Father Christmas Letters, 1976)
- Сыльмарыліян (The Silmarillion, 1977)
- Малюнкі Дж. Р. Р. Толкіна (Pictures by J. R. R. Tolkien, 1981)
- Няскончаныя паданьні (Unfinished Tales, 1980)
- Лісты Дж. Р. Р. Толкіна (The Letters of J. R. R. Tolkien, 1981)
- Містэр Бліс (Mr. Bliss, 1982)
- Гісторыя Сярэдзінных Земляў (The History of Middle-Earth, 1983—1996)
- Равэрандам (Roverandom, 1998)
- Дзеці Гурына (The Children of Húrin, 2007)
Беларускія пераклады
- Хобіт, або Вандроўка туды і назад / Пер. Дзьмітрый Магілёўцаў, Крысціна Курчанкова. — Мн., 2002. — 264 с. — ISBN 978-985-7916-41-7
- Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка / Пер. Дзмітрый Магілёўцаў, Крысціна Курчанкова. — Мн., 2008. — 442 с. — ISBN 978-985-4921-24-3
- Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы / Пер. Дзмітрый Магілёўцаў, Крысціна Курчанкова. — Мн., 2008. — 354 с. — ISBN 978-985-4921-24-3
- Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля / Пер. Дзмітрый Магілёўцаў, Крысціна Курчанкова. — Мн., 2009. — 306 с. — ISBN 978-985-4921-24-3
- Ліст Ніґла / Пер. Ігар Кулікоў. — «Архэ-Пачатак» № 10 — 2009 (85). С. 105—119.
- Каваль зь Вялікага Вутану / Пер. Антон Францішак Брыль. — Мн.: Выдавец І. П. Логвінаў, 2010. — 28 с. — ISBN 978-985-6901-54-9
- Ліст Нігля(недаступная спасылка) / Пер. Наталля Рудак. — 2013.
Таксама Антонам Ф. Брылем перакладзены асобныя лісты (№ 190 і № 217), якія датычацца перакладу на нідэрляндзкую ды польскую мовы.
Крыніцы
Wikiwand in your browser!
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.