From Wikipedia, the free encyclopedia
«Хо́біт, або́ Туды́ й наза́д» (па-ангельску: The Hobbit, or There and Back Again) — дзіцячы фэнтэзійны раман ангельскага пісьменьніка Дж. Р. Р. Толкіна, апублікаваны 21 верасьня 1937. Кніга атрымала прызнаньне і лічыцца клясыкай дзіцячае літаратуры. Галоўны пэрсанаж твору — хобіт Більба, які ўдзельнічае ў выправе гномаў па скарбы, якія ахоўвае цмок Смог. Прайшоўшы праз розныя выпрабаваньні і пабачыўшы дзівосы сьвету, Більба становіцца дасьведчаным, мужным ды адважным. Мноства сустрэтых ім на дарозе пэрсанажаў сыходзяцца зноў у заключнай бітве дзеля перамогі над злом. Цэнтральнай тэмай раману зьяўляюцца пэрсанальнае разьвіцьцё і гераізм.
Хобіт, або Туды й назад | |
The Hobbit, or There and Back Again | |
Амэрыканскае выданьне 1938 року | |
Жанр: | Дзіцячае эпічнае фэнтэзі |
---|---|
Аўтар: | Дж. Р. Р. Толкін |
Мова арыгіналу: | ангельская |
Публікацыя: | 21 верасьня 1937 |
Выдавецтва: | George Allen & Unwin |
Ілюстратар: | Дж. Р. Р. Толкін |
Афармленьне: | Дж. Р. Р. Толкін |
Носьбіт: | папера |
Наступны твор: | Уладар Пярсьцёнкаў |
Уражаны посьпехам «Хобіту», выдавец запатрабаваў ад аўтара працягу, і Толкін пачаў працу над «Уладаром пярсьцёнкаў», у час якой уносіў у «Хобіта» пэўныя зьмяненьні дзеля іхняе большае адпаведнасьці. Гэтыя значныя зьмены былі ўключаныя ў другое выданьне раману, наступныя выданьні таксама выдаваліся з папраўкамі, аднак ужо нязначнымі.
Паводле «Хобіта» былі створаны сцэнічныя, тэле-, кіна- і радыёадаптацыі, настольныя і відэагульні.
Гэндальф заваблівае Більба Торбінса ў склад суполкі гномаў на чале з Торынам Дубатарчам, якія маюць намер адваяваць Самотную гару зь ейнымі скарбамі, якая ахоўваецца цмокам Смогам. Задача Більба ў выправе — выконваць ролю злодзея, бо ён здольны красьціся цішэй за гномаў. Ня верачы сваім словам, Більба пагаджаецца, абражаны недаверам гномаў.
Першым выпрабаваньнем на іхнім шляху стала сустрэча з тролямі, уратавацца ад якіх гномы здолелі толькі дзякуючы Гэндальфавай дапамозе. У Долым Яры Эльранд разгадвае мапу гары, тлумачачы, што існуе сакрэтны праход да пячораў. Трапіўшы ў Туманныя горы, яны былі спайманыя гоблінамі ды апынуліся глыбока ў падзямельлях. Гэндальф выратаваў іх і тут, аднак падчас уцёкаў вонкі Більба адстаў і, блукаючы ў тунэлях, знайшоў загадкавы пярсьцёнак. Спаткаўшы Глыкса, ён просіць таго дапамогі, аднак Глыкс прапануе яму паразьвязваць загадкі. Калі пераможа Більба, тады Глыкс абяцае вывесьці яго вонкі; у супрацьлеглым выпадку ж Більба будзе зьедзены. З дапамогаю пярсьцёнка, які можа рабіць носьбіта нябачным, Більба ўцякае і даганяе гномаў. За кампаніяй гоняцца горныя оркі на варгах, аднак вандроўнікаў уратоўваюць арлы.
Пэўны час на шляху да Ліхалесься ім дапамагае пярэварацень Бэарн, аднак у цёмны лес яны ўваходзяць безь ягоных поні і бяз Гэндальфа. У Ліхалесьсі Більба ўратоўвае гномаў ад гіганцкіх павукоў, а пасьля з падзямельляў лясных эльфаў. На іхнім шляху да Самотнае гары знаходзіцца места пасярод возера, насельнікі якога бачаць у гномах выканаўцаў даўняга прароцтва пра зьнішчэньне Смога.
Кампанія дасягае Самотнае гары і адшуквае сакрэтныя дзьверы; Більба дасьледуе цмокава логава, дзе выкрадае вялікі кубак і выяўляе прарэху ў цмокавай скуры. Смог, вырашыўшы, што госьці прыйшлі з Азёрнага места, вырашае зьнішчыць яго. Аднак дрозд, што пачуў Більбаў расповед пра неабароненае месца на цмокавым бруху, паведамляе пра гэта аднаму з абаронцаў горада Барду, які забівае Смога трапным стрэлам.
Калі гномы авалодваюць гарой, Більба знаходзіць Аркенстон, фамільную каштоўнасьць дынастыі Торына, і прыхоўвае яе. Лясныя эльфы і азёрныя людзі абложваюць гару, патрабуючы кампэнсацыю за сваю дапамогу, рэпарацыі за зьнішчэньне Места-на-возеры і вяртаньня сваіх колішніх скарбаў, сабраных пад гарой цмокам. Торын адмаўляецца і рыхтуецца да абароны, паклікаўшы на дапамогу сваіх суродзічаў з Поўначы. Більба аддае Аркенстон Каралю эльфаў у спадзеве, што гэта дапаможа спыніць вайну, аднак Торын не жадае кампрамісаў. Ён выганяе Більба, і бітва здаецца непазьбежнай.
У гэты час зьяўляецца Гэндальф са зьвесткамі пра набліжэньне войска гоблінаў і варгаў. Эльфы, людзі і гномы аб’ядноўваюцца, аднак толькі дапамога Арлоў і Бэарна дазваляе атрымаць вызначальную перамогу ў бітве, якая стала вядомая як бітва Пяці войскаў. Сьмяротна паранены Торын мірыцца перад сконам зь Більбам, які бярэ сабе толькі малую частку скарбу ад дамоўленага яму і тым ня меней вяртаецца дахаты заможным хобітам.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.