Вуліца атрымала назву ад ракі Вяльлі, куды яна вяла ад гістарычнага Рынку. У 1536 годзе праз раку Вяльлю перакінулі першы мураваны мост, які пазьней атрымаў назву Зялёнага.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
У доме № 20 на рагу з Новай вуліцай (не захаваўся) у 1908—1910 гадох знаходзілася рэдакцыя газэты «Наша Ніва»[2]. Менавіта сюды прыйшоў у верасьні 1908 году Іван Луцэвіч (Янка Купала), які стаў супрацоўнікам газэты на грамадзкіх пачатках (з 1914 году заняў пасаду рэдактара)[3].
Найноўшы час
Па Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады перайменавалі вуліцу ў імя летувіскага паэта Людаса Гіры. У наш час вуліцы вярнулі традыцыйную гістарычную назву.
Даўжыня каля 1,2 км. Нумарацыя дамоў пачынаецца ад скрыжаваньня з Жыгімонцкай вуліцай. З правага заходняга боку вуліцы дамы зь няцотнымі нумарамі, зь левага ўсходняга боку — цотная нумарацыя.
Перасякаецца вуліцамі Альбэрта Гаштольда (налева) і Маставой (направа), праспэктам Гедзіміна. З правага боку адыходзяць гістарычная Пясковая (цяпер Вінцэнта Кудзіркі), Дабрачынная, Людвісарская і Бэнэдыктынская, зь левага — Яўхіма Лялевеля, Ісьляндзкая, Паланская і Клайпедзкая вуліцы.
Паміж Зялёным мостам і праспэктам Гедзіміна мае асфальтавую праезную частку, паміж праспэктам Гедзіміна і вуліцамі Троцкай і Дамініканскай — брукаваную.
Няцотны бок
№ 21 — дом Янушэўскага, таксама вядомы як рэдакцыя газэты «Наша Доля». Дом збудавалі ў 1898 годзе паводле праекту архітэктара Юльяна Янушэўскага. З 14 верасьня да 14 сьнежня 1906 году тут месьцілася рэдакцыя газэты «Наша Доля»[4] (у гэты час дом меў адрас Віленская вуліца, 32[3]). У 1913 годзе яго набыў граф Сяргей Лапацінскі.
№ 39 — Дом настаўніка. У 1913 годзе тут адбылася прэм’ера спэктаклю «Паўлінка», якую наведаў сам аўтар — Ян Луцэвіч (Янка Купала). Гэта стала магчымым дзякуючы высілкам Віленскага беларускага музычна-драматычнага гуртка, у які ўваходзіў шэраг вядомых беларускіх дзеячоў культуры[6].
№ 41 — Малы палац Радзівілаў, таксама вядомы як Беларускі банк. З XVII ст. тут знаходзілася галоўная віленская рэзыдэнцыя роду Радзівілаў. У канцы XVIII — першай палове XIX стагодзьдзяў палац выконваў функцыю мескага тэатру. У XX ст. у будынку працавалі некалькі беларускіх установаў і арганізацыяў: Беларускі каапэратыўны банк, якім кіраваў праваслаўны сьвятар Аляксандар Коўш, Студэнцкі саюз, Беларускае каапэратыўнае таварыства «Пчала», рэдакцыі дзіцячага часопіса «Заранка» і сельска-гаспадарчага «Саха». У другой палове 1920-х гадоў тут жыў ідэоляг беларускага адраджэньня Антон Луцкевіч. У наш час тут месьціцца Летувіскі музэй тэатру і кіно[7].
Цотны бок
№ 14 — дом, у якім у 1907—1908 гадох жыў беларускі паэт Ян Луцэвіч (Янка Купала). У 1914—1915 гадох тут месьцілася рэдакцыя «Нашай Нівы» (тады дом меў адрас Віленская вуліца, 14)[8]. Пра гэта напамінае мэмарыяльная дошка, усталяваная на фасадзе будынка ў 1994 годзе (абноўленая ў 2013 годзе[9]). Да другой паловы 1910-х гадоў у гэтым доме таксама месьціўся Беларускі клюб[3].
№ 22 (таксама Гарбарская вуліца, 3 і Людвісарская вуліца, 2) — палац Радзівілаў, збудаваны ў XVII ст. ваяводам віленскімЯнушам Радзівілам паводле праекту архітэктара Яна Ульрыха. У XIX ст. Радзівілы перадалі палац Віленскаму філянтрапічнаму таварыству, якое валодала ім да 1940 году. З прычыны войнаў і пажараў на пачатак XX ст. будынак быў практычна разбураным. Па Першай сусьветнай вайне ацалела толькі паўночнае крыло палаца. У 1967 годзе пачалася рэканструкцыя палаца, якая не завяршылася да нашага часу. З 1990 году ў будынку месьціцца філія Летувіскага мастацкага музэю[10].
З усходняга боку вуліцы, каля касьцёла Сьвятой Кацярыны знаходзіцца сквэр, названы ў гонар кампазытара Станіслава Манюшкі. У сквэры перад касьцёлам стаць помнік С. Манюшку, створаны скульптарам Баляславам Балзукевічам ў 1922 годзе на пастамэнце, які застаўся ад былога помніка Аляксандру Пушкіну[11].
Віленская вуліца ў мастацтве
Бэнэдыктынскі касьцёл Сьвятой Кацярыны. М. Янушэвіч, 1835 г.