From Wikipedia, the free encyclopedia
Уладзімер Марцінавіч Хадыка (3 студзеня 1905, в. Цітва, Ігуменскі павет, Менская губэрня — 12 траўня 1940, станцыя Ер каля Ўлан-Удэ) — беларускі паэт і перакладчык.
Уладзімер Хадыка лац. Uładzimier Chadyka | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Псэўданімы | Лухалі |
Нарадзіўся | 3 студзеня 1905 в. Цітва, Ігуменскі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя (цяпер Пухавіцкі раён, Менская вобласьць Беларусь) |
Памёр | 12 траўня 1940 (35 гадоў) станцыя Ер, Паўночлаг, Новасыбірская вобласьць, СССР |
Бацькі | Марцін Хадыка |
Жонка | Фаіна Пушкарэвіч |
Дзеці | Уладзімер |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, перакладчык |
Мова | беларуская мова[1] |
Дэбют | «Суніцы», 1926 |
Нарадзіўся ў мнагадзетнай сям’і ўрадніка Марціна Хадыкі. У 1918—1920 гадох парабкаваў. Скончыў на выдатна Дудзіцкую пачатковую школу. У 1922—1923 гадох наведваў агульнаадукацыйныя курсы ў Менску. У 1925 годзе ўдзельнічаў у 1-ым зьезьдзе літаратурнага аб’яднаньня «Маладняк». У 1926—1927 гадох служыў у Чырвонай Арміі ў Навазыбкаве (Браншчына). Быў сакратаром Дудзіцкага сельсавету. Працаваў настаўнікам у вёсцы Асака Дудзіцкага сельсавету. У 1928 пераехаў у Менск (жыў у прыватным пакоі дома № 12 па Кладбішчанскай вуліцы)[2]. Спачатку настаўнічаў, спрабаваў паступіць у БДУ, але ня быў дапушчаны да экзамэнаў праз адсутнасьць поўнай сярэдняй адукацыі. З 1929 году працаваў сакратаром часопіса «Полымя».
У 1930-я г. жыў зь літаратурнай працы. Уваходзіў у літабяднаньне «Ўзвышша» (так сказаў у канцы 1936 на адным з допытаў) і ТАВІЗ[2], якое пакінуў пасьля жаніцьбы. Друкаваўся ў «Маладняку», «Звяздзе», «Савецкай Беларусі», іншых выданьнях. У 1932 у часопісе «Маладняк» выйшла паведамленьне: «За адрыў ад работы БелАПП, за сыстэматычныя п’янкі выключаны з БелАПП Хадыка і Шалай»[3]. З 1934 — сябра Саюзу пісьменьнікаў БССР.
Паводле ўспамінаў Станіслава Шушкевіча, арыштаваны ў ноч з 19 на 20 лістапада 1936 у доме № 25, кв. № 4 па Даўгабродзкай вуліцы[4] (паводле Л. Маракова, 26 лістапада 1936 году[5]). У пратаколе допыта У. Хадыкі за 30 сьнежня 1936 тэзамі паведамляюцца ягоныя словы: «В. Ходыка:… 2. Рост белорусской культуры в СССР невозможен. 3. Слабую белорусскую культуру давит сильная русская. 4. Поручение А. Александровичу редактировать новый белорусский словарь является страшнейшей ошибкой»[2]. 3 чэрвеня 1937 году Галоўная ўправа ў справах літаратуры і выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэк грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду № 33, які «не падлягае абвяшчэньню», «усе кнігі» Ўладзімера Хадыкі прадугледжвалася «спальваць»[6].
3 кастрычніка 1937 году асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волі і на 5 гадоў грамадзянскіх правоў[2]. Пакараньне адбываў у Іванаўскім і Марыінскім лягерах. Працягваў пісаць у зьняволеньні, запісваючы вершы на паперы для курэньня і потым зашываючы рукапісы ў каўнер кажуха[5]. Быў пераведзены на каменаломні ў Новасыбірскую вобласьць. Паводле ўспамінаў сьведкаў, расьціснуты каменнай глыбай у вапняковым кар’еры 12 траўня 1940 году на будоўлі чыгункі каля Ўлан-Удэ. Рэабілітаваны Прэзыдыюмам Вярхоўнага суда БССР 29 сьнежня 1954 году.
Друкавацца пачаў з 1926 году. Выдаў тры кнігі паэзіі — «Суніцы» (1926), «Выбраныя вершы» (1932), «Радасны будзень» (1935) і паэтычныя нізкі — «На ўзьвеях дзён» (1931), «За строем дат і рубрык», «Вершы краіне»., «Песьні з поўдня».
У канцы 1920-х гг. стаў абвінавачвацца крытыкай у страце сацыяльнай пільнасьці і ў буржуазным нацыяналізьме[5]. Незважаючы на крытыку, у сваёй паэзіі пачаў мацней паглыбляцца ў грамадзкія працэсы[7]. Падрыхтаваны ў 1932 годзе да выданьня ў Маскве зборнік вершаў на расейскай мове ня выйшаў з-за адмоўнага водгука Г. Шэнгелі.
Паэзію У. Хадыкі высока ставіў Янка Купала, які ў 1934 годзе прысьвяціў яму эпіграму «Валодзю Хадыку»[8] У адказ Янку Купалу У. Хадыка напісаў верш «Ад сэрца»: [9]
Пераклаў на беларускую мову творы Максіма Горкага — «Песьня пра Буравесьніка», п’есы «Мяшчане», «На дне», «Чалавек», «Дачнікі», «Дзеці сонца», «Варвары» і інш. Акрамя таго, пераклаў раман Кузьмы Гарбунова «Ледалом», кнігу выбраных твораў Уладзімера Бахмецьева «Людзі і рэчы», раман Міхаіла Шолахава «Ціхі Дон»[10].
З выхадам першага зборніка У. Хадыкі «Суніцы» (1926) афіцыйная крытыка ўшчувала паэта за «нацыналістычныя настроі». Так, дасьледнік літаратуры Леў Салавеў сьцьвярджаў, што «на раньнім этапе літаратурнай творчасьці Хадыка часам аддаваў даніну паэтычнаму самалюбаваньню, магчыма, празьмернаму ўслаўленьню душэўнай замкнёнасьці і самааналізу»[11]. «Клясава-палітычную сутнасьць» паэзіі У. Хадыкі падкрэсьліваў Алесь Звонак: «уже в начале творческого пути Хадыка стремился преодолеть риторичность „молодняковской“ поэзии, но непонимание поэтом классово-политической сути тех процессов перестройки деревни… часто приводили поэта к архаичности, к зауми, к формалистическим вывертам, к затемненности мысли и сути поэтического образа»[12]. Ніл Гілевіч з хадыкаўскіх вершаў раньняга часу вылучаў «Штандар чырвоны» і «Снапок аўса» і адносіў іх да найлепшых узораў інтымнае лірыкі[13].
Максім Гарэцкі вылучаў у першым зборніку паэта тры асноўныя матывы: радасьць новага жыцьця, любоў да Беларусі, яе прыроды і тужлівыя асабістыя перажываньні, далей удакладняўшы: «лепшыя месцы ў зборніку — у вершах, напісаных пад уплывам імажынізму, але з большаю самастойнасьцю… Пазьнейшыя вершы У. Хадыкі вызначаюцца своеасаблівай імпрэсіяй, пэўнай настраёвасьцю і адшліфаванай формаю…»[14].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.