Remove ads
беларускі друкар From Wikipedia, the free encyclopedia
Сьпірыдо́н Міро́навіч Со́баль (у манастве — Сільвэстар; ?, Магілёў — 1645, Камянец-Падольскі[1]) — беларускі друкар, асьветнік і літаратар. Заснаваная ім у 1630 годзе ў Куцеінская друкарня пад Воршай, стала цэнтрам беларускага кірылічнага кнігадрукаваньня.
Сьпірыдон Собаль нарадзіўся ў Магілёве ў сям’і магілёўскага бурмістра Б. І. Собаля[2][3]. Ён меў магчымасьць атрымаць адукацыю ў брацкай школе пры Спаскім манастыры ў Магілёве, у якой вывучалі ў тым ліку грэцкую й лацінскую мовы. Яна запрацавала з дазволу караля Жыгімонта ІV ад 21 сакавіка 1597 году[4][5]. Кіеўскае брацтва аформілася каля 1615 году й стаўрапігіяльныя правы брацтва атрымала ў 1620 годзе[6][7].
3 пачатку XVII стагодзьдзя настаўнік, пасьля рэктар Магілёўскай брацкай школы. 3 1624 году выкладаў у Кіеўскай брацкай школе й у пэрыяд 1626—1628 узначальваў Кіеўскую брацкую школу[8].
Першыя кнігі былі надрукаваны ў Кіеве ў 1614 г. і ў Магілёве ў 1616 г.[9][10] У 1628—1630 друкаваў кнігі ў доме мітрапаліта Іова Барэцкага, які знаходзіўся каля Васкрасенскай царквы на Падоле ў Кіеве. Відавочна, што тут ён працаваў толькі да сьмерці свайго пакравіцеля ў 1631 годзе. Далейшае друкаваньне кніг пры манаполіі лаўры, пры такім уплывовым і энэргічным архімандрыце, якім быў Пятро Магіла, стала немагчымым, і Собаль прыняў запрашэньне беларускага фэадала Багдана Статкевіча перайсьці на працу да яго, у Беларусь[11][12].
Собаль пераяжджае ў Беларусь. З 1630 году пры дапамозе Статкевіча ў маёнтках Куцейна пад Воршай і пазьней у Буйнічах пад Магілёвам (каля 1635), Собаль прымае ўдзел у заснаваньні друкарняў, у якіх працявае сваю дзейнасьць.
«…Котвицы — теж веры статечнои знаком, |
«На герб их милостей панов Стеткевичов».[13] |
У 1636 годзе ён пераяжджае ў Магілёў. Пры яго актыўным удзеле пачынае працаваць друкарня Магілёўскага праваслаўнага брацтва, дзедрукаваліся духоўныя і сьвецкія кнігі на старабеларускай, лацінскай і польскай мовах.
Сьпірыдон Собаль падтрымліваў цесныя сувязі з маскоўскімі, украінскімі і польскімі друкарамі. У 1637 годзе наведаў Маскву, дзе прадаў маскоўскаму друкару В. Ф. Бурцову-Пратапопаву матрыцы шрыфтоў. У 1638 і 1639 гг. Собаль зноў наведваў Маскву, прапаноўваў свае паслугі ў якасьці друкара і настаўніка.
Мэтай адной з паездак Собаля ў Масковію зьяўлялася стварэньне ў Маскве новай друкарні. Але спадзяваньні ягоныя засталіся марнымі, ён быў затрыманы ў памежнай Вязьме і «17 апреля в 22 день Государь указал: того Могилёвца, Спиридона Соболя из Вязьмы отпустить назад в Литву, а к Москве ево отпущать не велел, чтоб в ево ученье и в книгах смуты не было… а от нево б, Спиридона, какая ересь не объявиласа»[14].
У апошнія гады жыцьця быў манахам Кіева-Пячэрскай Лаўры, верагодна працаваў у лаўрскай друкарні. Сьпірыдон Собаль у 1645 годзе прыехаў у Камянец-Падольскі, дзе, верагодна, і памёр[1][3]. А ў 1654 годзе, пад час захопу Воршы маскоўскімі войскамі, Куцеінская друкарня была вывезена ў Іверскі манастыр пад Ноўгарадам.[15]
Вынікам яго дваццацігадовай дзейнасьці сталі каля дваццаці выданьняў. Першым кіеўскім выданьнем С. Собаля быў зборнік легендаў і аповедаў з жыцьця манахаў пад назвай «Лимонарь, сиречь цветник» (1628). Дасканалае вывучэньне «Ліманара» Собаля паказала, што пад гэтай датай ён выпусьціў не адно, а два розныя наборам і ўпрыгожаньнямі выданьні, як зрабіў пазьней і са сваім «Актоіхам» (1629). У тытульным аркушы «Актоіха» (1628) упершыню ва ўсходнеславянскім кнігадрукаваньні прымяніў гравюру на медзі.
Акрамя таго, Собаль выдаў у Кіеве яшчэ «Минею общую» (1628), і «Апостол» (1630). Апошняе выданьне выйшла «коштом и накладом пана Богдана Статкевича, подкоморого Мстиславского». Гэта выданьне таксама мае два варыянты. Усяго Собаль выпусьціў у Кіеве сем выданьняў пад выглядам чатырох.
Акрамя кніг для царквы Собаль друкаваў буквары, кнігі для хатняй малітвы — «Молитвослов», «Часослов» (1632), кнігі маральна-павучальнага зьместу, перакладзеныя з грэцкай, — «Тестамент царя Василия греческого» і згаданы ўжо «Лимонарь». Сярод яго выданьняў таксама «Брашно духовное» (Куцейна, каля 1631), і «Букварь» («Букваръ сиречъ, начало ученіа детем начинающим чтенію извыкати») (Куцейна, 1631 і 1636). У Буйнічах выдаў «Псалтыр» (1635), у Магілёўскай брацкай друкарні — «Буквар» («Букваръ языка славеньска», 1636), «Псалтыр» (1637), «Тэстамент» (1638).[16] [17]
На сёньняшні дзень адзіны вядомы экзэмпляр першага «Буквара» Собаля захоўваецца ў Львове ў Музэі ўкраінскага мастацтва, яго з упэўненасьцю можна лічыць першым беларускім падручнікам. Сьпірыдон Собаль ня толькі надрукаваў першы «Буквар», але і ўпершыню ўвёў ва ўжытак само слова «Буквар», якое пазьней перайшло ў агульны ўжытак і канчаткова замацавалася як назва першага падручніка, па якім дзеці пачынаюць вучыцца чытаць і пісаць. Да зьяўленьня першага падручніка людзей вучылі пісаць і чытаць па кнігах Сьвятога пісаньня, для гэтых мэтаў выкарыстоўвалі «Псалтыр» ды «Часаслоў».
Куцеінскі «Буквар» утрымліваў першапачатковыя веды пра граматыку, якія давалі магчымасьць авалодаць тэхнікай пісьма і чытаньня. Апрача таго ў «Буквары» былі зьмешчаныя біблейскія тэксты і малітвы, а таксама маральна-павучальныя тэксты. Кніга мела 40 аркушаў. На тытульным лісьце ўверсе буйнымі літарамі надрукавана «БукварЪ», ніжэй меншымі літарамі «сиречъ, начало ученіа детем начинающим чтенію извыкати». Яшчэ ніжэй — выходныя зьвесткі «У Куцейне ізобразілся у тіпографіі Спірыдона Собаля. Року 1631». «Буквар» стаў шырока вядомы ва Ўкраіне, у Літве і Маскоўскай Русі. «Буквар» Сьпірыдона Собаля, як і ўсе выданьні Куцеінскай друкарні, вызначаецца і асаблівасьцямі паліграфічнага выкананьня — блізкасьцю да традыцыяў беларускага народнага мастацтва, зьнітаваных стылістычнымі прыёмамі барока.
Імем Сьпірыдона Собаля ў Магілёве названа друкарня: «Магілёская абласная ўзбуйнёная друкарня імя Сьпірыдона Собаля». На доме, які стаіць на месца колішняй брацкай друкарні павешана мэмарыяльная шыльда. У Воршы яго імем названа вуліца й у Куцейнскім Богаяўленскім манастыры ўсталявана мэмарыяльная шыльда скульптура Ігара Голубева.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.