Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Лаўрэнці Сямёнавіч Абэцэдарскі (Абецадарскі; 13 ліпеня 1916, Горкі — 6 ліпеня 1975) — савецкі гісторык. Сябар КПСС (з 1944)[1]. Сябар-карэспандэнт Акадэміі Пэдагагічных навук СССР (1968). Доктар гістарычных навук, прафэсар (1966). Прадстаўнік вульгарна-сацыялістычнага кірунку ў гістарычнай навуцы Беларусі савецкага пэрыяду[1], вядомага пад назвай «абэцэдаршчына»[2][3].
Лаўрэнці Сямёнавіч Абэцэдарскі | |
Дата нараджэньня | 12 ліпеня 1916 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 6 ліпеня 1975 (58 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Месца вучобы | Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт |
Занятак | гісторык, прафэсар унівэрсытэту |
Навуковая сфэра | гісторыя |
Месца працы | Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт |
Вядомы як | дасьледнік беларускага ўплыву на разьвіцьцё расейскай культуры другой паловы XVII ст. |
Навуковая ступень | доктар гістарычных навук[d] |
Вучні | Якаў Трашчанок, Міхась Ткачоў, Аляксандра Гесь |
Узнагароды |
У 1946 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, дзе потым працаваў выкладнікам, загаднікам катэдры гісторыі СССР (1950—1958), потым гісторыі БССР (з 1958).
У 1950 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю на тэму «Барацьба ўкраінскага і беларускага народаў за ўз’еднанне з Расіяй у сярэдзіне XVII века». У 1966 годзе — доктарскую дысэртацыю на тэму «Борьба белорусского народа за соединение с Россией (Вторая половина XVI—XVII в.)».
Быў навуковым кіраўніком беларускай архівісткі і гісторыка Аляксандры Гесь, іншыя вядомыя вучні — Якаў Трашчанок і Міхась Ткачоў.
Адзін з аўтараў 2-томнай гісторыі БССР, школьнага падручніка гісторыі БССР (Мн., пособие : 1960—1974; учебник : 1975—1987); двухтомнай (1954—1961) і пяцітомнай (1972—1975) «Гісторыі Беларускай ССР», «Гісторыі Мінска» (1957), «Беларускай Савецкай Энцыклапедыі» (1969―1975. Пад рэдакцыяй Абецэдарскага выйшлі дапаможнікі для школ «Старонкі нашай гісторыі : кніга для чытання па гісторыі БССР у пачатковай школе» (Вольски, В. Ф.; 1969) і «Тэрміны, імёны, даты : школьны гістарычны слоўнік» (Сувораў, Ю. М.; 1971).
Быў прыхільнікам унітарнай канцэпцыі аб’яднаньня ўсходнеславянскіх народаў вакол Масквы і Маскоўскай дзяржавы[1]. Разглядаў Маскоўскую дзяржаву як простую папярэдніцу СССР[1].
Разглядаў гісторыю Беларусі як частку гісторыі Расеі[1]. Праводзіў думку, што Расейская імпэрыя мела гістарычныя правы на беларускія землі[1]. Разглядаў Вялікае Княства Літоўскае выняткова як дзяржаву летувіскіх фэўдалаў[4]. Адмаўляў прагрэсіўную ролю Магдэбурскага права і станоўчы для свайго часу характар Статутаў ВКЛ[1]. Пачаткам беларускай дзяржаўнасьці лічыў кастрычніцкі пераварот, не ўпамінаў пра Беларускую Народную Рэспубліку[4].
У некаторых пытаньнях фактычна салідараваўся з нацыяналістычнымі гісторыкамі Польшчы і Летувы[5].
Вывучаў канфлікты сялянаў з фэўдаламі, прычынай якіх называў імкненьне сялянаў перайсьці пад уладу маскоўскіх гаспадароў[6]. Перасяленьне беларусаў у Маскву называў добраахвотным, не зьвяртаючы ўвагі на шматлікія крыніцы, якія сьведчылі пра гвалтоўны характар гэтага працэсу[1]. У сваіх працах адмаўляў нацыянальны пачатак у разьвіцьці гісторыі Беларусі[1]. Перавышаў значэньне гандлю беларускіх местаў з расейскімі[6], прыніжаў узровень культуры Беларусі ў XVI ст.[6] Улучэньне Беларусі ў склад Расейскай імпэрыі называў «узьяднаньнем»[6]. Дэмакратычныя газэты «Наша Доля» і «Наша Ніва», паводле сьцьвярджэньня Абэцадарскага, — нацыяналістычныя выданьні[6].
Сваіх апанэнтаў называў «наймітамі амэрыканскіх і заходненямецкіх імпэрыялістаў»[7], «гітлераўскімі паслугачамі»[4], «буржуазнымі фальсыфікатарамі» і «ворагамі міру і прагрэсу»[8], а іхныя працы — «вымысламі беларускіх буржуазных нацыяналістаў»[7]. Паводле ўспамінаў Анатоля Грыцкевіча, любіў паўтараць, што «гісторык павінен умець знаходзіць факты для сваёй канцэпцыі»[9].
Абэцэдарскага крытыкуюць за сьвядомую аднабаковасьць[1], неабмежаванае маніпуляваньне гістарычнай сьвядомасьцю грамадзтва, падмену гістарычных ведаў ідэалёгіяй расейскага імпэрыялізму[10][11]. Свае вэрсіі ён найчасьцей падмацоўваў крыніцамі, што зыходзілі ад зацікаўленых менавіта ў такіх поглядах маскоўскіх афіцыйных установаў, не праводзячы крыніцазнаўчага аналізу[1]. Спасылаўся амаль выняткова на працы савецкіх гісторыкаў і асобных прадстаўнікоў расейскай дарэвалюцыйнай гістарыяграфіі[12]. Дзеля пацьверджаньня ўласных думак выкарыстоўваў цытаты іншых навукоўцаў, якія аднак супярэчылі кантэксту працаў, акуль яны паходзілі[12]. Ігнараваў усе працы, якія ставілі пад сумнеў ягоныя высновы[12].
Паводле гісторыка Алеся Смалянчука, мэтай Абэцэдарскага пры рэдагаваньні школьных падручнікаў была фальсыфікацыя гістарычных ведаў і дэфармацыя сьвядомасьці беларусаў[13], а сваёй антыбеларускай пазыцыяй ён супярэчыў многім тэзам нават савецкай гістарыяграфіі[5]. Паводле гісторыка Валянціна Грыцкевіча, брашура «У святле неабвержных фактаў» мусіла быць зброяй у змаганьні супраць руху за незалежнасьць і чалавечую годнасьць[10], паводле гісторыка Алега Дзярновіча[14] яна выконвала партыйны заказ[5]. Гісторык Павал Урбан[7] пераканаўча давёў сумнеўнасьць сьцьвярджэньняў Абэцэдарскага[5] і здолеў паказаць, што брашура мае вымоўны шавіністычна-расейскі характар і ўяўляе сьвядомае абкраданьне гісторыі беларускага народу[5].
У наш час дзейнасьць Абэцэдаскага атрымала адмоўную ацэнку з прычыны сьвядомай аднабаковасьці[15] і фальсыфікацыяў[13][16][17].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.