From Wikipedia, the free encyclopedia
Алег Вешчы (па-старажытнаруску: Ольгъ, па-швэдзку: Helge) — вараг, князь наўгародзкі (з 879 году) і кіеўскі (з 882 году). Нярэдка разглядаецца як заснавальнік Старажытнарускай дзяржавы. У летапісе «Аповесьць мінулых гадоў» прыводзіцца ягоная мянушка «вешчы», гэта значыць ведае будучыню, празорлівы на будучыню[1]. Названы так адразу па вяртаньні з паходу 907 году на Бізантыю.
Алег Вешчы па-расейску: Олег Вещий | |
Наўгародзкі й кіеўскі князь | |
---|---|
«Разьвітаньне Алега з канём». В. Васьняцоў, 1899 год | |
князь Ноўгарада | |
Папярэднік | Рурык |
Наступнік | Ігар Рурыкавіч |
Вялікі князь Кіева | |
Папярэднік | Аскольд і Дзір |
Наступнік | Ігар Рурыкавіч |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | не пазьней за 879, |
Памёр | 912, |
Пахаваны | Старая Ладага |
У летапісах маюцца дзьве вэрсіі біяграфіі Алега: традыцыйная, выкладзеная ў «Аповесьці мінулых гадоў», і біяграфія паводле Наўгародзкага першага летапісу, які захаваў фрагмэнты страчанага больш раньняга летапіснага зводу, з блытанінай у храналёгіі. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», Алег быў сваяком і супляменьнікам Рурыка, магчыма ягоным шваграм, як згадана гэта ў Іякімаўскім летапісу. Пасьля сьмерці Рурыка ў 879 годзе Алег стаў княжыць у Ноўгарадзе, паколькі Ігар Рурыкавіч быў яшчэ малым дзіцем.
У 882 годзе Алег распачаў удалыя паходы на Смаленск і Любеч. Пасьля гэтага ён па Дняпры спусьціўся да Кіева, дзе князямі былі супляменьнікі Рурыка, варагі Аскольд і Дзір. Прад’явіўшы спадчыньніка Рурыка, малалетняга Ігара, Алег забіў Аскольда й Дзіра. Ніканаўскі летапіс, які зьяўляецца кампіляцыяй розных крыніцаў XVI стагодзьдзя, прыводзіць больш падрабязны аповед пра гэты захоп. Алег высадзіў частку сваёй дружыны на бераг, абгаварыўшы таемны плян дзеяньняў. Сам, моўчкі прыкінуўшыся хворым, застаўся ў ладзьдзі й паслаў да Аскольда й Дзіра паведамленьне, што ён вязе шмат пацерак і аздобаў, а таксама мае важную гутарку да князёў. Калі тыя ўлезьлі ў ладзьдзю, быццам бы хворы Алег сказаў: «Аз есмь Олег князь, а се есть Рюриков Игорь княжичь»[2] — і тутака забіў Аскольда й Дзіра.
Разьмяшчэньне Кіева здалося Алегу вельмі зручным, і ён перабраўся туды з дружынай, абвясьціўшы: «Хай будзе Кіеў маці гарадоў рускіх». Тым самым ён аб’яднаў паўночны й паўднёвы цэнтры ўсходніх славянаў. З гэтай прычыны менавіта Алега, а не Рурыка часам лічаць заснавальнікам Старажытнарускай дзяржавы. Наступныя 25 гадоў Алег быў заняты пашырэньнем сваёй дзяржавы. Ён падпарадкаваў Кіеву драўлянаў, севяранаў, радзімічаў. Два апошніх племянных зьвяза былі даньнікамі хазараў. Паводле паданьня, Алег быццам бы сказаў: «Я непрыяцель ім, а з вамі ў мяне ніякай варожасьці. Не давайце хазарам, але плаціце мне». Затым Алег далучыў землі самых паўднёвых з усходнеславянскіх плямёнаў — улічэй і тыверцаў.
898 годам «Аповесць мінулых гадоў» датуе зьяўленьне пад Кіевам вугорцаў у хадзе іхнае міграцыі на захад. Паводле дадзеных вугорскай кронікі, князь Альмош разграміў неназванага рускага князя (відавочна, Алега), аблажыў яго ў Кіеве й пагадзіўся сысьці толькі пасьля таго, як русы заплацілі яму выкуп у 10 тыс. марак срэбрам[3].
У 907 годзе, сабраўшы 2000 ладзьдзей па 40 воінаў у кожнай, Алег выступіў у паход на Царград. Бізантыйскі імпэратар Леў VI Філёзаф загадаў зачыніць вароты гораду й загарадзіць ланцугамі гавань, падаўшы такім чынам варагам магчымасьць рабаваць і спусташаць прыгарады Канстантынопалю. Аднак Алег пайшоў на незвычайны штурм: «І загадаў Алег сваім воінам зрабіць колы й паставіць на колы караблі. І калі падзьмуў спадарожны вецер, паднялі яны ў полі ветразі й пайшлі да гораду»[1]. Спалоханыя грэкі прапанавалі Алегу мір і даніну. Згодна з дамовай Бізантыя абяцала плаціць даніну на рускія гарады. У знак перамогі Алег прыбіў свой шчыт на браме Царграда. Галоўным вынікам паходу сталася гандлёвая дамова пра бязмытны гандаль Русі ў Бізантыйская імпэрыі.
Многія гісторыкі лічаць гэты паход легендай. Пра яго няма ні адзінай згадкі ў бізантыйскіх аўтараў, якія досыць падрабязна апісвалі падобныя паходы ў 860 і 941 гадоў. Ёсьць сумневы й у дачыненьні да дамовы 907 году, тэкст якой уяўляе сабой амаль даслоўную кампіляцыю дамоваў 911 і 944 гадоў. Магчыма, паход ўсё ж быў, але без аблогі Царграда. «Аповесьць мінулых гадоў» у апісаньні паходу Ігара Рурыкавіча ў 944 годзе перадае «словы бізантыйскага цара» да князя Ігара: «Не хадзі, але вазьмі даніну, якую браў Алег, дадам і яшчэ да той даніны».
У 911 годзе Алег адправіў у Канстантынопаль амбасадараў, якія пацьвердзілі «шматгадовы» мір і заключылі новую дамову. У параўнаньні з «дамовай» 907 году зь яе зьнікае згадка пра бязмытны гандаль. Алег называецца ў дамове «Вялікім князем рускім». У сапраўднасьці пагадненьня 911 году сумненьняў не ўзьнікае: яна падмацоўваецца як лінгвістычным аналізам, гэтак і згадваньнем у бізантыйскіх крыніцах.
Абставіны сьмерці Алега Прарочага супярэчлівыя. «Аповесьць мінулых гадоў» паведамляе, што сьмерці Алега папярэднічаў нябесны знак — зьяўленьне «зоркі вялікай на захадзе капейным чынам»[4]. Паводле кіеўскай вэрсіі, ягоная магіла знаходзіцца ў Кіеве на гары Шэковіца. Наўгародзкі летапіс зьмяшчае ягоную магілу ў Ладазе, але таксама кажа, што ён пайшоў «за мора». У абодвух варыянтах прысутнічае легенда пра сьмерць ад зьмяінага ўкусу. Паводле паданьня, магі прадказалі князю, што ён памрэ ад свайго любімага каня. Алег загадаў увесьці каня і ўспомніў пра прадказаньні толькі праз чатыры гады, калі конь ужо даўно памёр. Алег пасьмяяўся над тым, што магі яго ашукалі, і захацеў паглядзець на косткі каня; устаўшы нагой на чэрап, ён сказаў: «Чаго мне баяцца?». Аднак у чэрапе каня жыла атрутная зьмяя, якая сьмяротна ўкусіла князя.
Гэтая легенда знаходзіць паралелі ў ісьляндзкай сазе пра вікінга Орвары Ода, які таксама быў сьмяротна ўджалены на магіле любімага каня. Невядома, ці стала сага падставай для стварэньня рускай легенды пра Алега ці, наадварот, абставіны гібелі Алега паслужылі матэрыялам для сагі. Аднак, калі Алег зьяўляецца гістарычным пэрсанажам, то Орвар Од зьяўляецца героям прыгодніцкай сагі, створанай на аснове вусных паданьняў не раней за XIII стагодзьдзе.
Папярэднік Рурык |
Князь наўгародзкі 879—912 |
Наступнік Ігар Рурыкавіч |
Папярэднік Аскольд і Дзір |
Князь кіеўскі 882—912 |
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.