Remove ads
беларуская мастацтвазнаўца From Wikipedia, the free encyclopedia
Лары́са Давы́даўна Фінкельштэ́йн (13 жніўня 1950, Ёшкар-Ала, цяпер Рэспубліка Марый Эл, Прыволская фэдэральная акруга, Расея — 21 лістапада 2023, Менск, Беларусь[2]) — беларуская мастацтвазнаўца.
Ларыса Фінкельштэйн | |
Дата нараджэньня | 13 жніўня 1950 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 21 лістапада 2023 (73 гады) |
Месца сьмерці | |
Месца вучобы | Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт (1973) |
Занятак | мастацтвазнаўка, мастацкі крытык, галерыст, калекцыянэр мастацтва, прафэсарка ўнівэрсытэту, дызайнэрка |
Навуковая сфэра | культуралёгія |
Месца працы | галерэя «Брама» (1991—2021) |
Вядомая як | стваральніца 1-й у Беларусі прыватнай мастацкай галерэі «Брама» ў 1991 годзе |
Сябра ў | Беларускі саюз мастакоў, Беларускі саюз дызайнэраў[d] і Беларускі саюз літаратурна-мастацкіх крытыкаў[d] |
Навуковы кіраўнік | Лаўрэнці Абэцэдарскі і Ізраіль Барысавіч Элентух[d] |
Вучні | Хрысьціна Высоцкая[1] |
Сайт | minsk2000.to/brama/ |
Стваральніца 1-й у Беларусі прыватнай мастацкай галерэі «Брама» ў 1991 годзе[3]. Арганізатарка 1-й выставы карцінаў Марка Шагала ў Беларусі ў 1993 годзе[4]. Сяброўка Беларускага саюзу мастакоў і Беларускага саюзу дызайнэраў (1998), Беларускага саюзу літаратурна-мастацкіх крытыкаў (1998) і Міжнароднай асацыяцыі мастацтвазнаўстваў (Расея)[5].
Нарадзілася ў сям’і інжынэраў Адэскага заводу кінаапаратуры (Украінская ССР), якія эвакуяваліся на пачатку Нямецка-савецкай вайны ў Марыйскую АССР (Расейская СФСР). Пасьля вайны сям’я вярнулася ў Адэсу. Пазьней былі пераезды паводле новай працы бацькі ў падмаскоўскі Загорск, Ізюм у Харкаўскай вобласьці (Украінская ССР), Менск (Беларуская ССР) і казаскую Алма-Ату. У 1968 годзе паступіла ў Казаскі дзяржаўны ўнівэрсытэт на нямецкае аддзяленьне гістарычнага факультэту. У 1969 годзе сям’я паўторна пераехала ў Менску, таму перавялася на навучаньне ў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Яе выкладнікамі былі прафэсар Лаўрэнці Абэцэдарскі і мастацтвазнаўца Ізраіль Элентух. У 1973 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «гісторыя мастацтва» і працаўладкавалася экскурсаводкай у новаадчынены менскі Палац мастацтва. Праводзіла па 3 экскурсіі за раз. Пачала весьці лекцыі па гісторыі Дэкаратыўна-дастасоўнага мастацтва. Заснавала аддзел мастацтвазнаўцаў Палаца мастацтва і стала праводзіць конкурсы мастакоў[6]. У 1974 годзе выступіла куратаркай пасьмяротнай выставы твораў тэатральнага мастака Барыса Малкіна ў будынку Саюза мастакоў БССР на Цэнтральнай плошчы Менску[7]. У 1970-я гады чытала лекцыі пра забароненых у Савецкім Саюзе мастакоў Хаіма Суціна і Марка Шагала родам зь Беларусі[8]. У 1988 годзе зладзіла выставу «Экспэрымэнтальны тэкстыль» у менскім Палацы мастацтваў[9].
У 1991 годзе стварыла 1-ю ў Беларусі прыватную мастацкую галерэю «Брама». У 1993 годзе зладзіла 1-ю выставу карцінаў Марка Шагала ў Беларусі. У 1998 годзе стала сяброўкай Беларускага саюзу дызайнэраў, Беларускага саюзу літаратурна-мастацкіх крытыкаў і Міжнароднай асацыяцыі мастацтвазнаўстваў (Расея). У жніўні 2000 году зладзіла ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі выставу 10 50-гадовых мастакоў Беларусі «Паўстагодзьдзя са стагодзьдзем», якую фінансаваў Амэрыканскі габрэйскі камітэт. Пры гэтым амаль усе ўдзельніцы і ўдзельнікі выставы мелі беларускае паходжаньне, у тым ліку аўтарка габэленаў Тацяна Белавусава[10]. У 2012 годзе зрабіла мастацкі пленэр «Мэтафары і мэтамарфозы» ў двары менскага Палаца мастацтваў. У 2013 годзе тамсама зладзіла пленэр скульптуры «Гульні з дажджом»[9]. 22 кастрычніка — 24 лістапада 2014 году ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі правяла выставу «Разумны мэтал», якую разьмясьцілі ў галэрэях «Ракурс» і «Лябірынт» на 2-м і 3-м паверхах. На адкрыцьці выступілі загаднік катэдры дызайну Інстытуту сучасных ведаў Леанід Дзягілеў, музыка Андрэй Плясанаў, старшыня Беларускага саюзу дызайнэраў Зьміцер Сурскі, паэтка Людміла Клачко і бард Сяргей Шыла[11]. У выставе ўзялі ўдзел каля 70 мастакоў з усіх 6 абласьцей Беларусі, у тым ліку Аляксей Літвінаў, Валеры Малахаў і Віктар Старухін, а таксама скульптары-станкавісты Віктар Копач, Алег Купрыянаў і Ўладзімер Слабодчыкаў[12]. Сярод іншых свае працы паказалі мастачкі тэкстылю Ніна Пілюзіна і Людміла Пятруль[13].
У лютым 2015 году зладзіла ў галерэі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі выставу «Сьнежнае лета» з удзелам такіх тэкстыльных мастакоў Віцебска і Менска, як Ніна Пілюзіна і Яўген Шунейка, а таксама студэнткі Аляксандра Захарава і Хрысьціна Высоцкая, выкладніцы Вераніка Багачова, Марыя Барысенка і Вольга Данілюк[14]. У 2015 годзе зладзіла 4-ы пленэр «Размовы ў зялёных» у славацкім горадзе Сьпіска Нова Вэс (Кошыцкі край). Па вяртаньні ў Беларусь адпаведную выставу правялі ва ўсіх абласных музэях Беларусі і ў галерэі «Лябірынт» Нацыянальнай бібліятэкі. У жніўні—верасьні 2016 году правяла 5-ы пленэр «Італьянскі экзэрсыс» у Балёньні ў галерэі «Артэбо». Яе ўдзельнікамі зь беларускага боку сталі Яўген Дабравольскі і Мікалай Дробыш. 12 сьнежня 2016 году ў менскай галерэі «Ўнівэрсытэт культуры» адкрыла выставу скульптураў «Італьянскі экзэрсыс». Да яе далучыліся Леанід Рыжкоўскі, Віктар Копач, Васіль Васільеў зь Віцебску і тэкстыльніца Тацьцяна Козік. За 2016 год зладзіла каля 10 экспазыцыяў[9].
26 студзеня 2017 году адчыніла ў галерэі «Ракурс» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі мастацкую выставу «Наперадзе Парыж, за вокнамі Эўропа», якую склала паводле вынікаў 1-га Міжнароднага пленэра[15]. На выставе паказалі звыш 50 працаў беларускіх і кітайскіх мастакоў, якія бралі ўдзел у пленэры на колах праз Мюнхэн, Брусэль, Амстэрдам, Варшаву і Парыж[16]. У верасьні 2017 году да 950-годзьдзя Менску правяла выставу «Вокны Менску». На ёй паказалі карціны такіх беларускіх мастакоў, як Май Данцыг, Адам Глёбус, Георгі Іваноў і Валянціна Бартлава зь Віцебску. Для выставы карціны са сваіх збораў перадалі Андрэй Плясанаў, Яўген Ксяневіч, Максім Дорахаў, Юры Бокач, Міхаіл Шайко і Ігар Бархаткоў. Адмыслова да выставы свае карціны напісалі Жанна Марозава, Тацьцяна Ўруціна і Тацьцяна Турава. Свае творы прывезьлі Тацьцяна Козік з Полацку і Натальля Камінская са Смалявічаў, а таксама Марыя Тарлецкая[17]. Сярод іншых, у галерэі «Высокае месца» свае працы паказалі Зоя Літвінава, Сяргей Балянок і Рыгор Іваноў[18]. Таксама на выставе прысутнічалі творы такіх мастакоў, як Уладзімер Акулаў, Гаўрыла Вашчанка, Аляксандар Кішчанка, Уладзімер Стальмашонак, Сяргей Малішэўскі і Генадзь Хацкевіч. Свае фатаграфіі паказалі Георгі Ліхтаровіч, Валеры Вядрэнка і Ўладзімер Парфянок[19].
17 сакавіка 2018 году ў галерэі «Ўнівэрсытэт культуры» адчыніла выставу графікі і жывапісу «Паралельныя гісторыі» з творамі 5 беларускіх мастачак Марынай Канавалавай Натальлі Каржыцкай, Алы Кушнер, Юліі Нявейкі і Натальлі Шапавалавай[20]. У красавіку тамсама на Кастрычніцкай плошчы Менску зладзіла экспазыцыю «Форма часу»[21]. У сакавіку 2019 году ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры зрабіла выставу карцінаў 13-гадовага Максіма Лагуна «Вакол мяне»[22].
Ад 19 верасьня да 19 кастрычніка 2019 году ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Беларусі выступіла куратаркай выставы «Прастора ў скульптуры» з 35 працаў 25 беларускіх і замежных творцаў. Свае творы паказалі скульптар-станкавіст Аляксандар Шапо, скульптар Андрэй Вараб'ёў, мастак Ігар Адамовіч, тэкстыльніца Тацьцяна Козік, Дзяніс Кандрацьеў, Ганна Кліменка, Ігар Лявонцьеў і мастак Аляксандар Малей[23]. У траўні 2019 году Нацыянальны гістарычны музэй Беларусі адчыніў экспазыцыю «Беларуская Парыская школа», якую падрыхтавала Ларыса Фінкельштэйн[24]. 9 ліпеня ў Берасьцейскім абласным грамадзка-культурным цэнтры адкрыла выставу «Берасьце па-беларуску і па-француску». На ёй свае творы выставілі мясцовыя мастакі Ўладзіслаў Куфко, Аксана Гайдуковіч, Андрэй Герасіменка, Алеся і Антаніна Гуршчанковы, Аляксей Жарэла, Сяргей Касьцюк, Мікалай і Пётар Кузьмічы, Леанід Тарабука і Аляксандар Улыбін[25]. Ад 12 студзеня па 1 сакавіка 2021 году ў галерэі «Ракурс» НББ прайшла выстава «30 гадоў першай беларускай галерэі» да юбілею галерэі «Брама» Ларысы Фінкельштэйн. За гэты час каля 500 творцаў сталі ўдзельнікамі каля 300 выставаў, у тым ліку міжнародных[5].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.