Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Кезгайла Валімонтавіч (у каталіцтве Міхал; каля 1380 — каля 1449) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Староста генэральны жамойцкі (1412—1432, 1440 і з 1443), маршалак гаспадарскі (1413), кашталян віленскі (з 1445). Пачынальнік роду Кезгайлаў.
Валодаў часткай Дзявалтава, Солаў і Сьвядасьці. Ад вялікага князя Вітаўта атрымаў Крожы, Плоцеле ды іншыя маёнткі ў Жамойці[1]. Быў старостам вількамірскім (1409—1412).
Геза або Кеза (Geso, Keso) і Гайла (Gailo) — імёны германскага паходжаньня[2][3]. Іменная аснова -гез- (-гіз-, -кез-) (імёны ліцьвінаў Геска, Гізель, Гесмонт; германскія імёны Geske, Giesel, Gismondus) паходзіць ад гоцкага gais 'суліца, кап’ё'[4], германскага gaizá 'завостраны кій'[5], а аснова -гайл- (-гал-, -гел-) (імёны ліцьвінаў Відзігайла, Інгела, Монтгайла; германскія імёны Widigail, Ingeila, Montigel) — ад гоцкага і бургундзкага gails 'жвавы, свавольны, ганарысты'[4]. Такім парадкам, імя Кезгайла азначае «жвавае кап’ё»[6].
Варыянты імя ў гістарычных крыніцах: Kesgaylo Wolymuntonis (18 студзеня 1401 году)[7]; Kynsgail (17 жніўня 1404 году)[8]; па(н) Кезкаилъ (20 траўня 1407 году)[9]; Michel andirs Kynsegail (26 траўня 1410 году)[10]; Nicolao alias Kynsgal (20 красавіка 1411 году)[11]; Kynsgalo capitaneo Samagittariun (31 траўня 1412 году)[12]; пану Кгескгоилу (1413—1424 гады)[13]; пану Кезкгаилу (22 чэрвеня 1415 году)[14]; Keynsgal capitaneo Samagittie (22 чэрвеня 1421 году)[15]; Michael Kinsgall capitaneus Samagitarum (27 верасьня 1422 году)[16]; Kinsgail Hauptmann von Samaiten (10 ліпеня 1425 году)[17]; Dominus Mychaell alias Kenzegall capitaneus terre Samagittarum (13 лютага 1426 году)[18]; Kinsgal (29 красавіка 1431 году)[19]; Gensegal (22 чэрвеня 1431 году)[20]; Kenzgal Capitanei Samagittie (1 верасьня 1431 году)[21]; Kiezygal capitaneo Samogitarum (Kiezygal capitaneus Samogitarum[22]; 24 верасьня 1432 году)[23]; пан Кезкгаило староста Жомоитский[24] (27 верасьня 1432 году)[25]; Kynszgail (7 лістапада 1432 году)[26]; Kynsgall (13 лістапада 1432 году)[27]; Kezigal Wostoltowicz (27 лютага 1434 году)[28]; Kynzegal (4 лістапада 1434 году)[29]; Kezigal Wolimuthawicz (6 сьнежня 1437 году)[30]; Michael alias Keszgal, Kesgaylo Wolymunthowicz, Kesgal, Kynsegal, Kisegal, Kiesgal[31].
Зь літоўскага баярскага роду, сын Валімонта Бушкавіча. Меў братоў Румбольда, Яўнута, Шадзібора, Гудзігерда і Судзівоя.
Упершыню ўпамінаецца ў 1401 годзе пры складаньні Віленска-Радамскай уніі. Быў заўзятым прыхільнікам Вітаўта, пры падтрымцы якога стаў старостам жамойцкім. Актыўна спрыяў хрысьціянізаціі паганцаў-жамойтаў, у 1418 годзе здушыў сялянскае паўстаньне, а ў 1419 годзе выкрыў змову жамойцкага баярства супраць вялікага князя.
У 1413 годзе ад літоўскай дэлегацыі браў удзел у разьвязаньні справы Бэнэдыкта Макры. У 1425 (двойчы), 1430, 1437, 1444 і 1446 гадох езьдзіў да вялікага магістра. У 1431 годзе быў у складзе пасольства да караля Польшчы.
Па сьмерці Вітаўта ў 1430 годзе разам з братамі Румбольдам і Яўнутам падтрымаў абраньне вялікім князем Сьвідрыгайлы. Быў сярод падпісантаў антыпольскай Скірстымонскай умовы (1431 год). Па тым, як у 1432 годзе ў выніку перавароту да ўлады прыйшоў Жыгімонт Кейстутавіч, Валімонтавічаў узялі ў палон. Румбольда і Яўнута пакаралі сьмерцю, тым часам Кезгайлу вярнулі ўсе ягоныя ўладаньні. Магчыма, да гэтага прычынілася тое, што ягоная дачка ажанілася зь Янам Гаштольдам — уплывовым хаўрусьнікам Жыгімонта. Пазьней браў удзел у складаньні Гарадзенска-Троцкай уніі.
Ажаніўся з Аленаю (нявысьветленага паходжаньня), меў сыноў Міхайлу, Яна, Пятра, Дабяслава, Бутрыма і, магчыма, Таліята, а таксама дачок Даратэю (жонка Яна Гаштольда) і Мілохну (жонка Пятра Гедыгольдавіча).
У 1444 годзе фундаваў касьцёл у Дзявалтаве. У 1445 годзе з ініцыятывы жонкі яго ўпісалі ў кнігі Кракаўскага ўнівэрсытэту[32].
Да актаў Чартарыйскага замірэньня (1431 год), Гарадзенскай уніі (1432 год) і Гарадзенскай умовы (1434 год) прывесіў пячаці з лацінамоўнымі гатычнымі надпісамі[33][34]:
sigill… consgalos
+ s • domi • kynzgalonis
+ sigillum domini kyezgal
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.