Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Друга́я Ўсебелару́ская канфэрэ́нцыя, таксама Другая Ўсебеларуская палітычная канфэрэнцыя, Другая Нацыянальна-палітычная нарада, Бэрлінская канфэрэнцыя 1925 году — палітычная канфэрэнцыя, якая адбылася 12—16 кастрычніка 1925 году ў Бэрліне як нарада беларускіх палітычных дзеячаў у эміграцыі. Скліканая А. Цьвікевічам[1]. Зьявілася вынікам расколу ў беларускім эмігранцкім асяродзьдзі, а таксама пераменаў, што адбыліся ў 1921—1925 гг. у БССР і Заходняй Беларусі пасьля Першай Усебеларускай канфэрэнцыі (Прага, 1921 г.).
На Другую Ўсебеларускую канфэрэнцыю прыехалі З. Х. Жылуновіч і намесьнік паўнамоцнага прадстаўніка СССР у Польшчы А. Ульянаў. Перад канфэрэнцыяй Урад БНР прыняў 2 пастановы. Паводле 1-й, супраць якой галасаваў В. Захарка, Рада Народных Міністраў БНР спыняла сваю дзейнасьць і прызнала Менск «адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня Беларусі». Паводле 2-й, прынятай аднагалосна, Урад БНР абвяшчаўся зьліквідаваным. Пасьля гэтага Другая Ўсебеларуская канфэрэнцыя большасьцю галасоў прызнала Менск цэнтрам беларускага адраджэньня. Пастановы Рады Міністраў ня мелі сілы, бо яна не магла засядаць асобна ад Прэзыдыюму Рады БНР. Старшыня Рады БНР П. Крачэўскі й ягоны намесьнік В. Захарка не прызналі рашэньні Другой Усебеларускай канфэрэнцыі, а сябра Прэзыдыюму Рады БНР Я. Мамонька склаў пратэст на імя старшыні канфэрэнцыі К. Езавітава. Дзяржаўная пячатка засталася ў Крачэўскага, потым яна перадавалася наступным старшыням Рады БНР[1].
У 1921—1925 роках Ліга Народаў прызнала ўсходнія межы Польшчы з СССР; выявілася немагчымасьць атрымаць якіх-кольвек саступак для беларускай культуры ў Польшчы з боку польскіх уладаў[2]; урад Летувы страціў зацікаўленасьць у падтрымцы беларускага асяродку ў летувіскай сталіцы (Коўне), дзе Аляксандар Цьвікевіч выконваў функцыі прэм’ера беларускага эміграцыйнага ўраду БНР (Старшыні Рады міністраў БНР)[2]; улады БССР сыстэматычна і ў рознай форме заахвочвалі эмігрантаў вярнуцца ў Беларусь (савецкую) і далучацца да працы на карысьць бацькаўшчыны і беларускай нацыянальнай культуры[2]; у 1924 г. адбылося ўзбуйненьне тэрыторыі БССР[3].
Для беларусаў сярод станоўчых мерапрыемстваў савецкага ўраду БССР найбольш важнай, нават вызначальнай, была беларусізацыя. Узбуйненьне тэрыторыі БССР у 1924 годзе і пераход арміі на тэрытарыяльна-міліцэйскую сыстэму камплектаваньня (што, здавалася, набліжала ідэю стварэньня ўласнага беларускага войска) дапаўнялі карціну зьмяненьняў у Савецкай Беларусі[4].
Раскол беларускай палітычнай эміграцыі пачаўся пасьля Генуэскай канфэрэнцыі (1922), дзе Старшыня Рады Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі Вацлаў Ластоўскі і міністар замежных справаў Аляксандар Цьвікевіч прызналі права Летувіскай Рэспублікі на Вільню і Віленскі край. В. Ластоўскі пасьля спрабаваў правесьці нацыянальна-палітычную нараду, каб ягоная дзейнасьць была ўхваленая, а Старшыня Рады БНР П. Крачэўскі забараніў яе правядзеньне. Была ўтвораная Дзяржаўная калегія БНР, а затым адноўленая Рада Міністраў БНР (1923). Абавязкі ейнага Старшыні выконваў А. Цьвікевіч, які нібыта прызнаў памылковасьць свайго ўчынку[5].
На настроі часткі беларускай палітычнай эміграцыі і дзейнасьць А. Цьвікевіча ўплывалі падзеі ў БССР. У шэрагах КП(б)Б існавала моцная плынь праціўнікаў беларускай культуры. Інтарэсы ж беларускай культуры прадстаўлялі З. Жылуновіч, А. Чарвякоў, У. Ігнатоўскі і інш. VII зьезд КП(б)Б канстатаваў, што ў асяродзьдзі работнікаў культуры і асьветы БССР былі моцныя ідэалы «адраджэньня буржуазна-дэмакратычнай дзяржаўнасьці», г. зн. БНР. Але пасьля XII зьезду РКП(б) (1923) прыняў рэзалюцыю па нацыянальным пытаньні, і ЦБ КП(б)Б мусіла ўзяць курс на беларусізацыю і каранізацыю. Станоўчы вобраз савецкага рэжыму стваралі таксама распачатая ў 1921 новая эканамічная палітыка (НЭП) і абвешчаная ў 1923 г. амністыя былым праціўнікам бальшавіцкай улады[5].
У Польскай Рэспубліцы, куды ўваходзіла Заходняя Беларусь, урад пачаў наступленьне на беларускае школьніцтва і культуру. Стаўка левых сіл на ўзброеную барацьбу не апраўдала сябе, а парлямэнцкіх мэтадаў барацьбы было недастаткова. Вынікам было стварэньне Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ), куды ўвайшлі ў т.л. А. Канчэўскі, І. Лагіновіч, Л. Родзевіч і інш. Важную ролю ў КПЗБ стаў адыгрываць эмісар Менску М. Гурын-Маразоўскі. Пад уплывам падзей у БССР, у кантакце з КПЗБ левыя сябры Беларускага пасольскага клюбу С. Рак-Міхайлоўскі, Б. Тарашкевіч і інш. стварылі самастойную фракцыю — Беларускую сялянска-работніцкую грамаду, якая для ЦК КП(б)Б стала «трыбунай партыі ў польскім сейме», яны перайшлі ў КПЗБ і пачалі падрыхтоўку да стварэньня масавай аднайменнай арганізацыі (БСРГ)[5].
Большасьць дзеячоў Рады і ўраду БНР і Заходняй Беларусі лічылі НЭП, беларусізацыю і каранізацыю стабільным курсам бальшавікоў. Гэта амаль цалкам задавальняла іх, бо па сваіх перакананьнях яны былі сацыялістамі. Аляксандар Цьвікевіч спадзяваўся, што пачнецца і дэмакратызацыя савецкага рэжыму[5].
Існавалі таксама супярэчнасьці паміж кіраўніцтвам БНР і ўрадам Летувы, у выніку 1 лістапада 1923 г. Прэзыдыюм Рады і ўрад БНР вымушаныя былі пераехаць у Прагу. Урад знаходзіўся ў цяжкім матэрыяльным становішчы, асабліва пасьля прызнаньня Чэхаславаччынай СССР. Аляксандар Цьвікевіч шукаў альтэрнатыву Радзе БНР. Ён не выключаў магчымасьці свайго пераезду ў БССР. Сувязным паміж ім і кіраўніцтвам КП(б)Б стаў, верагодна І. Краскоўскі[5].
Кіраўніцтва БССР разгарнула супраць беларускай эміграцыі ідэалягічнае наступленьне. 11 чэрвеня 1923 году была прынята супольная пастанова ЦВК СССР і БССР аб амністыі. Гэта дало магчымасьць вярнуцца на радзіму многім дзеячам культуры і навукі (працэдура прадугледжвала адмову ад сваіх палітычных перакананьняў)[6].
У 1925 годзе для працы сярод беларусаў замежжа накіраваліся па маршруце Варшава — Прага — Бэрлін прадстаўнікі Савецкай Беларусі З. Жылуновіч і М. Чарот. У час паездкі высьветлілася, што эміграцыя сасьпела да пэўнай саветызацыі. 14 жніўня 1925 году ЦК КП(б)Б вызначыў умовы правядзеньня беларускай нацыянальна-палітычнай нарады (яе плянавалася склікаць у Бэрліне), асноўнай мэтай форуму мела стаць прызнаньне за Менскам ролі адзінага цэнтру культурнага і палітычнага жыцьця беларусаў[6].
Аляксандар Цьвікевіч не хаваў свайго намеру пераехаць у Менск[7]. Перад вяртаньнем прадстаўнікі ўрада БССР і ўрада СССР угаварылі Цьвікевіча правесьці ў Бэрліне Беларускую нацыянальна-палітычную канфэрэнцыю[7].
11 жніўня 1925 ЦК КП(б)Б зацьвердзіў плян паездкі З. Жылуновіча і М. Чарота ў Прагу. 14 жніўня 1925 ЦК КП(б)Б прыняў пастанову, у якой лічыў мэтазгодным скліканьне А. Цьвікевічам у Бэрліне беларускай канфэрэнцыі пры 7 абавязковых умовах, адна зь іх — папярэдняе прызнаньне Менску як адзінага культурнага і палітычнага цэнтру, на які павінен арыентавацца беларускі рух Польшчы, Летувы, Латвіі й іншых краінаў; адмова ад арыентацыі на Лігу Нацый; папярэдняя, да канфэрэнцыі, «перадача паўнамоцтваў БНР Ураду БССР у форме дэклярацыі». Пасьля прыняцьця гэтых умоваў групай Цьвікевіча меркавалася фінансаваць апошнюю. Восеньню 1925 ЦК КП(б)Б адзначаў, што група Цьвікевіча «падладжваецца пад нас з надзеяй задаволіць нас мандатамі Ўрада БНР; падладжваючыся пад нас, яна ў той жа час імкнецца ўмацаваць сваё становішча, яна яшчэ хоча адыгрываць палітычную ролю». А. Цьвікевіч не адмаўляўся ад намеру стварыць Усебеларускі нацыянальны цэнтар. КП(б)Б ставіла сваёй задачай «не дапусьціць арганізацыі якога б ні было камітэту беларускай эміграцыі», таму што стварэньне такога цэнтру «толькі затармозіць разьвіцьцё беларускага руху савецкай арыентацыі». ЦК КП(б)Б імкнуўся «ліквідаваць групу Цьвікевіча з тым, каб частка яе пасьля ліквідацыі БНР прыехала ў Менск». У кастрычніку 1925 у Прагу для работы сярод эміграцыі выехалі З. Жылуновіч, М. Чарот і Я. Купала[8].
Яшчэ ў 1919 годзе Народная рада БНР (чые паўнамоцтвы прызнала Найвышэйшая рада БНР, а потым і Першая Ўсебеларуская канфэрэнцыя) выдала пастанову, паводле якой урад БНР ня меў права прымаць самастойныя палітычныя рашэньні. Падрыхтоўка да канфэрэнцыі вялася таемна ад Старшыні Рады БНР П. Крачэўскага[9].
2 верасьня 1925 году ў Празе адбылася сустрэча паміж А. Цьвікевічам і савецкімі ўпаўнаважанымі, было канчаткова зацьверджана месца і час скліканьня канфэрэнцыі (Бэрлін, кастрычнік 1925 году), на яе арганізацыю перадаваліся грошы. Паралельна А. Цьвікевіч вёў перамовы зь Летувой, і паводле некаторых зьвестак Коўна таксама выдзеліла грашовую суму[6].
У ЦК КП(б)Б праходзілі нарады, у цэнтры ўвагі якіх знаходзілася падрыхтоўка Бэрлінскай канфэрэнцыі. Сярод пагроз разглядалася магчымасьць, што В. Ластоўскі можа выкарыстаць яе супраць БССР[6]. Паміж КП(б)Б і НКЗС у Маскве паўсталі пэўныя супярэчнасьці, кіраўніцтва Кампартыі Беларусі адзначала:[10]
Прызнаць, што ў працаўнікоў НКЗС, якія праводзяць працу па канфэрэнцыі, адсутнічае поўная яснасьць і пасьлядоўнасьць у правядзеньні лініі, выражанай у рэзалюцыі ЦК КП(б)Б, якая атрымала зацьвярджэньне НКЗС, асабліва адзначыць невыкананьне т. Александроўскім умоваў выдачы грошаў Цьвікевічу. |
||
Пры гэтым у ЦК лічылі немэтазгодным удзел у нарадзе латвійскай беларускай групы. Напярэдадні абмяркоўвалася магчымасьць стварыць замест Рады БНР за мяжой Беларускі камітэт. Аднак ЦК партыі быў катэгарычны: «Беларускі камітэт, калі б ён быў падабраны на Бэрлінскай канфэрэнцыі, нават пры ўмове складаньня паўнамоцтваў БНР, апынецца сілай супраць СССР, будзе мець ілюзіі ў беларускім пытаньні, што паслабляюць пазіцыю СССР; яго ўтварэньне будзе БССР разглядацца як выступленьне супраць БССР». Прынцыповым для Менску было выкананьне наступных умоваў: «гучная» дэклярацыя Цьвікевіча, складаньне паўнамоцтваў БНР, уезд у БССР прыхільнікаў арыентацыі на БССР[11].
Канфэрэнцыя адкрылася ў Бэрліне 12 кастрычніка 1925 году. На ёй прысутнічалі: ад ураду БНР А. Цьвікевіч, Л. Заяц, В. Захарка, У. Пракулевіч, ад Заходняй Беларусі — А. Галавінскі, ад Беларускай калёніі ў Латвіі — К. Езавітаў, прыбылі і некаторыя іншыя дэлегаты — усяго 17 чалавек[12]. Савецкую Беларусь прадстаўлялі З. Жылуновіч і намесьнік паўнамоцнага прадстаўніка СССР у Польшчы А. Ульянаў.
15 кастрычніка 1925, перад канфэрэнцыяй, Рада народных міністраў БНР прыняла ў Бэрліне 2 пастановы. Паводле 1-й Рада міністраў БНР спыняла сваю дзейнасьць і прызнала Менск «адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня Беларусі» (супраць галасаваў В. Захарка). Паводле 2-й пастановы, прынятай аднагалосна, Урад БНР абвяшчаўся зьліквідаваным[13]. Рада народных міністраў вырашыла «абвясьціць ад сёньняшняга дня Ўрад БНР зьліквідаваным і спыніўшым сваю дзейнасьць», пастанову падпісалі А. Цьвікевіч, Л. Заяц, У. Пракулевіч і В. Захарка[9].
Спачатку даклад аб сучасным стане ўраду БНР і аб агульным палітычным становішчы Беларусі зрабіў «старшыня Рады Міністраў» (так запісана ў пратаколе, хаця на той час ён склаў паўнамоцтвы) А. Цьвікевіч.
Аляксандар Цьвікевіч на канфэрэнцыі выступіў з тэзай пра неабходнасьць трывалага ўключэньня Беларусі ў структуры, якія ўтвараюць СССР, бо становішча беларусаў, якія апынуліся ў межах Польшчы (заходнебеларускія ваяводзтвы), паказвала што савецкай арыентацыі няма ніякай альтэрнатывы, а існаваньне структур БНР паслабляла і ставіла пад сумнеў аўтарытэт беларускага савецкага ўраду[2].
У выніку дэлегаты 15 кастрычніка 1925 пастанавілі[14]:
У зьвязку з сучасным становішчам Беларусі, заходняя часьць якой знаходзіцца пад акупацыяй Польшчы, а ўсходняя — творыць Беларускую Савецкую Рэспубліку ў складзе Сацыялістычнага Савецкага Саюзу, у мэтах аб’яднаньня ўсіх сіл народу для яго поўнага нацыянальнага і сацыяльнага вызваленьня ў поўным паразуменьні з краевымі беларускімі арганізацыямі, — абвесьціць ад сёньняшняга дня Ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі зьліквідаваным і спыніўшым сваю дзейнасьць. |
||
У пастанове таксама канстатавалася, што «надзвычайную важнасьць мае імкненьне Радавай Беларусі да зьдзяйсненьня нацыянальна-дзяржаўнага ідэалу беларускага народа», а Менск прызнаваўся цэнтрам беларускага адраджэньня. Другая Ўсебеларуская канфэрэнцыя абвясьціла «ўсялякія спробы актыўнай барацьбы» супраць Менску «здрадай справе вызваленчага беларускага руху»[9].
Гэтую пастанову падпісалі старшыня Рады Народных Міністраў БНР А. Цьвікевіч, дзяржаўны кантралёр Л. Заяц, дзяржаўны сакратар У. Пракулевіч, К. Езавітаў, А. Галавінскі. Не зусім зразумелая пазыцыя В. Захаркі. Паводле адных зьвестак, ён усё ж спачатку падпісаў дакумэнт, паводле іншых, — адразу выступіў супраць[12].
Абвяшчаючы на канфэрэнцыі ў Бэрліне пра ліквідацыю палітычнага эмігранцкага цэнтру БНР, Аляксандар Цьвікевіч паверыў, што ў БССР былі ажыцьцёўлены сацыяльныя і палітычныя ідэалы беларускіх сацыялістаў[15]. Амаль усе беларускія палітычныя інтэлектуалы, якія змагаліся за беларускую дзяржаўнасьць у форме БНР, выказаліся на канфэрэнцыі ў падтрымку савецкай улады, бо створаная ў 1920-х гг. у БССР рэчаіснасьць недалёка адыходзіла ад іх ранейшых праграмных патрабаваньняў і мэтаў[15].
Юрыдычна пастановы Рады народных міністраў БНР ад 15 кастрычніка 1925 г. ня мелі сілы, бо актамі ад 19 сьнежня 1919 г. і 23 жніўня 1923 г. на аб’яднаным пасяджэньні Прэзыдыюму Рады і Ўраду БНР было вырашана, што абодва гэтыя органы «асобна не засядаюць». Аднак кіраўнік Рады БНР Пятро Крачэўскі, спасылаючыся на акт ад 13 сьнежня 1919 году, разумеў, што юрыдычныя нюансы гэтай справы і пытаньне легітымнасьці вельмі заблытаныя[16], бо сам Пятро Крачэўскі меў дачыненьне да сумнеўнага зь юрыдычнага боку абраньня таго ж Аляксандра Цьвікевіча на пасаду прэм’ера БНР[16]. Таму Пятро Крачэўскі сваю пазыцыю азначыў мэтафарычна: ён заявіў, што Л. Заяц і У. Пракулевіч знаходзіліся пад гіпнозам Аляксандра Цьвікевіча, калі паставілі свае подпісы пад рашэньнямі Бэрлінскай канфэрэнцыі[16].
Грунтуючыся на рашэньнях Народнай рады БНР ад 13 сьнежня 1919, аб’яднанага пасяджэньня Прэзыдыюму Рады і ўраду БНР 23 жніўня 1923, Старшыня Рады БНР П. Крачэўскі і ягоны намесьнік В. Захарка не прызналі рашэньні Другой Усебеларускай канфэрэнцыі[9], а сябра Прэзыдыюму Рады БНР Я. Мамонька склаў пратэст на імя старшыні канфэрэнцыі К. Езавітава[13].
19 студзеня 1926 году выйшаў першы нумар «Бюлетэня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі», дзе быў надрукаваны «Покліч» П. Крачэўскага, які вінавачваў у здрадзе ліквідатараў «Беларускага ўрада». Зьмяшчаліся ў «Бюлетэні» й іншыя матэрыялы пра незаконнасьць рашэньняў Бэрлінскай канфэрэнцыі[17].
Яшчэ да выезду ў Бэрлін прадстаўнікоў Ураду П. Крачэўскі прымусіў В. Захарку, Л. Зайца і У. Пракулевіча падпісаць заяву ад сваёй адстаўцы, каб «мець свабодныя рукі», калі ў Бэрліне паўстане пытаньне аб ліквідацыі Ўраду БНР. Заява падпісаная 4 кастрычніка, адстаўка прынятая Крачэўскім 10 кастрычніка[18].
Паводле беларускага гісторыка А. Сідарэвіча, А. Цьвікевіч, Л. Заяц і У. Пракулевіч склалі свае паўнамоцтвы да канфэрэнцыі і прысутнічалі на ёй як прыватныя асобы. Тое, што А. Цьвікевіч і яго супольнікі не прадстаўляюць афіцыйны інстытут, а толькі саміх сябе, разумеў і ЦК КП(б)Б, які ў сваіх пастановах і рэзалюцыях перад канфэрэнцыяй канстатаваў, што мае справу з групай Цьвікевіча. Сідарэвіч лічыць, што бальшавікам патрэбны быў палітычны жэст, які б дэмаралізаваў беларускую палітычную эміграцыю і паскорыў справу яе развалу[9]. Паводле беларускага гісторыка В. Гігіна, тым ня менш, з інструкцыі, распрацаванай Радай БНР для «дэлегатаў урада БНР» на Бэрлінскай канфэрэнцыі, вынікае, што А. Цьвікевіч, Л. Заяц і У. Пракулевіч мелі афіцыйны статус[16]. Інструкцыя ўказвала: 1) усе рашэньні канфэрэнцыі набываюць моц пасьля іх ратыфікацыі адпаведнымі органамі трох частак Беларусі (Заходняй, БНР і БССР); 2) прадстаўнікі БНР едуць у Бэрлін з інфармацыйнымі мэтамі; 3) у выпадку якіх-небудзь разыходжаньняў з гэтай інструкцыяй сябры Ўраду БНР павінны падаць у адстаўку[16].
Для Менску ў 1925 годзе БНР як заўважны палітычны фактар перастала існаваць. 22 кастрычніка Бюро ЦК КП(б)Б заслухала інфармацыю А. Ульянава і зрабіла выснову, што выбраная лінія была цалкам правільнай, а сам ён напоўніцу выканаў пастаўленыя задачы[19].
Пасьля правядзеньня канфэрэнцыі ў БССР пераехалі былы прэм’ер-міністар БНР Аляксандар Цьвікевіч (на асабістае запрашэньне Аляксандра Чарвякова), Вацлаў Ластоўскі і іншыя дзеячы БНР[2][3]. У. Пракулевічу, Л. Зайцу, А. Галавінскаму таксама дазволілі вярнуцца ў БССР. А. Галавінскаму і А. Цьвікевічу выдалі па 430 долараў дапамогі.[19]
Прэзыдыюм Рады БНР не прызнаў рашэньня канфэрэнцыі і застаўся верны акту 25 сакавіка. Хоць пасьля сябры Прэзыдыюму П. Бадунова і Я. Мамонька таксама пераехалі ў БССР, Старшыня Рады БНР П. Крачэўскі і ягоны намесьнік В. Захарка не прызналі Савецкую Беларусь. Дзяржаўная пячатка і дзяржаўны архіў БНР засталіся ў іх.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.