Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Беларуская дапаможная паліцыя (па-нямецку: Weißruthenische Hilfspolizei, Schutzmannschaften, пазьней перайменаваная ў Ordnungsdienst — OD) — беларускае паліцыйнае падразьдзяленьне, орган лякальнай калябаранцкай адміністрацыі, а пазьней нямецкай паліцыі на этнічных беларускіх абшарах пад гітлераўскай акупацыяй, з функцыямі, адпаведнымі нямецкай паліцыі парадку.
Беларуская дапаможная паліцыя | |
Weißruthenische Hilfspolizei | |
Беларускія паліцыянты ў Магілёве, сакавік 1943 году | |
Гады існаваньня | зь ліпеня 1941 |
---|---|
Краіна | Трэці Райх |
Тып | дапаможная паліцыя |
Удзел у | Антыпартызанскія апэрацыі на Беларусі |
На падставе інструкцыі OKW ад 3 красавіка 1941 году, на тэрыторыях, занятых Вэрмахтам, было дазволена стварэньне дапаможных паліцыйных падразьдзяленьняў са складу прадстаўнікоў мясцовага люду. На абшарах Генэральнае акругі Беларусь першыя аддзелы беларускай паліцыі паўсталі неўзабаве пасьля акупацыі, як аддзелы органаў мясцовага самакіраваньня: мескіх і павятовых. Аднак у тым самым годзе былі перададзеныя ў падпарадкаваньне нямецкай паліцыі. У Менску беларуская паліцыя паўстала на базе 1-га штурмавога ўзводу (беларускага) — аддзелу Абвэру. Камандоўцам беларускай паліцыі ў менскай акрузе і камэндантам унтэр-афіцэрскіх курсаў для беларускіх паліцыянтаў стаў былы афіцэр кантрактавай службы Войска польскага капітан Францішак Кушаль.
Першапачаткова ствараліся выключна невялікія падразьдзяленьні і пастарункі ў межах т. зв. Schűtzmannschaften-Einzeldienst, падпарадкаванай нямецкай Schützpolizei. То была сетка пастарункаў па вёсках і камісарыятаў паліцыі ў местах — найчасьцей зь мяшаным бяларуска-нямецкім складам — у разьліку 1 паліцыянт на кожную сотню вясковага насельніцтва і 1 на кожныя 300 гарадзкіх жыхароў. Яны мелі тыпова паліцыйныя задачы: ахова парадку, прадухіленьне парушэньняў і злачынстваў, крымінальны перасьлед злачынцаў і ахова насельніцтва ад нападу партызанаў. Сілы мясцовай паліцыі ў Генэральнай акрузе «Беларусь» падчас акупацыі ўзрасьлі ад 3682 у сьнежні 1941 году да 6850 асобаў у красавіку 1943 году.
У сувязі з узмацненьнем савецкай партызанкі (а таксама Арміі Краёвай) улетку 1942 году распачалося фармаваньне беларускіх паліцыйных батальёнаў Schuma (па-нямецку: Schutzmannschafts Bataillon) — раскватараваных і абмундзіраваных вартоўных і палявых фармацыяў. Дакладная колькасьць беларускіх батальёнаў Schuma невядомая, магчыма, іх было 12 з нумарамі: 48, 49, 60, 64, 65, 68 і ўваходзячыя ў склад Polizei Schűtzen Regiment 36. Кожным батальён налічваў прыблізна 350—450 чалавек, але большасьць з камандзіраў (афіцэраў і унтэраў) складалі немцы, а мовай зваротаў была нямецкая мова, і загады часта перадаваліся празь перакладнікаў на расейскай альбо польскай мовах.
У 1942 годзе быў створаны Беларускі батальён чыгуначнай аховы (па-нямецку: Bahnschutz Bataillon), у якім камандзірамі рот, разьмешчаных у найістотных вузлах Заходняй Беларусі, былі беларусы. Адмысловы атрад паліцыі — 13-ы Беларускі паліцыйны батальён СД (па-нямецку: Weissruthenische Schutzmannschafts Bataillon der SD 13) — меў зьмяшаны нямецка-беларускі камандны склад, а мовай загадаў была беларуская мова. У адрозьненьне ад батальёнаў Schuma гэтае падразьдзяленьне было аформленае паводле нямецкіх стандартаў. У 1943 і 1944 гадох яно прымала ўдзел у шматлікіх акцыях супраць партызанаў і ў ліквідацыях гета на тэрыторыі былых Віленскага і Наваградзкага ваяводзтваў. У 1944 годзе два аддзелы таксама прынялі ўдзел у ахове і ліквідацыі канцэнтрацыйных лягероў у Трасьцянцы і Калдычэве.
У жніўні 1943 году кіраўнік СС і паліцыі ў Генэральнай акрузе «Беларусь» групэнфюрэр СС Курт фон Готбэрг прызначыў маёра Ф. Кушаля галоўным «апекуном/каардынатарам» (па-нямецку: hauptbetrauber) усёй беларускай паліцыі. Яму было дазволена стварыць агульнабеларускі штаб, а ва ўсіх акругах Беларусі былі пастаўленыя «заступнікі» (па-нямецку: gebietsbetrauber) паліцыі. Адначасна ўведзенае патрыятычнае выхаваньне і (часткова) выкарыстаньне беларускай мовы ў службовых стасунках. Усе гэтыя захады спрычыніліся да падняцьця баявога духу беларускіх паліцыянтаў, аднак кіраваньне апэрацыямі засталося ў нямецкіх руках, і большасьць афіцэрскіх пасадаў займалі немцы. У гэты час колькасьць разнастайных беларускіх паліцыйных утварэньняў склала каля 20 тысячаў чалавек.
Беларускімі можна назваць таксама частку паліцыйных падпадзяленьняў, створаных зь мясцовага насельніцтва на абшарах Беласточчыны і Віленшчыны, а таксама аддзелаў пад вайсковым кіраваньнем групы армій «Цэнтар» (па-нямецку: Ordungsdienst — Служба парадку). На Смаленшчыне частка паліцыйных аддзелаў таксама арганізавалі беларускія актывісты: Радаслаў Астроўскі, Зьміцер Касмовіч і Міхал Вітушка, — і яны мелі беларускі нацыянальны характар.
Як мясцовая паліцыя, так і батальёны Schuma бралі ўдзел у перасьледах і вынішчэньні жыдоўскага насельніцтва на Беларусі, а таксама ў розных карных апэрацыях супраць партызанаў і мясцовых жыхароў(en)[1].
У пасьляваенны пэрыяд сама прыналежнасьць да беларускае паліцыі ўважалася за здраду Савецкаму Зьвязу, і былыя паліцыянты падлягалі рэпрэсыям.
Найэфэктыўныя ў проціпартызанскім змаганьні былі паляўнічыя падразьдзяленьні (па-нямецку: Jagdkommandos) — таксама называныя «фальшывымі партызанамі». Ствараныя СД аддзелы колькасьцю ад 10 да 150 чалавек удавалі сябе партызанамі ці брыгадамі дрывасекаў. Апранутыя ў цывільнае ці як савецкія партызаны, добра ведалі ваколіцы. Займаліся «паляваньнем» на партызанаў — падпільноўвалі, ладзілі засады, вышуквалі базы і шляхі перамяшчэньня савецкіх аддзелаў. Часам, удаючы савецкія партызанскія аддзелы, заводзілі кантакты з сапраўднымі партызанскімі атрадамі, а пасьля ўваходу ў давер нішчылі тых або раззбройвалі. Нягледзячы на высокую эфэктыўнасьць, пасьля ўцёкаў некалькіх удзельнікаў да партызанаў нямецкія ўлады распусьцілі Jagdkommandos напрыканцы 1943 году.
На той тэрыторыі Генэральнае акругі «Беларусь», якая да 1939 году была пад Польшчай, значная частка, а нярэдка і большасьць службоўцаў лякальных пастарункаў былі палякамі. Часткова гэта вынікала зь нежаданьня прыходу бальшавіцкага рэжыму і прагай помсты за савецкія злачынствы ў 1939—1941 гадох, часткова ад сьвядомага жаданьня польскага падпольнага ўраду мець «сваіх людзей» у калябарацыйных структурах на Крэсах Усходніх (тое самае рабілася і ў цывільнай адміністрацыі). Акрамя таго, даволі праблематычна было на Крэсах Паўночна-Ўсходніх адназначнае акрэсьленьне нацыянальнасьці — што схіляла беларускіх актывістаў да залічэньня ўсіх паліцыянтаў рыма-каталіцкага веравызнаньня да польскай нацыі — за выняткам тых, што самі абвясьцілі сябе беларусамі. Паводле беларускіх рапартаў, яшчэ ў 1943 годзе на Заходняй Беларусі палякі складалі да 40% чальцоў (у Лідзкім павеце нават каля 80%). Такі стан выклікаў незадавальненьне беларусаў, у прыватнасьці, маёра Ф. Кушаля. Спробы выправіць гэта шляхам чысткі паліцыі ўвесну 1942 году і ў жніўні 1943 году прынесьлі досыць абмежаваны эфэкт.
Палякі, што служылі ў беларускай паліцыі, часта падтрымоўвалі кантакты з польскім падпольлем, а ў некаторых выпадках былі адмыслова засланыя ў паліцыю[2]. Яны перадавалі польскім партызанам інфармацыю пра плянаваныя акцыі беларусаў і немцаў, часам выкрадалі зброю і боепрыпасы, а ў выпадку ўзброеных сутычак не супрацівіліся і далучаліся да польскіх партызанскіх атрадаў.
У паліцэйскім пастарунку ў Міры перакладнікам працаваў — удаючы сябе за паляка — жыд Освальд Руфайзэн.
Нягледзячы на афіцыйную забарону на паліцэйскую службу былых чальцоў камуністычнай партыі і камсамолу (асабліва на абшарах Усходняй Беларусі), частымі былі выпадкі паступленьня ў паліцыю былых камуністаў, і нават на афіцэрскія пасады.
Першапачаткова беларускія паліцыянты насілі ў асноўным цывільную вопратку, недзе яна магла дапаўняцца элемэнтамі мундзіраў Чырвонае Арміі. У хуткім часе, як і іншыя падобныя ўсходнія фармацыі (у прыватнасьці, украінскія і расейскія) дапаможнай паліцыі, беларусы атрымалі чорныя мундыры SS-Algemeine. Але каб яны адрозьніваліся ад нямецкага арыгіналу, верхняя частка каўнеру, нашыўкі і клёпкі ніжніх кішэняў былі замененыя на матэрыял больш сьветлага, найчасьцей шэрага, радзей шэра-блакітнага або зялёнага колеру. Найчасьцей таксама адсутнічалі нараменьнікі (?). Мундыры гэткага кшталту насілі як мясцовыя паліцыянты, так і чальцы паліцыйных батальёнаў, а таксама ў 1943 годзе — Беларуская Краёвая Абарона. Мундзір дапаўняла чорная фуражка, а ў зімовы час і чорны вайсковы плашч. Жаўнеры 13-га батальёну СД былі апранутыя ў шэрыя мундзіры СД. Частка афіцэраў, як сьведчаць фатаздымкі, насіла сьветлыя мундыры ўласнага пашыву.
Пазьней частка чальцоў паліцыйных батальёнаў атрымала мундыры нямецкай палявой паліцыі. Пры апрананьні цывільнае вопраткі паліцыянты мелі на рукавох павязкі, якія сьведчылі пра іхнюю прыналежнасьць да дапаможнай паліцыі. Большасьць жаўнераў 13-га батальёну СД мела нашытыя на левым рукаве нашыўкі кшталту гербавага шчыту з дыяганальнымі бела-чырвона-белымі палоскамі. Падобныя сымбалі часам сустракаліся і ў іншых падразьдзяленьнях.
Большасьць узбраеньня (у асноўным гэта былі карабіны) паходзіла з захопленых савецкіх запасаў, у меншай ступені траплялася іншая трафэйная зброя. 13-ы батальён СД меў нямецкую зброю.
Ужо ў 1941 годзе ў «Беларускай газэце» зьявіўся «куток беларускага паліцыянта», які выкарыстоўваўся і для прыцягненьня новых дзеячоў. Са студзеня 1943 году выходзіў часопіс «Беларус на варце» (да лета 1944 году выйшла 10 нумароў).
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.