Remove ads
беларускі грамадзкі дзяяч From Wikipedia, the free encyclopedia
Анто́н Со́кал-Кутыло́ўскі (7 лютага 1892, Чырвоная Горка, Пінскі павет — 7 сакавіка 1983, Шчэцін, Польшча) — беларускі вайсковы і грамадзкі дзяяч. Удзельнік Слуцкага збройнага чыну 1920 году, праваслаўны сьвятар.
Антон Сокал-Кутылоўскі лац. Anton Sokał-Kutyłoŭski | |
А. Сокал-Кутылоўскі падчас навучаньня ў Пецярбурскім унівэрсытэце, 1910-я гг. | |
Род дзейнасьці | вайсковы дзяяч, сьвятар |
---|---|
Дата нараджэньня | 7 лютага 1892 |
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 7 сакавіка 1983 (91 год) |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | вайсковец |
Бацька | Андрэй Сокал-Кутылоўскі |
Нарадзіўся ў сям’і беларускага шляхціча Андрэя Сокала-Кутылоўскага, якая жыла ў фальварку Перавалокі-Дарагішча (пазьней — Чырвоная Горка), на левым беразе ракі Лань непадалёк вёскі Чудзін (сёньня — Ганцавіцкі раён), на паўдарозе ад Вялікіх Чучавічаў да Вызны (Краснай Слабады).
У 1910 годзе скончыў Панявескую настаўніцкую сэмінарыю. Працаваў настаўнікам на землях сучаснае Летувы. З 1913 па 1915 год у Петраградзе навучыўся на палітэхнічных курсах, дзе атрымаў спэцыяльнасьць «тэхнік сельскага вагнестойкага будаўніцтва». Скончыў ґеаграфічны факультэт Пецярбурскага ўнівэрсытэту ў 1914.
У 1915 годзе пакліканы ў расейскую армію. Юнтэр-афіцэр, Харунжы (прапаршчык). У 1916 годзе пасьля сканчэньня Казанскае вайсковае вучэльні, скіраваны падпаручнікам на фронт Першае сусьветнае вайны. Браў удзел у баёх каля Вільні і ў Галіцыі. Капітан. Узнагароджаны Георгіеўскім крыжом.
Пасьля Лютаўскае рэвалюцыі 1917 году жыў у радовым фальварку. У жніўні 1918 году накіраваўся ў войска ґенэрала Дзянікіна ў Растоў-на-Доне. Ваяваў у ягоных частках з жніўня 1918 году да студзеня 1919 году. Пасьля йзноў павярнуўся дахаты. Пакліканы ў Чырвоную армію напачатку 1919 году. Прызначаны на працу ў Слуцку пры Ваенным камісарыяце, адкуль праз 2 месяцы дэзэртаваў. У красавіку 1919 году накіраваўся ў Эстонію ў Паўночны корпус (нямецкага) войска Юдзеніча, дзе ваяваў да ліпеня 1920 году. Даводзіў ротай пад Петраградам. Пасьля паразы Юдзеніча да лета 1920 году жыў у Эстоніі, бяз працы й грошай. Улетку 1920 году здолеў прыехаць у Гарадзею, дзе на той час жыла ягоная жонка.
Браў удзел у Слуцкім збройным чыне 1920 году. Спачатку даводзіў 2-м батальёнам у 1-м Слуцкім палку, 2 сьнежня 1920 году прызначаны на даводжаньне 1-е Слуцкае брыгады з наданьнем яму «тымчасова дыктатарскіх паўнамоцтваў».
17 снежня аґенты польскага ґенштабу на чале зь Якубецкім здзейснілі спробу перавароту ў ягонае брыгадзе, адхіліўшы яго ад даводжаньня брыгадай. Нягледзячы на гэта Сокал-Кутылоўскі працягваў даводзіць брыгадаю.
Пасьля ліквідацыі Збройнага Чыну перайшоў разам з жаўнерамі савецка-польскую мяжу й да траўня 1921 году знаходзіўся ў ляґеры інтэрнаваных.
Захоўваў у сябе да 1921 году архіў Слуцкае брыгады. Пасьля перавёз яго ў Вільню й перадаў Браніславу Тарашкевічу.
Таксама ён зьберагаў Сьцяг Першага Слуцкага Палку. Улетку 1921 году хацеў перадаць сьцяг на захаваньне ў царкву Пінскаму Біскупству Панцеляйману (Ражноўскаму), які, хацяж быў адхілены ад кіраваньня япархіяй, служыў на той час у Наваградку, але апошні адмовіўся яго браць. Сьцяг у Сокал-Кутылоўскага сканфіскавала польская паліцыя ў 1931 годзе падчас ператрусу.
24 чэрвеня 1921 году высьвечаны біскупам Панцялейманам (Ражноўскім) на праваслаўнага сьвятара. У міжваенны пэрыяд працаваў у парафіях Наваградзкага й Слонімскага паветаў (вёска Вострава) і настаўнічаў у школе. Быў прызначаны Дзятлаўскім дабрадзейным. Выказваўся за ўжываньне беларускай мовы ў богаслужэньнях Праваслаўнае Царквы, спрычыніўся да пабудовы храму ў мястэчку Лыскаве.
Супрацоўнічаў з Тымчасовай беларускай Радай, якая што прытрымлівалася антыкамуністычных пазыцыяў. На што зьезьдзе што быў пакліканы Радаю ў Вільні 26-28 чэрвеня 1926 году меў выступ з дакладам з рэліґійных пытаньнях. Быў абраны ў склад сябраў Беларускае нацыянальнае рады.
Пасьля далучэньня Заходняе Беларусі да БССР спыніў сьвятарскае служэньне ды распачаў працу як тэхнік на будоўлі ў Баранавічах. Зарыштаваны НКУС БССР 19 чэрвеня 1941 году. Быў зьмешчаны ў камэру сьмяротнікаў баранавіцкае турмы Крывое кола. Пасьля нападу немцаў на СССР вызваліўся зь вязьніцы — здолеў ўцячы з падпаленае турмы. Жонка зь ягонымі дзецьмі былі высланыя зь Беларусі.
Да кастрычніку працаваў у Баранавічах у гарадзкой управе памочнікам загадчыка адзьдзелу сацыяльнага забясьпечэньня. Ад пачатку кастрычніку 1941 году да лета 1944 году быў інспэктарам беларускіх школаў у Ганцавічах. Зьяўляўся кіраўніком камітэту Беларускае самапомачы ў Ганцавічах. Подле сьведчаньняў — сябра антысавецкае Беларускае Незалежніцкае Партыі[1]. У 1944 годзе — намесьнік прэзыдэнта БЦР па Ганцавіцкай акрузе. Удзельнік Другога Ўсебеларускага кангрэсу.
Улетку 1944 году зьехаў у Прагу, пасьля ў Нямеччыну. Выкладаў у школе афіцэраў БКА, падпалкоўнік. 18 красавіка 1945 году — даводзіў 1-ым беларускім палком. Разам з дывізыяй «Беларусь» на заходнім фронце здаўся амэрыканцам. 30 красавіка 1945 году зарыштаваны савецкай контарвыведкай «СЬМЕРШ» у ляґеры для рэпатрыянтаў, вывезены ў СССР.
З 1945 году да лістапада 1947 году — у Паўночнапячэрскім ляґеры. 27 кастрычніка 1947 году яго справу запатрабавала УНКГБ па Пінскае вобласьці. 20 красавіка 1948 году Вайсковым трыбуналам войскаў Міністэрства ўнутраных справаў Беларускае вайсковае акругі асуджаны да 25 гадоў зьняволеньня на падставе артыкулаў 63-1 і 64 Крымінальнага Кодэксу БССР, пазбаўлены ў правох на 5 гадоў без канфіскацыі маёмасьці празь ейную адсутнасьць[2]. Амніставаны ў лістападзе 1957 году.
Празь нейкі час жыў у стрыечнае сястры ў Ганцавічах пад наглядам спэцслужбаў. Выехаў на сталае жыхарства ў Шчэцін (Польшча), дзе жыла ягоная дачка. Тамака памёр і пахаваны на Цэнтральных могілках. (спачатку на Cmentarz Centralny(pl), nr. kwatery 72b, rząd 13, nr. grobu 6, пазьней быў перапахаваны на Cmentarz Centralny, nr. kwatery 84i)[3].
Пакінуў ўспаміны пра Слуцкае паўстаньне.
Да 90-годзьдзя БНР была выдадзеная паштоўка з выявай Сокала-Кутылоўскага ў зборы паштовак «Берасьцейцы — дзеячы БНР».
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.