Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Андрэй Саковіч (? — 1465) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Староста троцкі (1433—1440), намесьнік смаленскі (1440) і полацкі (1444—1457), ваявода троцкі (з 1458).
Герб Памян | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Памёр | 1465 |
Род | Саковічы (род) |
Бацькі | Станіслаў Сак |
Дзеці | Багдан, Юры, Міхал, Ганна |
Валодаў часткай Немянчынскай воласьці, Дубравам ў Менскім павеце, Соламі і Мядзелам у Ашмянскім павеце ды іншымі маёнткамі агульнай колькасьцю каля 500 дымоў.
Варыянты імя ў гістарычных крыніцах: Andree Sakowicz[1], Andree Sakowycz[2] (Andreas Sakowicz[3]; 1 верасьня 1431 году); Andruskonis Szakovicz [sigilla] (20 студзеня 1433 году)[4]; Andrusko Sakowicz Dubinensis [capitanei] (27 лютага 1434 году)[5]; Andruschkone Sakowicz (1441 год)[6]; панъ Ондрей Сакович (1441—1443 гады[7], 8 студзеня 1452 году[8]); Andreas Sakouicz (3 лютага 1443 году)[9]; Andruschko Sakowicz (21 лютага 1457 году)[10]; Андреи Сакович[3].
Зь літоўскага баярскага роду, сын Станіслава Сака гербу Памян, старосты дубінскага. Меў братоў Васіля, Яна, Станіслава, Алехну, Пятра і Фёдара.
Быў старостам троцкім у 1433—1440 гадох, намесьнікам смаленскім у 1440 годзе і полацкім у 1444—1457 гадох, ваяводам троцкім з 1458 году.
У час «Смаленскай замятні» 1440—1442 гадоў мусіў пакуніць места. Па здушэньні бунту вярнуўся ў Смаленск у якасьці намесьніка. У 1445 годзе быў адным з водцаў літоўскага войска ў пераможнай бітве з маскоўскім войскам пад Сухадровам. Выконваў розныя дыпляматычныя даручэньні. У 1432 і 1451 гадох браў удзел у перамовах з Тэўтонскім ордэнам. У 1453 годзе ў складзе пасольства наведаў Чэхію.
9 чэрвеня 1434 году зрабіў наданьне Віленскай катэдры, а 3 лютага 1443 году — парафіяльнаму касьцёлу ў Груздаве. 21 лютага 1457 году выдаў дароўную грамату для заснаванага ім парафіяльнага касьцёла ў Мядзеле.
Няма зьвестак пра імя і паходжаньне жонкі. У шлюбе нарадзіліся дзеці:
У сваёй лацінамоўнай грамаце 1434 году ўпамінаў жыхароў Сьвянцянаў Войтку, двух Мікітаў, Кузьму Сямашыча (Cusma Semaszicz), Кастуся Пуршку (Costhus alius Purschka) ды іншых. Некаторыя зь іх былі ўдзельнікамі суполак бортнікаў, якія «па-народнаму» называліся «сябрылы» (alias sabrili); супольнік такой сябрылы называўся «сябрыч» (alias sabricz)[11]. У сваёй грамаце 1443 году надаваў касьцёлу ў Груздаве ральлю на чатыры «сахі» (terram arabilem ad quatuor aratra alias sochi), называную Сінякоўскай (dictam Synakowska), а таксама ўпамінаў загароджу на рацэ Бярэзіне, якая «па-народнаму» называлася «яз»[a] (obstaculum alias yaz)[14]. У сваім наданьні касьцёлу ў Мядзеле, складзеным у 1457 годзе, упамінае народныя словы і выразы «ўшадкі» мёду (vszadki mellis), «зь язам» (alias z jazem), «чэлядзь» (alias czeladzi), «пашня» (pasznia), «зь дзяльніцы нашай»[b] (z dzielnice naszy)[15]. Гэта адпавядае многім іншым тагачасным лацінскім граматам літоўскіх князёў і баяраў, дзе з азначэньнем «народны» («гутарковы») падаваліся менавіта беларускія словы[16].
Да акту Чартарыйскага замірэньня (1431 год) прывесіў пячаць з лацінамоўным гатычным надпісам[1]:
∗ s ∗ …ow…
Да акту Гарадзенскай умовы (1434 год) прывесіў пячаць з рускім надпісам[17][18].
ПЕЧАТЬ АНДРИ САКОВЧ
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.