Remove ads
беларускі журналіст From Wikipedia, the free encyclopedia
Андрэ́й Мікала́евіч Мукаво́зчык (нар. 1963, Новасыбірск, цяпер Расея) — публіцыст, прапагандыст рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі.
Андрэй Мукавозчык | |
Род дзейнасьці | прапагандыст |
---|---|
Дата нараджэньня | 13 чэрвеня 1963 (61 год) |
Месца нараджэньня | Новасыбірск, Расейская СФСР, СССР |
Месца вучобы | |
Занятак | калюмніст, прапагандыст |
Месца працы | |
Сябра ў | Саюз пісьменьнікаў Беларусі |
Узнагароды | Мэдаль «За працоўныя заслугі» (2021) Прэмія “Залатое пяро” Беларускага саюза журналістаў (2020) і іншыя |
Нарадзіўся ў расейскім Новасыбірску, вырас і жыве ў Менску. Скончыў фізычны факультэт БДУ[1].
З 1988 г. удзельнічаў у «Клюбе вясёлых і знаходлівых» (КВЗ)[2]. Узначальваў беларускае аб’яднаньне КВЗ, быў вядоўцам перадачаў КВЗ на Беларускім тэлебачаньні[3]. Зь ягонай дзейнасьцю быў зьвязаны канфлікт паміж беларускім КВЗ і расейскімі праваўладальнікамі[4][5]. Стварыў і вёў гумарыстычнае тэлешоў «Вот так шоу» на БТ[6].
Жанаты[2].
Пасьля 2010 г. стаў вядомым як калюмніст газэты «Советская Белоруссия».
Абвінавачваўся ў тым, што ў сваіх публікацыях дазваляў сабе ў агрэсіўнай і прымітыўнай форме абразы і прыніжэньне апанэнтаў А. Лукашэнкі, зьдзекі зь беларускай мовы і беларусаў, мізагіністычныя выказваньні[7][8][9][10] і антысэміцкія намёкі[11].
У 2017 годзе актывіст Мікола Дзядок падаў у суд на газэту «Советская Белоруссия», патрабуючы абароны гонару і годнасьці, а таксама кампэнсацыі маральнай шкоды за выказваньні, якія зьмяшчаліся ў артыкуле аўтарства Мукавозчыка[12].
У ліпені 2020 г. Марыя Калесьнікава падала ў Генэральную пракуратуру, Міністэрства інфармацыі, Цэнтральную выбарчую камісію Беларусі, а таксама ў рэдакцыю газэты «Советская Белоруссия» заяву датычна публікацыяў А. Мукавозчыка, абвінавачваючы яго ў распальваньні сацыяльнай і палітычнай розьні, ілжывых абвінавачаньнях, недапушчальных выказваньнях і паклёпе ў дачыненьні да праціўнікаў А. Лукашэнкі. Паводле Калесьнікавай, Мукавозчык у сваіх публікацыях парушыў артыкулы 191, 188 і 189 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь[13].
У лістападзе 2020 году дацэнт катэдры мэдыялёгіі факультэту журналістыкі БДУ Інга Воюш правяла лінгвістычную экспэртызу 200 тэкстаў Мукавозчыка зь яго аўтарскае калёнкі «Накіпела» ў СБ за летні пэрыяд таго году, у якіх ён аналізаваў выбарчую кампанію, і даказала, што яго тэксты ўяўляюць сабой прапаганду. Адным зь інструмэнтаў, якім актыўна карыстаецца аўтар, стала так званая мова варажнечы(ru), ці рыторыка нянавісьці (убогія, зварʼяцелыя пацукі, здыхлятнікі, зграя інтэлектуальных бамжоў, клоўны навапаказанае рады й да т.п.)[10]. У ліпені 2022 году палітоляг Вольф Рубінчык зьвярнуў увагу на тое, што ў кнізе А. Мукавозчыка «Революция мокрых штанов» (Менск, 2021) былі сфальсыфікаваныя цытаты з Уладзімера Ляхоўскага і Ганны Севярынец; паводле ацэнкі Рубінчыка, кніга, вылучаная на атрыманьне Нацыянальнай літаратурнай прэміі, мае для культуры не нулявую, а адмоўную вартасьць[14].
У 2020-2021 гг. неаднаразова публікаваў пагрозы фізычнай расправы над палітычнымі ўцекачамі і актывістамі Мікалаем Халезіным і Натальляй Калядой[15], а таксама да рэпрэсіяў супраць іхных сваякоў, якія пражываюць у Беларусі[16]. Ухваляў разгром грамадзянскай супольнасьці і масавае закрыцьцё грамадзкіх арганізацый рэжымам Лукашэнкі[17].
У траўні 2020 г. атрымаў узнагароду «Залатое пяро» праўладнага Беларускага саюза журналістаў у намінацыі «Найлепшы аўтарскі праект у інтэрнэце і сацыяльных сетках»[18].
У студзені 2021 г. указам А. Лукашэнкі ўзнагароджаны мэдалём «За працоўныя заслугі»[19].
Мукавозчык станавіўся суб’ектам забароны на паездкі й замарожваньня актываў Эўрапейскім Зьвязам як частка сьпісу беларускіх чыноўнікаў, адказных за палітычныя рэпрэсіі, падтасоўку вынікаў галасаваньня й прапаганду[20]. Згодна з рашэньнем Эўрапейскай рады(be) ад 21 чэрвеня 2021 году, адзін з асноўных прапагандыстаў рэжыму Лукашэнкі, які друкуецца ў газэце «СБ. Беларусь сегодня», у сваіх артыкулах сыстэматычна нэгатыўна й зьневажальна, выкарыстоўваючы падробленую інфармацыю, піша пра дэмакратычную апазыцыю й грамадзянскую супольнасьць, зьяўляецца адной з асноўных крыніцаў прапаганды ў Беларусі, а атрыманыя ўзнагароды («Залатое пяро», «Залатая літара», «За працоўныя заслугі») сьведчаць пра падтрымку рэжыму Лукашэнкі й атрыманьне выгады ад яго[21]. З той жа фармулёўкай 7 ліпеня 2021 году Мукавозчык трапіў і ў санкцыйны сьпіс Швайцарыі[22][23]. 6 ліпеня да чэрвеньскага пакету санкцый ЭЗ далучыліся Альбанія, Ісьляндыя, Ліхтэнштайн, Нарвэгія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя[24]. 2 сьнежня Мукавозчык быў даданы і ў санкцыйны сьпіс Вялікабрытаніі[25].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.