Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Алякса́ндар Алякса́ндравіч Кавале́ня (нар. 14 сакавіка 1946 году, Капыль Менскай вобласьці, цяпер Беларусь) — беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук (2000), прафэсар (2004), Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2021), раней сябра-карэспандэнт (НАНБ; 2014). Акадэмік-сакратар аддзяленьня гуманітарных навук і мастацтваў НАНБ (2009)[2].
Аляксандар Аляксандравіч Каваленя | |
Дата нараджэньня | 14 сакавіка 1946 (78 гадоў) |
---|---|
Месца нараджэньня | Капыль, Менская вобласьць, Беларуская ССР, СССР |
Месца вучобы | Менскі дзяржаўны пэдагагічны інстытут (1975) |
Занятак | навуковец |
Навуковая сфэра | гісторыя |
Месца працы | Нацыянальная акадэмія навук Беларусі |
Вядомы як | Аўтар манаграфіі «Беларусь у гады Другой сусьветнай вайны (1939—1945)» (1996), кіраўнік Інстытуту гісторыі НАНБ (2004—2010) |
Сябра ў | Беларуска-германская гістарычная камісія[d][1] |
Навуковая ступень | доктар гістарычных навук[d] (2000) |
Навуковы кіраўнік | Аляксандар Мацко |
Узнагароды | |
Нарадзіўся ў сям’і дырэктара школы Аляксандра Емяльянавіча і хатняй гаспадыні Ганны Аляксандраўны Каваленяў, якія ў Другую сусьветную вайну былі савецкімі партызанамі. У сям’і было 6 дзяцей: 4 хлопцы і 2 дзяўчыны. У 1962 годзе, пасьля заканчэньня 9 клясаў школы, паступіў у Менскую прафэсійна-тэхнічную вучэльню (ПТВ) № 23. Скончыўшы ПТВ на выдатна, атрымаў спэцыяльнасьць сьлесара. Адначасна з ПТВ наведваў школу рабочай моладзі, якую закончыў у 1964 годзе. У сувязі з заняткамі аэраклюбе і радыёшколе яго накіравалі ў дэсантныя войскі Савецкага войска. У 1968 годзе, пасьля дэмабілізацыі з войска ў званьні сяржанта, уладкаваўся на будоўлю ў Менску. У 1970 годзе паступіў на гісторыка-геаграфічны факультэт Менскага дзяржаўнага пэдагагічнага інстытуту (МДПІ). Падчас летніх вакацыяў працаваў у студэнцкіх будаўнічых атрадах у Карэліі і Сыбіры (Расейская СФСР), на будоўлях Беларусі. Некалькі разоў абіраўся выкладнікамі старшынём прафсаюзнага бюро факультэту. У 1974—1979 гадах узначальваў студэнцкі прафсаюзны камітэт інстытуту. У 1973 годзе ажаніўся з Тамарай Кузьмінічнай. У 1975 годзе нарадзілася дачка Алена[2].
У 1979 г. стаўся асьпірантам катэдры гісторыі КПСС МДПІ. У 1983 годзе пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук і прафэсара Аляксандра Мікалаевіча Мацко абараніў кандыдацкую дысэртацыю на тэму «Ідэйна-палітычная праца падпольных партыйных арганізацыяў КП(б)Б у партызанскіх зонах». Са сьнежня 1982 году працаваў на пасадзе асыстэнта катэдры гісторыі КПСС МДПІ. У траўні 1987 году абраўся на пасаду дацэнта катэдры. У 1983—1991 гадах быў чальцом Рэспубліканскай каардынацыйнай рады распрацоўкі праблемаў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. З 1987 г. удзельнічаў у распрацоўцы дзяржаўных праграмаў фундамэнтальных дасьледаваньняў нацыянальнай гісторыі Беларусі ў супрацы з аддзелам ваеннай гісторыі Інстытута гісторыі НАНБ. У 1994 годзе атрымаў залічэньне ў дактарантуру. У 1996 годзе абраўся загаднікам катэдры айчыннай і сусьветнай гісторыі Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка (БДПУ). Утварыў на катэдры асяродак вывучэньня і папулярызацыі гісторыі Другой сусьветнай вайны[2].
Яго манаграфію «Беларусь у гады Другой сусьветнай вайны (1939—1945)» (Мн., 1996) адзначылі прэміяй і Дыплёмам ляўрэата конкурсу БДПУ імя Максіма Танка за 1997 год. У 2000 годзе абараніў доктарскую дысэртацыю пад кіраўніцтвам прафэсара Аляксандра Мацко па тэме сваёй манаграфіі «Прагерманскія саюзы моладзі на Беларусі. 1941—1944. Вытокі. Структура. Дзейнасьць» (Мн., 1999). У 2004 годзе яму прысвоілі навуковае званьне прафэсара. На даручэньне Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь падрыхтаваў навучальна-мэтадычны комплекс «Вялікая Айчынная вайна савецкага народу (у кантэксьце Другой сусьветнай вайны)» (Мн., 2006—2009) у складзе праграмы, падручнікаў для ВНУ і сярэдніх агульнаадукацыйных установаў, даведніка, рабочага сшытака, хрэстаматыі і дапаможніка для настаўніка. У 2005—2006 гадах падручнікі навучальна-мэтадычнага комплесу адзначылі адмысловымі дыплёмамі на агульнабеларускіх конкурсах «Мастацтва кнігі»[2].
У 2004—2010 гадах працаваў кіраўніком Інстытуту гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. На сваёй пасадзе дасягнуў выкананьня Дзяржаўнай комплекснай праграмы навуковых дасьледаваньняў на 2006—2010 гг. «Гісторыя беларускай нацыі, дзяржаўнасьці і культуры», адчыніў Археалягічную навукова-музэйную экспазыцыю аб гісторыка-культурнай спадчыне Беларусі, правёў абнаўленьне музэю гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і музэю прыроды і гісторыі Нацыянальнага парка «Белавеская пушча», а таксама распрацаваў навуковую канцэпцыю Нацыянальнага гістарычнага музэю Рэспублікі Беларусь. У лютым 2009 г. атрымаў прызначэньне акадэмікам-сакратаром Аддзяленьня гуманітарных навук і мастацтваў НАНБ і ўвайшоў у склад Прэзыдыюма НАНБ[2].
На 2011 год выдаў каля 40 асабістых і калектыўных манаграфіяў, падручнікаў і навучальных дапаможнікаў, больш за 300 навуковых артыкулаў. Выступаў навуковым рэдактарам і рэцэнзэнтам больш чым 60 манаграфіяў, навуковых зборнікаў, навукова-мэтадычных дапаможнікаў, падручнікаў і дысэртацыйных працаў. Падрыхтаваў 4 кандыдаты навук і 8 магістраў. У 2005 г. узначаліў раду па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысэртацыяў у Інстытуце гісторыі НАНБ. Быў навуковым рэдактарам і чальцом рэдакцыйных калегіяў і саветаў часопісаў «Даклады Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», «Весьці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Сэрыя гуманітарных навук», «Архівы і справаводства», «Беларуская думка», «Беларускі гістарычны часопіс», «Гісторыя праблемы выкладаньня», «Гістарычная прастора. Праблемы гісторыі краін СНД» і «Нёман». Браў удзел у больш чым 130 навуковых канфэрэнцыях, кангрэсах, сімпозіюмах і «круглых сталах». Выступаў арганізатарам каля 90 зь іх[2].
У 2002—2003 гадах адзначаўся Пасьведчаньнем Спэцыяльнага фонду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь за асабісты ўклад у разьвіцьцё здольнасьцяў таленавітай моладзі. У 2002 г. узнагароджваўся знакам «Выдатнік адукацыі». У 2006 годзе — мэдалём Францішка Скарыны. У 2009 г. — Падзякай Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і Ганаровай граматай НАНБ. У 2006 г. стаўся сапраўдным чальцом Міжнароднай славянскай акадэміі адукацыі імя Яна Каменскага за ўклад ва ўмацаваньне адзінства славянскіх народаў[2].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.