Remove ads
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Капы́ль — места ў Беларусі, на рацэ Мажы. Адміністрацыйны цэнтар Капыльскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 9489 чалавек[1]. Знаходзіцца за 120 км ад Менску, за 9 км ад чыгуначнай станцыі Цімкавічы (лінія Баранавічы — Асіпавічы).
Капыль лац. Kapyl | |||||
Панарама Капылю з Замчышча | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1274 | ||||
Магдэбурскае права: | 27 жніўня 1652 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Менская | ||||
Раён: | Капыльскі | ||||
Вышыня: | 210 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: | 9489 чал. (2018)[1] | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 1719 | ||||
Паштовыя індэксы: | 223910, 223927 | ||||
СААТА: | 6228501000 | ||||
Нумарны знак: | 5 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 53°9′0″ пн. ш. 27°5′30″ у. д. | ||||
± Капыль | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Капыль — магдэбурскае места гістарычнай Случчыны (частка Наваградчыны), колішняя сталіца ўдзельнага княства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла, помнік архітэктуры XIX ст., часткова зруйнаваны савецкімі ўладамі.
На думку географа Вадзіма Жучкевіча, аснова тапоніму Капыль ужывалася для пазначэньня адной з прыладаў апрацоўкі зямлі накшталт матыкі або кіркі. У беларускай мове слова «капыл» захавалася галоўным чынам для пазначэньня верхняй часткі шавецкай калодкі, а часам аднаго з тыпаў малатка (балтыйскае kople). Захавалася і мянушка Капыл — 'упарты, незгаворлівы чалавек'[2].
Тым часам, паводле папулярнага меркаваньня, назва Капыль утварылася ад слова «капыльле» — 'поле, апрацаванае матыкай'[3]. Аднак некаторыя дасьледнікі мяркуюць, што назва паселішча ўтварылася ад слова «капальня» — часткі паганскай бажніцы[4].
Першы пісьмовы ўпамін пра Капыль зьмяшчаецца ў Галіцка-Валынскім летапісе з нагоды вайны галіцкага і холмскага князя Льва зь літоўскім князем Трайдзенам і датуецца 1274 годам[5].
Непадалёк ад сучаснага месца ёсьць гарадзішча, якое ў VIII—XI стагодзьдзях належала дрыгавічам. У XI—XIII стагодзьдзях тут разьмяшчаўся дзядзінец, дзе жыў князь з сваёй дружынай.
У 1320-я гады Капыль далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. У XIV—XVIII стагодзьдзях на тэрыторыі гарадзішча (у цэнтры сучаснага места) існаваў драўляны замак. У 1395 годзе Капыль стаў цэнтрам княства ў валоданьні Алелькавічаў. У 1439 годзе сын вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча намесьнік літоўскі Міхал збудаваў тут драўляны касьцёл (у 1859 годзе на ягоным месцы ўзьвялі новы мураваны[6]). У 1506 годзе слуцкія і капыльскія баяры, якіх сабрала князёўна Анастасія, разьбілі тут крымскіх татараў, што адыходзілі па разгроме пад Клецкам.
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Капыль увайшоў у склад Наваградзкага ваяводзтва. У 1508 годзе, учыніўшы фэўдальны мяцеж, места захапіў Міхал Глінскі, які аднак ня здолеў узяць замак. За часамі паўстаньня С. Налівайкі 25 лістапада 1595 году каля Капылю адбыўся бой паміж казацкім загонам на чале з палкоўнікам Марцінкам і войскай К. Радзівіла, у якім Марцінак загінуў, а казакі адступілі. У канцы XVI ст. дзеялі кальвінскі збор і царква.
У 1612 годзе па сьмерці апошняй прадстаўніцы роду Алелькавічаў, князёўны Соф’і, Капыль перайшоў да Радзівілаў. 27 жніўня 1652 году кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў месту Магдэбурскае права і герб: «у залатым полі чорны паляўнічы рог»[7]. Ад гэтага часу жыхары абіралі магістрат з 2 бурмістраў, 4 радцаў, мескага пісара, войта і 4 лаўнікаў. Апроч таго, яны атрымалі на кірмашы і штотыднёвыя таргі ў пятніцы. У XVII ст. дзеяла 6 цэхаў: шавецкі, кравецкі, шапачны, рэзьніцкі і ганчарны. У 1695 годзе паміж аддзеламі Сапегаў і Радзівілаў адбыліся баі за валоданьне Капылем. У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) пажар зьнішчыў у месьце больш за 60 дымоў.
У 1732 годзе адзін з жыхароў Капылю — Якаў Кісель — азначаецца як «стараліцьвін»[8]. У сярэдзіне XVIII ст. у месьце было 12 вуліцаў, 136 дымоў хрысьціян і 53 — юдэяў. На 1750 год упамінаюцца 244 рамесьнікі, 98 краўцоў, 55 ткачоў, 39 прадзільніц, 7 апрацоўнікаў мэталаў (разам 20 прафэсіяў). У 1791 годзе Капыль увайшоў у склад Случарэцкага павету[5].
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Капыль апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Слуцкім павеце. На 1795 год у месьце дзеялі 2 касьцёлы і царква, працавалі 3 млыны і карчма. На 1800 год — 175 двароў. Пазьней статус паселішча панізілі да мястэчка, якое ў 1832 годзе перадалі ў валоданьне Вітгенштэйнам. У 1833 годзе па судовым працэсе, распачатым жыхарамі Капылю, іх вызналі асабіста вольнымі, але зямлю пакінулі ў валоданьні зямяніна. На 1859 год у мястэчку было 257 двароў, дзеялі касьцёл, царква, збор і 2 юдэйскія малітоўныя дамы, працавалі 2 вадзяныя млыны і 6 крамаў. На 1861 год — 357 двароў, у 1886 годзе дзеялі касьцёл, царква і збор, працавалі 4 юдэйскія малітоўныя школы, бровар, млын, 6 заезных дамоў, 87 крамаў.
Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Капылі дзеялі касьцёл, царква, кальвінскі збор і 2 юдэйскія малітоўныя дамы; працавалі 3 школы (у тым ліку 2 жыдоўскія), бровар, 2 млыны, 3 ганчарныя заводы, прадпрыемства прахаладжальных напояў, 92 крамы, аптэка, заезны дом, 7 корчмаў. На 1909 год — 1178 двароў. Улетку 1911 году ў мястэчку з спэктаклем выступіла трупа Ігната Буйніцкага.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Капыль занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Капыль абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары мястэчка атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[9]. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Капыль увайшоў у склад Беларускай ССР. У жніўні 1919 — ліпені 1920 году мястэчка займала польскае войска. У 1924 годзе Капыль стаў цэнтрам раёну БССР, тут працавалі меская бібліятэка, тэатар, народны дом, лякарня, аптэка, 7-гадовая школа. На 1926 год у мястэчку працавалі сыраварны і цагляны заводы, ганчарная і шавецкая арцелі. У 1930-я гады тут працавалі млын зь лесапілкай, торфазавод, хлебапякарня, маслазавод, друкарня, шавецкая, кравецкая, сталярна-мэблевая і кавальская прамысловыя майстэрні, электрастанцыя. 27 верасьня 1938 году Капыль атрымаў афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу.
У Другую сусьветную вайну з 29 чэрвеня 1941 да 1 ліпеня 1944 году Капыль знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху.
29 красавіка 1984 году Капыль зноў атрымаў статус места. 8 лютага 2000 году афіцыйна зацьвердзілі гістарычны мескі герб.
У Капылі працуюць 6 дашкольных установаў, 3 сярэднія, 2 дзіцяча-юнацкія спартовыя школы, дзіцячая школа мастацтваў.
Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць лякарня і стаматалягічная паліклініка.
Дзеюць 2 бібліятэкі, цэнтар культуры.
Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
Зьмітра Жылуновіча вуліца | Пясецкая вуліца Царкоўная вуліца Сьвержанская вуліца[21] |
Камсамольская вуліца | Слабодзкая вуліца (частка) Дубніцкая вуліца (частка) |
Карла Маркса вуліца | Сьвержанская вуліца[22] |
Леніна плошча | Рынак пляц |
Максіма Горкага вуліца | Крыжовая вуліца[23] Какорыцкая вуліца[22] Клецкая вуліца (частка) Сьвержанскі завулак (частка) [21] |
Партызанская вуліца | Слуцкая вуліца |
Пралетарская вуліца | Задні Роў вуліца[23] Садовая вуліца[22] Затыльная вуліца[21] |
Пушкіна вуліца | Сьвержанскі завулак[21] |
Савецкая вуліца | Ходзькаўская вуліца Нясьвіская вуліца |
Трактарная вуліца | Броварная вуліца |
З урбананімічнай спадчыны Капылю да нашага часу гістарычную назву захавала толькі вуліца Замкавая. Паводле пляну 1-й паловы XIX ст. Менская вуліца называлася Пясецкай[21].
У Капылі існавалі гістарычныя мясцовасьці: Яцкоўшчына, Засьценак, Малая Байкоўшчына, Вялікая Байкоўшчына, Шусьціна, Салаўёўшчына, Грыцава гара, Падзамча, Клебаншчына, Каменшчына, Старына, Рэпішкі.
Прадпрыемствы харчовай, дрэваапрацоўчай прамысловасьці.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Капылю |
---|
|
Дзее Капыльскі краязнаўчы музэй. Спыніцца можна ў гатэлі «Капыль»[24].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.