From Wikipedia, the free encyclopedia
«Przegląd Wileński» (па-беларуску: «Віленскі агляд») — часопіс выдаваўся з 12 студзеня 1912 году да 6 кастрычніка 1938 году ў Вільні на польскай мове зь перапынкам з 11 верасьня 1915 г. да 1 лістапада 1921 году. Была пэрыядычным штотыднёвым або двутыднёвым выданьнем краёўцаў-дэмакратаў.
Przegląd Wileński | |
Тэматыка | літаратура, культура |
---|---|
Пэрыядычнасьць | штотыднёвая, двутыднёвая |
Адрас | Вільня, Татарская 1-13; |
Галоўны рэдактар | Людвік Абрамовіч (па-польску: Ludwik Abramowicz) |
Дата заснаваньня | 12 студзеня 1912 |
Дата закрыцьця | 29 жніўня (11 верасьня) 1915 і 1938 |
Мова | польская |
Аб’ём | 16 старонак |
Тэматыка публікацыяў была разнастайная: дачыненьні паміж польскай, летувіскай і беларускай супольнасьцямі, габрэйскае пытаньне, сацыяльна-эканамічныя працэсы ў жыцьці краю, дзейнасьць польскіх дэпутатаў у Дзяржаўнай Думе Расеі, польскае палітычнае і культурнае жыцьцё. Ідэалёгія выданьня грунтавалася на памкненьні абараніць інтарэсы ўсяго грамадзтва й краёвасьці як прызнаньні літоўска-беларускіх зямель за асобны край са сваімі адметнымі інтарэсамі. У 1913—1914 гг. газэта пачала падтрымліваць ідэю незалежнасьці Польшчы. На пачатку Першай сусьветнай вайны «Przegląd Wileński» падзяляў незалежніцкія пазыцыі Юзэфа Пілсудзкага.
Рэдакцыяй кіравалі: Людвік Абрамовіч, Вітольд Абрамовіч, Ян Баеўскі, Зоф’я Астахевіч, Станіслава Студніцкая.
Зь 1 лістапада 1921 г., калі Вільня была сталіцай «Сярэдняй Літвы», Абрамовіч аднавіў выданьне польскамоўнай газэты «Przegląd Wileński», стаў яе рэдактарам і стала працягваў даваенныя традыцыі краёўцаў-дэмакратаў, не зважаючы ўвагу на дамінаваньне на Віленшчыне этнічных нацыяналізмаў у культурных і палітычных працэсах. Ён зьбіраўся яднаць вакол рэдакцыі людзей, якія ставілі агульныя інтарэсы «краю» вышэй за нацыянальны эгаізм. Нявызначанасьць лёсу Віленшчыны дазваляла спадзявацца на аднаўленьне ідэяў «краёўцаў» аб талерантнасьці й роўнасьці, у чым Людвік Абрамовіч ускладаў надзеі на Юзэфа Пілсудзкага, які напачатку аб’яўляў прынцыпы фэдэралізму пры ўладкаваньні Другой Рэчы Паспалітай. Менавіта словы Юзэфа Пілсудзкага «вольныя з вольнымі, роўныя з роўнымі», агучаныя ў вызваленай ад бальшавікоў Горадне, сталі своеасаблівым дэвізам газэты «Przegląd Wileński». На старонках газэты Людвік Абрамовіч канстатаваў, што на зьмену расейскаму вялікадзяржаўнаму шавінізму, які панаваў у часы Расейскай імпэрыі, прыйшоў польскі нацыяналізм, а сытуацыя ў «Сярэдняй Літве», дзе быў моцным уплыў польскіх «эндэкаў», ахарактарызавалася як зьдзек з ідэалаў свабоды, роўнасьці і братэрства[1].
Пасьля прызнаньня Лігай народаў усходніх межаў Польскай Рэспублікі ў сакавіку 1923 г., Людвік Абрамовіч канстатаваў у лістападзе 1923 г., што асноўнай задачай яго газэты стала «змаганьне супраць нацыяналізму, які ператварае наш Край у пляцоўку для цэнтралістычных і ўніфікацыйных экспэрымэнтаў». Рэдакцыя газэты «Dziennik Wileński» лічыла краёвасьць выклікам польскасьці й здрадай нацыянальных інтарэсаў і пастаянна абвінавачвала Людвіка Абрамовіча і ягоную газэту ў «антыпольскасьці». На старонках газэты рэгулярна выступалі прадстаўнікі няпольскіх этнічных групаў, маючы ўнікальную мажлівасьць праз польскамоўнае пэрыядычнае выданьне знаёміць грамадзкасьць з праблемамі міжэтнічных і міжкультурных дачыненьняў у паўночна-ўсходніх ваяводзтвах дзяржавы не ў пераказе варшаўскіх выданьняў, а праз паведамленьні і публіцыстыку дзеячаў мясцовых этнапалітычных і этнакультурных рухаў (польскага, беларускага, летувіскага і габрэйскага). Закраналіся вострыя праблемы беларускай і літоўскамоўнай школы; крытыкавалася палітыка каталіцкага празелітызму і пашырэньне ўжываньня польскай мовы ў касьцёле ў беларускамоўных мясцовасьцях; асуджаліся праявы антысэмітызму ў грамадзкім і палітычным жыцьці; выказваўся пратэст супраць беспадстаўных абвінавачваньняў беларускіх дабрачынных, культурніцкіх і нават рэлігійных арганізацыяў у вядзеньні прасавецкай прапаганды; асуджаўся эканамічны ціск мясцовых уладаў супраць беларускіх і літоўскіх гаспадарчых арганізацый[1].
Беларускую праблематыку прадстаўлялі на старонках выданьня дзеячы беларускага руху (за выключэньнем камуністаў і пракамуністычных групаў) і актыўна супрацоўнічалі зь ім. Яе пастаяннымі аўтарамі былі Францішак Аляхновіч[2], Канстанцыя Скірмунт, ксёндз Канстанцін Стаповіч[3], Альбін Стаповіч[4],, Радаслаў Астроўскі, ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, ксёндз Язэп Германовіч, Францішак Грышкевіч, ксёндз Адам Станкевіч[5], Станіслаў Станкевіч, Ян Пазьняк, а ў асаблівасьці — ксёндз Уладзіслаў Талочка[6][7][8] (у першай палове 1920-х гг.) і Антон Луцкевіч (у 1930-ыя гг.), у публікацыях якіх было шмат як аналізаў актуальных падзей, так і мінулых. Напрыклад, ксёндз Уладзіслаў Талочка ў сваіх артыкулах пісаў пра Ядвігіна Ш., Казімера Шафнагеля, Вацлава Ластоўскага, былы расейскі ўрад і беларускую мову, а Антон Луцкевіч — пра Эдварда Вайніловіча, Фэрдынанда Рушчыца, абмен Браніслава Тарашкевіча на Францішка Аляхновіча[9][10][11][12], Баляслаў Пачопка — успаміны пра рэдагаваньне газэты «Biełarus»[13] і г. д. У міжваенны пэрыяд (1918—1939) «краёвая ідэя» пастаянна прысутнічала ў беларускім руху Віленшчыны як альтэрнатыва даміноўным нацыянальным канцэпцыям. Нават прыхільнікі беларускай незалежнай дзяржавы мелі пэўную прывязанасьць да ідэі сувэрэнітэту «былога Вялікага Княства Літоўскага».
У 1920—1930-я гг. галоўнымі апанэнтамі адносна поглядаў, якія прапагандавала кола журналістаў і аўтараў газэты «Przegląd Wileński», сталі публіцысты віленскіх газэт «Słowo» (1922—1939) і «Kurier Wileński» (1923—1940).
У 1927 годзе газэта «Przegląd Wileński» стала ўласнасьцю суполкі акцыянэраў, у выдавецкі камітэт увайшлі Ян Крыўка, доктар Вітальд Лягейка, доктар Вітальд Славінскі, Яўсебі Лапацінскі, Канстанцыя Скірмунт і Віктар Талочка, але рэдактарам застаўся Людвік Абрамовіч[1].
У кастрычніку 1938 г. друк газэты быў спынены з-за хваробы рэдактара Людвіка Абрамовіча, што выклікала ў Вільні моцны розгалас і шкадаваньні нават з боку апанэнтаў. Людвік Абрамовіч памёр 9 сакавіка 1939 году й віленскія газэты надрукавалі пра яго нэкралёгі[14][15][16][17].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.