беларускі й польскі палітычны і грамадзкі дзяяч From Wikipedia, the free encyclopedia
Эдвард Антоні Леанард Вайніловіч (польск. Edward Woyniłłowicz; 13 кастрычніка 1847, маёнтак Сьляпянка каля Менску — 16 чэрвеня 1928, Быдгашч, Польшча) — беларускі й польскі палітычны і грамадзкі дзяяч.
Эдвард Вайніловіч, 1903 год | |
Герб «Вайніловіч» («Сыракомля адрозны») | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 13 кастрычніка 1847 Сьляпянка Менскага павету |
Памёр | 16 чэрвеня 1928 (80 гадоў) Быдгашч, Польшча |
Пахаваны | |
Род | Вайніловічы |
Бацькі | Адам Вайніловіч Ганна з Ваньковічаў |
Жонка | Алімпія з Узлоўскіх |
Дзеці | Алена, Сымон |
Дзейнасьць | палітык, мэцэнат |
Подпіс | |
Рэгаліі | |
Адзін з найбагацейшых абшарнікаў Меншчыны (маёнткі Савічы, Пузаў Цімкавіцкай воласьці Слуцкага павету і іншыя), фундатар некалькіх сакральных будынкаў, у тым ліку Сьвятых Сымона й Алены ў Менску.
Прадстаўнік старажытнага беларускага[1] шляхецкага роду Вайніловічаў гербу ўласнага — «Сыракомля адрозны», сын Адама і Ганны з Ваньковічаў. Гістарычна Вайніловічам належалі вялікія зямельныя ўладаньні ў Наваградзкім ваяводзтве, галоўным маёнткам былі Савічы ў Слуцкім павеце.
…я мушу адзначыць што быў наш род мясцовым, беларускім, гербу ўласнага… | ||
—Успаміны Эдварда Вайніловіча |
Нарадзіўся 13 кастрычніка 1847 году ў маёнтку Сьляпянцы пад Менскам, які належаў бацькам ягонай маці Эдварду Ваньковічу і Міхаліне з Манюшкаў. Немаўля назвалі ў гонар дзеда.
З мэдалём скончыў Слуцкую гімназію (1861). У 1865 годзе паступіў у Пецярбурскі імпэратарскі тэхналягічны інстытут, які скончыў ў 1869 годзе. А ў 1872 годзе стаў слухачом Сельскагаспадарчай акадэміі ў Прушкаве (Польшча). Праходзіў стажаваньне на заводах Нямеччыны і Бэльгіі[2], пазьней працаваў інжынэрам-тэхнолягам на Пуцілаўскім заводзе ў Пецярбургу.
Па сьмерці бацькі пераехаў у Савічы, дзе займаўся арганізацыя сельскагаспадарчай працы на аснове найноўшых дасягненьняў у гэтай галіне.
У 1883 годзе атрымаў прызначэньне на ганаровага міравога судзьдзю Слуцкага павету, а ў 1888 годзе абіраўся віцэ-старшынём Менскага Таварыства Сельскай Гаспадаркі. Старшынём арганізацыі афіцыйна мог быць толькі расеец, аднак Эдвард Вайніловіч фактычна кіраваў працай таварыства, пакуль забарону не скасавалі і ён не ўзначаліў таварыства.
Тройчы абіраўся ў расейскую Дзяржаўную Думу. У 1906 годзе — сябра Дзяржаўнага Савету Расеі ад Менскай губэрні. Адмовіўся ад прапанаванай Пятром Сталыпіным пасады віцэ-міністра сельскай гаспадаркі Расейскай імпэрыі[3]. У 1906—1909 гадох у Дзяржаўным савеце Расейскай імпэрыі быў сябрам фінансавай камісіі[4].
У 1882 годзе пабраўся шлюбам з Алімпіяй Узлоўскай. У сям’і нарадзілася двое дзяцей — Алена (1884—1903) і Сымон (1885—1897). Іх заўчасная сьмерць зрабілася для Эдварда Вайніловіча вялікай трагедыяй. У памяць пра сваіх дзяцей ён збудаваў на тагачасным ускрайку Менску касьцёл. Будаваньне касьцёла сьвятых Сымона й Алены ў Менску завершылася ў 1910 годзе.
Заснавальнік камітэту абароны жыдоў і татараў-мусульманаў у Клецку, тамака ж збудаваў сынагогу. Выступаў фундатарам ня толькі касьцёлаў, але і праваслаўных цэркваў.
Сымпатызаваў беларускаму руху, фінансава падтрымліваў яго, але будучы абшарнікам, земляўласьнікам, ня мог падтрымліваць тыя левыя погляды, якія дамінавалі ў беларускім руху таго часу.
Валодаючы беларускай мовай гэтак жа добра, як і польскай, і стала ўжываючы яе ў стасунках зь вясковымі працаўнікамі ў сваёй гаспадарцы, я некалькі дзесяцігодзьдзяў падтрымліваў бесьперапынны кантакт з усімі праявамі беларускага руху перадусім у Менску, дзе сустракаўся з Антонам Луцкевічам і Казімерам Кастравіцкім, пазьней у Вільні і Петраградзе з Вацлам Іваноўскім, Браніславам Шыпілам і г.д. Беручы ў беларускіх згуртаваньнях сякі-такі матэрыяльны ўдзел, урэшце мусіў зь іх штораз выходзіць, бо распачатая ў іх праца, спачатку ў кірунку самапазнаньня і нацыянальнага адраджэньня — «Лучынка», «Саха», «Загляне сонца і ў наша аконца» — у канцы заўжды прымала сацыялістычныя кірунак і лёзунгі, якім, насуперак сваім перакананьням, служыць я ня мог. | ||
—Успаміны Эдварда Вайніловіча |
У 1917 годзе працаваў у земскіх арганізацыях разам зь дзеячамі беларускага руху Аркадзем Смолічам і Раманам Скірмунтам, падтрымаў утварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Удзельнічаў у паседжаньнях Рады БНР. Даў наступную ацэнку гвалтоўнай палітыцы русіфікацыі Беларусі ўладамі Расейскай імпэрыі[5]:
…расейскі ўрад да таго русіфікаваў краіну, што, калі б яшчэ пару пакаленьняў прайшло праз народныя вучэльні, то беларуская мова зьнікла б цалкам, і Масква за паўтараста гадоў панаваньня зацерла б сьляды ўсіх завадовых адрозьненьняў. | ||
У 1918 годзе ва ўмовах акупацыі Нямецкай імпэрыяй ад імя мясцовых абшарнікаў выступіў з плянам аднаўленьня Вялікага Княства Літоўскага. Стварыў «Зьвяз абшарнікаў Менскай губэрні». У сьнежні 1918 годзе выехаў у Варшаву, быў адным з арганізатараў «Зьвязу палякаў зь беларускіх ускраінаў», які ў студзені 1919 году прапанаваў усталяваць мяжу Польскай Рэспублікі да Дняпра і Дзьвіны. У красавіку 1919 году ўдзельнічаў у пераўтварэньні «Зьвязу абшарнікаў Менскай губэрні» у «Зьвяз абшарнікаў у Літве і Беларусі ў Варшаве». У траўні 1919 году разам з В. і Л. Дубейкаўскімі стварыў у Варшаве «Польска-беларускае таварыства для культурнага і палітычнага супрацоўніцтва на Беларусі». У канцы жніўня 1919 выехаў у Менск, у верасьні вярнуўся ў маёнтак Савічы. Працягваў грамадзкую дзейнасьць у Слуцку, выяжджаў у Менск і Варшаву. У гэты час быў прыхільнікам незалежнай Беларусі ў зьвязе з Польшчай, выступаў супраць падзелу Беларусі палякамі і бальшавікамі.
Беларускі зьезд Случчыны, які ўзьняў Слуцкае паўстаньне, праходзіў 14 і 15 лістапада 1920 году ў доме Вайніловіча ў Слуцку[6].
Ваеннае ліхалецьце, Кастрычніцкі пераварот і Польска-савецкая вайна зрабіліся для Эдварда Вайніловіча часам новых выпрабаваньняў. 19—21 лютага 1918 году рэвалюцыйныя салдаты і падбухтораныя бальшавікамі сяляне навакольных вёсак учынілі жахлівы пагром Савічаў — радавой сядзібы Вайніловічаў.
Загінуў плён культурнай працы 11-ці пакаленняў, загінула ўсё, што мы зьбіралі ад сярэдзіны 16 стагодзьдзя ў начыньнях, партрэтах, прадметах мастацтва, а галоўнае, у дакумэнтах, упарадкаваных і скаталягізаваных так, як гэта бывае хіба толькі ў славутых дзяржаўных архівах | ||
—Успаміны Эдварда Вайніловіча |
Па адыходзе Случчыны пад кантроль бальшавікоў Эдвард Вайніловіч пакінуў Беларусь і пераехаў у польскі Быдгашч. Тут ён збудаваў вялікі дом для дзяцей-сіротаў, пакінутых і беспрытульных, і да канца свайго жыцьця апякаўся імі.
Эдвард Вайніловіч памёр ў Быдгашчы 16 чэрвеня 1928 году і быў пахаваны на мясцовых старафарных могілках. На надгробным помніку зьмясьцілі надпіс: «Traktatem ryskim z swej ziemi wygnany, deptać musiałem obce łany» (па-беларуску: Прагнаны з сваёй зямлі Рыскай дамовай, я мусіў хадзіць па чужых палёх).
У 2006 годзе з дазволу касьцельных уладаў, міністэрстваў замежных справаў Беларусі і Польшчы парэшткі Эдварда Вайніловіча былі перавезеныя з Быдгашча ў Менск. 11 чэрвеня 2006 году адбылося іх ўрачыстае перапахаваньне ля касьцёла сьвятых Сымона й Алены на Пляцы Незалежнасьці ў Менску.
У 2007 годзе касьцельная грамада зьвярнулася да менскіх гарадзкіх уладаў з прапановай перайменаваць вуліцу Берсана, што праходзіць побач з касьцёлам у вуліцу Эдварда Вайніловіча. У верасьні 2008 году вуліца была перайменавая, аднак Камуністычная партыя Беларусі выказала пратэст з гэтай нагоды, і неўзабаве Міністэрства юстыцыі скасавала пастанову Менгарвыканкаму[7].
Памятаючы пра маральныя і чалавечыя якасьці Эдварда Вайніловіча, Каталіцкі Касьцёл у Беларусі рыхтуе дакумэнты для яго бэатыфікацыі[8].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.