Танзанія
From Wikipedia, the free encyclopedia
Танзанія ці Аб’яднаная Рэспубліка Танзанія (на суахілі: Jamhuri ya Muungano wa Tanzania, па-ангельску: United Republic of Tanzania) — краіна ва Ўсходняй Афрыцы, у рэгіёне вялікіх афрыканскіх азёраў. На паўночным усходзе краіны знаходзіцца гара Кіліманджара, самая высокая гара ў Афрыцы. Краіна мае выхад да Індыйскага акіяна. На поўначы мяжуе з Кеніяй і Ўгандай, на захадзе з Руандай, Бурундзі і Дэмакратычнай Рэспублікай Конга. Эўрапейскі каляніялізм пачаўся з мацерыковай частцы Танзаніі ў канцы XIX стагодзьдзя, калі Нямецкая імпэрыя стварыла правінцыю Нямецкая Ўсходняя Афрыка, якая па выніках Першай сусьветнай вайны перайшла да Вялікабрытаніі. Мацерыковая частка працягвала сваё існаваньне як калёнія Танганьіка, у той час Занзыбар заставаўся пад асобнай каланіяльнай юрысдыкцыяй. Пасьля аб’яўленьня незалежнасьці абодвух калёніяў у 1961 і 1963 гадох, гэтыя дзьве структуры аб’ядналіся ў красавіку 1964 году ў адзіную краіну Танзанію. Назва краіны ўтвораная з пачаткаў назваў абодвух рэгіёнаў. У наш час гэтыя рэгіёны Танзаніі існуюць як фэдэрацыйныя рэспублікі.
Танзанія Jamhuri ya Muungano wa Tanzania United Republic of Tanzania | |||||
| |||||
Нацыянальны дэвіз: «Uhuru na Umoja» («Воля і адзінства») | |||||
Дзяржаўны гімн: «Mungu ibariki Afrika» | |||||
Афіцыйная мова | суахілі, ангельская | ||||
Сталіца | Дадома | ||||
Найбуйнейшы горад | Дар-эс-Салам | ||||
Форма кіраваньня | фэдэрацыйная рэспубліка Самія Сулуху Касім Маджаліва | ||||
Плошча • агульная • адсотак вады |
31-е месца ў сьвеце 945 203 км² 6,2 | ||||
Насельніцтва • агульнае (2016) • шчыльнасьць |
26-е месца ў сьвеце 55 572 201 46,3/км² | ||||
СУП • агульны (2020) • на душу насельніцтва |
74 месца ў сьвеце $163,598 млрд $1416 | ||||
Валюта | Танзанійскі шылінг (TZS) | ||||
Часавы пас | EAT (UTC+3) | ||||
Незалежнасьць — ад Вялікабрытаніі |
9 сьнежня 1961 | ||||
Дамэн верхняга ўзроўню | .tz | ||||
Тэлефонны код | +255 | ||||
Паводле падлікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў на 2016 год насельніцтва Танзаніі складала 55,57 млн чалавек[1]. Насельніцтва складаецца зь некалькіх этнічных, моўных і рэлігійных групаў. Дзяржава зьяўляецца прэзыдэнцкай канстытуцыйнай рэспублікай, у 1996 годзе афіцыйная сталіца была перанесена ў Дадома, дзе месьціцца рэзыдэнцыя прэзыдэнту, Нацыянальны сход і некаторыя ўрадавыя міністэрствы[2]. Дар-эс-Салам, былая сталіца, захоўвае большасьць урадавых установаў і зьяўляецца самым вялікім горадам краіны, галоўным портам і вядучым камэрцыйным цэнтрам[3][4]. Танзанія зьяўляецца дэ-факта аднапартыйнай дзяржавай з дэмакратычнай сацыялістычнай партыяй Чама-Ча-Мапіндузі на чале.
Паўночны ўсход Танзаніі ёсьць пераважна гарыстым і лясістым, тамака месьціцца і гара Кіліманджара. Тры зь Вялікіх азёраў Афрыкі часткова месьцяцца ў Танзаніі. На поўначы і захадзе знаходзіцца возера Вікторыя, самае вялікае возера ў Афрыцы, і возера Танганьіка, самае глыбокае возера на кантынэнце, вядомае сваімі ўнікальнымі відамі рыбаў. Усход краіны гарачы і вільготны, з усходняга боку ў Індыйскім акіяне каля берагу месьціцца востраў Занзыбар. Вадаспад Каламба, разьмешчаны на рацэ Каламба на мяжы з Замбіяй, зьяўляецца другім паводле велічыні бесьперапынным вадаспадам у Афрыцы[5]. Запаведнік Мэнай Бэй ёсьць самай вялікай ахоўнай марской зонай Занзыбару.
У Танзаніі размаўляюць больш чым на 100 розных мовах, што робіць краіну найбольш лінгвістычна разнастайнай ва Ўсходняй Афрыцы[6]. Краіна дэ-юрэ ня мае афіцыйнай мовы, хоць нацыянальнай мовай ёсьць суахілі. Суахілі выкарыстоўваецца ў парлямэнцкіх дэбатах, у судах ніжэйшай інстанцыі, а таксама ў сыстэме адукацыі пачатковай школы. Ангельская мова выкарыстоўваецца ў зьнешнім гандлі, у дыпляматыі, у вышэйшых судах, а таксама ў якасьці сродку навучаньня ў сыстэме сярэдняй і вышэйшай адукацыі[6], хоць урад Танзаніі плянуе спыніць выкарыстаньне ангельскай мовы ў якасьці мовы навучаньня ў цэлым[7]. Прыблізна 10 адсоткаў танзанійцаў размаўляюць на суахілі як носьбіты мовы, і да 90 працэнтаў выкарыстоўваюць яе ў якасьці другой мовы зносінаў[6].