From Wikipedia, the free encyclopedia
Сымона дэ Бавуар (па-француску: Simone de Beauvoir; 9 студзеня 1908 — 14 красавіка 1986) — француская філёзафка-экзыстэнцыялістка, пісьменьніца, ідэалягіня фэміністычнага руху. Сяброўка й аднадумка Жан-Поль Сартра (абодва былі супраць шлюбу).
Сымона дэ Бавуар | |
Simone de Beauvoir | |
Сымона дэ Бавуар, Жан-Поль Сартр, Чэ Гевара. Куба, 1960 | |
Імя пры нараджэньні | Simone-Ernestine-Lucie-Marie Bertrand de Beauvoir |
---|---|
Дата нараджэньня | 9 студзеня 1908 |
Месца нараджэньня | Парыж, Францыя |
Дата сьмерці | 14 красавіка 1986 (78 гадоў) |
Месца сьмерці | Парыж, Францыя |
Школа/традыцыя | экзыстэнцыялізм, фэмінізм, заходні марксізм |
Пэрыяд | філязофія XX стагодзьдзя |
Кірунак | фэмінізм, экзыстэнцыялізм |
Асноўныя зацікаўленасьці | палітыка, фэмінізм, этыка |
Значныя ідэі | фэміністычная этыка, экзыстэнцыялістычны фэмінізм |
Аказалі ўплыў | Жан-Поль Сартр |
Наступнікі | Юдзіт Батлер, Джэрміна Грыр |
Сайт | Інфармацыйная старонка (фр.) |
Творы ў [Wikiquote (анг.)|Вікікрыніцах] |
Тэарэтыца ня толькі фэмінізму, але й экзыстэнцыялізму. Нароўні з Сартрам, Камю й Мэрлё-Панці актыўна ўдзельнічала ў выпрацоўцы, станаўленьні й распаўсюджваньні атэістычнага экзыстэнцыялізму. Аўтарка шматлікіх эсэ, раманаў, навэляў, мэмуараў, у дадатак, таленавітая эпісталярніца. Сузаснавальніца часопісу «Новы час» (Les Temps modernes). Двухтомнае эсэ «Другі пол» (1949), якое было забаронена ў Ватыкане й СССР[1], хутка ператварылася ў сапраўдную біблію фэмінізму й сталася тэарэтычным штуршком да фэмінісцкай рэвалюцыі ў другой палове XX стагодзьдзя ў заходнім сьвеце[2].
Нарадзілася 9 студзеня 1908 у Парыжы, атрымала строгае буржуазнае выхаваньне, што апісана ў яе кнізе «Успаміны маладой прыстойнай дзяўчыны» (Mémoires d’une jeune fille rangée, 1958). Вывучала філязофію ў Сарбоне, дзе пазнаёмілася з будучым правадыром сучаснага экзыстэнцыялізму Жан-Полем Сартрам.
Размова аб дэ Бавуар будзе няпоўнай, калі не прыгадаць яе рэвалюцыйнай ролі ў адраджэньні фэмінізму ў XX стагодзьдзі — гэтая ейная заслуга. Хоць не яна вынаходніца фэмінізму, тым ня менш, на сучасным этапе менавіта яна надала яму вагі, увяла яго ў філязофскае рэчышча, стала асноўнай тэарэтыцай сучаснай фэмінісцкай думкі. Хаця, як зазначала сама філёзафка, яна ня думала аб такім шумлівым і скандальным водгульлі, калі пісала «Другі пол» (франц. Le Deuxième Sexe), бо яна проста спрабавала, між іншым па парадзе Сартра, патлумачыць жаночую загнанасьць і адсутнасьць у гісторыі. І ёй удалося — на гэтым эсэ вырасьлі некалькі генэрацыяў францускіх кабетаў, якія так і называліся «генэрацыі Бавуар». Але ня толькі францужанкі ўдзячныя ёй, іншыя эўрапейкі й паўночныя амэрыканкі, калі твор зьявіўся на іншых мовах, пачалі з новай сілай змагацца за вызваленьне ад прыгнёту — палітычнага й побытавага адначасова. Сымона дэ Бавуар часта ўспрымаецца як маці сучаснага фэмінізму. Сама пісьменьніца ніколі не дыстанцыянавалася ад фэмінізму, а, наадварот, усяляк падкрэсьлівала сваю схільнасьць, а таксама схільнасьць Ж.-П. Сартра да ідэяў фэмінізму. Ад тэарэтычнага фэмінізму канца 50-ых гадоў яна пераходзіць да фэмінізму практычнага, вулічнага так бы мовіць, калі выбітная пісьменьніца ўдзельнічае ў маніфэстацыях у абарону сацыяльных і сэксуальных правоў жанчынаў. Пры гэтым варта падкрэсьліць, што Сымона дэ Бавуар стаяла на пазыцыях гэтак званага ўнівэрсалісцкага фэмінізму. Што азначае, што вядомая экзыстэнцыялістка адмаўляла ідэю жаночай сутнасьці, жаночай прыроды й выключна жаночых каштоўнасьцяў. Яна лічыла, што жанчына — гэта такі ж чалавек, як і мужчына. Пры гэтым яна прызнавала, што жанчына была зьведзена ў чалавечай гісторыі да аб’екту й маргіналізаванай асобы. Фізыялёгія, мацярынства, натуральна, адрозьніваюць жанчыну ад мужчыны, але гэта не дае падставы весьці размову аб іншым, новым, альтэрнатыўным жыцьці. На думку пісьменьніцы, у мужчыны й жанчыны ўсё ж-такі больш супольнага, чым адрознага (адкуль і ейнае ўнівэрсалісцкае бачаньне гісторыі палоў)[3].
Менавіта праз раманы пісьменьніца ажыцьцявіла сваю мару экзыстэнцыі, дасягнула, калі ўжыць ейную ж тэрміналёгію, аўтэнтычнага жыцьця. З маладосьці яна марыла стаць раманісткай, таму першыя раманы, якія, дарэчы, былі сустрэтыя зь цяплынёю, надалі ёй сілы й веры ў свой талент. Так, некаторыя раманы будуць пазначаныя прэміяй, як раман «Мандарыны», за які аўтарка атрымала Ганкураву прэмію.
У канцы Другой сусьветнай вайны ў Парыжы вельмі папулярным быў хрысьціянскі экзыстэнцыялізм на чале з Г. Марсэлям. Жан-Поль Сартр і Бавуар часта сыходзіліся й дэбатавалі з самім Марсэлям, а таксама ягонымі пасьлядоўнікамі. За атэістамі таксама прычапілася назва экзыстэнцыялістаў, хаця на самым пачатку Сартр і Бавуар адмаўляліся ад яе, потым яны аддаліся гэтаму клішэ й сталі надзвычай папулярнымі ў Эўропе. Да экзыстэнцыялісцкіх твораў Бавуар належаць эсэ «Пірус і Сінэас», «За мараль двухсэнсоўнасьці», «Экзыстэнцыялізм і мудрасьць нацыяў» і, канечне, «Другі пол». У адрозьненьне ад надзвычай абстрактнага, часам цьмянага Сартра тэксты дэ Бавуар чытаюцца й успрымаюцца прасьцей, а таму ейныя філязофскія эсэ ўсевядома й даступна тлумачылі людзям ідэі новай філязофіі.
Што датычыцца філязофскай кар’еры, то трэба нагадаць, што яна была прафэсійнай філёзафкай — выкладніцай, адной зь першых выкладніцаў філязофіі Францыі, бо традыцыйна гэтую дысцыпліну выкладалі мужчыны[4]. Ейны ўплыў на разьвіцьцё «сартараўскага» экзыстэнцыялізму дасюль недаацэньваецца: яна ўсё яшчэ лічыцца ягонай «пасьлядоўніцай». Хаця ў першых сваіх раманах, якія, дарэчы, зьявіліся раней за Сартравых філязофскіх эсэ, Сымона дэ Бавуар разважае аб чалавечым жыцьці й складае сваю карціну сапраўднага, «аўтэнтычнага» жыцьця, крытыкуючы фаталізм і прадвызначанасьць. У рамане «Усе людзі сьмяротныя» (франц. Tous les hommes sont mortels) яна цудоўна вызначыла праз мастацкія сродкі асноўныя пастуляты будучага экзыстэнцыялізму-сартрызму ці ўсё ж-ткі бавуарызму? Ды й сам Жан-Поль Сартр, дарэчы, ніколі не хаваў уплыву дэ Бавуар на свае ідэі, у адным з інтэрвію ён заўважыў, што: «Філёзаф – яна, не я». Далей у аповесьці «Вельмі мяккая сьмерць» (франц. Une mort très douce) яна апісвае сьмерць маці, але разам з тым разьвітваецца зь ёю й навучае чытача прымаць сьмерць. Наагул пісьменьніца заўжды давала рады ствараць ня толькі якасныя мастацкія творы, але пры гэтым заўжды сацыяльныя й вытрыманыя ў духу экзыстэнцыялізму.
Сымона дэ Бавуар да ўсяго актыўна цікавілася і аналізавала палітычныя зьявы і падзеі. У шматлікіх інтэрвію, артыкулах і эсэ яна часта выступала, як мысьлярка палітычнага[5]. Пра гэты аспэкт дзейнасьці філёзафкі часта забываюць. Так, у сваіх палітычных эсэ “Сучасная правая думка” (La pensée de droite aujourd'hui ) і “Ці трэба спаліць дэ Сада?” (Faut-il brûler Sade?) яна прапануе комплексную крытыку францускай правіцы і шляхі рэфармаваньня лявіцы[6].
Вядомы пастулят экзыстэнцыялізму аб тым, што жыцьцё будуецца самім чалавекам, а само жыцьцё — просты й цяжкі адначасова выбар той ці іншай мадэлі існаваньня, знайшоў у жыцьці дэ Бавуар просты водгук. На ўласным экспэрымэнце яна прадэманстравала, што быць жанчынай, чалавекам, пісьменьніцай, францужанкай, парыжанкай, інтэлектуалкай досыць проста, калі заставацца рэалісткай і ўспрымаць жыцьцё не як падарунак ці выпрабаваньне, а як штодзённую будоўлю, штодзённы выбар паміж млявасьцю й актыўнасьцю, аўтэнтычным жыцьцём і ўцёкамі ад яго, апусканьнем у містыку, тлумачэньнем усяго ілюзіяй пад назовам «Бог»[7]. На працягу жыцьця чалавек можа зьмяніць думку ці стаўленьне да якой заўгодна зьявы. Аб гэтым піша С. дэ Бавуар у сваіх мэмуарах. Але, як пазначае аўтарка, у адным ейная пазыцыя не зьмянілася на працягу жыцьця — гэта пытаньне атэізму. У «Падсумаваньнях» яна піша, што:
Па адным пункце мая пазыцыя ніяк не зьмянілася. І я хачу вярнуцца да яго — да майго атэізму. Шмат добрых душаў шкадуюць аб тым, што няшчасны выпадак стаўся прычынай страты маёй веры. У артыкулах ці ў лістах, якія яны адрасуюць мне, я часта чытаю: «Ах, калі б яна жыла сярод сапраўдных хрысьціян!», «Калі б вы прачыталі спачатку Эвангельле, а ўжо потым Імітаваньне!», «Калі б яна стрэла разумнага сьвятара!» Трэба разумець: «Калі б яна сустрэла мяне, то яна б пабудавала жыцьцё як я і мой досьвед пераканаў бы яе». Насамрэч, мая рэлігійная адукацыя была вельмі грунтоўнай; з Эвангельля я ведала напамяць вялікія пасажы. З самай маладосьці і потым ў дарослым жыцьці я сустракала разумных хрысьціян: і менавіта дзякуючы таму, што яны былі разумнымі, яны не лічылі, што сваім уплывам яны могуць выратаваць маю душу. Яны лічылі, што вера залежыць ад бога, ад ягоных намераў, ад ягонай ласкі. Насамрэч, у гэтым і заключаецца тэялягічная бяссэнсіца: спроба патлумачыць прысутнасьць ці адсутнасьць бога выпадковымі і выключна простымі доказамі. | ||
—Simone de Beauvoir, Tout compte fait, 1970] |
У дадатак да раманаў і эсэ пісьменьніца пакінула вялікую спадчыну ў форме мэмуараў, а таксама яна пакінула багатую эпісталярную спадчыну. Ейнае ліставаньне з Сартрам, Бостам, Ланзманам і Альгрэнам складае некалькі тамоў кнігаў. Зрэшты, як ніводны іншы пісьменьнік XX стагодзьдзя, Сымона дэ Бавуар дала рады завяршыць усе тамы мэмуараў, якія яна распачала пісаць яшчэ ў маладыя гады. Ад «Успамінаў маладой прыстойнай дзяўчыны» да «Цырымоніі разьвітаньня» пісьменьніца пакінула 6 тамоў цікавых і дакладных успамінаў пра свае атачэньне й эпоху[8].
У Сымоны дэ Бавуар была мянушка - le Castor (лё Кастор, castor - бабёр па-француску), якую ёй даў у 1929 годзе студэнцкі сябра Рэнэ Габрыэль Эжэн Маё, будучы прафэсар філязофіі і аташэ па культуры ў Лёндане. Ён параўнаў яе з бабром, заўважаўшы да ўсяго, што па-ангельску Beauvoir вымаўляецца як beaver (бабёр - па-ангельску). Мянушку папулярызаваў Жан-Поль Сартр, які любіў баброў, бо "яны жывуць групкамі і вельмі працавітыя"[9]. Так яе называлі выключна блізкія, пісьменьніца ніколі не падпісвала так свае тэксты, таму назва засталася мянушкай і ня стала псэўданімам[10].
9 студзеня 2008 г. з нагоды 100-годзьдзя зь дня нараджэньня Сымоны дэ Бавуар фэміністка і дасьледніца Юлія Крысьцева заснавала Міжнародную прэмію за свабоду жанчынаў - прэмію Сымоны дэ Бавуар[12].
У 2000 г. у 6-ой акрузе Парыжу, на скрыжаваньні бульвару Сэн-Жэрмэн, вуліцы дэ Рэн і пляцу Сэн-Жэрмэн-дэ-Прэ быў адкрыты пляц Жан-Поля Сартра і Сымоны дэ Бавуар[13]. У 2006 годзе быў адкрыты пешаходны мост Сымоны дэ Бавуар паміж 12-ай і 13-ай акругамі. У 1991 годзе ў ейны гонар быў названы кратэр на Вэнэры[14].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.