Памірскія мовы
моўная сям’я / From Wikipedia, the free encyclopedia
Памі́рскія мовы — тэрмін, пад якім вядомае арэальнае аб’яднаньне некаторых з усходнеіранскіх моваў, на якіх размаўляюць шэраг народаў у горах Памір, асабліва ўздоўж ракі Пяндж ды ейных прытокаў. Адміністрацыйна арэал распаўсюджаньня памірскіх моваў падзелены між аўганскай правінцыяй Бадахшан, таджыцкай Горна-Бадахшанскай аўтаномнай вобласьцю і некаторымі бліжэйшымі памежнымі рэгіёнамі Кітаю. Апошнім часам супольнасьці памірскіх перасяленцаў узьніклі ў некаторых суседніх раёнах Пакістану. Геаграфічна найбольш усходняя памірская мова — сарыкольская, распаўсюджаная ў Кітаі пры кітайска-аўганскай ды кітайска-таджыцкай мяжы. Іншай жывой мовай з усходнеіранскіх зьяўляецца пушту, аднак яна не ўключаецца ў панятак памірскіх моваў.
Зь лінгвістычнага гледжаньня не існуе агульных характарыстык, якія дазвалялі б аб’ядноўваць памірскія мовы як асобную падгрупу ў складзе іранскіх моваў[1]. Клясыфікацыя памірскіх моваў унутры іранскае групы моваў розная. Напрыклад, лінгвістычны партал Ethnologue разглядае памірскія мовы як мовы ў складзе паўднёва-ўсходняй падгрупы[2], адначасова з гэтым паводле энцыкляпэдыі Iranica памірскія мовы, як і пушту, лічацца мовамі ў складзе паўночна-ўсходняй падгрупы[3].
У дачыненьні ўнутранай клясыфікацыі ўсе мовы, што абагульняюцца пад тэрмінам памірскія мовы, упэўнена разьмяркоўваюцца па чатырох галінах: шугнана-язгулямскай (шугнанская, язгулямская, сарыкольская мовы; у расейскамоўных крыніцах таксама вядомая як шугнана-рушанская), мунджанска-ідгаскай (мунджанская мова, мова ідга), сангліцка-ішкашымскай (ішкашымская мовы ды сангліцкая, якая часам лічыцца дыялектам ішкашымскай) і ваханскай (ваханская мова). Існуе таксама падзел памірскіх моваў на паўночныя й паўднёвыя, згодна зь якім разьмяркоўваюцца чатыры згаданыя галіны.
У тыпалягічным пляне ўсе мовы, абагульнёныя пад тэрмінам памірскія, адносяцца да моваў тыпу SOV — то бок, парадак словаў у сказе будуецца паводле схемы дзейнік-дапаўненьне-выказьнік.
Паводле стану на 1990 год памірскія мовы агулам маюць каля 100 тыс носьбітаў. Усе памірскія мовы, як правіла, адносяцца да моваў, што знаходзяцца пад пагрозаю зьнікненьня. Пераважная большасьць носьбітаў памірскіх моваў у Таджыкістане й Аўганістане выкарыстоўваюць таджыцкую або дары (аўганская форма пэрсыдзкай мовы) адпаведна як літаратурныя мовы, што зьвязана з маленькай колькасьцю носьбітаў большасьці памірскіх моваў і, як сьледзтва, адсутнасьцю ў іх уласнай літаратурнай традыцыі.
Найбольш прадстаўнічым дасьледчыкам памірскіх моваў зьяўляецца расейскі савецкі іраніст Іван Зарубін.
Варта заўважыць, што ў складзе памірскіх моваў не разглядаюцца геаграфічна блізкія таджыцкая й кыргыская мовы (апошняя распаўсюджаная серад кыргызаў Паміру, але не адносіцца да індаэўрапейскіх у адрозьненьне ад усіх моваў, згаданых раней).