адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Ме́нская во́бласьць — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Беларусі. Плошча вобласьці складае 40,2 тыс. км². Насельніцтва на 2018 год — 1 426 525 чалавек[1]. Адміністрацыйны цэнтар — места Менск.
Менская вобласьць Mienskaja vobłaść? | |
Сьцяг | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Статус | вобласьць |
Адміністрацыйны цэнтар | Менск |
Улучае | 22 раёны |
Найбольшы горад | Менск |
Іншыя буйныя гарады | Барысаў Салігорск Маладэчна |
Дата ўтварэньня | 15 студзеня 1938 |
Старшыня аблвыканкаму | Анатоль Ісачэнка |
Насельніцтва (2018) | 1 426 525[1] (15%, 2-е месца) |
Шчыльнасьць | 35,5 чал./км² |
Нацыянальны склад | беларусы — 88,5% расейцы — 7,1% палякі — 1,3% украінцы — 1,2%[2] |
Плошча | 40,2 тыс. км² (19,4%, 1-е месца) |
Вышыня па-над узр. м. · найвышэйшы пункт · сярэдняя вышыня · найніжэйшы пункт | Сьвятая гара — 345 м 216 м[3] 130 м |
Месцазнаходжаньне Менскай вобласьці | |
Мэдыя-зьвесткі | |
Часавы пас | UTC +3 |
Код ISO 3166-2 | BY-MI |
Тэлефонны код | +375-17 |
Паштовыя індэксы | 222 xxx, 223 xxx |
Код аўтам. нумароў | 5 |
Афіцыйны сайт | |
Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы |
Менская вобласьць разьмешчаная ў цэнтральнай частцы Беларусі. Максымальная працягласьць тэрыторыі з поўначы на поўдзень — 315 км, а з усходу на захад — 240 км. Тэрыторыя вобласьці, з улікам Менску, складае 40,8 тыс. км² (19,4% тэрыторыі Беларусі).
На ўсходзе Менская вобласьць мяжуе з Магілёўскай, на поўначы — зь Віцебскай, на захадзе — з Гарадзенскай, на паўднёвым захадзе — зь Берасьцейская, на поўдні — з Гомельскай абласьцямі. Менская вобласьць, адзіная ў Беларусі, не мяжуе зь іншымі дзяржавамі, але дзякуючы таму, што па яе тэрыторыі праходзяць найважнейшыя транспартныя калідоры, тут ёсьць добрыя магчымасьці для ажыцьцяўленьня выгодных эканамічных сувязяў з краінамі блізкага і далёкага замежжа.
У цяперашні час Меншчына — адзін з найбольш эканамічна разьвітых рэгіёнаў Беларусі. Надзвычай выгоднае геаграфічнае становішча, наяўнасьць прыродна-рэсурсавага патэнцыялу вызначаюць фактары сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця вобласьці.
Рэльеф раўнінны і ўзгорысты. Пераважаюць вышыні 150—200 м над узроўнем мора. На паўночным захадзе — Менскае ўзвышша, на поўначы — Нарачанска-Вялейская і Верхнебярэзінская нізіны, на паўночным усходзе — Аршанскае ўзвышша, на ўсходзе — Цэнтральнабярэзінская раўніна, на поўдні — Стаўпецкая раўніна, Капыльская града, ускраіна Палескай нізіны.
У паўночна-заходняй частцы вобласьці знаходзіцца найвышэйшы пункт Беларусі — гара Сьвятая (345 м). Найніжэйшая кропка Менскай вобласьці — 130 м (раён ракі Арэсы).
Менская зямля багатая такімі карыснымі выкапнямі, як калійная і каменная солі, торф, гліна, бузы, пяскова-жвіровыя матэрыялы, жалезная руда, гаручыя лупнякі, мінэральная вада і іншыя.
Клімат умерана-кантынэнтальны. Сярэдняя тэмпэратура студзеня ад –6,1 °С да -7,4 °С, ліпеня 17,3 — 18,4 °С. Вэгетацыйны пэрыяд 186—195 дзён. Ападкаў выпадае 580—670 мм за год.
37% тэрыторыі Меншчыны пакрытыя лесам — гэта спалучэньне іглічных лясоў усходнеэўрапейскага і шырокаліставых лясоў заходнеэўрапейскага кшталтаў. У Лагойскам, Барысаўскім, Бярэзінскім, Старадароскім і Крупском раёнах лясістасьць дасягае 45—50 %.
У межах Менскай вобласьці разьмешчаная частка Бярэзінскага біясфэрнага запаведніку, якому нададзены статус міжнароднага, прыродны нацыянальны парк Нарачанскі і шэраг іншых. Агульная плошча асабіста ахоўных тэрыторыяў дзяржаўнага значэньня складае 49,2 тыс. га або 1,23% ад агульнай плошчы вобласьці. Апроч гэтага створаныя 42 заказьнікі мясцовага значэньня плошчай 54,2 тыс. га. Узятыя пад ахову 198 помнікаў прыроды.
Па тэрыторыі Меншчыны праходзіць водападзел паміж рэкамі Балтыйскага і Чорнага мораў — Нёманам і Дняпром. Вобласьць займае другое месца ў Беларусі па колькасьці вадаёмаў і вадацёкаў і налічвае больш за 450 рэчак агульнай даўжынёй звыш 10 тыс. км, каля 500 вадаёмаў, якія маюць плошчу люстэрка вады ў памеры 246,2 км², 28 штучных вадасховішчаў. Большасьць азёраў рэгіёну ледавіковага паходжаньня. Яны складаюць неад’емную частку ляндшафтаў вобласьці.
Найбуйнейшыя рэкі: Нёман, Вяльля, Бярэзіна, Гайна, Сьвіслач, Пціч, Случ, Лань. Вялейска-Менская водная сыстэма. Азёры: Нарач, Сьвір, Мястра, Баторына, Балдук, Глубля, Глубелька, Сялява, Пялік. Вадасховішчы: Заслаўскае, Салігорскае, Любанскае і іншыя.
У вобласьці створаная разгалінаваная сетка аўтамабільных шляхоў, якая дазваляе забясьпечваць сувязь практычна з усімі населенымі пунктамі вобласьці і краіны. Менская вобласьць разьмешчана на скрыжаваньні асноўных транспартных маршрутаў, якія злучаюць дзяржавы Заходняй Эўропы з Усходам, рэгіёны Чарнаморскага ўзьбярэжжа з краінамі Балтыйскага мора.
Аўтамабільная дарога Гомель — Менск — Вільня — Клайпеда — Каралявец мае працягласьць па тэрыторыі Беларусі 468 км і забясьпечвае выйсьце з абласьцей Усходняй Украіны і Цэнтральнай Расеі да спэцыялізаваных марскіх партоў Клайпэды, Вэнтсьпілса і Калінінграда. Аўтамабільная дарога Берасьце — Менск — мяжа Расейскай Фэдэрацыі зьяўляецца ўдзельнікам Крыцкага калідору II, які злучае Нямеччыну, Польшчу, Беларусь і Расею.
Спрыяльныя ўмовы для перавозкі грузаў і пасажыраў стварае чыгуначная сетка Менскай вобласьці. Найболей значныя чыгуначныя вузлы — Менск, Маладэчна. Па тэрыторыі вобласьці праходзіць чыгуначная лінія Берасьце — Менск — мяжа Расеі працягласьцю 615 км, якая забясьпечвае рух грузавых цягнікоў з хуткасьцю да 100 км/гадз. і пасажырскіх — да 160 км/гадз. Асноўныя транспартныя струмені праходзяць у напрамку на Ўсход — у Расею і краіны Азіяцкага рэгіёну, на поўнач — у парты Балтыйскага мора, на захад — у краіны Эўропы і на поўдзень — у краіны Чарнаморскага рэгіёна. Добрым прыкладам на рынку транспартных паслугаў могуць служыць: спэцыялізаваныя цягнікі «Усходні ветравей» Бэрлін — Берасьце — Менск — Масква, «Расея экспрэс» Нямеччына — Польшча — Беларусь — Расея, Ратэрдам — Бэрлін — Варшава — Менск — Масква/Санкт-Пецярбург і іншыя.
Прамысловасьць вобласьці носіць шматгаліновы характар, у значнай ступені грунтуецца на выкарыстаньні мясцовых прыродна-сыравінных рэсурсаў. У яе структуры высокую ўдзельную вагу займае прадукцыя машынабудаваньня, хімічнай прамысловасьці. Прадпрыемствы машынабудаваньня арыентаваныя на вытворчасьць кар’ерных самаскідаў, станкоў, прыладаў, тэхнічнага абсталяваньня, прадукцыі электратэхнічнай і радыёэлектроннай прамысловасьці. Наймагутнейшае прадпрыемства вялікагрузных самаскідаў — ПА «Беларускі аўтамабільны завод» у месьце Жодзіне. Найбуйнейшае прадпрыемства хімічнай прамысловасьці — ААТ «Беларуськалій» у месьце Салігорску. Сярод прадпрыемстваў будаўнічых матэрыялаў — 6 заводаў жалезабэтонных вырабаў, а таксама заводы зборнага жалезабэтону і іншыя. У вобласьці працуе 5 мэблевых фабрыкаў, 7 ільнозаводаў, 4 фабрыкі мастацкіх вырабаў, 2 шклозавода. Найвялікшыя прадпрыемствы лёгкай прамысловасьці — філіі менскіх вытворчых аб’яднаньняў. Акрамя гэтага, у рэгіёне атрымалі значнае разьвіцьцё вытворчасьці па перапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны. Вобласьць займае першае месца ў краіне па вытворчасьці прадукцыі харчовай, мукамольна-крупяной і камбікармавой прамысловасьці. На тэрыторыі вобласьці разьмяшчаецца шэраг цэхаў і філіяў менскіх прадпрыемстваў. Значная ўдзельная вага прамысловасьці вобласьці засяроджана ў местах: Салігорску — 25,5%, Барысаве — 19,8%, Жодзіне — 13,95%, Слуцку — 7,2%, Маладэчна — 6,0%.
На 2023 год працавала звыш 4000 прамысловых прадпрыемстваў. Сярод іх найбольшымі былі «Беларускі аўтамабільны завод» ў Жодзіне, «Беларуськалій» у Салігорску і «Барысаўскі завод мэдычных прэпаратаў». У Смалявіцкім раёне дзейнічаў індустрыяльны парк «Вялікі камень»[5].
У большасьці сельскагаспадарчых раёнаў разьвітая малочна-мясная жывёлагадоўля, сьвінагадоўля, вырошчваньне бульбы ды льну, а на паўднёвым захадзе — вырошчваньне буракоў. Вакол Менску і каля іншых буйных местаў сельскагаспадарчыя прадпрыемствы дадаткова спэцыялізуюцца на вырошчваньні гародніны і садавіны, тут таксама дзейнічаюць буйныя птушкагаспадаркі й птушкафабрыкі. На 2023 год працавала 358 земляробчых прадпрыемстваў[5].
Найбуйнейшыя сельскія населеныя пункты вобласьці (больш за 3 тысячы чалавек): Бальшавік, Бараўляны, Гатава, Дружны, Ждановічы, Калодзішчы, Краснае, Лошніца, Лясны, Міханавічы, Навінкі (цяпер частка Менску), Ратамка, Чысьць.
На 2023 год вобласьць налічвала 22 раёны, 24 месты, 18 мястэчак[5].
Прадстаўнічая ўлада: абласная Рада дэпутатаў — 1, раённыя Рады дэпутатаў — 22, меская Рада дэпутатаў — 1; мескія Рады дэпутатаў местаў раённага падначаленьня — 2, местачковыя Рады дэпутатаў — 17, сельскіх Рады дэпутатаў — 294.
Выканаўчая ўлада: абласны выканаўчы камітэт — 1, раённыя і мескія выканаўчыя камітэты — 23, выканаўчыя камітэты местаў раённага падначаленьня — 2, местачковыя і сельскія выканаўчыя камітэты — 311.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.