From Wikipedia, the free encyclopedia
Люцыян Эдвард Узембла (па-польску: Łucjan Edward Uziębło, па-летувіску: Liucijonas Edvardas Uzembla; 11 лютага 1864 Вільня — 12 сьнежня 1942, Віленская калёнія(lt), цяпер Вільня) — публіцыст, культурны дзеяч, краязнаўца[1][2], рэдактар Кур’ера Літоўскага[3][4].
Люцыян Узембла | |
па-польску: Łucjan Uziębło, па-летувіску: Liucijonas Uzembla | |
Герб «Радван» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Lucjan Edward Uziębło |
Псэўданімы | Сулімчык, Альгерд (па-летувіску: Algirdas) |
Нарадзіўся | 11 лютага 1864 |
Памёр | 12 сьнежня 1942 (78 гадоў) |
Пахаваны | |
Бацькі | Станіслаў Захары Ўзембла Людвіка Гэрбурт-Гэйбовіч |
Жонка | Марыя Пташыцкая |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | публіцыст, дзеяч культуры, краязнаўца |
Творы ў Вікікрыніцах |
Люцыян Узембла нарадзіўся 11 лютага 1864 году ў шляхецкай сям’і Станіслава Ўземблы й Людвікі Гэрбурт-Гэйбовіч. Самавук. Літоўскую мову ведаў[5], але ў друку пісаў па-польску. У Люцыяна дома была велізарная бібліятэка. Удзельнічаў у выставах і культурным жыцьці Вільні. У прэсе ён звычайна падпісваўся псэўданімамі. Іх у яго было не адно. Часьцей за ўсё карыстаўся мянушкай «Сулімчык» (па-польску: „Sulimczyk", па-летувіску: „Sulimčik"). Неаднаразова ўзнагароджваўся. Зьбіраў творы мастацтва, рукапісы[1][2][6].
У 1907—1914 гады Люцыян Узембла быў галоўным захавальнікам фондаў Віленскага навукова-мастацкага музэя. Сябра Таварыства сяброў навукаў ў Вільні. З 1919 году — экспэрт факультэта прыгожых мастацтваў Віленскага ўнівэрсытэту, у 1921—1924 гг. — малодшы асыстэнт катэдры гісторыі культуры гуманітарнага факультэту[1][2][6].
Апублікаваў у газэтах Варшавы й Вільні (найчасьцей у Літоўскім квартальніку[7] й Кур’еры Літоўскім) шмат артыкулаў на гістарычна-культурныя й гістарычна-літаратурныя тэмы, у тым ліку пра жыцьцё й творчасьць Уладзіслава Сыракомлі. Ліставаўся з Элізай Ажэшкай[8]. Быў суініцыятарам адбудовы помніка Тром Крыжам(pl), якая была ў рэшце рэалізавана ў 1916 годзе. Быў адным зь ініцыятараў ушанаваньня памяці Адама Міцкевіча ў 1897 у Вільні[lower-alpha 1], сябра камітэту па будаўніцтву помніку Адаму Міцкевічу ў Вільні[9]. Люцыян Узембла быў ініцыятарам і бібліятэкарам віленскага Таварыства аматараў старажытнасьці й этнаграфіі (па-польску: Towarzystwo miłośników starożytności i ludoznawstwa, па-летувіску: Senovės ir etnografijos mylėtojų draugija) (1899—1906), вядомага таксама як археалягічны гурток[lower-alpha 2][10][11][12][13]. У 1900 годзе грошы таварыства былі зафундаваны на памятную табліцу Францішку Багушэвічу з партрэтам ў жупранскім Касьцёле[14]. Сам Люцыян Узембла напісаў напісаў некалькі нэкралёгаў пра Багушэвіча пад назвай «Паэт-юрыст», «Францішак Бэнэдыкт Багушэвіч» (1900)[15]. У таварыстве аматараў старажытнасьці й этнаграфіі Люцыян Узембла да 1903 адказваў за біліятэку[16]. Таксама займаў пасады скарбніка й сакратара ў таварыстве аматараў старажытнасьцяў. У 1907 г. таварыства спыніла сваё існаваньне. Люцыян у той момант ужо мала часу праводзіў у Вільні з-за недахопу фінансаў, праводзячы час на вёсцы, пра што пісаў у адным са сваіх лістоў:
Седзячы ў вясковай глушы й маючы да выкарыстаньня толькі невялікі ўласны кнігазбор, і ня могучы - з-за даволі абмежаваных сродкаў - у разе патрэбы праверыць крыніцы інфармацыі, але даю сабе рады у такі спосаб, што пішу лісты вучоным, просячы іх у выпадку якіх-кольвек сумненьняў даць мне падказку. Менавіта такім спосабам закрываю белыя плямы сваіх археалягічных ведаў, але марную шмат часу, бо, калі жыў у месьце, меў у сваім распараджэньні бібліятэку, мог усё спраўдзіць за гадзіну, але ў ліставаньні на гэта ідзе тыдзень і болей.
Арыгінальны тэкст (пол.)
Siedzą w głuszy wiejskiej i mając do rozporządzenia tylko własny niewielki księgozbiór, a nie mogąc - dla środków dość ograniczonych - w razie potrzeby sprawdzić dzieła źródłowe, doradzam sobie w ten sposób, że rozpisuję listy do uczonych, prosząc w razie jakichkolwiek wątpliwości, o wskazówki. W ten sposób zapełniam luki w swojej wiedzy archeologicznej, lecz tracę zbyt dużo czasu, bo co mieszkając w mieście i mając do rozporządzenia bibliotekę, mógłbym sprawdzić w godzinę, na to, wyświetlając rzecz listownie, idzie tydzień i więcej.[17]
|
||
У 1910 годзе ў Літоўскім квартальніку Люцыян Узембла апублікаваў свой артыкул Ксёндз Юзэф Міцкевіч у сьвятле некалькіх новых працаў (па-польску: Ksiądz Józef Mickiewicz w świetle przyczynków nowych kilku), прысьвечаны дзейнасьці стрыечнага брата Адама Міцкевіча Юзэфа Міцкевіча(pl)[lower-alpha 3][18].
Таксама Люцыян Узембла з 1906 году быў сябрам і суарганізатарам Таварыства навукі й мастацтва, сябрам Рады Таварыства сяброў навукі й яго музэйнай камісыі. З 1907 годзе быў сябрам Таварыства сяброў навук. З 1883 г. у друкарнях Вільні, Варшавы, Санкт-Пецярбурга Люцыян Узембла публікаваў артыкулы пра выдатных дзеячаў грамадзтва й культуры, публікаваў дасьледаваньні па тэмах археалёгіі, гісторыі, мастацтва, адукацыі, напісаў шэраг артыкулаў пра старыя могілкі Росы, бэрнардынскія могілкі(lt), пра пахаваных на іх людзей, клапаціўся аб рэстаўрацым надмагільных помнікаў[1][2][6].
У 1908—1914 гадах быў кусташам (захавальнікам) музэя Таварыства навукі й мастацтва, дзе захаваў працы Міхала Пелкі-Палінскага, прафэсара матэматыкі Віленскага ўнівэрсытэту, працы якога былі вялікай антыкварнай рэдкасьцю[19][20]. Напісаў у Польскі Біяграфічны Слоўнік біяграфію ўраджэнца Віленшчыны, таксама сябры Таварыства аматараў старажытнасьці й этнаграфіі Станіслава Булгароўскага[21].
Шмат знойдзеных рукапісаў Люцыян Узембла перадаў бібліятэцы імя Ўрублеўскага(lt), Віленскаму ўнівэрсытэту, перадаў дзьве знойдзеныя карціны мастака Яна Рустэма. Знойдзеныя ім карціны знаходзяцца ў Літоўскім мастацкім музэі(lt)[1][2][6].
У канцы жыцьця Люцыян Узембла асьлеп і аглух. Памёр 12 сьнежня 1942 году ў Віленскай калёніі(lt)[lower-alpha 4]. Пахаваны побач з бацькамі й братам на бэрнардынскіх могілках(lt). Побач зь ім пахавана й яго жонка Марыя[1][6].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.