польскі маляр, пісьменьнік, пэдагог From Wikipedia, the free encyclopedia
Станіслаў Яроцкі (па-польску: Stanisław Jarocki, па-летувіску: Stanislovas Jarockis; 22 кастрычніка 1871[4][5][6][7][lower-alpha 1], Варшава, Царства Польскае — 13 кастрычніка 1944, Вільня, Летува) — польскі, летувіскі й беларускі мастак, пэдагог, этнограф, асьветнік, грамадзкі дзеяч.
Станіслаў Яроцкі | |
Станіслаў Яроцкі | |
Дата нараджэньня | 22 кастрычніка 1871[1] |
---|---|
Месца нараджэньня | Варшава, Царства Польскае |
Дата сьмерці | 13 кастрычніка 1944 |
Месца сьмерці | Вільня, Летува |
Адукацыя | Кракаўская акадэмія мастацтваў імя Яна Матэйкі, Акадэмія Каляросі |
Месца вучобы | |
Занятак | мастак, пэдагог, этнограф |
Навуковая сфэра | малярства, адукацыя і фізычная культура[d] |
Сябра ў | "Falcon" Polish Gymnastic Society[d], Polish scouting[d], Таварыства аматараў старажытнасцей і народазнаўства[d], Polskie Towarzystwo Krajoznawcze[d] і Таварыства заахвочваньня прыгожых мастацтваў[d] |
Жанры | гістарычны жывапіс, партрэтнае маляваньне[d], рэлігійны жывапіс[d] і пэйзаж |
Плынь | постімпрэсіянізм[2], рэалізм, мадэрн[3], сымбалізм, нэарамантызм |
Працы | «Пэйзаж Залесься» (1899), «Сьвятая Жамойція» (1910), «Від на Вільню з Туравай гары» (1921), «Залатая восень у Беняконях» (1927), «Сьвіран у Беніцы» (1927), «Люгана» (1929) «Вільня – від на Антокаль» (1933) |
Нарадзіўся ў Варшаве ў сям’і Лукаша Земавіта Ігнацы Яроцкага гербу Равіч[11] і Ванды Саламеі Альдоны Гасьціцкай гербу Любіч[12], меў малодшую сястру Зоф’ю[13]. Паходзіў са знакамітага шляхецкага роду Яроцкіх гербу Равіч. Навучаньне распачаў у Варшаўскай Клясе Маляваньня ў Войцеха Герсана(pl), працягнуў навучаньне у 1891—1894 гадах у Кракаўскай акадэміі мастацтваў(pl) у Яна Матэйка, Юзэфа Ўнежыскага(pl) й Леапольда Лёфлера(pl)[14][15]. Вучыўся ў 1894—1895 гадах у Акадэміі Каляросі(pl) у Парыжы ў Рафаэля Коліна(fr), Люка-Аліўе Мэрсона(fr) і Эдмона Аман-Жана. У 1896 годзе пераехаў у Мюнхэн, дзе вучыўся ў Шымана Холашы(hu), пасьля ў 1897 годзе пераехаў у Рыме, дзе амаль два гады навучаўся самастойна, адкуль дасылаў карціны на выставы. У Мюнхэне арганізаваў суполку «Сокалаў(pl)[lower-alpha 2]», а ў Рыме заснаваў «Чытальню»[lower-alpha 3][16].
У 1898 г. пераехаў ў Вільню, дзякуючы запрашэньню Баляслава Русецкага(pl)[lower-alpha 4][17]. У Вільні працаваў выкладнікам малярства, скульптуры й малюнку ў мастацкай школе Івана Трутнева(ru)[18]. Унёс у кансэрватыўную сыстэму акадэмічнай адукацыі сьвежыя павевы стылістыкі постімпрэсіянізму й сэцэсыйнасьці[19]. Пад уплывам моднага у той час накірунку сэцэсыйнасьці малюе карціну «Мары немаўляці». Нягледзячы на на гэта, знакаміты віленскі мастацкі й тэатральны крытык Напалеон Роўба(pl) з 1899 г. напісаў разгромны артыкул аб творчасьці Станіслава Яроцкага, дзе параіў яму, каб мастак «пакінуў на якісьці час кампазыцыі й вырабленьне карцінаў, і вярнуўся да цярплівага навучаньня»[20]. Люцыян Узембла называў Станіслава Яроцкага «прадстаўніком новай школы сымбалізму й нават містыкі», называў яго адным з завадатараў новай эпохі віленскага мастацтва, бо мастак прыўнёс у мастацкае жыцьцё Вільні павевы францускага сымбалізму[21][22].
У 1898 годзе Станіслаў Яроцкі быў адзным зь ініцыятараў арганізацыі віленскага Таварыства аматараў старажытнасьці й этнаграфіі (па-польску: Towarzystwo miłośników starożytności i ludoznawstwa, па-летувіску: Senovės ir etnografijos mylėtojų draugija)[lower-alpha 5], вядомага таксама як археалягічны гурток[lower-alpha 6], быў пэўны час сакратаром гэтага таварыства[lower-alpha 7][24][25][26][27]. У 1900 годзе зь ініцыятывы Станіслава Яроцкага грошы з Таварыства аматараў старажытнасьці і этнаграфіі былі зафундаваны на памятную табліцу Францішку Багушэвічу з партрэтам ў жупранскім Касьцёле[28].
З 1899 г. Станіслаў Яроцкі кіраваў моладзевымі мастацкімі гурткамі, арганізоўваў тайныя самаадукацыйныя гурткі[lower-alpha 8] (усяго стварыў 28), бібліятэкі[30][31][32][33]. З 1900 году выкладаў у бясплатных гуртках тэхнічнага маляваньня й чарчэньня. у 1904 годзе пасьля пераўтварэньня Юзэфам Монтвілам(pl) гэтай навучальнай установы ў класы маляваньня ён вёў курсы пэйзажнага жывапісу[34]. у 1907 годзе пасьля стварэньня Таварыства сяброў віленскае навукі стаў арганізатарам яго мастацкіх збораў[35]. Арганізоўваў у Вільні выставы мясцовых і польскіх мастакоў. З 1899 году праектаў касьцюмы й дэкарацыі для таемных тэатраў, якія зваліся «Заўрацальнямі»[36][37].
Быў актыўным дзеячом і ўваходзіў у склад кіраўніцтва віленскага таварыства «Асьвета»[lower-alpha 9][lower-alpha 10][42][43][44]. У 1908 годзе Станіслаў Яроцкі арганізаваў дзьве выставы польскіх мастакоў у Вільні, штуршком да чаго стала сэрыяў выстаў літоўскіх мастакоў у 1906—1907 гадоў[45]. На выставах прысутнічалі працы ў тым ліку мастакоў з Польскага каралеўства, але асабліва мастак ацэньваў творчасьць мясцовых мастакоў: Фэрдынанда Рушчыца, Казімера Альхімовіча, Казімера Стаброўскага. Плянаваў пасьля таксама зладзіць асобную выставу карцінаў і графікі ваколіцаў Кушлянаў са збору Казімера Шафнагель[46], але так і не рэалізаваў гэтую задумку[47]. У 1912 годзе Станіслаў Яроцкі арганізаваў у Вільні вялікую выставу пэйзажаў[48]. У 1912 годзе падчас выставы ўбачыў скульптуру Пэтраса Рымшы(lt) пад назвай «Kova» (па-беларуску: Змаганьне), на якой была адлюстравана бітва паміж вершнікам (Віціс) і польскім Арлом[49]. Убачаная скульптура абурыла Станіслава Яроцкага, які быў прыхільнікам польска-літоўскага паразуменьня. Яроцкі паводле сьведчаньняў публічна разарваў каталёг выставы[50]. У той жа час Станіслаў Яроцкі захапляўся літоўскі мастацтвам і высока ацэньваў літоўскіх мастакоў, мастацкую тэхніку Мікалоюса Чурлёніса параўноўваў да японскай[51][52].
З 1911 году ён актыўна займаўся гарцэрствам(pl)[lower-alpha 11], арганізаваў у Вільні гняздо “Сокалаў”(pl)[53][54]. У спартовай залі «Сокалаў» праводзіў мастацкія выставы[55]. У 1907—1912 гадах кіраваў адьдзелам выяўленчага мастацтва «Таварыства сяброў навук»[lower-alpha 12] у Палацу Пшэздзецкіх(pl)[56][57].
З 1931 г. сябра Віленскага таварыства выяўленчых мастакоў. Таксама быў сябрам Нацыянальнай лігі(pl)[lower-alpha 13] з 1906 году[58].
Пражываў у Вільні ва ўласнай кватэры ў доме Юзэфа Монтвіла[lower-alpha 14] на Лукішках[lower-alpha 15].
У 1900—1902 гадах займаўся кансэрвацыяй фрэсак у капліцы сьв. Казімера(pl) ў віленскай катэдры [61][62]. У 1906—1912 быў ініцыятарам і актыўным удзельнікам рэканструкцыі Касьцёлу Сьв. Міхала ў Вільні[63][64]. У 1905 годзе быў апублікаваны праект Станіслава Яроцкага па ўшанаваньні памяці Адама Міцкевіча ў Вільні ў выглядзе «Дома Міцкевіча»[65]. Генрык Масьціцкі(pl) пісаў пра гэты праект так:
Мастаку-жывапісцу Станіславу Яроцкаму прыйшла ў галаву шчасьлівая ідэя аб’яднаць усе ідэі й заснаваць «Дом імя Міцкевіча», у якім маглі б разьмясьціцца бясплатная школа, бібліятэка й музэй Міцкевіча. Альбо ў апсыдзе будынка, альбо на фоне будынку павінна быць разьмешчана статуя паэта. Увесь народ павінен спрычыніцца да «Дому Міцкевіча» ў Вільні, няхай усе нашы сэрцы й розумы зліюцца тут на гонар вялікага Адама[66]. | ||
Быў актывістам Польскага краязнаўчага таварыства(pl), выдаў даведнік «Ваколіцы Вільні» (1925)[67], напісаў артыкулы пра народную творчасьць, помнікі культуры Вільні[68]. Замалёўваў паўсядзённасьць жыхароў Віленшчыны[69][70][71]. З 1931 г. удзельнічаў у дзейнасьці Віленскага таварыства мастакоў. Удзельнічаў у выставах у Таварыстве заахвочваньня мастацтваў(pl) і ў салёне Аляксандра Крывульта(pl) ў Варшаве, у Вільні, ў Львове й Закапанэ. Ён таксама ўдзельнічаў у выставах у Рыме (1897) і Вэнэцыі (1932). Цікавіўся тэмай рэканструкцыі й аднаўленьня Віленскага, Троцкага, Медніцкага, Наваградзкага, Мірскага замкаў[72]. Шмат вандраўваў па тэрыторыі старажытных местаў гістарычнай Літвы, цікавіўся й замаляўваў прадметы народнай культуры, неаднакроць наведваў Трокі, Залесьсе, Жупраны, Беніцу й Ашмяны, краявідамі якіх захапляўся. Адразу па прыезьдзе ў Вільню ў мастак на вакацыі выязжаў у Палац ў Залесьсі[73]. Палац быў на той момант ужо занядбаны, але, тым ня менш, уразіў мастака. Недалёка ад Палацу Агінскіх знаходзілася мястэчка Беніца, якое мастак часта наведваў.
У 1901 годзе Станіслаў Яроцкі напісаў артыкул аб драўляных прыдарожных крыжах на тэрыторыі Літвы й Жамойці, вылучыў стыль крыжоў у асблівы «літоўска-жамойцкі» й параўнаў гэты стыль з закапанскім[74]. У 1910 годзе мастак малюе карціну «Сьвятая Жамойція», прысьвечанай прыдарожным крыжам. Цікавасьць Станіслава Яроцкага да прыдарожных крыжоў і каплічак натхніла іншых дасьледнікаў на вывучэньне дадзенай зьявы[75][76], распаўсюджанай на тэрыторыі сучаснай Летувы й Заходняй Беларусі. Таксама тэма прыдарожны крыжоў натхніла летувіскіх мастакоў. Мастак Антанас Жмуйдзінавічус малюе ў 1910 годзе карціну «Dzūkų kaimelis»[lower-alpha 16], дзе каля дрэва бачым прыдарожны крыж [77]. У 1913 годзе Антанас Жмуйдзінавічус стварыў карціну «Regėjimas»[lower-alpha 17][78], дзе на фоне Пагоні, што ўзыходзіла нібы сонца, стаялі прыдарожныя крыжы, што сымбалізавала, як пашану традыцыям, так і адраджэньне летувіскага народу. Мікалоюс Чурлёніс стварыў у 1909 годзе асобную карціну прысьвечаную прыдарожным крыжам «Žemaičių kapinės»[lower-alpha 18][79]. Архэёляг і этнограф Міхал Брэнштэйн(pl) пад уплывам Яроцкага напісаў працу: «Krzyże i kapliczki żmudzkie: materyały do sztuki ludowej na Litwie»[lower-alpha 19][80]. Цікава, што ў мястэчку Беніца і ваколіцах, якія так часта наведваў Яроцкі, таксама распаўсюджаны прыдарожныя крыжы. Беларускі дасьледнік Зьміцер Скварчэўскі зьвярнуў увагу на адну цікавую асаблівасьць Беніцы: Варта зьвярнуць увагу на такую зьяву, як драўляныя прыдарожныя крыжы, якія завяршаюцца паўсфэрай (фактычна той жа самы «парасон»), якія сустракаюцца ў Маладэчанскім (в. Беніца, Рэдзькі) і Ашмянскім (в. Карабы, Міхайлоўшчына, Цюпішкі) раёнах. Было б цікава ўдакладніць іх геаграфію і суаднесьці з арэалам камянёў з «парасонамі»[81].
Досыць грунтоўны ўспамін аб мастаку пакінула яго вучаніца Яніна Путкамэр-Жаўтоўская[lower-alpha 20]:
Спробы маляваньня гіпсаў, відаць, атрымліваліся ўдалымі, бо пасьля нашага вяртаньня ў вёску, Яроцкі стаў прыязджаць у Бальценікі[lower-alpha 21] кожныя два тыдні. Вечарам на «горцы» я малявала з натуры мадэлі, але толькі галовы, а калі прыходзіла вясна, выходзілі рабіць алейныя замалёўкі пэйзажаў. Яроцкага лічылі мастаком, ён даваў лекцыі ў віленскіх школах, выстаўляў уласныя карціны на мясцовых выставах, лекцыі, здавалася, плянаваліся з розумам і дбайнасьцю, і калі б я была адорана талентам у вялікіх памерах, я абавязкова знайшла бы выхад з гэтых павярхоўных і нездавальняючых пачаткаў. Усё, што я рабіла, выклікала захапленьне й хвалу, і гэта мяне яшчэ больш бянтэжыла, таму што я, вядома, не разумела, што нічому не вучуся й ніколькі не прагрэсую. Часам мая маці казала: канчай!, а для мяне гэта азначала больш-менш тое самае, што: размаўляй па-кітайску правільна. Толькі праз шмат гадоў я зразумела, што занятак гэты быў пустым дылетантызмам, а галоўная яго прывабнасьць — у сядзеньні на вуліцы, перад зялёным полем з калыхаючымся жытам ці пад квітнеючай яблыняй.
У Бальценіках Яроцкага заўсёды сустракалі як прыемнага госьця. Cумленнасьць і звычайная ветлівасьць ішлі побач зь няведаньнем характараў, што ўжо належыла да кола традыцыйных уяўленьняў, у якім загразьлі ўсе. Праўда, мой бацька ніколі не абмяняўся зь Яроцкім больш чым некалькімі ветлівымі словамі, але мой бацька дома выконваў ролю асобнага, таямнічага чалавека, у якім пастаянна тлела крыўда. Яроцкі клапаціўся пра мастацтва гэтак жа, як жыхары Вільні пра брахманскую рэлігію. У яго, можа, і была цяжкая маладосьць, але ён пра гэта зусім не згадваў. Здаецца, у вучобе яму дапамагалі некаторыя заможныя сваякі ў Кароне, але ён пра гэта маўчаў. Ён атрымаў адукацыю ў Мюнхэне, калі там квітнела плеяда польскіх жывапісцаў, такіх як Кавальскі(pl) й непараўнальны Брант, і ён ніколі не згадваў іх, нават вялікага Хэлмонскага(pl). Я наўмысна згадваю жывапісцаў сталай славы, бо венскае «мастацтва» й Кракаўская акадэмія былі яшчэ новымі. Яроцкі меў «сапліцаўскі[lower-alpha 22]» густ, але не зь першапачатковага натхненьня, а са злосьці й крыўды. Ён расказаў, што, калі ехаў па Швайцарыі, яму так надакучылі горы, што ён апусьціў штору ў вагоне й заснуў. Зь хітрасьцю, тыповай для людзей зь невялікім талентам, але поўных самалюбства, ён стварыў тып самога сябе, і ён навязаў гэты тып зь велізарнай маніяй вялікасьці. Невысокага росту, з дужымі вусамі й арліным носам; апранаўся характэрна ў капялюш са сьветлага фільцу, укладзенага набакір, хадзіў у пляшчы з закапанскай палкай для хады зь сякеркай на канцы палкі. Ён высьмейваў модных прэрафаэлітаў, маю слабасьць да Раскіна, Тыцыян быў для яго састарэлым, у ім не было й сьледу добрага густу, і выгляд прыгожага прадмета яго зусім не кранаў. Ён прапаведаваў скрайнія й дэмакратычныя погляды, пры гэтым падкрэсьліваў, што сам паходзіў з аднаго са старэйшых родаў, прагісторыя якога сягала да Попеля[lower-alpha 23] у Яроціне, роду Яроцкіх. Ён ганарыўся сваёй стойкасьцю духу, атлетызмам, сілай і асабліва сваім уплывам на патрыятычна настроеную моладзь, даваў зразумець, што знаходзіцца ў кроку ад самай сур’ёзнай змовы, але кіраваўся асьцярожнасьцю й разважлівасьцю. Набліжаліся часы волі, розныя навіны хадзілі па, здавалася, спарахнелай Вільні. Яроцкі расказаў, што ў яго ёсьць запасы зброі й боепрыпасаў і што на фехтаваньне да яго ходзіць «моладзь». Часам здаецца, што ён трымае ўсіх пад сваёй уладай пад вышэйшым і высакародным уплывам. Ён ненавідзеў кожнага багатага паніча, і ніхто з нас не падазраваў, што крыніцай гэтай нянавісьці была рэўнасьць. Ён працягнуў абразы й сарказм у адрас тых, хто «дзеля жарту, езьдзіў брычкамі на гумах альбо перасядалі ў кабарэце Шумана». Тыя, крычаў ён, хто сядзіць у Шумана, ніколі ня будуць належаць да руху. На роўні з залатой моладзю, ён пагарджаў кампаніяй, «такая пані Леска[lower-alpha 24]», — паўтараў ён з пагардай. Вельмі спрытна ён знайшоў мішэнь для сваіх кпінаў у маладым пане Катоўскім, які быў худы, дробны й трохі кволы, насіў высокія й вузкія каўняры й, відаць, танцаваў толькі зь дзяўчатамі, аб якіх ведаў, як іхніх маткі з дому. Паводле Яроцкага, пані Леска, падавала толькі два пальцы й цягнула словы. На гэтым фоне дэгенератаў вылучаўся сам Яроцкі тым, што арганізоўваў моладзевыя вандроўкі па Вільні, насіў заплечнікі, спыняўся каля вогнішча, як напамін пра паўстанцкія адзьдзелы. Той жа Яроцкі прывозіў у Бальценікі нелегальную літаратуру й невялікія сшыткі «Польскай нацыянальнай думкі», надрукаваныя на тонкай паперы. Каштоўнасьць для яго мела толькі кантрабандная літаратура, іншая літаратура не магла будзіць духу. Праўда, у Вільні казалі, што ён ня меў вялікага ўплыву на моладзь, альбо страціў яго, як толькі хлопцы вырасьлі й зусім перасталі яго слухаць. Разважаньні такога кшталту ў Бальценіках былі блізкія да паклёпу. Я таксама ніколі не даведалася ці Яроцкі быў чалавекам тайнай арганізацыі. Я думаю, што ён належаў да «заржэўцаў(pl)», а можа, да ««зэтаўцаў(pl)», бо калі нацыянал-дэмакратыя пачала актыўна ўдзельнічаць у палітыцы, ён адышоў ад яе й працягваў весьці ўласную партызанку пад лёзунгам «збор ў лесе». І ўсё ж, нягледзячы на некампэтэнтнасьць настаўніка, гэтыя лекцыі жывапісу былі напоўнены чарамі, я ніколі не магла выйсьці за вузкія рамкі эскізу й самага лёгкага для перадачы ўражаньня. Усялякія недахопы Яроцкага кампэнсаваліся дабрачыннай і вясковай прыгодай. Я сядзела з палітрай у руцэ перад мальбэртам і глядзела на зьменлівыя аблокі, на цёмную паласу лясоў, якія акружалі гарызонт, на ярка-зялёны веснавы луг. Кожны раз, як падказаў Раскін, я адчувала сваю маленькасьць і ні з чым не параўнальную прыгажосьць навакольных колераў і формаў. Мне асабліва падабаліся паездкі на досьвітку, каб зафіксаваць наступствы ранішняга сонца, залатыя палосы аблокаў на ўсходзе, раптоўны бляск сонца, якое ўзыходзіць над беняконскім лесам, а таксама адлюстраваньне й цішыню зямлі перад тым, як людзі дабяруцца уверх. Седзячы на нізкім зэдліку, я патанаў у паху расы й палявых траваў. Потым я вярнулася дадому пад пякучымі промнямі сонца й моцна адчула розьніцу паміж паветранай прасторай неабсяжных палёў і кампактнай шчыльнасьцю й ажыўленасьцю сядзібы. Я зноў занурылася ў яго арганічную адметнасьць, у яго расьліннае багацьце, у яго гронкі дрэваў, у каштоўную смарагдавую зеляніну яго лугоў, у глыбіню яго ценяў, у пышныя формы яго кветак. Я зьела кавалак хлебу грубага памолу, выпіла шклянку халоднага малака й заснула у паўзмроку пакоя, фіранкі якога варушыў лёгкі вецер, прасякнуты ранішняй маладосьцю, толькі каб прачнуцца ў звычайны дзень, ужо згаслы ў сваёй штодзённасьці.[82]. |
||
У той жа час цікавыя ўспаміны, дзе ўзгадваецца Станіслаў Яроцкі пакінуў бацька знакамітага польскага гісторыка Стэфана Кіневіча(pl), Антоні Кіневіч, які паходзіў зь вёскі Дарашэвічы. Антоні Кіневіч узгадваў, што лецкыі Яроцкага падабаліся студэнтам і «Януся» (Яніна Путкамэр-Жаўтоўская) вельмі любіла гэтыя лекцыі й праяўляла дужыя здольнасьці ў гэтым накірунку[83]. Мастачка й настаўніца Яўгенія Сянкевіч-Пшыялгоўская(pl), вучаніца Станіслава Яроцкага ўзгадвала яго лекцыі зь цеплынёй:
Пасьля рэвалюцыі я хадзіла у мастацкую клясу па вуліцы С... якраз у падворку ля тэатра (раней называўся Лютняй), гэту школу стварыў віленскі дабрадзей Монтвіл. Я там тры гады была, у альбоме ёсьць сьведчаньне. Лектарам быў улюбёнец студэнтаў Станіслаў Яроцкі. Ён так горача перадаваў нам свае веды й так прыязна ставіўся да нас, што кожны аддаў бы за яго жыцьцё. Першапачаткова малявала на гэтых занятках фігуры, а потым перайшла ў апошні кляс маляваньня галоў і аголеных. Там разам працавалі хлопцы й дзяўчаты... Па нядзелях і сьвятах у гэтай школе ўсе вучні зьбіраліся ў майстэрні Яроцкага й Яроцкі маляваў з намі партрэты старэйшых і маладых людзей. Там людзе супольна працавалі аж да 10... а потым Яроцкі сказаў, што ён больш ня можа мяне вучыць і каб я ехала вучыцца ў Кракаў. Яшчэ Яроцкі казаў мне цэлы месяц маляваць аголеную фігуру хлопца, каб я прызвычаілася, бо ў Кракаве я магу ўпасьці ад сораму на ўступным экзамене, калі нейкі дзіўны прафэсар будзе правяраць маю працу. Мастакі Шэйна й Бабятынская раней вучыліся ў Яроцкага й ужо мелі выставы. Шмат хто вучыўся ў нас, але ўсіх цяжка ўспомніць. Вельмі здольнымі былі Аляксандар Жылка, Ішора, Вазьніцкі, Нарэмскі, але яны сталі архітэктарамі, лекарамі, але не мастакамі. Русецкая й Станкевіч былі здольнымі й, хіба, сталі мастачкамі.[84] | ||
Мастак Станіслаў Роліч, які навучаўся ў Станіслава Яроцкага, узгадваў, што да захапленьня мастацтвам яго заахвоціў Станіслаў Яроцкі[85]. Паводле Станіслава Роліча, Яроцкі нагадваў Юзэфа Пілсудзкага: у яго быў востры арліны нос і густыя вусы[85]. Асацыяцыю зь Пілсудзкім дапаўняла форма ваенізаванай спартовай арганізацыі «Сокал», якую Яроцкі насіў падчас школьных экскурсій: чорная кашуля, пінжак, шорты колеру хакі, кепка зь дзюбай, спартовы абутак й шарсьцяная вопратка да каленяў, шкарпэткі[85]. Яроцкі ўмеў заўважыць і заахвоціць нават самыя маленькія пробліскі мастацкіх здольнасьцяў, і пад яго апекай Станіслаў Роліч адчуў, што знайшоў свой шлях[85]. На працягу ўсяго жыцьця ён з удзячнасьцю ўспамінаў ацэнкі Яроцкага «выдатна» і дэманстраваў свае першыя спробы маляваньня на выставах, якія праводзіліся ў школьных калідорах[85].
Зоф’я Дэмбоўская-Ромэр пакінула аб Станіславе Яроцкім такі ўспамін:
Пару дамоў далей[lower-alpha 25], у адным з капітульных дамоў у дзядзінцы была цудоўная мастацкая майстэрня. Калісьці арандаваў яе мастак Яроцкі, ня той “вялікі” Яроцкі(pl) з Кракаву, але наш, віленскі, празваны “Кунігунда Яроцкі” з-за грубай палкі для хады, якую заўсёды насіў і якая называлася Кунігунда.[86] | ||
Чэслаў Мілаш потым узгадываў, што мянушка Яроцкага «Кунігунда» была ўсё ж «алюзыяй» да гомасэксуальнасьці мастака[87]. Польскі мастак Яўстах Пяткевіч[lower-alpha 26] даваў высокую ацэнку творчасьці Станіслава Яроцкага:
«Станіслаў Яроцкі не фанатычна капіюе ўбачанае, а паэтызуе, стварае настрой, падае цікавыя моманты з насычанымі танамі, тонкімі пераходамі ад ценю да сьвятла»[89][90]. | ||
У яго жывапісе пераважаюць пэйзажы. Акрамя алейнага жывапісу выкарыстоўваў пастэль. Алейнымі фарбамі й пастэльлю маляваў пэйзажы, партрэты, бытавыя й сымбалічныя палотны, рэлігійныя карціны[91]. Удзельнічаў у выставах у Варшаве, Кракаве, Вільні, Менску, Пецярбурзе, Львове, Закапанэ, Рыме (1897), Маскве, Познані, Вэнэцыі (1932)[92]. Сярод найбольш ацэненых працаў мастака былі палотны на італьянскую тэматыку[93] «Ля ўваходу ў катакомбы», «У садах Баргезэ»[94]. Таксама карціны на гістарычную тэматыку: «Ценям Касьцюшкі»[lower-alpha 27][95].
Найбольш вядомыя пэйзажы мастака: «Цішыня», «Вячэрні настрой» (абодва 1898), «Вясна», (1900), «Пэйзаж» (1903), «З ваколіцаў Ашмяны», «Сьвятая Жамойція» (1910), татранскі цыкль[lower-alpha 28] пэйзажаў (1924—1925)[lower-alpha 29]: Гевонт[lower-alpha 30], Скала Сарня[lower-alpha 31], Збуецкая Турня[lower-alpha 32], а таксама — партрэты («Аўтапартрэт», 1904), тэматычныя кампазыцыі («Шчасьце чалавека», 1909—1913).
Станіслаў Яроцкі паходзіў з тэрыторыі Польшчы, нарадзіўся ў Варшаве. Пасьля пераезду ў Вільню доўгі час вандраваў па тэрыторыі Літвы, Жамойці. Палюбіў народную культуру летувісаў і беларусаў. Займаўся вывучэньнем народнай культуры беларусаў Віленскай губэрні[97][98]. Быў знаёмы й супрацоўнічаў зь Янам Луцкевічам, шанаваў Францішка Багушэвіча. Яго погляды на пытаньне нацыянальнасьці на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага былі блізкія да ідэяў краёўцаў. Спрачаўся з прадстаўнікамі летувіскага нацыянальнага руху аб пытаньні, паводле якога мова была фундаментальнай для ідэнтычнасьці нацыі[99]. Лічыў, што польскамоўных пісьменьнікаў можна лічыць сапраўднымі летувісамі. Аб Адаме Міцкевічы выказываўся наступным чынам:
Безумоўна, мы называем яго літоўскім мастаком, і гэта ў старым, добрым сэнсе Міцкевіча, які не саромеўся называць Літву сваёй Радзімай, хаця ў яго жылах не было ані кроплі літоўскай крыві[100]. | ||
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.