Летувізацыя
палітыка насаджэньня летувіскай мовы і культуры сярод нелетувіскага насельніцтва колішняга Вялікага Княства Літоўскага / From Wikipedia, the free encyclopedia
Летувізацыя[1][2][3] — палітыка насаджэньня летувіскай (гістарычнай жамойцкай) мовы і культуры сярод нежамойцкага насельніцтва колішняга Вялікага Княства Літоўскага з пашырэньнем на яго сканструяванай новай ідэнтычнасьці летувісаў, а таксама прапаганды летувіскай шавіністычнай інтэрпрэтацыі гісторыі ВКЛ. Складаецца зь некалькіх кампанэнтаў, у тым ліку атаясамліваньня гістарычных Літвы і ліцьвінаў з сучаснымі Летувой і летувісамі, перакручваньня традыцыйных гістарычных назваў мясцовасьцяў і імёнаў людзей у іншых мовах паводле іх формаў зь летувіскай мовы, дэнацыяналізацыі жыхароў этнічнай тэрыторыі беларусаў (празь іх частковую палянізацыю або русіфікацыю) з паступовым пераводам адукацыі і мас-мэдыя на летувіскую мову дзеля асыміляцыі мясцовага насельніцтва летувісамі[4].
Умовы для летувізацыі склаліся па анэксіі Вялікага Княства Літоўскага Расейскай імпэрыяй, калі адбылося замацаваньне назвы «Літва» за Жамойцю і жамойтамі[5]. Дзеячы жамойцкага нацыянальнага абуджэньня дзеля забесьпячэньня свайму руху гістарычнай асновы выкарысталі — у якасьці этнічнай — назву старажытнай літоўскай (беларускай) дзяржавы, а ня ўласнага Жамойцкага княства (якое не асацыявалася з уяўленьнямі пра разьвітую старажытную дзяржаўнасьць)[5]. На згоду і пры падтрымцы расейскіх уладаў, імпэрскім інтарэсам якіх адпавядала прывязваньне гісторыі ВКЛ да нашчадкаў балтыйскай меншасьці, а не беларусаў, летувісы выбудавалі міт пра ВКЛ як выняткова летувіскую дзяржаву[6]. Гэты міт стаў падмуркам, на якім летувіскія дзеячы пачалі будаваньне новай летувіскамоўнай «Літвы»[7]. Прэтэнзіі Летувы на пераемнасьць з ВКЛ падмацавала атрыманьне ёй старажытнай літоўскай сталіцы Вільні і сталічнага Віленскага краю — насуперак волі мясцовага насельніцтва — у выніку злачыннай змовы паміж сталінскім СССР і гітлераўскім Трэцім Райхам у пачатку Другой сусьветнай вайны[8]. Савецкія ўлады дазволілі летувісам нацыяналістычную ідэалёгію, заснаваную на міце пра ВКЛ як «старажытную летувіскую дзяржаву» (адначасна ўчыняючы этнацыд беларусаў — па фізычным вынішчэньні беларускай гістарыяграфіі), што засьведчыла ўнікальнасьць і вынятковасьць становішча Летувы ў параўнаньні зь іншымі савецкімі рэспублікамі[7][9][10]. Па распадзе СССР заснаваная на мітах і стэрэатыпах гістарычная навука працягвае выступаць часткай дзяржаўнай ідэалёгіі Летувы[9][11], што знаходзіць падтрымку ў Расеі[12][lower-alpha 1].