горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Ле́пель — места ў Беларусі, на беразе Лепельскага возера. Адміністрацыйны цэнтар Лепельскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 17 828 чалавек[1]. Знаходзіцца за 115 км ад Віцебску. Канцавая станцыя на чыгуначнай лініі Ворша — Лепель. Аўтамабільныя дарогі злучаюць места з Полацкам, Менскам, Віцебскам, Воршай.
Лепель лац. Lepiel | |||||
Касьцёл Сьвятога Казімера | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1439 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Віцебская | ||||
Раён: | Лепельскі | ||||
Плошча: |
| ||||
Вышыня: | 165 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: | 17 828 чал. (2018)[1] | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 2132 | ||||
Паштовы індэкс: | 211180 | ||||
СААТА: | 2227501000 | ||||
Нумарны знак: | 2 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 54°52′30″ пн. ш. 28°41′40″ у. д. | ||||
± Лепель | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
http://lepel.vitebsk-region.gov.by/ |
Лепель — даўняе места гістарычнай Полаччыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага[2]. Да нашага часу тут захаваліся збудаваныя ў стылі клясыцызму касьцёл Сьвятога Казімера і драўляная царква Сьвятой Параскевы Пятніцы, помнікі архітэктуры XIX ст. Побач з касьцёлам у 2010 годзе паставілі першы ў Беларусі помнік канцлеру Льву Сапегу. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася Спаская царква ў стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XIX ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі.
Існуе некалькі вэрсіяў паходжаньня тапоніму Лепель. Географ Вадзім Жучкевіч лічыў, што ў яго аснове беларускія словы «лепей», «лепы» (у сэнсе 'лепшы, прыгожы') або «ляпіць» (зьвязаны з ганчарным рамяством)[3]. На думку расейскага гісторыка А. Качубінскага, назва ўтварылася ад латыскага слова «Ііара» — 'ліпа' (у сэнсе 'возера сярод ліпавых лясоў')[4]. Супрацоўнікі Рыскага музэю гісторыі, літаратуры і мастацтва імя Я. Райніса зьвязваюць назву места з латыскім «лепе» ці летувіскім «лепеле», што ў абодвух выпадках абазначае 'жоўтыя гарлачыкі'. Беларускі навуковец Р. Аўчыньнікава мяркуе, што тапонім мае фінска-вугорскае паходжаньне («леп») і перакладаецца, як 'альховы'[5].
Таксама існуе народнае паданьне пра знакамітага падарожніка, што завітаў на Лепельшчыну. Спачатку ён падзівіўся: «О, як тут пышна!» (гэтак узьнікла назва вёскі Пышна). Калі ж паехаў далей, то ўзрушыўся прыгажосьцю мясьцінаў: «Ого, а тут яшчэ лепей!» Адсюль, згодна з паданьнем, і ўтварылася назва Лепель[3].
Першы пісьмовы ўпамін пра Лепель датуецца 1439 годам. У гэты час на высьпе Лепельскага возера існавалі вёска і маёнтак Стары Лепель, якія Міхал Жыгімонтавіч падараваў Віцебскаму рымска-каталіцкаму касьцёлу. У 1503 годзе вялікі князь Аляксандар зацьвердзіў за Віцебскім касьцёлам дарунак Міхала Жыгімонтавіча, дадаўшы да яго Баравенскае войтаўства і вёскі Машчоны ды Соржыцу. У 1541 годзе з згоды Папы Рымскага вялікі князь Жыгімонт Стары далучыў Лепельскі маёнтак да Віленскай катэдры. У Інфлянцкую вайну (1558—1582) на тэрыторыі маёнтку збудавалі драўляны замак[6].
У 1563 годзе побач з замкам на высьпе заснавалі места Лепель, пры якім працаваў гандлёвы порт. Таго ж году Віленская капітула, ня будучы ў стане бараніць маёмасьць ад бесьперапынных нападаў суседняй Маскоўскага дзяржавы, аддала маёнтак у валоданьне вялікаму князю Жыгімонту Аўгусту з умовай, што калі ён захоча назаўсёды пакінуць гэтую маёмасьць сабе, то мусіць даць капітуле іншую маёмасьць той самай вартасьці. Аднак насуперак дамоўленасьці ў 1568 годзе Жыгімонт Аўгуст аддаў Лепель у пажыцьцёвае карыстаньне кашталяну смаленскаму Юрыю Зяновічу, а па ягонай сьмерці — ваяводу полацкаму Мікалаю Дарагастайскаму. У 1579 годзе кароль і вялікі князь Стэфан Баторы вярнуў лепельскую маёмасьць Віленскай рымска-каталіцкай катэдры.
На 1580 год у месьце Лепелі было 300 дамоў, якія стаялі на высьпе і на заходнім беразе возера (цяпер гэта вёска Стары Лепель)[7]. 19 траўня 1586 году маёнтак Лепле набыў Леў Сапега. За 3 км ад Старога Лепеля, у вёсцы Белае, ён заснаваў мястэчка Белы Лепель або Новы Лепель, куды неўзабаве перамясьціўся гандлёвы цэнтар. Апроч таго, у мястэчку збудавалі замак, царкву і касьцёл. У 1609 годзе Леў Сапега перадаў Стары Лепель і Новы Лепель Віленскаму кляштару бэрнардынак, які дзеяў пры касьцёле Сьвятога Міхала.
У 1772—1776 гадох у зьвязку зь першым падзелам Рэчы Паспалітай Лепель стаў сталіцай Полацкага ваяводзтва. У месьце адбываліся паседжаньні земскага і гродзкага судоў[7].
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Лепель апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам павету Полацкай, з 1802 году — Віцебскай губэрні. У 1797—1805 гадох вялося будаваньне Бярэзінскай воднай сыстэмы, дырэкцыя якой разьмясьцілася ў Лепелі (у 1833—1839 гадох тут працаваў калега і сябар Адама Міцкевіча Ян Чачот). У 1804 годзе адбылося зацьвярджэньне першага пляну забудовы места. У вайну 1812 году Лепель панёс вялікія страты: войскі, што праходзілі празь места, спалілі яго.
У 1821 годзе ў Лепелі адкрылася аптэка, у 1830 годзе — 4-клясная вучэльня. У 1833 годзе места моцна пацярпела ад пажару. У 1835 годзе складзены генэральны плян Лепеля, згодна зь якім места падзялялася на цэнтар і 26 кварталаў (у 1860 годзе гэты плян скарэктавалі, падзяліўшы Лепель на 30 кварталаў і 4 плошчы). У 1841—1844 гадох тут збудавалі мураваны праваслаўны сабор, у 1857—1876 гадох — касьцёл Сьвятога Казімера. 9 верасьня 1852 году места атрымала герб: «у чырвоным полі Пагоня»[9]. На 1864 год у месьце было 38 мураваных і 562 драўляныя дамы (паводле зьвестак на 1897 год — 10 мураваных і 800 драўляных); дзеялі 3 царквы, касьцёл, капліца, 4 сынагогі; працавалі піваварны і гарбарны заводы, 2 цагельні. У 1893 годзе ў Лепелі адкрылася мэтэастанцыя, у 1902 годзе — настаўніцкая бібліятэка. У пачатку ХХ ст. у месьце было 772 будынкі, працавалі 12 дробных прадпрыемстваў, друкарня, 7 навучальных установаў, у тым ліку жаночая Марыінскач вучэльня; штогод праводзіліся 4 кірмашы.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Лепель занялі войскі Нямецкай імпэрыі[10].
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Лепель абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце ўтварылася Беларуская рада[10]. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Лепель увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала яго разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. З кастрычніку 1919 да 14 траўня 1920 году места знаходзілася пад польскай уладай.
У 1924 годзе Лепель вярнуўся ў БССР, дзе стаў цэнтрам раёну (у 1935—1938 гадох — цэнтар акругі). У 1925 годзе тут адкрылася аднайменная чыгуначная станцыя. У Другую сусьветную вайну з 3 ліпеня 1941 да 26 жніўня 1944 году Лепель знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху.
11 верасьня 2010 году ў цэнтры Лепеля ўрачыста адкрылі помнік дзяржаўнаму дзеячу Вялікага Княства Літоўскага — Льву Сапегу (нягледзячы на пратэсты Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату)[11].
У Лепелі працуюць агратэхнічны каледж (у мінулым — гідрамэліярацыйны тэхнікум), ліцэй, 4 сярэднія школы, школа мастацтваў, ПТВ 175.
Дзеюць дом рамёстваў, дом культуры, пры якім існуе народны тэатар «Пошук», краязнаўчы музэй, 2 бібліятэкі.
У месьце выдаецца раённая газэта «Лепельскі край» (да 1992 году — «Ленінскі сцяг»).
У сучасным Лепелі захаваўся рэгулярны плян XIX ст. У 1964 і 1976 гадох складаліся генэральныя пляны места. Цэнтар і паўднёва-ўсходнюю частку займаюць 2—5-павярховыя будынкі. Паводле пляну 1980 году перавага аддаецца невысокай забудове, на галоўнай магістралі места невялікія групы 5-павярховых будынкаў з установамі культурна-побытавага прызначэньня на першых паверхах. У 1989 годзе зьявіўся праект рэканструкцыі паркавай зоны і іншых частак места.
Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
Валадарскага вуліца | Крывая вуліца Прудовая вуліца[18] | Стэфана Баторыя вуліца (1919—1920) |
Войкава вуліца | Загуменная вуліца[19] | |
Горкага вуліца | Рынкавая вуліца[18] | |
Данукалава вуліца | Шляхецкая вуліца[18] | Пралетарская вуліца |
Дзяржынскага вуліца | Капаніцкая вуліца | |
Інтэрнацыянальная вуліца | Касьцельная вуліца[18] | |
Карла Маркса вуліца | Віленская вуліца[18] Шляхецкая вуліца[lower-alpha 1][lower-alpha 2] | рас. Дворянская улица Гогалеўская вуліца |
Лабанка вуліца | Новая вуліца[18] Вакзальная вуліца | |
Ленінская вуліца | Поўсьвіская вуліца[lower-alpha 1] | Пушкінская вуліца |
Савецкая вуліца | Выганская вуліца[18] Чашніцкая вуліца | Нова-Чашніцкая вуліца[lower-alpha 1] Віленская вуліца (1919—1920) |
Свабоды плошча | Рынак пляц | Саборная плошча |
Урыцкага вуліца | Азёрная[18] вуліца | |
Чуйкова вуліца | Чыгуначная вуліца |
З урбананімічнай спадчыны Лепеля да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Бярэзінская, Віцебская і Ўльянка, а таксама Барысаўскі і Полацкі тракты. Таксама ў Лепелі існавалі вуліцы Забаенская[20], Маставая, Падгулянная[21], Падгуменная[22], Прабойная[23], Пяшчанская[24], Саборная[25], Слабадзкая[26] і Юрыдыкаўская[27], Капаніцкі, Надазёрны, Падазёрны[28], Пяцінскі і Сьвейскі[29] завулак, пляц Новы Рынак, Віцебскі тракт[30].
Гістарычныя мясцовасьці Лепеля: Пяшчанка, Юраўская і Эсенская Слабоды.
Прадпрыемствы машынабудаваньня і мэталаапрацоўкі, дрэваапрацоўчай і харчовай прамысловасьці. У 2003 годзе аднавілася праца Лепельскай ГЭС.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Лепеля |
---|
|
Апроч таго, працуе мэтэастанцыя.
Лепель — аўтамабільны транспартны вузел. Усходняй мяжой места праходзіць магістраль М3. Апроч гэтага, Лепель злучаецца сеткай аўтамабільных дарог зь іншымі местамі Беларусі: Р15 (Крычаў — Ворша — Лепель), Р46 (Лепель — Полацак — граніца Расеі), Р86 (Багушэўск (ад M8) — Сянно — Лепель — Мядзел), Р116 (Вушачы — Лепель).
Аўтавакзал Лепелю абслугоўвае аўтобусныя маршруты больш чым 15 кірункаў, у тым ліку на Менск, Віцебск, Полацак, Наваполацак, Санкт-Пецярбург, Бабруйск, Горадню, Барысаў, Дрысу, Докшыцы.
У Лепелі дзее чыгуначны вакзал. Чыгунка злучае места з буйным чыгуначным вузлом Ворша. Двойчы на дзень у будні і тройчы ў выходныя і сьвяточныя дні паміж імі курсуе пасажырскі дызэль-цягнік.
Мескі грамадзкі транспарт складаецца з аўтобусных маршрутаў.
Места ўваходзіць у турыстычны маршрут «Спадчына Віцебшчыны гасьцям фэстывалю»[31]. Працуе Лепельскі краязнаўчы музэй. Сярод асабліва цікавых экспанатаў трэба адзначыць зброю XIX—XX стагодзьдзяў, фатаздымкі і паштоўкі лепельскага фатографа Р. Фідэльмана, пячаткі павятовых і валасных органаў улады XIX ст. і іншыя. Таксама тут захоўваецца найстарэйшая беларуская дуда, вырабленая ў 1877 годзе
Спыніцца можна ў гатэлі «Лепель» пад адрасам вуліца Капаніцкая, 21. Дзеюць дзіцячая санаторыя (вуліца Віцебская, 23) і дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтар «Пэрліна» ў Бароўцы. На беразе Лепельскага возера знаходзіцца санаторыя «Лодэ».
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.