From Wikipedia, the free encyclopedia
Жамойцкае біскупства, Жамойцкая дыяцэзія (у XV—XVI стагодзьдзях таксама Медніцкае біскупства) — царкоўна-адміністрацыйная адзінка Рымска-Каталіцкай царквы ў Вялікім Княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім з цэнтрам у Медніках (Ворнях).
Прызначалася для жамойтаў (тым часам для ліцьвінаў у ВКЛ існавала Віленскае біскупства) і ахопліва парафіі літоўскай Жамойці — Жамойцкага староства і Ўпіцкага павету Троцкага ваяводзтва[1], прэтэндавала на частку Ковенскага павету (Ваўкавішкі, зарэчная ковенская частка Кейданаў[2] ды іншыя)[3]. Населеныя жамойтамі землі таксама ўваходзілі ў склад Самбійскага біскупства Прусіі (ужо у 1435 годзе Базэльскі царкоўны сабор задаволіў просьбу біскупа самбійскага Міхала Юнге дазволіць карыстацца ў царкоўным жыцьці мовамі мясцовых насельнікаў Самбіі, у тым ліку «мовай жамойтаў»[lower-alpha 1])[5].
Утварылася 24 кастрычніка 1417 году паводле пастановы Канстанцкага сабору з ініцыятывы вялікага князя Вітаўта. Аднак стварэньне каталіцкага біскупства (разам з заснаваньнем Ягайлам і Вітаўтам шэрагу касьцёлаў у Жамойці) выклікала жорсткі супраціў жамойцкага жыхарства: у 1418 годзе жамойты ўзбунтаваліся, выгналі біскупа і ксяндзоў, разбурылі касьцёлы і дамы баяраў-каталікоў, дзеля чаго вялікі князь Вітаўт мусіў выправіць у Жамойць літоўскае войска, каб здушыць гэтае паўстаньне[6]
Ад пачатку, з усяго відаць, падпарадкоўвалася Папе Рымскаму, з 1427 году — Гнезьненскай мітраполіі. На чале стаяў біскуп жамойцкі, першы біскуп — Мацей зь Вільні.
У XV ст. налічвала 19 касьцёлаў, у пачатку XVII ст. — каля 50 касьцёлаў, у XVIII ст. — каля 200 касьцёлаў (разам зь філіяльнымі). З 1587 году існавалі тры дэканаты, з 1636 году — 6 дэканатаў[7].
У пасланьні да кардыналаў Рымскай курыі з нагоды прызначэньня ў 1417 годзе першага каталіцкага біскупа для Жамойці Мацея львоўскі арцыбіскуп Ян і віленскі біскуп Пётар пісалі: «Дастойнага пана Мацея, магістра вольных навук, пробашча Віленскага, Ліцьвіна, які поўнасьцю валодае жамойцкай гаворкай <…> мы высьвяцілі на катэдру»[lower-alpha 2]. Тое, што першы жамойцкі біскуп досыць добра ведаў «жамойцкую гаворку»[lower-alpha 3], паўтаралася яшчэ ў адным пасланьні гэтых жа герархаў[10]. Само ж новае біскупства стваралася для «народу Жамойтаў», што неаднаразова падкрэсьлівалася ў афіцыйных дакумэнтах (лац. gens Samagitarum у 1409 годзе[11], лац. gens Samaytarum у 1416 годзе[12]). У просьбе вялікага князя Вітаўта да папы Марціна V аб прызначэньні новага біскупа для «жамойцкага народу» Мікалая (1423 год) зноў зазначалася, што гэтым разам ужо другі жамойцкі біскуп ведае «гаворку жамойцкага народу» (sciensque gentis Samaitice ydioma[13])[14]. Такім парадкам, жамойцкія біскупы мусілі вольна валодаць жамойцкай мовай[15]. У 11-й кнізе сваіх хронікаў Ян Длугаш зазначыў пра першага жамойцкага біскупа Мацея, што той «добра ведаў мовы літоўскую і жамойцкую»[lower-alpha 4], чым засьведчыў існаваньне дзьвюх асобных моваў — літоўскай і жамойцкай. Апроч таго, апісваючы эпізоды хрышчэньня ліцьвінаў і жамойтаў храніст адзначыў: пры хрышчэньні ліцьвінаў польскія сьвятары ня мелі патрэбы ў перакладніках, якія спатрэбіліся ім пры хрышчэньні жамойтаў[lower-alpha 5][18]. Яшчэ адным сьведчаньнем адрозьненьня лічыцца грамата вялікага князя Аляксандра да біскупа жамойцкага Марціна ад 1503 году, дзе зазначалася нізкая адукацыя парафіяльных ксяндзоў у Жамойці і тое, што яны былі няздольныя карыстацца ў набажэнствах «гаворкай літоўскай або гэтай жамойцкай»[lower-alpha 6][5]. У 1507 годзе Барташ Табаравіч, брат якога біскуп віленскі Войцех Табар атрымаў аналягічную паводле зьместу грамату, аформіў фундацыю на касьцёл у Таўрогах з прызначэньнем туды сьвятароў, якія б ведалі «гутарковую жамойцкую мову» (лац. «presbyterum vernaculae samogitarum linguae»[19]) і маглі б навучаць парафіянаў слову Божаму ў «мове жамойтаў» (лац. «samogitarum lingua docere»[20])[21].
28 лютага 1506 году кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аляксандар накіраваў у Ватыкан дакумэнт, у якім прасіў заснаваць асобную Прускую каталіцкую мітраполію, якая мелася стаць асобным царкоўным княствам на чале з арцыбіскупам. Да гэтага княства-мітраполіі прапанавалася далучыць Жамойцкае біскупства, што фактычна значыла вылучэньне тэрыторыі Жамойці з складу Вялікага Княства Літоўскага. Апроч таго, у самім дакумэнце Жамойць мела непрывабную характарыстыку: адзначалася, што празь яе тэрыторыю было небясьпечна падарожнічаць з Прусіі ў Рыгу. Як зазначае Павал Урбан, гэты праект сьведчыў пра іншароднасьць Жамойці ў складзе ВКЛ і большую этнічную блізкасьць жамойтаў з карэнным насельніцтвам Прусіі[22][23].
Пры прызначэньні ў 1575 годзе Мэльхіёра Гедройца на Медніцкую катэдру неаднаразова падкрэсьлівалася, што ён «валодае жамойцкай мовай»[lower-alpha 7]. Пры візытацыі Жамойцкага біскуства ў 1579 годзе абмяркоўвалася выняткова жамойцкая мова (лац. lingua Samogitica) — як вусная мова мясцовага насельніцтва[lower-alpha 8]. Складзеныя ў 1620—1752 гадох сьпісы навучэнцаў Папскай сэмінарыі ў Вільні разьмяжоўваюць літоўскую (lingua lituanica) і жамойцкую (lingua samogitica) мовы[28] — як і ліцьвінаў з жамойтамі[29]. У 1631 годзе пры прызначэньні на Медніцкую катэдру Мэльхіёра Гейша, народжанага на Жамойці, староства генэральны жамойцкі Геранім Валовіч зазначаў, што той «вольна валодае жамойцкай мовай…, якой амаль не валодаў ніводны біскуп да цяперашняга часу» (лац. «Et ita existimo, quia ipse callet linguam Samogiticam…, quam fere nullus Episcopus, praeter modernum, possedit»)[30]. У 1647 годзе чацьверты сынод Жамойцкага біскупства пастанавіў перакласьці булу папы рымскага Урбана VIII менавіта на «жамойцкую мову» (лац. «lingua Samogitica translaram»), таго ж году адпаведны тэкст зьмясьцілі ў кнізе «Synodus quarta dioecesis Samogitiae», надрукаванай у Вільні. Публікацыя жамойцкага перакладу тлумачылася ў пастанове сыноду тым, што некаторыя сьвятары і прапаведнікі перакручвалі зьмест булы «ў мясцовай мове»[31]. У 1690 годзе адпаведны тэкст папскай булы «жамойцкай мовай» зь невялікімі зьменамі зьмясьцілі ў надрукаваным у Вільні зборніку дакумэнтаў Жамойцкага біскупства[32].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.