дзяржаўны і рэлігійны дзяяч ВКЛ From Wikipedia, the free encyclopedia
Мэльхіёр Гедройц (Мальхер; 1536[1] — 6 красавіка 1609, Варні) — дзяржаўны і рэлігійны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Жамойцкі біскуп (з 1575), апякун летувіскага пісьменства.
Мэльхіёр Гедройц. Невядомы мастак, XVIII ст. | |
Герб «Кітаўрас» | |
Біскуп жамойцкі | |
---|---|
1576 — 1609 | |
Папярэднік | Юры Пяткевіч |
Наступнік | Мікалай Пац |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | 1536 |
Памёр | 6 красавіка 1609 |
Пахаваны | |
Род | Гедройцы |
Бацькі | Матэвуш Гедройц Ганна Крошынская |
Дзейнасьць | каталіцкі сьвятар, каталіцкі біскуп |
Паходзіў зь літоўскага княскага роду Гедройцаў, які ў 16 ст. ужо ня меў значнае палітычнае ролі ў дзяржаве. Бацька Мэльхіёра, Матэвуш Гедройц, служыў пры двары каралевы Боны, зь яе пратэкцыі быў намесьнікам у Кернаве і Майшаголе, пазьней маршалкам гаспадарскім. Маці — княгіня Ганна з Крошынскіх.
Навучаўся ад 1550 у Каралявецкім, Вітэнбэрскім, Цюбінгенскім, Ляйпцыскім унівэрсытэтах, навуковай ступені не атрымаў.
У 1569 годзе як пасол ад Віленскага павету на Люблінскі сойм падпісаў акт Люблінскае уніі. Невядома, ці быў Мэльхіёр Гедройц пратэстантам, але ўжо ў 1570-я напэўна быў каталіком, а ў 1571 годзе стаў сьвятаром. Апекаваны віленскім біскупам Валерыянам Пратасевічам, у 1572 годзе атрымаў ад яго прызначэньне кусташам капітула. Пасьля сьмерці жамойцкага біскупа Юрыя Пяткевіча (ліпень 1574) удзельнікі віленскай канвакацыі прапанавалі на яго месца Мэльхіёра Гедройца. У 1575 годзе езьдзіў у Францыю, каб прысягнуць Генрыку Валезы. 16 студзеня 1576 году зацьверджаны рымскім папам Грыгорыюсам XIII, рукапакладзены ў сан жамойцкага біскупа 22 красавіка 1576 году ў Вільні, пры прызначэньні адзначаліся яго вялікія веды ў галіне кананічнага права і тэалёгіі.
Браў актыўны ўдзел у грамадзкім жыцьці Вялікага Княства Літоўскага. 25 траўня 1580 году ў Віленскай катэдры ўручыў Стафану Баторыю капялюш і меч, пасьвянцоныя папам на паход на Масковію. Як сэнатар вызначыўся на соймах, неаднакроць узначальваў камісіі па ўстанаўленьні дзяржаўных межаў і міру з Масковіяй. М. Гедройц таксама працаваў у скарбовым трыбунале, рэвізаваў гаспадарскую маёмасьць. У гістарыяграфіі ацэньваецца як «літоўскі сэпаратыст» (Станіслаў Гэрбст), «літоўскі патрыёт» (Зянонас Івінскіс), адной з найважнейшых мэтаў лічыў захаваньне дзяржаўнасьці ВКЛ пасьля Люблінскай уніі.
Быў адным з самых актыўных біскупаў — прыхільнікаў Контрарэфармацыі. За сваё змаганьне з адраджэньнем паганства атрымаў мянушку «другога хрысьціцеля Жамойці», асабіста ўдзельнічаў у вырубцы сьвятых дубоў і згашэньні паганскага агню на Гары Біруты. Згодна з пастанаўленьнямі Трыдэнцкага сабору шмат зрабіў для рэформаў у каталіцкім касьцёле, спрыяў падрыхтоўцы летувіскамоўных сьвятароў, выданьню летувіскіх тэкстаў. За яго біскупствам, у 1603 у Жамойці быў заснаваны першы бэрнардынскі кляштар. У 1607 заснаваў адмысловую місію для латышоў. Падараваў уласную бібліятэку (каля 100 кніг) езуіцкаму калегіюму ў Крожах. Часта наведваў парафіі, прапаведваў па-летувіску, сам слухаў споведзі вернікаў. Пахаваны ў катэдральным саборы ў Варнях.
Для культурнай дзейнасьці біскупа ў Жамойці характэрная, паводле З. Івінскіса, летувіская накіраванасьць. Сваім коштам выдаў «Пастылу каталіцкую» Якуба Вуека (1599) у перакладзе Мікалая Даўкшы — першую летувіскую кнігу друкаваную ў ВКЛ, а таксама пераклад Катэхізіса езуіта Лядэсмы («Катэхізіс, або навука, неабходная кожнаму хрысьціяніну», 1595). Апекаваў Мацею Стрыйкоўскаму, якому даў пасаду каноніка жамойцкага.
Адзіны вядомы твор аўтарства М. Гедройца — «Элегія на сьмерць Кацярыны Валовіч» (Elegia in mortem Catharinae Wolowicz, Regiomonti, 1561), празь зьмест твору бачна добрае веданьне аўтарам антычный і хрысьціянскай літаратуры.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.