Глябалізацыя
From Wikipedia, the free encyclopedia
Глябалі́зацыя — працэс усясьветнай эканамічнай, палітычнай і культурнай інтэграцыі, асноўнымі характарыстыкамі якога зьяўляюцца распаўсюджваньне капіталізму па ўсім сьвеце, сусьветны падзел працы, міграцыя ў маштабах усяе плянэты грашовых, чалавечых і вытворчых рэсурсаў, стандартызацыя заканадаўства, эканамічных і тэхналягічных працэсаў, а таксама збліжэньне культур розных краінаў. Гэта аб’ектыўны працэс, які носіць сыстэмны характар, то бок ахоплівае ўсе сфэры жыцьця грамадзтва. У выніку глябалізацыі сьвет становіцца больш зьвязаны й залежным ад усіх ягоных суб’ектаў. Адбываецца павелічэньне як колькасьці агульных для груп дзяржаваў праблем, гэтак і колькасьці й тыпаў інтэграваных суб’ектаў.
Працэс стварэньня сусьветнага рынку пачаўся на сьвітанку XX стагодзьдзя ў эпоху станаўленьня буйных міжнацыянальных манаполіяў. Ён некалькі прыпыніўся ў пэрыяд падзелу сьвету на варожыя лягеры й халоднай вайны паміж імі, калі эканамічнае й культурнае разьвіцьцё асобных краінаў, як то СССР і КНР, праходзіла адасоблена ад разьвіцьця астатняга сьвету. Асаблівых тэмпаў глябалізацыя набрала ў апошнія дзесяцігодзьдзі XX стагодзьдзя й пачатку XXI стагодзьдзя. З аднаго боку гэта зьвязана з падзеньнем жалезнай заслоны й інтэграцыяй Кітая ў сусьветную эканоміку, з другога боку — з хуткім разьвіцьцём інфармацыйных тэхналёгій, дзякуючы якім узрасьлі магчымасьці доступу да любой інфармацыі ў сьвеце.
У 2000 годзе Міжнародны валютны фонд вызначыў чатыры асноўныя аспэкты глябалізацыі, як то гандаль і фінансавыя апэрацыі, рух капіталаў і інвэстыцыяў, міграцыя й перасоўваньне людзей, а таксама распаўсюджваньне ведаў[1]. Акрамя таго, праблемы з навакольным асяродзьдзем, як то глябальнае пацяпленьне, забруджваньне вады й паветра, а таксама празьмерны промысел акіяну зьвязаны з глябалізацыяй[2]. На працэсы глябалізацыі ўплываюць міжнародныя бізнэсовыя арганізацыі, працы, эканоміка, сацыяльна-культурныя рэсурсы й прыроднае асяродзьдзе. Акадэмічная літаратура звычайна падзяляе глябалізацыю на тры асноўныя сфэры, як то эканамічная глябалізацыя, культурная глябалізацыя й палітычная глябалізацыя[3].
Не зважаючы на тое, што працэс глябалізацыі аб’ектыўны, вакол яго праходзіць палітычная барацьба. Глябалізацыя на сучасным этапе, гэта значыць, на пачатку XXI стагодзьдзя, мае як гарачых прыхільнікаў, гэтак і апанэнтаў. Тэрмін «глябалізацыя» зьявіўся адносна нядаўна, сучасны панятак быў сфармаваны толькі ў 1970-х гадох[4].