![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/1/11/European-parliament-strasbourg-inside.jpg/640px-European-parliament-strasbourg-inside.jpg&w=640&q=50)
Палітыка
From Wikipedia, the free encyclopedia
Палі́тыка (ад грэцкага τα πολιτικά) — удзел у справах грамады. Тэрмін звычайна прымяняецца ў адносінах да грамадзянскіх урадаў, але палітыка таксама вылучаецца ва ўсіх групах чалавечага ўзаемадзеяньня, то бок карпаратыўных, акадэмічных альбо рэлігійных інстытутах. Палітыка зьяўляецца сродкам да дасягненьня і ажыцьцяўленьня палажэньняў кіраваньня і арганізаванага кантролю над чалавечай супольнасьцю[1].
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/1/11/European-parliament-strasbourg-inside.jpg/320px-European-parliament-strasbourg-inside.jpg)
Палітыка складаецца з «сацыяльных стасункаў, што ўключаюць у сябе ўладу або сілу». Яна характарызуецца пэўнымі правіламі палітычнае адзінкі (партыі), а таксама мэтадамі і тактыкай, што выкарыстоўваюцца пры фармуляваньні ды рэалізацыі палітпраграмы. У сучасных нацыянальных дзяржавах, людзі фармуюць палітычныя партыі, каб празь іх прадставіць свае ідэі на будаваньне і рэгуляваньня адносінаў паміж людзьмі і сацыяльнымі групамі. У партыях людзі пагаджаюцца на адну і тую ж пазыцыю паводле многіх пытаньняў, і згаджаюцца падтрымліваць адныя і тыя ж зьмены ў законы[2].
Разнастайнасьць мэтадаў, якія маюць месца ў палітыцы, уключаюць у сябе разьвіцьцё палітычных поглядаў сярод людзей, перамовы зь іншымі палітычнымі суб’ектамі, прасоўваньне і прыняцьцё законаў і ажыцьцяўленьне ціску на іншыя сілы, у тым ліку правядзеньне баявых дзеяньняў супраць праціўнікаў[3][4][5]. Палітыка ажыцьцяўляецца па шырокім спэктры сацыяльных узроўняў, ад кланаў і плямёнаў традыцыйных грамадзтваў і сучасных органаў мясцовага самакіраваньня, прадпрыемстваў і ўстановаў да сувэрэнных дзяржаваў і міжнароднага ўзроўню. Вельмі часта слова палітыка асацыюецца з уладай. Палітычная сыстэма ўяўляе сабой структуру, якая вызначае прымальныя палітычныя мэтады ў дадзеным грамадзтве. Гісторыю палітычнай думкі можна прасачыць ад глыбокай старажытнасьці. То бок Плятон, Арыстотэль, Канфуцый ды шмат іншых старажытных філёзафаў разважалі і прасоўвалі розныя палітычныя мадэлі функцыяваньня грамадзтва і дзяржаўнасьці.
Палітычная навука ці паліталёгія — гэта збор студыяў, якія скіраваныя на вывучэньне палітычных паводзінаў, аналіз узяцьця ўлады, яе выкананьня. Сумежнымі прадметамі паліталёгіі ёсьць палітычная філязофія і публічная адміністрацыя. Палітфілязофія шукае ўнутраныя прычыны палітыкі і этыку публічных паводзінаў. Зь іншага боку, публічная адміністрацыя аналізуе практыку кіраваньня.