From Wikipedia, the free encyclopedia
Віленскае ваяводзтва[lower-alpha 1] — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на паўночным захадзе Вялікага Княства Літоўскага. Плошча каля 44,2 тыс. км². Сталіца — места Вільня. Найбольшыя месты: Ашмяны, Ліда, Вількамір і Браслаў[1].
Віленскае ваяводзтва лац. Vilenskaje vajavodztva | |
Герб | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Вялікае Княства Літоўскае |
Статус | ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага[d] |
Адміністрацыйны цэнтар | Вільня |
Дата ўтварэньня | 1413 |
Дата скасаваньня | 1795 |
Ваяводы | Ваяводы віленскія |
Кашталяны | Кашталяны віленскія |
Насельніцтва | гл. Дэмаграфія |
Плошча | 44,2 тыс. км² |
Час існаваньня | 1413—1795 |
Месцазнаходжаньне Віленскага ваяводзтва | |
Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы |
Утварылася ў 1413 годзе згодна з Гарадзельскім прывілеем на аснове Віленскага княства. У склад ваяводзтва ўвайшла большая частка заходніх, цэнтральных і ўсходніх земляў сучаснай Беларусі (воласьці і буйныя маёнткі з цэнтрамі Ашмяны, Бабруйск, Барысаў, Браслаў, Быхаў, Глуск, Крычаў, Ліда, Магілёў, Менск і інш.), а таксама паўночна-ўсходнія землі цяперашняй Летувы (воласьці і буйныя маёнткі з цэнтрамі Вількамір, Уцяна, Біржы, Кернаў, Сьвянцяны).
У вайсковых дачыненьнях ваяводу віленскаму падпарадкоўваліся намесьнік наваградзкі, а таксама Слуцкае, Клецкае (да 1521 году) і Амсьціслаўскае (да 1529 году) княствы, якія таксама фармальна ўваходзілі ў склад ваяводзтва (фактычна былі аўтаномнымі). На Беларусі мела цераспалосныя дзялянкі з Троцкім ваяводзтвам у Бабруйскай воласьці — «віленскую палавіну» (места Бабруйск і 18 сёлаў)[2].
У студзені 1507 году з складу Віленскага вылучылася Наваградзкае ваяводзтва. У 1537 годзе ў склад ваяводзтва ўвайшла Гомельская воласьць[3].
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў зь Віленскага вылучылася Менскае ваяводзтва. У 1654 годзе на тэрыторыі ваяводзтва (ад Браслава да Вільні) расьсялілася смаленская шляхта, якая мела тут экстэрытарыяльную арганізацыю з Старадубскага і Смаленскага паветаў (соймікі зьбіраліся ў Вільні). Гэта было намінальнае Смаленскае ваяводзтва[4].
Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Віленскага ваяводзтва ліцьвінамі: «виленский гость литвин Дема Матвеев» (1555 год)[5], «литвин Виленского повету Абросимка», «литвин города Вилны Ян», «литвин Виленского повету Сашка», «литвин Виленского повету Христофор Рудинской», «литвин шляхтич кормовой Виленского повету Матяш Збороцкий» (усе 1609—1610 гады)[6], «литвин Виленского повету Федор Косарев, шляхтич» (1610 год)[7], «…в роспросе Васька [Степанов] сказался: родом литвин[lower-alpha 2] белорусец Шменского повету» (1627 год)[10], «литвин Александр [Олехновский] в роспросе сказался родом белорусец, Полоцкого повету, шляхтич; отец его был шляхтич же, испомещен был под Вильной в Ошмянском повете, и отец де его то имение свое продал, а в то место имение купил в Полоцком повете» (1632 год)[11], «Мишковский Ян Семенов… литвин, шляхтич Лидского повета» (1633 год)[12], «литвин Агейка Родионов, Виленского повету» (1657 год)[13]. У матрыкуле Каралявецкага ўнівэрсытэту пад 1722 годам значыцца Nowicki Ignat., Lithvan. ex districtu Lidensi[14]. Паводле каталёгу ордэну трынітарыяў у Рэчы Паспалітай (1785 год), Josepho Koncewicz… Lithuanus, in districtu Osmianensi natus… Sacramento Danilewcz… Lithuanus, in districtu Osmianensi natus[15]. Апроч таго, сярод вернікаў некалькіх вёсак і мястэчак упамінаецца старалітва, якую крыніцы зьвязваюць з русінамі: Ельня (1668 і паміж 1670 і 1675 гадамі)[16]; Сьвір (1689 год)[17]; Ваверка (1692 год)[18]; Жодзішкі (1701 год)[19]; Няцеч, Старажымавічы і Чапліцы (1721 год)[20].
У 1791 годзе, згодна з Канстытуцыяй Рэчы Паспалітай, утварыўся Завілейскі (з цэнтрам у Паставах) і Эйшыскі паветы. У 1793 годзе вальны сойм пераўтварыў Браслаўскі павет у ваяводзтва. 20 сьнежня 1793 году адбылася ліквідацыя намінальнага Смаленскага ваяводзтва.
У выніку Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) тэрыторыя Віленскага ваяводзтва апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі.
Герб ваяводзтва меў наступны выгляд: «белая Пагоня ў чырвоным полі».
Ваяводзкая харугва была чырвонага колеру з выяваю гербу Пагоня ў цэнтры.
На паўночным захадзе і поўначы межавала з Троцкім ваяводзтвам і Курляндыяй, на ўсходзе — з Полацкім і Менскім ваяводзтвамі, на поўдні — з Наваградзкім ваяводзтвам, на захадзе — з Троцкім ваяводзтвам[1].
Ваяводзтва падзялялася на 5 паветаў: Віленскі, Ашмянскі, Лідзкі, Вількамірскі і Браслаўскі.
Назва | Цэнтар | Плошча, тыс. км² | Староствы |
---|---|---|---|
Віленскі павет | Вільня | 6,3 | Быстрыцкае Інтурскае Керноўскае |
Ашмянскі павет | Ашмяны | 16 | Ашмянскае (гродавае) Вялейскае Губскае Даўгеліскае Дудзкае Крэўскае Маркаўскае Мядзелскае Трабскае |
Браслаўскі павет | Браслаў | 5,5 | Браслаўскае (гродавае) Дрывяцкае Опскае |
Вількамірскі павет | Вількамір | 9,9 | Анікшцянскае Больніцкае Копіскае Пенёскае Субоскае Ушпольскае |
Лідзкі павет | Ліда | 5,5 | Лідзкае (гродавае) Бярштанскае Васілішкаўскае Дубскае Каняўскае Навадворскае Радунскае Стокліскае |
Ваяводзкі соймік праводзіўся ў Вільні. У павятовых цэнтрах месьціліся падкаморскія, земскія і гродзкія суды, праходзілі павятовыя соймікі.
Ашмянская, браслаўская, віленская, вількамірская і лідзкая шляхта абірала дзесяць паслоў на Вальны сойм Рэчы Паспалітай, а таксама дзесяць дэпутатаў на Галоўны Трыбунал.
На 1775 год Віленскае ваяводзтва налічвала каля 70 тыс. дымоў, зь якіх мескія складалі 7 тыс.[1]
У Сэнаце Рэчы Паспалітай Віленскае ваяводзтва мела трох прадстаўнікоў — біскупа, ваяводу і кашталяна. За ўвесь час свайго існаваньня ваяводзтва мела 29 біскупаў, 33 ваяводы, 37 кашталянаў[1].
Ваяводзкі мундзір складаўся зь цёмна-сіняга («гранатовага») кунтуша, ярка-пунсовых адваротаў і жупана[21].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.