From Wikipedia, the free encyclopedia
Беларусь ва ўварваньні Расеі ва Ўкраіну — удзел рэжыму Лукашэнкі ў расейскім нападзе на Ўкраіну, што ўцягвае Беларусь у канфлікт як аднаго з агрэсараў згодна зь міжнародным правам. Перад пачаткам уварваньня на тэрыторыі Беларусі пад выглядам правядзеньня вучэньняў былі разьмешчаныя ўзброеныя сілы Расеі, аднак па сканчэньні вучэньняў яны не пакінулі тэрыторыю суседняй краіны. 24 лютага, з пачаткам нападу Расеі, беларуская тэрыторыя выкарыстоўваецца расейскімі войскамі для абстрэлу блізкіх да мяжы абласьцей Украіны[1][2][3][4].
Гэты артыкул апісвае актуальную падзею.
|
Сьпярша рэжым Лукашэнкі адпрэчваў які-кольвек удзел у канфлікце, аднак пазьней прызнаў, што на ягонай тэрыторыі разьмешчаныя расейскія пускавыя ўстаноўкі, якія абстрэльваюць тэрыторыю Ўкраіны. Нягледзячы на паведамленьні апазыцыйных СМІ і ўкраінскіх вайскоўцаў, што беларускія войскі таксама ўступілі ў вайну супраць Украіны, факт непасрэднага ўдзелу беларускай арміі ў ваенных дзеяньнях не пацьверджаны.
Праз датычнасьць рэжыму Лукашэнкі да нападу на Ўкраіну Заходні сьвет увёў санкцыі і супраць яго. Паводле апытаньняў, большасьць беларусаў выказаліся супраць вайны з Украінай[5]; у дзень правядзеньня рэфэрэндуму па зьмене канстытуцыі, 27 лютага, у краіне адбыліся антываенныя пратэсты, разагнаныя спэцпадразьдзяленьнямі.
Расейскае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году адкрыта прадэманстравала, што Беларусь знаходзіцца пад поўнай акупацыяй Расеі[6][7][8][9][10][11]. Тым часам большасьць грамадзянаў Беларусі не падтрымлівае Расею ў гэтай вайне[12] і чыніць супраціў расейскаму ўварваньню як у самой краіне, так і за яе межамі.
Беларусь мае супольную з Украінай мяжу працягласьцю 1084 км. Украінская сталіца Кіеў разьмешчаная паблізу мяжы. Сучасныя межы абедзьвюх дзяржаваў усталяваліся пасьля II сусьветнай вайны і засталіся нязьменнымі пасьля распаду СССР у 1991 року[13].
У студзені-лютым у Беларусь пачалі прыбываць расейскія войскі для ўдзелу ў супольных вучэньнях «Саюзная рашучасьць-2022». Пасьля пачатку вучэньняў, 16 лютага, міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей паабяцаў, што расейскія войскі пакінуць беларускую тэрыторыю пасьля вучэньняў[5], аднак Міністэрства абароны пазьней абвергла гэтую інфармацыю і паведаміла, што войскі застануцца тут «на няпэўны час»[5].
Дзейная на той час Канстытуцыя Беларусі абвяшчала нэўтральны статус дзяржавы[5]. 27 лютага ў Беларусі адбыўся непрызнаны міжнароднай супольнасьцю рэфэрэндум, які чарговы раз зьмяніў Канстытуцыю[14]. Адным з зьмяненьняў стала скасаваньне статусу Беларусі як бязьядзернай дзяржавы.
На першым этапе расейскага ўварваньня беларускія ўлады дазволілі Расеі атакі на Ўкраіну з уласнай тэрыторыі. 24 лютага 2022 року расейскія войскі перасеклі беларуска-ўкраінскую граніцу ў раёне пагранічных пераходаў Вільча[15] і Сенькаўка[16]. Акрамя таго, расейскія войскі, што ўвайшлі з тэрыторыі Беларусі праз зону адчужэньня, атачылі Чарнобыль і атамную станцыю[3].
Таксама з тэрыторыі Беларусі адбываліся запускі ракетаў, вылеты самалётаў і верталётаў для атакі па ўкраінскай зямлі[17]. Гэта пацьвярджаецца і спадарожнікавымі здымкамі, на якіх бачныя лятальныя апараты і ракетныя ўстаноўкі пад Хойнікамі[2][5][18][19], Калінкавічамі[20], Баранавічамі[21]. Запушчаныя з тэрыторыі Беларусі бамбілі Жытомірскі аэрапорт[22].
Параненым расейскім вайскоўцам аказваюць мэдычную дапамогу ў Гомлі ды іншых местах вобласьці[23][24][25], а забітых разьмяшчаюць у моргах вобласьці[25].
10 сакавіка два беларускія кіроўцы-дальнабойцы памерлі пасьля абстрэлу Корасьценю авіяўдарамі самалётаў, разьмешчаных над Беларусьсю[26].
Паводле апытаньня Chatham House, 79% беларусаў лічаць, што паміраць у вайне Расеі супраць Украіны недапушчальна, і больш за 50% лічаць, што Беларусь мусіць трымацца нэўтралітэту[5].
Лідэрка беларускай апазыцыі ў выгнаньні Сьвятлана Ціханоўская асудзіла дзеяньні Лукашэнкі па падтрымцы расейскага нападу[5][27] ды падтрымала заклік Уладзімера Зяленскага да заходніх дзяржаваў закрыць неба над Украінай[28].
Прэзыдэнт Рады БНР Івонка Сурвіла зьвярнулася з адкрытым лістом да прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзімера Зяленскага, у якім выказала падтрымку ўкраінскаму народу ў змаганьні за дэмакратыю, незалежнасьць і эўрапейскую будучыню.[29][30].
Нягледзячы на рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, якія не спыняліся пасьля выбараў 2020 року, 27 лютага ў Беларусі падчас галасаваньня за прапанаваны рэжымам Лукашэнкі праект канстытуцыі адбыліся пратэсты супраць беларускага ўдзелу ў вайне, падчас якіх былі затрыманыя каля 800 чалавек[31][32].
Беларускія актывісты разбураюць інфраструктуру Беларускай чыгункі, па якой перамяшчаецца расейская вайсковая тэхніка[33][34][35][36]. Паводле стану на 9 сакавіка ўлады арыштавалі прынамсі 8 чалавек, падазраваных у сабатажы перамяшчэньня расейскіх вайскоўцаў па тэрыторыі Беларусі[37].
Беларусы склалі ўласны батальён імя Кастуся Каліноўскага для барацьбы з Расеяй на тэрыторыі Ўкраіны[38]. Акрамя таго, асобныя беларусы змагаюцца ва ўкраінскіх збройных сілах[39][40]. У бітвах з расейцамі ўжо загінулі некалькі зь іх[41][42][43].
27 лютага 2022 году адбыліся атакі на сэрвісы продажу квіткоў і ўнутраныя сыстэмы Беларускай чыгункі. У выніку рух цягнікоў часткова перавялі ў ручны рэжым працы. Дыспэтчарскую цэнтралізацыю «Нёман» зрабілася непрыдатнай, спыніла працу спадарожнае праграмнае забесьпячэньне. Адказнасьць за блякаваньне сыстэмаў Беларускай чыгункі ўзяла на сябе групоўка «Кібэрпартызаны». Чарговая атака на сыстэмы аўтаматызацыі Беларускай чыгункі адбылася ўдзень 2 сакавіка: перасталі функцыянаваць сыстэма ГВР (Графік выкананага руху), «Нататнік кіраўніка», «Абанэнцкі пункт», аўтаматызаваная сыстэма «Аўтадыспэтчар» ды іншае спадарожнае праграмнае забесьпячэньне, праз уплыў на сыстэму ДЦ «Нёман» — пайшлі праблемы з рухам цягнікоў. Адказнасьць за яе таксама ўзялі на сябе хакеры з групоўкі «Кібэрпартызаны». Таксама 1 сакавіка зьявілася паведамленьне ініцыятывы BYPOL пра тое, што на чыгунцы зьнішчылі прынамсі дзьве шафы СЦБ — прылады, якія кіруюць сыгналізацыяй, цэнтралізацыяй і блякаваньнем руху на чыгунцы. Гэта парушыла працу сьвятлафораў і стрэлкавых пераводаў, заблякавала рух на адпаведных дзялянках чыгункі. Таксама на дзялянцы абслугоўваньня Магілёўскага аддзелу БЧ правялі закарочваньне рэйкавых ланцугоў. Намесьнік міністра ўнутраных справаў рэжыму Лукашэнкі Генадзь Казакевіч паведаміў 2 сакавіка пра тры факты падпалу рэлейных шафаў і блякаваньня чыгуначных шляхоў на тэрыторыі Гомельскай, Магілёўскай і Менскай абласьцей[44]. Падкантрольны Лукашэнку Сьледчы камітэт заявіў пра затрыманьне мінімум чатырох чалавек, якіх падазраюць у зрыве графіку руху расейскіх цягнікоў з зброяй[45] (на 9 сакавіка — схапілі восем меркаваных рэйкавых партызанаў[46]). Па партызанскіх дывэрсіяў на чыгунцы каля Стоўпцаў у гэтае места прыбылі супрацоўнікі ГУБАЗіК, якія затрымліваюць з зброяй мясцовых і б’юць проста ў пастарунку міліцыі[47]. Паводле ініцыятывы BYPOL, 16 сакавіка на перагоне Даманава — Лясная (Берасьцейскі аддзел) партызаны зьнішчылі прылады аўтаматыкі і тэлемэханікі СЦБ, а на перагоне Фарынава — Загацьце (Віцебскі аддзел) — рэлейную шафу СЦБ, што парушыла графік руху цягнікоў, у тым ліку ваеннага прызначэньня[48].
19 сакавіка 2022 году кіраўнік Украінскай чыгункі Аляксандар Камышын падзякаваў беларускім чыгуначнікам, якія праз прывядзеньне каляінаў у непрыдатны стан фактычна спынілі чыгуначныя зносіны з Украінай, чым перашкодзілі перавозцы расейскіх вайсковых эшалёнаў[49].
25 сакавіка 2022 году на Дзень Волі невядомыя падпалілі адразу дзьве шафы СЦБ (з прыладамі сыгналізацыі, цэнтралізацыі і блякаваньня) на перагоне паміж Барысавам і станцыяй Навасады. Яшчэ дзьве такія ж шафы падпалілі ў ноч з 27 на 28 сакавіка на перагоне паміж Асіпавічамі і станцыяй Вярэйцы. Пра гэта афіцыйна паведаміла Міністэрства надзвычайных сытуацыяў. У адказ на гэтыя і іншыя дзеяньні перагоны пачалі патруляваць АМАП і САХР — чаго не было з часоў Другой сусьветнай вайны[50].
26 лютага 2023 году «Аб’яднаньне сілавікоў Беларусі» паведаміла пра пашкоджаньне расейскага самалёта радыёвыяўленьня «А-50» на лётнішчы «Мачулішчы» ў Менскі раёне. Два лёгкаматорныя бесьпілётнікі падарвалі радыёлякацыйнае абсталяваньне і спадарожнікавую антэну самалёта пры дапамозе выбухоўкі па 200 грамаў у тратылавым эквіваленце на кожным. 2 сакавіка «А-50» з бартавым нумарам 43 вылецеў на рамонт у Расею на Таганроскі авіяцыйны навукова-тэхнічны комплекс (Растоўская вобласьць). Яго пачынку распачаў 325-ы авіярамонтны завод у Таганрогу[51].
2 сакавіка 2022 году ва ўкраінскім войску ўтварылася першая рота, якая складаецца зь іншаземцаў, а менавіта зь беларусаў. Паводле зьвестак Радыё Свабода, у яе ўжо ўвайшлі каля 40 чалавек[52] (сярод іншага, у яе запісалася сямёра сяброў Маладога Фронту[53]). 4 сакавіка 2022 году ў абарончых баях ва Ўкраіне загінуў беларускі добраахвотнік Ільля «Ліцьвін»[54]. Паводле зьвестак на 5 сакавіка Ўкраіну абараняла 200 беларускіх добраахвотнікаў, яшчэ 300 беларусаў, гатовых далучыцца да Замежнага легіёну, знаходзілася ў Польшчы[55]. 9 сакавіка беларусы стварылі батальён імя Кастуся Каліноўскага дзеля абароны Кіева[56]. 13 сакавіка пад Кіевам загінуў баец Аляксей «Тур» з батальёну Кастуся Каліноўскага[57].
У чэрвені 2023 году прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэта Беларусі ў пытаньнях абароны Валер Сахашчык паведаміў пра стварэньне 1-й асобнай дэсантна-штурмавай роты беларусаў, якая ўваходзіць у склад 79-й дэсантна-штурмавой брыгады. Сахашчык пры гэтым сам удзельнічае ў баявых апэрацыях[58].
Разам з тым, адзначаюцца выпадкі, калі Дзяржаўная міграцыйная служба Ўкраіны адмаўляе ў надаваньні статусу ўцекача і ў міжнароднай абароне беларусам, якія бароняць Украіну ў складзе ЗСУ. Напрыклад, ў ліпені 2023 годзе зьвявілася інфармацыя пра фактычную адмову ў такім статусе беларусу Юрыю Зайцаву, ушанаваму ганаровым знакам галоўкаму ЗСУ «За ўзорную воінскую служб». Раней, яму афіцыйна адмовілі ў такім статусе ў 2021 годзе на падставе непраўдзівага сьцьверджаньня пра «паляпшэньня стану» з правамі чалавеку ў Беларусі, зробленым таго ж году ва ўкраінскім дзяржаўным выданьні «Аргумэнты і факты»[59].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.