Авёс (па-лацінску: Avena) — род аднагадовых травяністых расьлінаў сямейства каласьнічных.
Авёс | |
![]() Авёс дзікі Avena sativa | |
Клясыфікацыя | |
---|---|
Царства | Расьліны |
Сямейства | Каласьнічныя |
Род | Аднагадовыя травяністыя |
Бінамінальная намэнклятура | |
Avena | |
Авёс — адна з галоўных культур у старажытных славян, якая адыгрывала найважнейшую ролю ў харчаваньні. Акультураны пазьней за іншыя злакі (каля 1000 году да н. э.), авёс меў невысокую рэпутацыю ў народаў Міжземнамор’я, егіпцян, грэкаў, рымлянаў, які лічылі яго непрыдатным для спажываньня чалавекам і выкарыстоўвалі амаль выключна як фураж. У цэлым такое стаўленьне да аўсу захавалася да нашых дзён: толькі каля 5% сусьветнага ўраджаю аўсу спажываецца ў ежу людзьмі. У апошнія гады авёс усё часьцей выкарыстоўваецца як паліва для ацяпленьня ўласных хат. Аднак у народаў поўначы Эўропы (кельтаў, германцаў, балтаў і славян) авёс заўжды шанаваўся значна вышэй. Талакно (або мілта), аўсяны кісель (важная рытуальная страва), жур, цэжа і аўсяныя бліны-цадавікі з глыбокай старажытнасьці да пачатку 20 стагодзьдзя складалі істотную частку рацыёну. Зараз часьцяком спажываецца ў выглядзе мюсьлі.
Авёс таксама выкарыстоўваўся ў броварстве: дадатак аўсянай мукі надае піву саладкавы смак і крыху «масьляністы» характар. Да 13 стагодзьдзя піва з аўса было самым распаўсюджаным у Эўропе, асабліва сярод беднага насельніцтва. У інвэнтары маёнтку Смаргонь 1621 году пераважаюць менавіта аўсяныя солады; у броварах Гомельскага павету ў 1856 годзе авёс быў другім пасьля ячменю піваварным збожжам.
Каля 30 відаў, пашыраных у Эўразіі, Паўночнай Афрыцы, Амэрыцы, Аўстраліі. Кармавыя травы, збожжавыя культуры, ёсьць пустазельныя віды. У Беларусі вырошчваюць авёс пасяўны яравы і азімы (каштоўная харчовая й кармавая культура; вядомы прынамсі з 7 стагодзьдзя), 2 віды — авёс шарсьціністы і аўсюк — дзікарослыя (пустазельле ў пасевах яравых культур). Авёс пасяўны — вільгацелюбівая, непатрабавальная да цяпла расьліна.[1]
Расьліна з валасьніковістай каранёвай сістэмай і прамастойнымі сьцябламі-саломінамі. Лісьце лінейнае больш ці менш шурпатае. Суквецьце - раскідзістая, нярэдка гронкападобная мяцёлка з 1—3 кветных альбо шматкветных каласкоў.
Каласковыя лускавінкі ланцэтныя, ніжняя звычайна з каленчата-сагнутым асьцюком (у відах, што вырошчваюцца, яго няма).
Плод - слабаапушчаная зярняўка.[1]
Авёс пасяўны - Вышыня расьліны 70—110 см. Вэгетацыйны пэрыяд 85—115 сутак. Самаапыляльнік. Вільгацелюбівая, непатрабавальная да цяпла расьліна. Квіце ў ліпені.
Авёс шарсьціністы - расьліна вышынёй 40—100 см. Сьцябло голае. Лісьце доўгае, тонказавостранае, шурпатае.
Зерне аўсу мае 9—19,5 % бялку, 21—55 % крухмалу, 7—24 % абалоніны, 2—11 % тлушчу, вітаміны, мінэральныя солі. Яго перапрацоўваюць на крупы, муку, талакно.
Аўсяныя крупы выпрацоўваюцца з аўсу ў выглядзе ўласна аўсянай крупы (нядробненай і расплюшчанай), крупаў-камячкоў «Геркулес» і высокапажыўнай мукі-талакна, выкарыстоўваюцца для прыгатаваньня супоў, супоў-пюрэ, слізістых супоў, каш, біточкаў, кісялёў. Аўсяныя крупы багатыя бялком (11,9 %), а па ўтрыманьні тлушчу пераўзыходзяць усе іншыя віды крупаў (5,8 %). Тлушч у іх не прагаркае дзякуючы наяўнасьці ў аўсе антыакісляльных рэчываў.
У 2019 годзе Беларусь знаходзілася на 16-м месцы ў сьвеце паводле збору аўсу[2].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.