Ізаглёса кентум-сатэм
From Wikipedia, the free encyclopedia
Ізаглё́са ке́нтум-сатэм — адна з ізаглёсаў індаэўрапейскае моўнае сям’і, якая ўзьнікла ў выніку рознай эвалюцыі трох шэрагаў сярэднеязычных зычных у розных індаэўрапейскіх мовах: *kʷ, *gʷ, *gʷʰ; *k, *g, *gʰ; *ḱ, *ǵ, *ǵʰ[1].
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/a/ae/Centum_Satem_map.png/320px-Centum_Satem_map.png)
Тэрмін кентум-сатэм зьявіўся ад прыкладаў эвалюцыі гэтых зычных у розных індаэўрапейскіх мовах на ўзоры праіндаэўрапейскага слова для лічэбніку сто ў лацінскай мове (пераход у /k/: centum) і авэстыйскай[lower-alpha 1] (пераход у фрыкатыў: satəm).
Мовы кентум уключаюць у сябе італійскую, кельцкую, германскую, грэцкую й тахарскую галіны індаэўрапейскай моўнай сям’і. У мовах кентум звычайныя й палятальныя вэлярныя зычныя праіндаэўрапейскае мовы зьліліся ў звычайныя вэлярныя, аднак захаваўся трэці шэраг зь лябіявэлярных зычных[1]. Тахарскія мовы шмат у чым адлюстроўваюць пераход усіх трох згаданых сэрыяў, а таксама ўсіх звонкіх або асьпіраваных зычных у адзіную фанэму — /k/, што падштурхоўвае некаторых лінгвістаў меркаваць, што тахарскія мовы ня ўпісваюцца ў канцэпцыю кентум-сатэм[2]. Нягледзячы на гэта, некаторыя праіндаэўрапейскія лябіявэлярныя ў тахарскіх мовах гістарычна перайшлі ў лябіявэляравідны /ku/; разам зь іншымі доказамі гэтыя абставіны сьведчаць пра адрозьненьне лябіявэлярных у пратахарскай мове і толькі пазьнейшае зьліцьцё гэтых гукаў з вэлярнымі, праз што тахарская зьяўляецца выразна кентумнай мовай[3].
Да моваў сатэм прынята адносіць мовы, у якіх адбыўся пераход трох узгаданых сэрыяў зычных у сыбілянты (сьвісьцячыя зычныя). Падобны пераход уласьцівы мовам індаіранскай, балтыйскай, славянскай галінаў, а таксама армянскай мове, якая мае асобнае месца сярод індаэўрапейскіх моваў. Гэтыя мовы, як правіла, страцілі агубленае вымаўленьне праіндаэўрапейскіх лябіявэлярных, праз што яны аб’ядналіся з вэлярнымі, у той час як палятальныя захаваліся[1]. Балта-славянскія збольшага зьяўляюцца сатэмнымі мовамі, але некаторыя словы маюць кентумныя рысы, праз што сатэмізацыя ў гэтых мовах магла стаць няпоўнай.
Адны з апошніх зьвестак, атрыманых пры дасьледаваньнях лювійскае мовы, сьведчаць пра адрозьненьне ўсіх трох шэрагаў зычных у праанаталійскай мове (продак г.зв. анаталійскіх моваў — вымерлых індаэўрапейскіх моваў цэнтральнай Турэччыны)[3][4]. Нягледзячы на гэта, у гецкай мове — найвядомай з анаталійскіх моваў, мелася кентумізацыя, якая зьявілася ў мове пасьля распаду агульнаанаталійскай мовы[3].
Паняцьце ізаглёсы кентум-сатэм ужываецца толькі адносна тых індаэўрапейскіх моваў, якія ў пазьнейшым часе распаліся, і якія пры гэтым мелі ўвесь інвэнтар сярэднеязычных. Пазьнейшыя гукавыя зьмены, спэцыфічныя для кожнай з групаў будзь-якой галіны індаэўрапейскай сям’і, з гэтага паняцьця звычайна выключаюцца. Напрыклад, у паняцьце ізаглёсы кентум-сатэм не ўваходзіць пераход лацінскага k у s у некаторых раманскіх або зьліцьцё *kʷ з *k у гайдэльскіх мовах.
Ступень сатэмізацыі ці кентумізацыі хістаецца ў залежнасьці ад рознай галіны індаэўрапейскае сям’і моваў. Так, з усіх сатэмных моваў найменшую ступень сатэмізацыі праяўляюць балтыйскія мовы.