Лятальны апарат
From Wikipedia, the free encyclopedia
Лятальны апарат (ЛА) — прылада для кіраванага палёту ў атмасферы або касмічнай прасторы.
Артыкул вымагае праверкі арфаграфіі Удзельнік, які паставіў шаблон, не пакінуў тлумачэнняў. |
Лятальныя апараты падзяляюць на атмасферныя і касмічныя. Атмасферныя лятальныя апараты, у сваю чаргу, падзяляюць на два класы: апараты, цяжэйшыя за паветра, і апараты, лягчэйшыя за паветра.
Пад’ёмная сіла лятальных апаратаў, цяжэйшых за паветра, мае пераважна аэрадынамічнае паходжанне і ўзнікае дзякуючы хуткаму руху ў паветры самога апарата або яго частак. У некаторых апаратах выкарыстоўваецца таксама газадынамічны прынцып утварэння пад'ёмнай сілы.
Найбольш пашыраным лятальным апаратам, цяжэйшым за паветра, з’яўляецца самалёт. Яго пад'ёмная сіла ўтвараецца ў асноўным крылом. Значна меншую ролю выконвае пад'ёмная сіла фюзеляжа і апярэння.
Пад'ёмная сіла крыла змяняецца амаль прапарцыянальна квадрату хуткасці палёту. Пры малых скарасцях пад'ёмнай сілы крылаў недастаткова для адрыву самалёта ад паверхні зямлі. Для кожнага самалёта існуе мінімальная хуткасць, пры якой пад'ёмная сіла крылаў роўная вазе самалёта. Таму пры ўзлёце неабходны разбег для дасягнення гэтай хуткасці, а пры прызямленні — прабег, каб звесці яе да нуля. Адсюль вынікае неабходнасць будовы аэрадромаў з узлётна-пасадачнымі палосамі. Змяншэнне мінімальнай хуткасці і, адпаведна, скарачэнне даўжыні разбегу і прабегу самалёта дасягаюць павелічэннем пад'ёмнай сілы крылаў праз іх механізацыю, здыманне памежнага слою з крыла, абдзіманне крыла струменямі ад вінтоў, і іншымі спосабамі.
Пад'ёмная сіла можа ўтварацца і на нерухомым лятальным апараце. Для гэтага яго крылы мусяць рухацца адносна корпуса. Існуюць праекты лятальных апаратаў з крыламі, якія рухаюцца, — арнітаптары. Але найбольш вядомым апаратам гэтага тыпу з’яўляецца верталёт (гелікоптар) — лятальны апарат з нясучым вінтом (пад'ёмным вінтом), які можна разглядаць як сістэму крылаў, якія круцяцца ў плоскасці, блізкай да гарызантальнай. Нахіленнем плоскасці кручэння нясучага вінта ў напрамку палёту ствараецца не толькі пад'ёмная сіла, але і цяга. У вінтакрыла пад'ёмная сіла ствараецца адначасова нясучым вінтом і крылом, а цяга — цягавым і нясучым вінтамі. Існуюць самалёты з вінтамі, плоскасць кручэння якіх можа змяняцца ад вертыкальнай да гарызантальнай, — гэтыя самалёты могуць здзяйсняць вертыкальныя ўзлёт і пасадку.
Выкарыстанне газадынамічнага прынцыпу пад'ёмнай сілы дазваляе і рэактыўнаму самалёту лятаць з малымі скарасцямі і нават «вісець», здзяйсняць вертыкальныя або скарочаныя ўзлёт і пасадку. Гэта дасягаецца адхіленнем уніз струменя рэактыўнага рухавіка праз паваротныя соплы, альбо выкарыстаннем адмысловых вертыкальна ўсталяваных рухавікоў.