Іслам
манатэістычная аўраамічная рэлігія / From Wikipedia, the free encyclopedia
Ісла́м (па-арабску: الإسلام — «пакорнасьць Боскай волі») — манатэістычная рэлігія, другая ў сьвеце па колькасьці прыхільнікаў. Апошнія, каторыя называюцца мусульманамі, мусяць верыць у абсалютную еднасьць Бога і тое, што Бог даслаў людзям настаўленьні праз прарокаў Мухамада, Ісуса, Майсея, Давіда, Аўрама, Ноя, Адама і іншых[1]. Паводле мусульманскай веры, тыя настаўленьні Бога, што былі дасланыя прароку Мухамаду праз анёла Гаўрылу, сабраныя ў сьвятую кнігу Каран.
Іслам зьяўляецца самай хуткарослай асноўнай рэлігіяй у сьвеце[2][3][4]. Налічваецца больш за 1,8 млрд вернікаў, што складае каля 24,1% ад агульнай колькасьці насельніцтва[5]. Мусульмане складаюць большасьць насельніцтва ў 50 краінах[6].
Мусульмане лічаць, што іслам зьяўляецца поўнай і ўнівэрсальнай вэрсіяй першапачатковай веры, якая была паказана шмат разоў праз Адама, Абрагама, Майсея і Ісуса[7]. Што тычыцца Карану, мусульмане лічаць яго нязьмененным і канчатковым адкрыцьцём Бога[8]. Як і ў іншых абрамічных рэлігіях, іслам мае канцэпцыю ўзнагароджаньня раем і пакараньне пеклам[9]. Іслам уключае ў сябе пяць слупоў, якія зьяўляюцца абавязковымі актамі для любога верніка і спалучаюцца зь ісламскім правам, якое закранае практычна ўсе аспэкты жыцьця грамадзтва ад банкаўскай справы і дабрабыту да жанчынаў і навакольнага асяродзьдзя[10]. Мэка, Мэдына і Ерусалім лічацца месцам трох сьвятых месцаў ісламу[11].
Як мяркуецца, іслам паўстаў на пачатку VII стагодзьдзя ў Мэцы[12], а ўжо ў і VIII стагодзьдзі дзякуючы халіфату Амэядаў рэлігія значна пашырылася ад Ібэрыі на захадзе да ракі Інд на ўсходзе. Ісламскі залаты век ставіцца да пэрыяду, які традыцыйна датуецца з VIII па XIII стагодзьдзі, за часам існаваньня халіфату Абасыдаў, калі большая частка мусульманскага сьвету перажывала навуковы, эканамічны і культурны росквіт[13][14]. Пашырэньню рэлігіі спрыялі розныя халіфаты і імпэрыі, гандаль і місіянэрская дзейнасьць.
Большасьць мусульманаў адносяцца да адной з двух плыняў, як то сунітаў (75-90% ад агульнай колькасьці) або шыітаў (10-20%)[15]. Каля 13% мусульманаў жывуць у Інданэзіі, найбуйнейшай мусульманскай краіне, 31% ад агульнай колькасці насельніцтва мусульманаў у сьвеце жывуць у Паўднёвай Азіі[16][17], 23% — на Блізкім Усходзе і Паўночнай Афрыкі[18], дзе іслам зьяўляецца дамінуючай рэлігіяй, і 15% — у краінах Афрыкі на поўдзень ад Сахары[19]. Значныя мусульманскія суполкі таксама маюцца ў Паўночнай і Паўднёвай Амэрыцы, на Каўказе, у Сярэдняй Азіі, Кітаі, Эўропе, Паўднёва-Ўсходняй Азіі, на Філіпінах і ў Расеі[20].