Цягліцы
From Wikipedia, the free encyclopedia
Цягліцы[1][2] (па-лацінску: musculi) — органы цела жывёлаў і чалавека, якія складаюцца з пругкай элястычнай цяглічнай тканкі, якая здольная скарачацца пад уплывам нэрвовых імпульсаў. Яны прызначаныя да розных мэтаў, як то перамяшчэньне цела ў прасторы, рух галавы, хрыбетніка й вачэй, праца канцавінаў і міміка(en)[3], скарачэньне галасавога вязу й дыханьня. Цягліцы на 86,3 адсоткаў складаюцца з вады.
Цягліцы дазваляюць рухаць часткамі цела й адлюстраваць у дзеяньні думкі й пачуцьці. Чалавек выконвае любыя рухі — ад такіх простых, як плюсканьне й усьмешка, да тонкіх і жвавых, якія можна заўважыць у дзеяньнях ювэліраў і спартоўцаў — дзякуючы здольнасьцям цягліцавых тканак скарачацца. Ад спраўнай працы цягліцаў, якія складаюцца з трох групаў, залежыць ня толькі рухомасьць арганізму, але й функцыянаваньне ўсіх фізыялягічных працэсаў. Працай усіх цягліцавых тканак кіруе нэрвовая сыстэма, якая забясьпечвае іхную сувязь з галаўным мозгам і млечам і рэгулюе пераўтварэньне хімічнай энэргіі ў мэханічную.
У целе чалавека налічваецца вялікая колькасьць цягліцаў, толькі шкілетавых зь іх маецца ў целе чалавека каля 600[4]. Самыя маленькія прымацаваныя да маленькіх косткаў, якія зьмяшчаюцца ў вуху. Самыя вялікія — крумянковыя цягліцы, якія адказваюць за рухомасьць нагі. Самыя дужыя цягліцы — жавальныя. Паводле формы цягліцы вельмі разнастайныя. Часьцей за ўсё сустракаюцца пачынкавападобныя цягліцы, характэрныя для канцавінаў, і шырокія цягліцы — яны ўтвораць сьценкі тулава. Калі ў цягліцаў агульнае сухажыльле, а галовак дзьве або больш, то іх называюць двух-, трох- або чатырохгаловымі цягліцамі. Цягліцы й шкілет вызначаюць форму чалавечага цела. Актыўны лад жыцьця, збалянсаванае харчаваньне й занятак спортам спрыяюць разьвіцьцю цягліцаў і памяншаюць аб’ём тлушчавай тканіны.