From Wikipedia, the free encyclopedia
Язэп Найдзюк, Юзаф Александровіч (12/15 мая 1909, в. Бойдаты[1] Ваўкавыскага павета, цяпер Ваўкавыскі раён — 14 лютага 1984, Інаўроцлаў) — беларускі нацыянальны дзеяч, выдавец і друкар.
Вучыўся ў сярэдняй школе ў Бойдатах і Вярэйках Ваўкавыскага павета. Пасля сканчэння школы (1923) паступіў у Ваўкавыскую настаўніцкую семінарыю, аднак з фінансавых прычын быў вымушаны перапыніць навучанне. Увосень 1925 перабраўся ў Вільню, напачатку працаваў на транспарце. Як вольны слухач, навучаўся на гістарычным факультэце Віленскага ўніверсітэта . Далучыўся да беларускага нацыянальнага руху, чаму спрыялі беларускія дзеячы ў Вільні Ф. Ярэміч і А. Станкевіч. Працаваў друкаром у Беларускай друкарні імя Ф. Скарыны, хутка стаў яе дырэктарам (1926—1941). Належаў да БХД. Рэдагаваў часопіс «Шлях моладзі» (1929-39), адзін з найбольш папулярных у Заходняй Беларусі. Часопіс быў зачынены польскімі ўладамі, у жніўні 1939 рэдактар Я. Найдзюк, выдаўцы і члены рэдакцыйнай калегіі арыштаваныя і зняволеныя ў Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер. Вызвалены пасля заняцця Бярозы часцямі Чырвонай Арміі (верасень 1939), вярнуўся ў Вільню, працягваючы працу ў беларускіх нацыянальных арганізацыях, таксама пасля перадачы Вільні савецкім урадам Літве. Аўтар папулярнага нарысу гісторыі Беларусі «Беларусь учора і сяння» (1940, лацінкай).
У час II сусветнай вайны з восені 1941 жыў у Мінску, працаваў у школьным інспектараце. Спачатку займаўся выданнем часопіса «Беларуская школа», які меў кампенсаваць нястачу дазволеных акупацыйнымі ўладамі падручнікаў. З канца 1942 стаў тэхнічным кіраўніком «Выдавецтва школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі ў Менску» (ВШПЛМ), супрацоўнічаў з мінскімі газетамі. Быў намеснікам члена Галоўнай рады Беларускай народнай самапомачы. У 1943 (на вокладцы 1944) у Мінску было выпушчана (кірылічным шрыфтам) 2-е, значна пашыранае, выданне кнігі «Беларусь учора і сяння», якая ў 1944 выкарыстоўвалася як падручнік у школах на тэрыторыі Генеральнай акругі Беларусь.[2]
Улетку 1944 выехаў у Германію, жонка з дзецьмі засталася ў Беларусі. Пасля вайны Я. Найдзюк, хаваючыся ад савецкай дзяржбяспекі, пераехаў у Польшчу дзе жыў у Інаўроцлаве пад імем Юзафа Александровіча. Ад 7 чэрвеня 1945 працаваў у Куяўскай друкарні ў Інаўроцлаве[3], у перыяд (1955—1971) — яе дырэктарам.[4] Быў вядомым у горадзе спецыялістам-паліграфістам. Займаўся мясцовым краязнаўствам («Inowroclaw i okolice»). Пісаў артыкулы ў беларускую эмігранцкую прэсу, сувязь з беларускім рухам падтрымліваў праз свайго брата Чэслава Найдзюка, які жыў у Амерыцы. Вёў ліставанне з Л. Геніюш, Ю. Туронкам, К. Грынкевічам і інш. Аўтар некролагаў, ўспамінаў, захаваліся дзённікі Юзафа Александровіча, а таксама папулярны падручнік гісторыі Беларусі для моладзі «Пазнавайма гісторыю беларускага народу» (напіс. 1960-я, застаўся ў рукапісе).
На 20-я ўгодкі смерці грамадскасць Інаўроцлава ўшанавала яго памяць адкрыццём памятнай шыльды на друкарні, імшою ў касцёле Св. Юзафа, навукова-папулярнай сесіяй («Józef Aleksandrowicz — Jazep Najdziuk (1909—1984). Osoba i dzieło») і выстаўкай прысвечанай Язэпу Найдзюку (Юзафу Александровічу). На мерапрыемствах прысутнічалі: генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Гданьску Міхаіл Аляксейчык, прадстаўнік беларусаў у Польшчы, знаёмы з Я. Найдзюком — Сакрат Яновіч, таксама знаёмы з Я. Найдзюком прафесар Мікола Давідзюк з Лодзі, прадстаўніца беларусаў Вільні Людвіка Кардзіс-Вітушкава, дочкі Я. Найдзюка — Луцыя Харытон з унукам Андрэем з Вільні і Люцына Александровіч-Пендзіхова з сынам Марцінам з Беластока, а таксама А. Латышонак, Ю. Туронак, З. Бартосік ды інш.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.